• Часопісы
  • Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця  Джэк Лондан

    Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця

    Джэк Лондан
    Для старэйшага школьнага ўзросту
    Выдавец: Полымя
    Памер: 334с.
    Мінск 1997
    98.61 МБ
    Аднойчы раніцай, на стаянцы каля Пелі, калі запрагалі сабак, зусім нечакана ашалела Долі, у якой да гэтага дня не заўважалі ніякіх падазроных прыкмет. Яна раптам завыла па-воўчаму, такім жудасным, страшэнным выццём, што ў іншых сабак ад страху поўсць стала дыбам, і кінулася проста да Бэка. Бэк першы раз у жыцці бачыў шалёнага сабаку і таму не ведаў, што яго трэба баяцца. Тым
    не менш ён у інстынктыўным жаху кінуўся бегчы ад яе. Ён ляцеў проста ўперад, а на адлегласці аднаго скачка за ім гналася Долі, цяжка і шумна дыхаючы, і з морды ў яе капала пена. Бэка гнаў уперад жах, а Долі — шаленства, і ні яна не магла дагнаць яго, ні ён — уцячы ад яе. Бэк, нырнуўшы ў гушчар хмызняку, выбег на ніжні канец вострава, пераплыў цераз нейкі праліў, загрувашчаны льдзінамі, выбраўся на другі востраў, пасля на трэці. Апісаўшы круг, ён вярнуўся да галоўнага рэчышча ракі і ў паніцы памчаўся па лёдзе. He азіраючыся, ён увесь час чуў за сабою, на адлегласці аднаго скачка, бурчанне Долі. Калі ён прабег такім чынам каля чвэрці мілі, ён пачуў кліч Франсуа і павярнуў назад. Задыхаючыся, з цяжкасцю ловячы ротам паветра, ён бег да Франсуа ўсё гэтак жа на адзін скачок наперадзе Долі. Уся надзея была на тое, што паганяты выратуе яго. Франсуа трымаў напагатове сякеру, і калі Бэк праляцеў міма, сякера абрынулася на галаву звар’яцелай Долі.
    Без сіл, ледзь пераводзячы дух, Бэк дакульгаў да нартаў, але тут Шпіц, скарыстаўшы яго бездапаможнасць, наскочыў на яго і, не сустрэўшы супраціўлення, учапіўся ў яго зубамі. Ён у двух месцах пракусіў мяса да самай косці і распраўляўся з Бэкам, пакуль не падаспеў Франсуа. Бізун свіснуў над галавой Шпіца, і Бэк меў задавальненне бачыць, як яго вораг атрымаў такую лупцоўку, якой яшчэ ні разу не задавалі ніводнаму з сабак запрэжкі.
    — Вось д’ябал гэты Шпіц! — сказаўПеро.— Ён калі-небудзь загрызе Бэка.
    — Нічога, у Бэку сядзіць не адзін, а два д’яблы! — адазваўся Франсуа.— Я за ім назіраю ўвесь час, і ведаеш, што я табе скажу? Аднойчы ён так азвярэе, што разжуе твайго Шпіца і выплюне на снег. Павер мне!
    3 гэтага часу паміж Бэкам і Шпіцам ішла адкрытая вайна. Шпіц, важак і прызнаны галава ўсёй запрэжкі, бачыў у гэтым дзіўным жыхары Поўдня пагрозу свайму першынству. Дзіўным Бэк
    здаваўся яму з-за таго, што да гэтай пары ніводзін з сабак Поўдня, якіх Шпіц ведаў мноства, не мог цягацца з мясцовымі ні на лагерных стаянках, ні ў дарозе. Усе гэтыя прышэльцы з Поўдня былі надта распешчанымі і гінулі ад непасільнай работы, маразоў, голаду. Бэк быў адзіным выключэннем. Ён усё вытрымаў, ён прыстасаваўся да новага жыцця і дасягнуў вялікага поспеху, не ўступаючы паўночнікам у сіле, лютасці і храбрасці. Да таго ж ён быў уладалюбівым, а дубінка чалавека ў чырвоным світэры, выбіўшы з яго ранейшую безразважную адвагу і запальчывасць, зрабіла яго асабліва небяспечным праціўнікам. Ён быў незвычайна хітры і, імкнучыся да першынства, умеў дачакацца зручнага моманту з той цярплівай настойлівасцю, якая адрознівае дзікуноў.
    Бой за першынство непазбежна павінен быў адбыцца, і Бэк хацеў гэтага. Ён хацеў гэтага таму, што такая ў яго была натура, і таму, што ім цалкам авалодала тая неспасціжная гордасць, якая прымушае ездавых сабак да апошняга дыхання не сыходзіць са сцежкі, з радасцю насіць сваю вупраж і паміраць з гора, калі іх выганяць з запрэжкі. Гэтая гордасць прачыналася і ў Дэйве, калі яго ўпрагалі на месца каранніка, яна прымушала Солекса цягнуць нарты, напружваючы ўсе сілы. Яна натхняла ўсіх сабак, калі наступаў час адпраўляцца ў дарогу, і перайначвала панурых і зласлівых жывёлін у поўных энергіі, славалюбных і нястомных працаўнікоў. Гэтая гордасць падганяла іх на працягу ўсяго дня і пакідала толькі вечарам, на прывале, уступаючы месца змрочнаму неспакою і незадавальненню. Важак Шпіц менавіта з гэтай прафесійнай гордасці кусаў тых сабак, якія збіваліся з нагі і блыталіся ў пастронках або хаваліся раніцай, калі трэба было запрагацца. 3 таго ж пачуцця гордасці Шпіц баяўся, каб Бэка не паставілі важаком замест яго, а Бэк імкнуўся стаць важаком.
