• Часопісы
  • Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця  Джэк Лондан

    Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця

    Джэк Лондан
    Для старэйшага школьнага ўзросту
    Выдавец: Полымя
    Памер: 334с.
    Мінск 1997
    98.61 МБ
    Шпіц жа, наадварот, не прамінаў выпадку паказаць зубы — магчыма, таму, іпто ён угадваў у Бэку небяспечнага саперніка. Ён вылузваўся са скуры, пастаянна стараючыся раздражніць Бэка і ўсчаць бойку, якая несумненна закончылася б смерцю аднаго з іх. Такая сутычка ледзь не адбылася ўжо ў самым пачатку шляху, перашкодзіў толькі непрадбачаны выпадак. Аднойчы, ужо ў канцы дня, нарты спыніліся на беразе возера ЛеБарж, у не абароненай ад ветру сумнай мясцовасці. Мяцеліца, цемната і моцны вецер, які, нібы распаленым нажом, сек скуру, прымусілі людзей пашукаць месца для прывалу. Цяжка было выбраць горшае месца. За імі сцяной падымалася стромкая скала, і прыйшлося Перо і Франсуа раскласці вогнішча і разаслаць свае спальныя мяшкі проста на лёдзе возера. Палатку яны пакінулі ў Дайі, каб падарожнічаць улегцы. Сабраўшы крыху сухога галля, занесенага сюды вадою ў час разліву, яны распалілі вогнішча, але агонь толькі растапіў лёд навокал і патух, так што вячэраць давялося ў цемнаце.
    Бэк уладкаваўся пад самай скалой, якая засцерагала яго ад ветру. У гэтым сховішчы было так утульна і цёпла, што ён вельмі неахвотна вылез адтуль, калі Франсуа стаў раздаваць сабакам рыбу, разагрэўшы яе папярэдне над агнём. Калі Бэк, з’еўшы сваю порцыю, вярнуўся на старое месца, аказалася, што яно занятае. Пагрозлівае бурчанне абвясціла яму, што захопнік — Шпіц. Да гэтага часу Бэк пазбягаў сутычак са сваім ворагам, але тут ён ужо не вытрымаў. У ім загаварыў звер. Ён кінуўся на Шпіца з лютасцю, нечаканай для іх абодвух, асабліва для Шпіца, які прывык думаць, што яго сапернік — надта баязлівы сабака і ратуюць яго толькі сіла і вага.
    Здзівіўся і Франсуа, калі яны, счапіўшыся, выкаціліся з разбуранага логава, але ён адразу ўгадаў прычыну сутычкі.
    -VАга! — закрычаў ён Бэку.— Так яго! Дай яму добра, гэтаму паршываму злодзею!
    Шпіц ірваўся ў бой. Ён выў ад раз’юшанасці і нецярпення, круцячыся вакол Бэка і чакаючы зручнага моманту для наскоку. Бэк быў у такой жа ўзрушанасці, што забыўся пра ўсялякую асцярожнасць і апісваў кругі вакол Шпіца. Але тут адбылося нешта нечаканае, што перашкодзіла гэтаму бою за першынство. Ён адбыўся толькі значна пазней, калі ўжо было пройдзена многа міляў цяжкага, стамляючага шляху.
    Голас Перо, які лаяўся, гучныя ўдары дубінай па касцістай спіне і рэзкія крыкі болю паслужылі як бы сігналам да страшэннай сумятні, што ўсчалася пасля. Лагер раптам ажыў і закішэў махнатымі целамі. Гэта добрая сотня галодных сабак, адчуўшы пах лагера, прымчалася сюды з нейкай бліжэйшай індзейскай вёскі.
    У той час як Бэк і Шпіц усчалі бойку, гэтыя няпрошаныя госці забраліся ў лагер, а калі Перо і Франсуа прыбеглі з дубінамі, раз’юшаныя сабакі кінуліся на іх. Пах ежы даводзіў іх да шаленства. Перо, убачыўшы, што адзін сабака ўжо ўсунуў морду ў скрынку з правізіяй, абрынуў на яго худыя бакі сваю цяжкую дубіну. Скрынка перакулілася — і ў тое ж імгненне згаладалыя жывёліны накінуліся на хлеб і грудзінку і сталі грызціся з-за іх. Тут ужо дубіны запрацавалі на ўсю моц. Сабакі вылі і віскаталі пад градам удараў, але працягвалі люта біцца з-за здабычы і не адышлі, пакуль не зжэрлі ўсё да апошняй крошкі.
    Тым часам усе сабакі Перо з перапуду вылезлі са сваіх ям. Раз’юшаныя прышэльцы тут жа напалі на іх. Ніколі яшчэ Бэк не бачыў такіх сабак. У іх можна было пералічыць усе рэбры. Гэта былі сапраўдныя шкілеты, абцягнутыя бруднымі шкурамі. Вочы ў іх гарэлі, з іклоў цякла пена; ашалелыя ад голаду, яны былі страшныя, неадольныя.
