• Часопісы
  • Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця  Джэк Лондан

    Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця

    Джэк Лондан
    Для старэйшага школьнага ўзросту
    Выдавец: Полымя
    Памер: 334с.
    Мінск 1997
    98.61 МБ
    дзеючыся дайсці туды, куды не дайшлі іншыя людзі і сабакі. Яны прайшлі семдзесят міляў уверх па Юкане, затым павярнулі налева, па рацэ Сцюарт, мінулі Мэйо і Мак-Квешчан і працягвалі шлях да таго месца, дзе рака Сцюарт ператвараецца ў ручай і ўецца вакол высокіх скал горнага хрыбта, што ідзе ўдоўж усяго мацерыка.
    Джон Торнтан няшмат патрабаваў ад людзей і прыроды. Пустэльныя, дзікія мясціны яго не палохалі. 3 драбком солі ў кішэні і стрэльбай за плячыма ён забіраўся ў лясную глуш і хадзіў дзе ўздумаецца і колькі ўздумаецца. Ён жыў, як індзеец, ніколі і нікуды не спяшаўся і ў час сваіх вандровак здабываў сабе ежу паляваннем. А калі дзічына не траплялася, ён з тым жа спакоем індзейца працягваў шлях з цвёрдай перакананасцю, што рана ці позна натрапіць на яе. I ў час вялікага падарожжа на ўсход іх меню складалася са здабытага паляваннем свежага мяса, паклажа на нартах — галоўным чынам з амуніцыі і неабходных прылад, a праграма была складзена на неабмежаваны час.
    Бэк бязмежна цешыўся такім жыццём — паляваннем, рыбнай лоўляй, блуканнем па новых, незнаёмых месцах. Яны то па некалькі тыдняў запар ішлі і ішлі, то цэлымі тыднямі адпачывалі, разбіўшы дзе-небудзь лагер, і тады сабакі лодарнічалі, а людзі, узрываючы мёрзлую зямлю ці пароду, бясконца прамывалі яе ў латаках ля вогнішча, шукаючы ў ёй золата. Часам яны галадалі, часам раскашаліся,— усё залежала ад таго, як многа па дарозе траплялася дзічыны і ці паспяховым было паляванне. Надышло лета, і людзі і сабакі, наўючаныя паклажай, пераплывалі на плыце блакітныя горныя азёры, спускаліся або падымаліся па цячэнні незнаёмых рэк у лядашчых чоўніках, вырабленых са ствалоў дрэў.
    Праходзілі месяцы, а яны ўсё блукалі сярод дзікіх прастораў гэтай недаследаванай зямлі, дзе не было людзей, але дзе некалі пабывалі людзі, калі верыць легендзе аб пакінутай хаціне. Пераходзілі горныя хрыбты, што раздзялялі рэкі, і не раз іх
    тут заставалі снежныя бураны. Дрыжалі ад холаду пад паўночным сонцам на голых вяршынях, паміж мяжой лясоў і вечнымі снягамі. Спускаліся ў цёплыя даліны, дзе хмарамі насілася машкара, і ў цяні леднікоў збіралі спелыя суніцы і кветкі, якія маглі сапернічаць прыгажосцю з лепшымі кветкамі Поўдня. Восенню яны апынуліся ў чароўнай краіне азёр, сумнай і маўклівай, дзе, мусіць, некалі вадзілася дзічына, але цяпер не было нідзе і прыкметы жыцця — толькі халодны вецер свістаў, замярзала вада ва ўкрытых месцах ды меланхалічна журчалі хвалі, набягаючы на пустэльны бераг.
    . I другую зіму прахадзілі яны, шукаючы даўно зніклыя сляды людзей, якія пабывалі тут да іх. Аднойчы яны натрапілі на сцяжынку, што бялела ў цемнаце дрымучага лесу. Гэта была вельмі старая сцяжынка — і яны ўявілі, што закінутая хаціна недзе зусім блізка. Але сцяжынка пачыналася невядома дзе і заканчвалася невядома дзе,— і заставалася загадкай, хто і для чаго пратаптаў яе.
    У другі раз яны наткнуліся на рэшткі разбуранага часам паляўнічага шалаша. I сярод шматкоў сатлелых коўдраў Джон Торнтан знайшоў даўгаствольнае крамянёвае ружжо. Ён ведаў, што ружжы гэтага тыпу выпускала Кампанія Гудзонава заліва ў першыя гады ўсеагульнай цягі на Паўночны захад. Тады за адно ружжо давалі такой жа вышыні цюк шчыльна ўкладзеных бабровых шкурак. Больш сярод развалін не знайшлося нічога, што напамінала б пра чалавека, які некалі пабудаваў гэты шалаш і пакінуў сярод коўдраў сваё ружжо.
