Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця
Джэк Лондан
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Полымя
Памер: 334с.
Мінск 1997
Да таго часу, як яны дабраліся да Касьярскай водмелі, Дэйв ужо так аслабеў, што раз-пораз падаў. Шатландзец даў сігнал спыніцца і выпраг яго, а на месца каранніка паставіў бліжэйшага сабаку, Солекса. Ён хацеў даць Дэйву перадышку, дазволіць яму бегчы на свабодзе, без вупражы, за нартамі. Але Дэйв, які ні быў ён хворы і слабы, не хацеў мірыцца з тым, што яго адхілілі ад работы. Калі здымалі з яго пастронкі, ён бурчаў і гыркаў, а ўбачыўшы Солекса на сваім месцы, якое ён займаў так доўга, жаласна завыў. Гордасць яго абурылася, і смяртэльна хворы Дэйв усяляк пратэставаў супраць таго, што яго замянілі іншым.
Калі нарты крануліся, ён пабег збоку, правальваючыся ў рыхлым снезе, і ўвесь час намагаўся цапнуць Солекса або кідаўся на яго і спрабаваў паваліць у снег па другі бок сцежкі; ён спрабаваў уціснуцца ў запрэжку паміж Солексам і нартамі і ўвесь час скавытаў, вішчаў і брахаў ад болю і злосці. Шатландзец спрабаваў адганяць яго бізуном, але Дэйв не звяртаў увагі на ўдары, што апякалі скуру, а ў паганятага сумлення не хапала біць яго мацней. Сабака не жадаў спакойна бегчы за нартамі па наезджанай дарозе, дзе бегчы было лёгка, і працягваў настойліва ныраць у мяккі снег. Хутка ён зусім выбіўся з сіл і ўпаў. Лежачы там, дзе ўпаў, ён тужлівым выццём праводзіў доўгую чараду цартаў, што імчаліся міма яго.
Пасля, сабраўшы рэшткі сіл, Дэйв сяк-так чыкільгаў следам, пакуль абоз не зрабіў прыпынку. Тут Дэйв даплёўся да свайго ранейшага месца і стаў збоку каля Солекса. Яго паганяты адышоў да іншых нартаў — прыкурыць ад люлькі суседа.
Праз хвіліну ён вярнуўся і даў сігнал да адпраўкі. Сабакі крануліся неяк надзвычай лёгка, без усялякага намагання — і раптам усе з трывогаю павярнулі галовы і спыніліся. Паганяты таксама здзівіўся: нарты не рухаліся з месца. Ён паклікаў таварышаў глянуць на гэтае дзіва. Аказалася, што Дэйв перагрыз абодва пастронкі Солекса і ўжо стаяў прама перад нартамі, на сваім старым месцы.
Ён маліў поглядам, каб яго не гналі. Паганяты быў азадачаны. Таварышы яго сталі гаварыць пра тое, як сабакам крыўдна, калі іх выганяюць з запрэжкі, хоць гэтая работа іх забівае. Успаміналі ўсялякія выпадкі, калі сабакі, якія па старасці ці па хваробе ўжо не маглі працаваць, здыхалі ад нуды, калі іх выпрагалі. Агульная думка была такая, што, калі ўжо Дэйву ўсё роўна здыхаць, трэба пашкадаваць яго і даць яму памерці са спакойнай душой на сваім месцы ля нартаў.
Дэйва зноў запрэглі ў нарты, і ён горда пацягнуў іх, як раней, хоць часам міжволі стагнаў ад прыступаў нейкага болю ўнутры. Некалькі разоў ён падаў, і іншыя сабакі валаклі яго далей у пастронках. Ааднойчы нарты наехалі на яго, і пасля гэтага Дэйв кульгаў на заднюю нагу.
Усё-такі ён трымаўся, пакуль не дайшлі да стаянкі. Паганяты адвёў яму месца ля вогнішча. Да раніцы Дэйв так аслабеў, што ісці далей ужо не мог. Калі прыйшоўчас запрагаць, ён ледзь падпоўз да свайго паганятага. Сутаргавым намаганнем стаў на ногі, але пахіснуўся і ўпаў. Пасля павольна папоўз на жываце да таго месца, дзе на яго таварышаў надзявалі пастронкі. Ён выцягваў пярэднія лапы і штуршком падсоўваў сваё цела наперад на цалю-дзве, пасля зноў і зноў рабіў тое ж самае. Але сілы хутка яму здрадзілі, і, адыходзячы, сабакі бачылі, як Дэйв ляжаў на снезе, цяжка дыхаючы і са смуткам гледзячы ім услед. А яго тужлівае выццё далятала да іх, пакуль яны не схаваліся за прыбярэжным лесам.
