Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця
Джэк Лондан
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Полымя
Памер: 334с.
Мінск 1997
— Кінь дубінку,— скамандаваў Перо.
Франсуа паслухаўся — і тады толькі Бэк падышоў з пераможным выглядам і стаў на чале запрэжкі. На яго надзелі пастронкі, вызвалілі прымёрзлыя нарты, і яны мігам вылецелі на раку, a мужчыны на лыжах беглі побач.
Паганяты Франсуа і раней быў высокай думкі пра Бэка, сцвярджаючы, што ў ім сядзяць два д’яблы, але не прайшло і дня, як ён пераканаўся, што недаацэньваў гэтага сабаку. Бэк адразу ж увайшоў у ролю важака і кемлівасцю, хуткасцю і рашучасцю перасягнуў нават Шпіца, лепшага важака, якога калі-небудзь бачыў Франсуа.
Але самым цудоўным было яго ўменне падпарадкоўваць сабе іншых. Ён прымусіў усіх сабак сваёй запрэжкі выконваць яго патрабаванні. Дэйв і Солекс нічога не мелі супраць новага важака. Іх
справа была працаваць, цягнуць нарты, не шкадуючы сіл, і пакуль ім не перашкаджалі, яны на ўсё былі згодны. Няхай бы важаком паставілі хоць Білі, але каб ён падтрымліваў парадак! Але астатнія сабакі адбіліся ад рук за апошні час і цяпер былі вельмі здзіўлены строгасцю, з якой Бэк заклікаў іх да парадку. Гультай Пайк, які займаў у запрэжцы месца ззаду Бэка, і раней налягаў на рамяні толькі ў такой меры, у якой гэта было непазбежна, і ні кроплі мацней. Але цяпер Бэк падбадзёрваў яго частым і энергічным біццём, і з першага дня Пайк стаў працаваць так старанна, як ніколі ў жыцці. А Джо ў першы ж вечар на стаянцы быў моцна пакараны — гэта ніколі не ўдавалася нават Шпіцу. Бэк наваліўся на яго ўсім сваім цяжарам і тармасіў да таго часу, пакуль той не перастаў агрызацца і не заскавытаў, просячы літасці.
Уся запрэжка адразу стала працаваць лепш. Аднавілася былая зладжанасць рухаў, і зноў усе сабакі несліся ў сваіх пастронках, нібы злітыя ў аднаго. Ля парогаў Рынк Рэпідэ Перо прыкупіў яшчэ дзвюх канадскіх лаек, Ціка і Куну. Бэк выдрэсіраваў іх так хутка, што Франсуа толькі ахаў і дзіву даваўся.
— Днём з агнём не знойдзеш другога такога сабаку, як гэты Бэк! — сцвярджаў ён.— За такога і тысячу долараў аддаць не шкада, далібог! Скажаш не, Перо?
Перо пагаджаўся. Ён ужо да таго часу перавысіў рэкорд хуткасці і перавышаў яго ўсё болып з дня ў дзень. Дарога была цудоўная, цвёрдая, добра ўезджаная, не было на ёй свежага рыхлага снегу, які так ускладняе язду. Да таго ж было не вельмі холадна. Тэмпература, якая ўпала да пяцідзесяці градусаў ніжэй нуля, заставалася ўвесь час на гэтым узроўні. Перо і Франсуа па чарзе то ехалі на нартах, то ішлі на лыжах, а сабакі несліся галопам, робячы прыпынкі толькі зрэдку.
Трыццацімільная рака пакрылася ўжо даволі моцным лёдам, і яны за адзін дзень зрабілі пера-
гон, які на шляху ў Даўсан забраў у іх дзесяць дзён. Пасля яны праляцелі без прыпынкаў шэсцьдзесят міляў ад возера Ле-Барж да парогаў Белага Каня. Праз азёры Марш, Тагіш і Бенет (семдзесят міляў) сабакі імчаліся з такой хуткасцю, пгго таму з двух мужчын, чыя чарга была ісці на лыжах, даводзілася бегчы за нартамі, трымаючыся за прывязаную да іх вяроўку. I нарэшце, у апошні вечар другога тыдня яны прайшлі праз Белы перавал і сталі спускацца да мора, туды, дзе мігцелі агні Скагуэя і суднаў, што стаялі на прычале.
Гэта быў рэкордны прабег. На працягу двух тыдняў яны праязджалі ў сярэднім па сорак міляў у дзень. Цэлыя тры дні Перо і Франсуа, горда выпнуўшы грудзі, прагульваліся па галоўнай вуліцы Скагуэя, і з усіх бакоў на іх сыпаліся запрашэнні выпіць, а іх запрэжка была пастаянна абкружана захопленым натоўпам знатакоў і скупшчыкаў ездавых сабак.