    Бэк цяпер адкрыта дамагаўся месца важака. Ён станавіўся паміж Шпіцам і гультаямі, якіх той
    хацеў пакараць, і рабіў гэта наўмысна. Неяк ноччу выпала шмат снегу, і раніцай гультаяваты і жулікаваты Пайк не прыйшоў да нартаў. Ён схаваўся ў вырытую ім нару глыбока пад снегам, і Франсуа дарэмна шукаў і зваў яго. Шпіц шалеў. Ён кідаўся па лагеры, абнюхваючы і раскопваючы кожнае падазронае месца, і гыркаў так раз’юшана, што Пайк, чуючы гэтае гырканне, дрыжаў ад страху ў сваім сховішчы.
    Аднак, калі яго нарэшце выцягнулі адтуль і Шпіц наляцеў на яго з намерам даць яму дыхту, Бэк раптам з няменшай лютасцю кінуўся паміж імі. Гэта быў такі нечаканы і спрытны манеўр, што Шпіц, адкінуты назад, не ўтрымаўся на нагах. Пайк, які агідна дрыжаў ад маладушнага страху, адразу падбадзёрыўся, убачыўшы такі адкрыты мяцеж, і напаў на пераможанага важака. Ды і Бэк, які ўжо забыў правілы сумленнага бою, таксама кінуўся на Шпіца. Але тут ужо Франсуа, хоць яго гэта ўсё і забаўляла, палічыў сваім абавязкам аднавіць справядлівасць і з усёй сілы сцебануў Бэка бізуном. Гэта не адарвала Бэка ад распластанага на снезе праціўніка,— і тады Франсуа пусціў у ход дзяржальна бізуна. Аглушаны ўдарам, Бэк адляцеў назад, і доўга яшчэ бізун гуляў па ім, а Шпіц тым часам сур’ёзна «апрацаваў» шматгрэшнага Пайка.
    У наступныя дні, пакуль яны ішлі да Даўсана, Бэк працягваў умешвацца кожны раз, калі Шпіц караў вінаватых сабак. Але рабіў ён гэта хітра — толькі тады, калі паблізу не было Франсуа. Замаскіраваны бунт Бэка паслужыў як бы сігналам да непадпарадкавання, і дысцыпліна ў запрэжцы ўсё больш і больш падала. Утрымаліся толькі Дэйв і Солекс, астатнія сабакі паводзілі сябе ўсё горш і горш. Усё пайшло абы-як. Сваркам і грызні не было канца. Атмасфера ўсё больш абвастралася — і віною гэтаму быў Бэк. 3-за яго Франсуа не ведаў спакою, увесь час баючыся, што яны са Шпіцам схопяцца не на жыццё, а на смерць. Паганяты разумеў, што рана ці позна гэта абавязкова зда-
    рыцца. He раз ён начамі вылазіў са спальнага мяшка, пачуўшы шум бойкі і баючыся, што гэта б’юцца Бэк з важаком.
    Аднак пакуль выпадку да гэтага не надаралася, і калі ў адзін пахмурны дзень яны нарэшце прыбылі ў Даўсан, вялікае пабоішча ўсё яшчэ было наперадзе.
    У Даўсане было мноства людзей і яшчэ больш сабак, і Бэк бачыў, што ўсе сабакі працуюць. Відаць, тут гэта было звычайнай рэччу. Цэлы дзень доўгія сабачыя запрэжкі праязджалі па галоўнай вуліцы, і нават ноччу не заціхаў звон бомаў. Сабакі везлі бярвёны для пабудоў, і дровы, і ўсялякія грузы на прыіскі. Яны выконвалі ўсю тую работу, якую ў даліне Санта-Клара выконвалі коні. Трапляліся паміж іх і сабакі з Поўдня, але большасць былі сабакі мясцовай пароды, нашчадкі ваўкоў. 3 надыходам цемнаты, рэгулярна ў дзевяць, у дванаццаць і ў тры гадзіны ночы, яны заводзілі сваю начную песню, жудаснае і таямнічае выццё. I Бэк з задавальненнем далучаў да яго свой голас.
