Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця
Джэк Лондан
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Полымя
Памер: 334с.
Мінск 1997
Франсуа прывітаў яго крыкам.
— Ну, што я казаў? — усклікнуў ён, звяртаючыся да Перо.— Гэты Бэк мігам усяму вывучыцца!
Перо з сур’ёзным выглядам кіўнуў галавой. Ён быў кур’ерам канадскага ўрада, вазіў пошту, важныя паперы, і яму патрэбны былі самыя лепшыя сабакі. Таму ён быў асабліва задаволены, што ўдалося купіць такога сабаку, як Бэк.
He прайшло і гадзіны, як ён купіў яшчэ трох ездавых сабак для сваёй запрэжкі, так што ўсяго іх цяпер было дзевяць, а яшчэ праз чвэрць гадзіны яны ўжо былі запрэжаны і імчаліся па снежнай дарозе да Дайскага каньёна. Бэк быў рады перамене, і хоць работа была цяжкая, ён не адчуваў да яе агіды. Яго спачатку здзівіў азарт, які праяўлялі ўсе яго таварышы, але пасля гэты азарт заразіў і яго. Больш за ўсё здзіўляла перамена,
якая адбылася з Дэйвам і Солексам. Здавалася, што вупраж перайначыла іх — гэта былі цяпер зусім іншыя сабакі. Усю вяласць і спакойную абыякавасць з іх як рукой зняло. Адкуль узяліся спрыт і энергія! Яны са скуры вылузваліся, стараючыся, каб уся запрэжка бегла добра, і шалелі, калі ўзнікала затрымка або замяшанне сярод сабак. Здавалася, праца гэтая была найвышэйшым выражэннем іх існасці, у ёй было ўсё іх жыццё і адзіная радасць.
Дэйв быў каранніком, а наперадзе, паміж ім і Солексам, упрэглі Бэка. Астатнія сабакі беглі перад імі цугам, а на чале ўсіх — важак Шпіц.
Бэка змясцілі паміж Дэйвам і Солексам знарок, для таго, каб яны абучалі яго. Ён аказаўся здольным вучнем, а яны — добрымі настаўнікамі, якія адразу выпраўлялі яго промахі, дасягаючы паслушэнства прыдапамозе сваіх вострых зубоў. Дэйв быў сабака справядлівы і разумны. Ён ніколі дарэмна не крыўдзіў Бэка, але затое, калі Бэк гэтага заслугоўваў, не прапускаў выпадку куснуць яго, а бізун Франсуа ў такіх выпадках яшчэ дабаўляў сваё, так што Бэк прыйшоў да вываду, што падцягнуцца і пазбягаць промахаў выгадней, чым агрызацца. Адзін раз у час кароткага прыпынку ён заблытаўся ў пастронках і затрымаў адпраўленне. Дэйв і Солекс дружна напалі на яго і здорава правучылі. Гэта яшчэ ўзмацніла кавардак, але затое Бэк пасля вельмі стараўся не блытаць пастронкаў: да канца дня ён ужо так добра спраўляўся са сваімі абавязкамі, што настаўнікі пакінулі яго ў спакоі. Бізун Франсуа ўсё радзей ляскаў над яго галавой, а Перо нават узнагародзіў асобай увагай — адну за другой падняў яго лапы і клапатліва агледзеў іх.
Пераход, які зрабілі за першы дзень, аказаўся цяжкім. Яны ішлі ўверх па каньёне праз Авечы Пасёлак, міма Вагаў і мяжы лесу, ішлі праз леднікі і снежныя гурбы вышынёй у некалькі соцень футаў, перавалілі цераз вялікі Чылкут, які цягнецца паміж салёнымі і прэснымі водамі і, як гроз-
ны вартавы, ахоўвае подступы да журботнай, пустыннай Поўначы. Яны шчасліва прайшлі ўвесь шлях па цэлым ланцугу замёрзлых азёр у кратэрах патухлых вулканаў і позна ноччу дабраліся да вялікага лагера ля возера Бенет, дзе тысячы золаташукальнікаў будавалі лодкі, рыхтуючыся да вясенняга ледаходу. Тут Бэк вырыў сабе нару ў снезе і заснуў сном стомленага праведніка, але выспацца не давялося — яго вельмі хутка выцягнулі з ямы і ў змроку марознай ночы запрэглі ў нарты разам з іншымі сабакамі.