Але хутка некалькі бандытаў з Захаду зрабілі спробу абчысціць горад, а за гэтыя подзвігі іх так зрашэцілі кулямі, што яны сталі падобнымі на перачніцы,— і публіка занялася новай сенсацыяй. А там Перо атрымаў афіцыйнае распараджэнне. Даведаўшыся пра яго, Франсуа паклікаў Бэка, абхапіў яго абедзвюма рукамі і заплакаў. I гэта было апошняе развітанне Бэка з Франсуа і Перо. Як раней іншыя людзі, яны назаўсёды зніклі з яго жыцця.
Яго і астатніх сабак перадалі нейкаму шатландцу-мяшанцу, і разам з дзесяткамі іншых сабачых запрэжак яны пусціліся зноў у той жа стомны шлях — да Даўсана. Цяпер ужо яны не ішлі ўлегцы і не да рэкордаў ім было. He, яны працавалі без адпачынку дзень пры дні, цягнулі нарты з цяжкай паклажай. Гэта быў паштовы абоз, ён вёз весткі з усіх канцоў зямлі людзям, якія шукалі золата паблізу Паўночнага полюса.
Бэку гэта не падабалася, але ён працаваў добра з-за таго ж прафесійнага гонару, што натхняў Дэйва і Солекса, і сачыў, каб усе яго таварышы, га-
нарыліся яны сваёй работай ці не, выконвалі яе добрасумленна. Жыццё ішло аднастайна, як заведзеная машына. Адзін дзень быў як дзве кроплі вады падобны на другі. Раніцай у пэўны час повары браліся за справу. Раскладалі вогнішча, рыхтавалі сняданак. Пасля адны грузілі на нарты палаткі і ўсё астатняе, другія запрагалі сабак. У дарогу рухаліся прыкладна за гадзіну да таго, як ноч пачынала мутнець, што было прадвеснікам світання. Вечарамі рабілі прывал. Людзі ставілі палаткі, калолі дровы і ламалі сасновыя лапкі для подсцілу, прыносілі ваду або лёд поварам, кармілі сабак. Для Бэка і яго таварышаў гэта было самай радаснай падзеяй дня. Зрэшты, прыемна было і пасля, з’еўшы сваю порцыю рыбы, пасноўдацца без справы гадзіну-другую сярод іншых сабак, якіх тут было больш за сотню. Між іх былі небяспечныя задзіры, але пасля трох боек Бэка з самымі лютымі аўтарытэт яго быў прызнаны, і варта было яму ашчацініцца і ашчэрыць зубы, як усе ўступалі яму дарогу.
Болып за ўсё, бадай што, Бэк любіў ляжаць ля вогнішча. Падкурчыўшы пад сябе заднія лапы, выцягнуўшы пярэднія і падняўшы галаву, ён задуменна глядзеў на агонь. У такія хвіліны ўспамінаўся яму часам вялікі дом суддзі Мілера ў сонечнай даліне Санта-Клара, цэментны басейн, дзе ён плаваў, бясшэрсная мексіканка Ізабэль і японскі мопсік Тутс. Але яшчэ часцей думаў Бэк пра чалавека ў чырвоным світэры, пра гібель Кэрлі, пра вялікую бітву са Шпіцам і пра тыя смачныя рэчы, якія ён некалі еў або марыў паесці. Ён не сумаваў па радзіме. Краіна сонца стала для яго цьмяным і далёкім успамінам, які яго не хваляваў. Куды большую ўладу над ім мелі ўспаміны пра іншае жыццё, далёкае жыццё продкаў. Дзякуючы ім многае, чаго ён ніколі раней не бачыў, здавалася яму знаёмым. А інстынкты (яны таксама былі ні чым іншым, як водгаласамі жыцця продкаў), што не прачыналіся ў ім раней, цяпер ажылі і ўладна загаварылі.
Часамі, калі ён так ляжаў ля вогнішча і сонна жмурыўся на агонь, яму пачынала здавацца, што гэта полымя нейкага іншага вогнішча, ля якога ён грэўся калісьці, і бачыў ён каля сябе не повара-метыса, а зусім іншага чалавека. У гэтага іншага ногі былі карацейшыя, а рукі даўжэйшыя, мускулы — як вузлаватыя вяроўкі, а не такія гладкія і аброслыя тлушчам. Валасы ў яго былі доўгія і ўзлахмачаныя, чэрап скошаны ад самых вачэй да цемя. Чалавек гэты вымаўляў дзіўныя гукі і, відаць, вельмі баяўся цемнаты, таму што раз-пораз углядаўся ў яе, сціскаючы ў руцэ, што звісала ніжэй калена, палку з прывязаным да яе на канцы вялікім каменем. Ён быў амаль голы — толькі на спіне матлялася шкура, рваная і пакарабачаная агнём. Але цела яго было пакрыта валасамі, і на грудзях і плячах, на тыльным баку рук і на сцёгнах валасы былі густыя, як футра. Чалавек стаяў не прама, а нахіліўшы тулава ўперад і сагнуўшы ногі ў каленях. I ў целе яго адчувалася нейкая надзвычайная пругкасць, амаль кашэчая гнуткасць і напружанасць, як у тых, хто жыве ў пастаянным страху перад бачнымі і нябачнымі небяспекамі.