    У першай жа схватцы ездавыя сабакі былі адкінуты да скалы. На Бэка напалі адразу тры чужыя сабакі і ў адно імгненне згрызлі яму плечы і морду. Шум стаяў страшэнны. Білі, як заўсёды, жаласліва скавытаў. Дэйв і Солекс, пакрытыя ранамі, сплываючы крывёю, мужна змагаліся поплеч. Джо ляскаў сківіцамі, кусаўся, як шалёны. Ён упіўся зубамі ў пярэднюю нагу аднаму з чужых сабак і прагрыз косць. А хітры Пайк скокнуў на пакалечанага сабаку і адразу зламаў яму шыю. Бэк учапіўся ў горла свайму праціўніку, у якога з пашчы густа цякла сліна. Кроў хлынула і апырскала яго ўсяго. Смак цёплай крыві ў роце яшчэ мацней раз’юшыў Бэка. Ён наскочыў на другога сабаку, але ў той жа момант адчуў, што нечыя зубы ўпіліся яму ў шыю. Гэта Шпіц па-здрадніцку напаў на яго збоку.
    Перо і Франсуа, ачысціўшы ад нападаўшых частку лагера, кінуліся выручаць сваіх сабак. Пры іх з’яўленні буйная лавіна адкацілася назад, а Бэк строс павіслага на ім Шпіца. Але зацішша працягвалася не больш за хвіліну. Перо і Франсуа пабеглі — ім трэба было ратаваць харчы,— і сабакі індзейцаў зноў напалі на іх запрэжку. У храбрым адчаі Білі прарваўся скрозь кола раз’юшаных ворагаў і пабег па лёдзе возера. За ім па пятах рынуліся Пайк і Даб, а пасля і астатнія сабакі Перо. У той момант, калі Бэк ужо хацеў скокнуць на лёд, ён краем вока заўважыў, што Шпіц імчыцца да яго з яўным намерам збіць яго з ног. Калі б Бэк упаў, ён апынуўся б пад нагамі зграі, што гналася за імі, і гібель яго была б немінучая. Але ён напружыў усе сілы, адбіў націск ПІпіца і памчаўся ўслед за іншымі па возеры.
    Праз некаторы час усе дзевяць сабак запрэжкі сабраліся разам і пайшлі ў лес шукаць прыстанішча. За імі больш ніхто не гнаўся, але яны былі ў самым жаласным стане. У кожнага аказалася не менш чатырох-пяці ран, а некаторыя пацярпелі вельмі моцна. У Даба была моцна пашкоджана задняя нага, у Долі (сабака, што быў куплены ў Дайі
    і трапіў у іх запрэжку апошнім) на шыі зеўрала страшная рана. Джо страціў вока, а дабрак Білі вішчаў і скавытаў усю ноч — у яго вуха было парвана на шматкі. На світанні яны праз сілу папляліся назад на стаянку і ўбачылі, што марадзёры зніклі. Франсуа і Перо былі не ў сабе. Добрая палова правіянту была знішчана. Мала таго, галодныя сабакі згрызлі нават рамяні і брызентавыя накрыўкі. Усё, што больш-менш магло быць прыдатным для яды, не мінавала іх зубоў. Яны зжэрлі макасіны Перо з ласінай скуры, выгрызлі вялікія кавалкі з раменнай вупражы, і нават бізун Франсуа стаў карацейшым на два футы. Паганяты адарваўся ад сумнага агляду яго, каб агледзець параненых сабак.
    — Ай-ай-ай, дзеткі! — сказаў ён ціха.— Як вы пакусаны! А раптам вы цяпер ашалееце! Ч-чорт! Усе ж могуць ашалець! Як думаеш, Перо?
    Кур’ер у трывозе пахітаў галавой. Да Даўсана было яшчэ чатырыста міляў, не хапала толькі, каб сабакі захварэлі шаленствам! Пасля дзвюх гадзін напружанай працы і смачнай сваркі вупраж была прыведзена ў парадак, і сабакі, нягледзячы на балючыя раны, памчалі нарты далей, з пакутлівымі намаганнямі адольваючы самую цяжкую частку шляху. Нідзе яшчэ ім не даводзілася так туга, як на гэтым перагоне.
    Трыццацімільная рака зусім не замерзла. Яе хуткая плынь спрачалася з марозам, і толькі ў ціхіх затоках трымаўся лёд. Шэсць дзён стамляючых намаганняў спатрэбілася, каб прайсці гэтыя жудасныя трыццаць міляў. Кожны крок пагражаў смерцю і сабакам і людзям. Дваццаць разоў Перо, вывучаючы дарогу, правальваўся пад лёд. Ратавала яго толькі доўгая жэрдка,— ён трымаў яе такім чынам, што жэрдка кожны раз пры падзенні клалася ўпоперак палонкі. Мароз усё мацнеў, тэрмометр паказваў пяцьдзесят градусаў ніжэй нуля1; і
    Тэмпература ўсюды даецца па Фарэнгейту.