За лесам абоз затрымалі. Шатландзец павольна пакрочыў назад, да стаянкі, якую толькі што па-
кінулі. Людзі ўсе прыціхлі. Хутка здалёк данёсся пісталетны выстрал. Шатландзец спешна вярнуўся да саней, засвісталі бізуны, весела заліліся званочкі, і нарты памчаліся далей. Але Бэк ведаў, і ўсе сабакі ведалі, што адбылося там, за прыбярэжным лесам.
V
ВЫСІЛКІ I ЦЯЖАР ШЛЯХУ
Праз трыццаць дзён пасля ад’езду з Даўсана паштовы абоз на чале з запрэжкай Бэка прыбыў у Скагуэй. Сабакі былі знясіленыя і змучаныя ўшчэнт. Бэк важыў ужо не сто сорак, а сто пятнаццаць фунтаў. Сабакі меншай вагі схуднелі яшчэ больш, чым ён. Сімулянт Пайк, які ўсё жыццё спрытна абдурваў паганятых, цяпер кульгаў ужо не прытворна, а па-сапраўднаму. Закульгаў і Солекс, а ў Даба была вывіхнута лапатка, і ён моцна пакутаваў.
Лапы ва ўсіх былі страшэнна сцёртыя, страцілі ўсю сваю рухомасць і пругкасць і ступалі так цяжка, што цела калацілася і сабакі стамляліся ўдвайне. Уся справа была ў гэтай смяртэльнай стомленасці. Калі стомішся ад кароткага празмернага намагання, стомленасць праходзіць праз якія-небудзь дзве-тры гадзіны. Але тут была стомленасць ад паступовага і працяглага расходавання фізічнай энергіі на працягу многіх месяцаў цяжкай працы. У сабак ужо не засталося ніякага запасу сіл і ніякай здольнасці да іх аднаўлення: сілы былі расходаваны ўсе да апошняй крупінкі, кожны мускул, кожная жылка, кожная клетачка цела смяротна стомлены. Ды ці магло быць інакш? Менш чым за пяць месяцаў сабакі прабеглі дзве з паловай тысячы міляў, а на працягу апошніх тысячы васьмісот адпачывалі ўсяго пяць дзён. Калі абоз прыйшоў у Скагуэй, відаць было, што яны проста валяцца з ног. Яны з цяжкасцю напіналі пастронкі,
а на спусках ледзьве маглі ісці так, каб нарты не наехалі на іх.
— Ну, ну, паднатужцеся, бедныя вы мае кульгаўцы!— падбадзёрваў іх паганяты, калі яны пляліся па галоўнай вуліцы Скагуэя.— Ужо амаль даехалі, хутка адпачнём як трэба. Так, так, доўга будзем адпачываць!
Людзі былі ў поўнай упэўненасці, што прыпынак тут будзе доўгім. I яны ж прайшлі на лыжах тысячу дзвесце міляў, адпачывалі за ўвесь час шляху толькі два дні і па справядлівасці і логіцы рэчаў заслугоўвалі грунтоўнага адпачынку. Але ў Клондайк наехала з усяго свету столькі мужчын, а на радзіме ў іх засталося столькі жанчын, каханых, законных жонак і сваячак, якія не паехалі ў Клондайк, што цюкі з поштай дасягалі вышыні Альпійскага хрыбта. Рассылаліся і ўсялякія ўрадавыя распараджэнні.
I вось сабак, што сталі непрыгоднымі, загадана было замяніць новымі і зноў выпраўляцца ў дарогу. Выбыўшых са строю сабак трэба было збыць з рук, і, паколькі долары, як вядома, значна каштоўнейшыя за сабак, апошніх паспешліва распрадавалі.
Толькі ў тыя тры дні, што яны адпачывалі ў Скагуэі, Бэк і яго таварышы адчулі, як яны стаміліся і аслабелі. Раніцай чацвёртага дня прыйшлі двое амерыканцаў са Штатаў і купілі іх разам з вупражжу за бясцэнак. Гэтыя людзі называлі адзін аднаго Хэл і Чарльз. Чарльз быў мужчына сярэдніх гадоў са светлай скурай і бясколернымі слязлівымі вачыма, з вусамі, зухавата закручанымі быццам для таго, каб замаскіраваць вяласць адвіслых губ. Хэлу на выгляд было гадоў дзевятнаццаць ці дваццаць. За поясам у яго тырчалі вялікі кольт і паляўнічы нож. Гэты пояс, набіты патронамі, быў самай прыкметнай часткай яго асобы. Ён сведчыў пра юнацтва свайго гаспадара, зялёнае, нявопытнае юнацтва. Абодва гэтыя чалавекі былі яўна не на месцы ў тутэйшых абставінах, і чаму яны рызыкнулі ехаць на Далёкую Поўнач,
заставалася адной з тых загадак, якія вышэй за наша разуменне.