Часам гэты валасаты чалавек сядзеў ля вогнішча на кукішках і драмаў, нізка звесіўшы галаву. Локці ён тады ўпіраў у калені, рукамі закрываў галаву, як ад дажджу. А за вогнішчам, удалечыні, свяцілася ў змроку мноства распаленых вугольчыкаў і заўсёды парамі, заўсёды па два: Бэк ведаў, што гэта вочы драпежных звяроў. Ён чуў, як трашчалі кусты, праз якія яны прадзіраліся, чуў усе гукі, што апавяшчалі пра іх набліжэнне.
I калі Бэк ляжаў на беразе Юкана і летуценіў, ляніва гледзячы ў агонь, гэтыя гукі і прывіды іншага свету хвалявалі яго так, што поўсць у яго станавілася дыбам і ён пачынаў ціха павіскваць або глуха бурчаць. Тады повар-метыс крычаў: «Гэй, Бэк, прачніся!» — і прывіды кудысьці знікалі, перад вачыма зноў уставаў рэальны свет, і
Бэк падымаўся, пазяхаючы і пацягваючыся, быццам ён на самай справе толькі што прачнуўся.
Дарога была цяжкая, груз цяжкі, работа вымотвала сабак. Яны схуднелі і былі ў самым убогім стане, калі дабраліся нарэшце да Даўсана. Ім варта было бы адпачыць дзён дзесяць або хаця б тыдзень. Але праз два дні яны ўжо спускаліся ад Казарм уніз, на лёд Юкана, з грузам пісем. Сабакі былі стомленыя, паганятыя бурчалі, і ў дадатак да ўсяго кожны божы дзень ішоў снег. Па гэтым мяккім, не ўтаптаным насціле ісці было цяжка, больш церліся палазы і цяжэй было сабакам цягнуць нарты. Але людзі добра спраўляліся з усімі цяжкасцямі і рупліва клапаціліся пра сабак.
Кожны вечар, разбіўшы лагер, паганятыя перш за ўсё займаліся сабакамі. Сабакі атрымлівалі вячэру раней, чым людзі, і ніхто з паганятых не залазіў у спальны мяшок, пакуль не абгледзіць лапы сваіх сабак. Усё-такі сілы сабак меншалі. ЗаТэтую зіму яны ўжо прайшлі тысячу восемсот міляў, увесь стомны шлях цягнучы за сабою цяжка нагружаныя нарты. А тысяча восемсот міляў падкосяць і самага моцнага, вынослівага сабаку. Бэк пакуль не здаваўся, прымушаў працаваць іншых і падтрымліваў дысцыпліну ў сваёй запрэжцы, але і ён таксама быў моцна ператомлены. Білі ўсе ночы напралёт скавытаў і стагнаў у сне. Джо быў вельмі пануры, а да Солекса проста небяспечна было падыходзіць не толькі з боку сляпога, але і з боку відушчага вока.
Але больш за ўсіх змучыўся Дэйв. 3 ім адбывалася нешта кепскае. Ен стаў зласлівым і панурым; як толькі ўладкоўваліся на начлег, ён адразу рыў сабе ямку і забіраўся ў яе,— туды паганяты прыносіў яму ежу. 3 той мінуты, як яго распрагалі, і да раніцы, калі зноў трэба было ўпрагацца, Дэйв ляжаў пластом. Часам у дарозе, тузануўшыся ад моцнага штуршка раптоўна спыненых нартаў або напружваючыся, каб зрушыць іх з месца, ён жаласна стагнаў.
Паганяты не раз аглядаў яго, але не мог зразу-
мець, што з ім. Нарэшце гэтым зацікавіліся ўсе астатнія паганятыя. Яны абмяркоўвалі пытанне і за ядой і перад сном, выкурваючы апошнюю трубку, а аднойчы вечарам наладзілі сапраўдны кансіліум. Дэйва прывялі да вогнішча і абмацвалі і ціскалі так старанна, што ён некалькі разоў завыў ад болю. Зламаных касцей не знайшлі і так нічога не высветлілі. Відаць, у яго нешта балела ў сярэдзіне.