    пасля кожнага такога купання Перо даводзілася раскладваць вогнішча і высушваць адзенне, каб засцерагчыся ад смяротнай прастуды.
    Але яго нішто не палохала. Менавіта таму, што ён быў такі бясстрашны, яго назначылі ўрадавым кур’ерам. Перо ішоў на ўсялякую рызыку і, рашуча падстаўляючы марозу свой худы, маршчыністы твар, змагаўся з усялякімі цяжкасцямі дзень пры дні, ад світанку да цемнаты.
    Ён крочыў уздоўж непрыветных берагоў ракі па краі лёду, хоць лёд трашчаў і падаваўся пад нагамі і на ім боязна было хоць на міг спыніцца. Аднойчы нарты разам з Дэйвам і Бэкам праваліліся ў ваду, сабакі ледзь не захлынуліся, і іх выцягнулі паўзамёрзлымі. Для выратавання іх жыцця давялося раскласці вогнішча. Яны былі пакрыты тоўстай ледзяной карой, і, для таго каб яна растала, Франсуа і Перо прымусілі іх бегаць вакол вогнішча так блізка ля агню, што ён абпальваў на іх поўсць.
    У другі раз праваліўся Шпіц і пацягнуў за сабою ўсю запрэжку аж да Бэка. Бэк напружыў сілы, каб утрымацца на лёдзе, і стаў адступаць назад, упіраючыся ўсімі чатырма лапамі ў слізкі край палонкі, хоць лёд навокал трашчаў і ламаўся. На шчасце, за Бэкам быў запрэжаны Дэйв, і ён таксама з усіх сіл адступаў назад, а за нартамі стаяў Франсуа і цягнуў іх на сябе так, што ў яго суставы трашчалі.
    А аднойчы край лёду ля берага праламаўся і спераду і ззаду нартаў. Заставаўся толькі адзін шлях да выратавання — стромкая скала. Перо нейкім цудам узлез на яе, пакуль Франсуа, стоячы ўнізе, маліў Бога, каб гэты цуд збыўся. Звязаўшы разам рамяні, пастронкі, усю вупраж, што была ў іх, у адну доўгую вяроўку, яны ўсцягнулі ўсіх сабак аднаго за другім на вяршыню скалы. Апошнім палез Франсуа, калі і нарты і ўся паклажа былі падняты наверх. Пасля пачаліся пошукі месца, дзе б можна было зноў спусціцца ўніз. Урэшце рэшт спусціліся пры дапамозе той жа вяроўкі, і ноч зас-
    пела іх ужо зноў на рацэ. За гэты дзень яны прайшлі ўсяго чвэрць мілі.
    Да таго часу як дайшлі да Хуталінква, дзе лёд быў ужо моцны, Бэк зусім змучыўся. У такім жа стане былі і астатнія сабакі. Тым не менш Перо вырашыў навярстаць страчаны час і гнаў іх наперад і наперад. У першы дзень яны зрабілі трыццаць пяць міляў і апынуліся каля Вялікага Ласося. На другі дзень прайшлі яшчэ трыццаць пяць, да Малога Ласося, на трэці — сорак міляў і ўжо набліжаліся да парогаў Пяці Пальцаў.
    У Бэка ногі былі не такія моцныя і вынослівыя, як у сабак Поўначы. 3 той пары як апошні з яго дзікіх продкаў быў прыручаны пячорным чалавекам або насельнікам свайных пабудоў, сабакі яго пароды, пакаленне за пакаленнем, рабіліся ўсё больш распешчанымі. Бэк цэлы дзень плёўся, кульгаючы і церпячы пакутлівы боль у нагах, a вечарам, на стаянцы, падаў на зямлю як забіты. Нават голад не мог падняць яго з месца, калі раздавалі рыбу, і Франсуа даводзілася адносіць яму яго порцыю. Той жа Франсуа кожны вечар пасля вячэры паўгадзіны расціраў яму лапы і, ахвяраваўшы сваімі макасінамі, пашыў з іх Бэку макасіны на ўсе чатыры лапы. Гэта надта аблегчыла пакуты сабакі. Нават зморшчаны твар Перо расплыўся ва ўсмешцы, калі неяк раніцай Франсуа забыў надзець Бэку гэтыя макасіны, а Бэк лёг на спіну і просьбітна махаў у паветры ўсімі чатырма лапамі, не жадаючы кранацца ў дарогу, пакуль яго не абуюць. Паступова лапы ў яго агрубелі, загартаваліся, і зношаныя да таго часу макасіны былі выкінуты.