    У такія ночы, калі над галавой ледзяным заравам гарэла паўночнае ззянне або зоркі ад холаду скакалі ў небе, а зямля дубела і мерзла пад снежным покрывам, гэтая сабачая песня магла здацца выклікам, зробленым самім жыццём, калі б не яе мінорны тон, яе працяглыя і журботныя пералівы, падобныя на рыданні. He, у ёй гучала хутчэй скарга на жыццё, на цяжкія пакуты існавання. Гэта была старая песня, старажытная, як іх парода на зямлі, адна з першых песень юнага свету ў тыя часы, калі ўсе песні былі поўныя суму. Яна была прасякнута смуткам незлічоных пакаленняў, гэтая скарга, што так дзіўна хвалявала Бэка. Разам з чужымі сабакамі ён стагнаў і выў ад той жа пакуты быцця, ад якой вылі яго дзікія продкі, ад таго ж забабоннага жаху перад тайнай холаду і ночы. I тое, што водгукі гэтага старажытнага суму хвалявалі Бэка, паказвала, як нястрымна ён, праз вякі мірнага аселага жыцця каля ачага чалавека,
    вяртаецца назад да тых дзікіх, першабытных часоў, калі нараджалася гэтае выццё.
    Праз сем дзён пасля прыходу ў Даўсан яны зноў спусціліся па стромкім беразе на лёд Юкана і рушылі ў зваротную дарогу, да Дайі і Салёнай Вады. Перо вёз цяпер пошту яшчэ больш тэрміновую, чым тая, якую ён даставіў у Даўсан. Да таго ж ён увайшоў у азарт і вырашыў паставіць гадавы рэкорд хуткасці. Цэлы шэраг абставін спрыяў гэтаму. Сабакі пасля тыднёвага адпачынку аднавілі свае сілы і былі ў добрым стане. Сцежка, пракладзеная імі ў снезе, была ўжо добра наезджаная іншымі падарожнікамі. Да таго ж на гэтай дарозе ў двух-трох месцах паліцыя адкрыла склады правіянту для сабак і людзей, так што яны маглі выехаць у зваротную дарогу ўлегцы.
    У першы ж дзень яны прайшлі пяцьдзесят міляў уверх па Юкане, а да канца другога ўжо набліжаліся да Пелі. Але такая надзвычайная хуткасць каштавала Франсуа немалых клопатаў і хваляванняў. Бунт, падняты Бэкам, парушыў зладжанасць запрэжкі. Сабакі ўжо не беглі дружна, усе як адзін. Падтрыманыя заступніцтвам Бэка, бунтаўшчыкі часта сваволілі. Шпіца ўжо не баяліся так, як належыць баяцца важака. Ранейшы страх перад ім прайшоў, і не толькі Бэк, але і іншыя сабакі цяпер не прызнавалі яго першынства. Аднойчы ноччу Пайк украў у Шпіца палову рыбіны і, пад абаронай Бэка, тут жа зжор яе. У другі раз Даб і Джо напалі на Шпіца, папярэдзіўшы заслўжаную імі лупцоўку. I нават дабрак Білі страціў долю сваёй лагоднасці і павіскваў далёка не так лісліва, як раней. А Бэк — той усялякі раз, як праходзіў міма Шпіца, бурчаў і грозна ашчаціньваўся. I наогул ён паводзіў сябе як сапраўдны задзіра і любіў нахабна прагульвацца перад самым носам Шпіца.
    Падзенне дысцыпліны адбілася і на адносінах паміж сабакамі. Яны часцей грызліся, і часамі лагер ператвараўся ў сапраўднае пекла. Толькі Дэйв і Солекс паводзілі сябе як заўсёды, хоць і яны сталі
    неспакойнымі,— іх даволі-такі раздражняла гэтая бесперапынная грызня наўкол. Франсуа лаяўся незразумелымі словамі, у бяссільным гневе тупацеў нагамі і рваў на сабе валасы. Бізун яго пастаянна свістаў над спінамі сабак, але толку ад гэтага было мала. Варта было Франсуа адвярнуцца — і ўсё пачыналася спачатку. Ён бараніў Шпіца, а Бэк — усіх астатніх. Франсуа добра ведаў, што ўсяму віною Бэк, а Бэк разумеў, што паганяты гэта ведае. Але сабака быў такі хітры, што абвінаваціць яго было немагчыма. Ён добра працаваў у запрэжцы, таму што праца стала для яго задавальненнем. Але яшчэ большае задавальненне яму прыносіла спадцішка выклікаць бойку паміж таварышамі і пасля замесці сляды. Аднойчы на прывале ў вусці Тэхкіны Даб пасля вячэры ўспудзіў зайца, але не паспеў яго схапіць. Мігам уся зграя кінулася ў пагоню за здабычай. За сто ярдаў1 ад лагера была станцыя паўночна-заходняй паліцыі, дзе трымалі паўсотні сабак, і яны ўсе прынялі ўдзел у паляванні. Заяц прабег па лёдзе ракі і, звярнуўшы на замёрзлы ручаёк, імчаўся далей, лёгка скачучы па глыбокім снезе, а сабакі, больш цяжкія, правальваліся на кожным кроку. Бэк бег наперадзе ўсёй зграі з шасцідзесяці сабак, агібаючы адзін выгін за другім, але дагнаць зайца не мог. Ён распластаўся на бягу і скавытаў ад жадобы. Яго раскошнае цела ў змярцвела-белым святле месяца імкліва мільгала ў паветры. I, як белы прывід марознай ночы, заяц гэтак жа імкліва ляцеў наперадзе.