У той дзень яны прайшлі сорак міляў, бо дарога была ўезджаная. Затое на другі дзень і на працягу яшчэ многіх дзён яны вымушаны былі самі пракладваць сабе сцежку ў снезе, моцна стамляліся і ішлі павольней. Звычайна Перо ішоў наперадзе запрэжкі і ўтоптваў снег сваімі лыжамі, каб сабакам лягчэй было бегчы, а Франсуа жэрдкай, замацаванай наперадзе, накіроўваў нарты. Часам яны з Перо мяняліся месцамі, але гэта было не часта. Перо спяшаўся, да таго ж ён лічыў, што Франсуа лепш умее вызначаць на вока таўшчыню лёду, a гэта было вельмі важна, бо асенні лёд быў яшчэ вельмі ненадзейны. У месцах, дзе цячэнне хуткае, яго і зусім не было.
3 дня ў дзень (здавалася, ім канца не будзе, гэтым дням) Бэк ішоў у запрэжцы. Прывал рабілі заўсёды толькі з надыходам цемнаты, а ледзь толькі неба пачынала святлець, нарты ўжо імчаліся далей, пакідаючы ззаду мілю за міляй. I зноў толькі вечарам, у цемнаце, разбівалі лагер; сабакі атрымлівалі сваю порцыю рыбы і зарываліся ў снег, каб паспаць. У Бэка апетыт быў воўчы. Яго дзённы паёк складаўся з паўтара фунта вяленай ласасіны, а яму гэтага хапала на адзін зуб. Ён ніколі не наядаўся ўволю і пастаянна адчуваў пакуты голаду. А між тым іншыя сабакі, якія важылі менш і былі болып прыстасаванымі да такога жыцця, атрымлівалі толькі па фунту рыбы і ўмудраліся неяк захаваць бадзёрасць і сілы.
Бэк вельмі хутка перастаў перабіраць, як некалі
дома, на Поўдні. У яго была звычка есці не спяшаючыся, разборліва, і ён хутка заўважыў, што яго таварышы, хутка расправіўшыся са сваімі порцыямі, кралі ў яго недаедзеныя кавалкі. Зберагчы свой паёк яму не ўдавалася,— у той час як ён змагаўся з двума ці трыма злодзеямі, яго рыба знікала ў пашчах іншых. Тады ён стаў есці гэтак жа хутка, як яны. Голад да таго мучыў яго, што ён гатовы быў унізіцца да крадзяжу. Ён бачыў, як гэта робяць іншыя, і вучыўся ў іх. Заўважыўшы, як Пайк, адзін з навічкоў, хітры прытворшчык і злодзей, спрытна сцягнуў скрылік грудзінкі ў Перо, калі той адвярнуўся, Бэк на другі дзень зрабіў той жа манеўр і, схапіўшы ўвесь кавалак грудзінкі, уцёк. Падняўся страшэнны вэрхал, але ён застаўся па-за падазрэннем, а за яго злачынства пакаралі Даба, расцяпу, які заўсёды пападаўся.
Гэты першы крадзеж паказаў, што Бэк здольны выжыць і ў суровых умовах Поўначы. Ён сведчыў пра яго ўменне прыстасоўвацца да новых абставін. He было б у яго такой здольнасці, яму пагражала б хуткая і пакутлівая смерць. Акрамя таго, крадзеж быў пачаткам яго маральнага падзення. Усе яго ранейшыя маральныя паняцці пайшлі марна, у бязлітасна-жорсткай барацьбе за існаванне яны былі толькі лішняй абузай. Яны былі да месца на Поўдні, дзе панаваў закон любові і дружбы,— там трэба было паважаць чужую ўласнасць і шанаваць іншых. А тут, на Поўначы, панаваў закон дубіны і ікла, і толькі дурань стаў бы тут захоўваць сумленнасць, якая перашкаджае жыць і дасягаць поспеху.