Бэк чуў, як гэтыя двое таргаваліся з урадавымі агентамі, бачыў, як яны перадавалі яму грошы, і зразумеў, што шатландзец і ўсе астатнія паганятыя паштовага абозу знікаюць з яго жыцця назаўсёды, як зніклі Перо і Франсуа, як да іх зніклі іншыя. Калі яго і астатніх сабак запрэжкі прыгналі ў лагер новых гаспадароў, Бэк адразу прыкмеціў панаваўшыя тут бруд і беспарадак. Палатка была пастаўлена толькі напалову, посуд стаяў нямыты, усё валялася дзе папала. Убачыў ён тут і жанчыну. Мужчыны называлі яе Мерседэс. Яна даводзілася жонкай Чарльзу і сястрой Хэлу,— відаць, гэта была еямейная экспедыцыя.
Бэк з цяжкім прадчуваннем назіраў, як яны знімаюць палатку і нагружаюць нарты. Яны вельмі стараліся, але рабілі ўсё бесталкова. Палатку скруцілі нейкім нязграбным вузлом, які займаў у тры разы больш месца, чым трэба. Алавяны посуд паклалі нямытым. Мерседэс увесь час мітусілася, перашкаджала мужчынам і трашчала не сціхаючы, то чытаючы ім натацыі, то даючы парады. Калі мяшок з адзеннем паклалі на перадок нартаў, яна аб’явіла, што яму месца не тут, а ззаду. Мяшок пераклалі, навалілі зверху некалькі іншых, але тут Мерседэс знайшла раптам нейкія забытыя рэчы, якія, на яе думку, трэба было пакласці менавіта ў гэты мяшок,— і давялося зноў разгружаць нарты.
3 суседняй палаткі выйшлі трое мужчын і назіралі за імі, ухмыляючыся і падміргваючы адзін аднаму.
— Паклажы ў вас — дай божа!— сказаў адзін з іх.— Безумоўна, не мая справа вас вучыць, але на вашым месцы я не стаў бы цягнуць з сабой палатку.
— Немагчыма!— усклікнула Мерседэс, з какетлівым жахам пляснуўшы рукамі.— Што я буду рабіць без палаткі?
— На дварэ вясна, халадоў болып не будзе,— запярэчыў сусед.
Мерседэс рашуча паківала галавой, а Чарльз з Хэлам узвалілі на нарты апошнія вузлы паверх гары ўсялякай паклажы.
— Думаеце, павязуць?— спытаў адзін з гледачоў.
— А чаму ж не?— адрывіста запярэчыў Чарльз.
— Добра, добра, гэта я так...— лагодна сказаў той, спяшаючыся замяць размову.— Проста мне здалося, што нарты ў вас крыху перагружаныя.
Чарльз павярнуўся да яго спінаю і стаў зацягваць рамяні старанна, але вельмі няўмела.
— Зразумела, нічога,— падхапіў другі сусед.— Сабакі могуць цэлы дзень бегчы з гэтакай штукай ззаду.
— Безумоўна!— адклікнуўся Хэл з ледзяной ветлівасцю і, узяўшы ў адну руку бізун, другою ўхапіўся за паваротны шост1.
— Ну! Пайшлі!— крыкнуў ён і ўзмахнуў бізуном.— Уперад!
Сабакі рвануліся, але тут жа спыніліся. Ім не пад сілу было зрушыць нарты з месца.
— Лянівыя жывёліны!— крыкнуў Хэл.— Вось я вас!— Ён падняў бізун і хацеў сцебануць сабак.
Але ўмяшалася Мерседэс. 3 крыкам: «Не смей, Хэл!» — яна схапілася за бізун і вырвала яго з рук брата.
— Бедныя сабачкі! Дай слова, што ты ў дарозе не будзеш іх крыўдзіць, інакш я кроку адсюль не зраблю!
— Многа ты разумееш!— агрызнуўся Хэл.— He ведаеш, як трэба абыходзіцца з сабакамі, дык не лезь! Яны лянівыя, вось і ўсё, толькі бізуна і слухаюцца. Спытай у каго хочаш. Ну, вось хоць бы ў гэтых людзей!
Мерседэс з просьбай паглядзела на суседзяў. На
Паваротны шост (або астол) — тоўсты шост, прымацаваны да пярэдняй часткі нартаў, пры дапамозе якога змяняюць напрамак руху або тармозяць нарты.