Вядома, Бэк не разважаў так — ён проста інстынктыўна прыстасоўваўся да новых умоў. Ніколі ў жыцці ён не ўхіляўся ад барацьбы, нават калі сілы былі няроўныя. Аднак палка чалавека ў чырвоным світэры ўбіла яму больш прымітыўныя, але жыццёва неабходныя правілы паводзін. Пакуль Бэк заставаўся цывілізаваным сабакам, ён гатовы быў памерці ў імя сваіх ідэй маральнага парадку — скажам, баронячы плётку для верхавой
язды, што належала суддзі Мілеру. Цяпер жа яго гатоўнасць ігнараваць гэтыя ідэі і ратаваць уласную шкуру паказвала, што ён вяртаецца ў першабытны стан. Краў ён не з любові да мастацтва, a падпарадкоўваючыся настойлівым патрабаванням пустога страўніка. Ён рабаваў не адкрыта, а паціху, з усялякімі перасцярогамі, таму што паважаў закон дубіны і ікла. Словам, ён рабіў тое, што рабіць было лягчэй, чым не рабіць. Ён развіваўся (або, дакладней, дзічэў) вельмі хутка. Мускулы ў яго сталі моцнымі, як жалеза, і ён быў нечуллівы да ўсялякага звычайнага болю. Ён атрымліваў добрую загартоўку, і знешнюю і ўнутраную. Есці ён цяпер мог усялякі корм, хоць бы самы брыдкі і цяжкатраўны. I страўнік яго выбіраў са з’едзенага ўсё, што было ў ім спажыўнага, да апошняй крупіны, а кроў разносіла перапрацаваны корм у самыя аддаленыя куточкі цела, выпрацоўваючы з яго наймацнейшую тканку. У Бэка быў вельмі добры зрок і тонкі нюх, а слых дасягнуў такой вастрыні, што ён нават у сне чуў самы ціхі гук і распазнаваў, што гэты гук абвяшчае — мір ці небяспеку. Ён навучыўся выгрызаць лёд, што намярзаў у яго паміж пальцаў, і калі яму хацелася піць, a вада ў вадаёме была пакрыта тоўстым пластом лёду, ён умеў прабіваць яго сваімі моцнымі пярэднімі лапамі. Але самай выдатнай была здольнасць Бэка адчуваць вецер — ён прадчуваў яго напрамак за цэлую ноч наперад. I ў зусім ціхія вечары ён выкопваў сабе нару пад дрэвам ці на беразе ў такім месцы, што, калі пасля налятаў вецер, яго нара заўсёды аказвалася з падветранага боку, і ў ёй было цёпла і ўтульна.
Усё гэта Бэк спасцігаў не толькі вопытам — у ім ускалыхнуліся даўно заглухлыя першабытныя інстынкты. А тое, што ён атрымаў у спадчыну ад многіх пакаленняў прыручаных продкаў, наадварот, адмірала. Трывожнымі, невыразнымі галасамі загаварыла ў ім далёкае юнацтва яго роду, той час, калі дзікія сабакі зграямі гойсалі па некранутых лясах і, заганяючы здабычу, забівалі яе. I Бэк
хутка навучыўся пускаць у ход кіпцюры і зубы, у яго з’явілася хуткая воўчая хватка. Так менавіта біліся яго забытыя продкі. Ажывала ў ім далёкае мінулае, і тыя старыя звычкі, што былі спадчыннымі ў яго родзе і перадаваліся з пакалення ў пакаленне, цяпер сталі яго звычкамі. Ён засвоіў іх без усялякіх намаганняў, не бачачы ў іх нічога новага і здзіўляючага — як быццам яны заўсёды былі яму ўласцівыя. I калі ў ціхія халодныя ночы Бэк уздымаў морду да зорак і выў працягла і доўга, па-воўчаму,— гэта яго продкі, якія даўно сталі прахам, вылі ў ім, як вылі яны на зоркі вякамі. У выцці Бэка гучалі тыя ж самыя ноты — у ім выліваўся сум і ўсе пачуцці, народжаныя ў душы цішынёй, змрокам і холадам.
Так, быццам у доказ таго, што ўсе мы — марыянеткі ў руках прыроды, старажытная песня продкаў ірвалася з грудзей Бэка, і ён паступова вяртаўся да вытокаў свайго роду. А здарылася гэта таму, што людзі на Поўначы знайшлі жоўты метал, і яшчэ таму, што памочнік садоўніка, Мануэль, атрымліваў жалаванне, якога ледзь хапала на патрэбы жонкі і гурту нашчадкаў, маленькіх копій яго самога.
III
ПЕРШАБЫТНЫ ЗВЕР ІІЕРАМОГ
Першабытны звер быў яшчэ моцны ў Бэку, і ў жорсткіх умовах новага жыцця ён усё больш і больш браў верх над усім астатнім. Але гэта заставалася непрыкметным. Звярыная хітрасць, што прачнулася ў Бэку, дапамагала яму стрымліваць свае інстынкты. Да таго ж неабходнасць прыстасоўвацца да новых абставін трымала яго ў пастаянным напружанні і патрабавала такіх намаганняў, што ён не толькі не бунтаваў і не лез у бойку, але па магчымасці пазбягаў усялякіх сутычак. У яго паводзінах стала прыкметнай некаторая асця-
рожнасць і абачлівасць. Ён не быў схільны да імклівых і неабдуманых дзеянняў. I хоць паміж ім і Шпіцам разгарэлася смяротная варожасць і нянавісць, ён ніколі не праяўляў раздражнення і ніколі першы не чапаў Свайго ворага.