    Зноў надышла вясна, і пасля доўгіх вандраванняў яны ў рэшце рэшт знайшлі не легендарную пакінутую хаціну, а паверхневы россып у шырокай даліне, дзе было столькі золата, што яно, як жоўтае масла, асядала на дне прамывачнага латака. Тры таварышы не сталі працягваць пошукі. Тут яны за дзень намывалі на тысячы долараў чыстага залатога пяску і самародкаў, а працавалі кожны дзень. Золата насыпалі ў мяшкі з аленевых
    шкур, па пяцьдзесят фунтаў у мяшок, і мяшкі складвалі штабялямі, як дровы, перад шалашом, які яны сплялі сабе з яловых лапак. Паглынутыя сваёй цяжкай працай, яны не заўважалі, як ляцяць за днямі дні. Дні праляталі, як сон, а груды скарбаў усё раслі і раслі.
    Сабакам рабіць абсалютна не было чаго — толькі час ад часу прыносіць дзічыну, што настраляе Торнтан, і Бэк доўгія гадзіны праводзіў у роздуме, лежачы каля агню. У гэтыя гадзіны безрабоцця яму ўсё часцей уяўляўся каратканогі валасаты чалавек. I, жмурачыся на агонь, Бэк у сваім уяўленні хадзіў з гэтым чалавекам у іншым свеце, які цьмяна ўспамінаўся яму.
    У гэтым іншым свеце, відаць, панаваў страх. Назіраючы за валасатым чалавекам, калі той спаў ля вогнішча, уткнуўшы галаву ў калені і абняўшы яе рукамі, Бэк заўважаў, што спіць ён неспакойна, часта ўздрыгвае ў сне, а прачынаючыся, баязліва ўглядаецца ў цемнату і падкідвае сучча ў агонь. Калі яны хадзілі па беразе мора, дзе валасаты збіраў ракавіны і тут жа з’ядаў іх змесціва, вочы яго шнырылі па баках, шукаючы, ці не тоіцца дзе небяспека, а ногі гатовыя былі пры першай трывожнай прыкмеце віхрам імчацца прэч. Па лесе яны прабіраліся бясшумна — наперадзе валасаты, за ім Бэк. I абодва заўсёды былі напагатове, вушы ў абодвух варушыліся і ноздры ўздрыгвалі, таму што ў чалавека слых і нюх былі такія ж тонкія, як у Бэка. Валасаты ўмеў лазіць па дрэвах гэтак жа хутка, як бегаць па зямлі. Хапаючыся то за адну галінку, то за другую, ён пераскакваў часам адлегласць у дзесяць—дванаццаць футаў паміж адным дрэвам і другім, балансуючы ў паветры і ніколі не зрываючыся. На дрэвах ён адчуваў сябе гэтак жа свабодна, як і на зямлі. Бэку ўспаміналіся ночы, калі ён вартаваў пад дрэвам, у той час як валасаты чалавек спаў на яго верхавіне, моцна ўчапіўшыся рукамі за галіны.
    I блізкім да гэтых прывідаў, у якіх з’яўляўся Бэку валасаты чалавек, быў кліч, які па-ранейша-
    му гучаў з глыбінь цёмнага лесу. Ён усяляў у Бэка моцную трывогу, выклікаючы незразумелыя жаданні. Бэк адчуваў нейкую цьмяную радасць, і трывогу, і вялікі сум невядома аб чым. Часам ён бег у лес, адкуль яму чуўся гэты кліч, шукаў яго там, як нешта адчувальнае, і брахаў то ціха, то ваяўніча, у залежнасці ад настрою. Ён тыкаўся носам у халодны лясны мох ці сырую зямлю, пакрытую высокай травой, і фыркаў ад асалоды, удыхаючы іх пах. Або гадзінамі, быццам прытаіўшыся ў засадзе, ляжаў за паваленымі бурай стваламі, аброслымі драўнянай губкай, і, натапырыўшы вушы, шырока расплюшчыўшы вочы, лавіў кожны гук, кожны рух навокал. Можа быць, лежачы тут, ён падпільноўваў той невядомы кліч, што не даваў яму спакою. Ён і сам не ведаў, для чаго ён усё гэта робіць: ён падпарадкоўваўся нечаму, што было мацней за яго, і рабіў усё несвядома.
    Ён быў цяпер увесь ва ўладзе непераможных інстынктаў. Часам ляжыць у лагеры і дрэмле, распешчаны цяплом,— і раптам падыме галаву, натапырыць вушы, як быццам напружана прыслухоўваючыся, пасля ўскаквае і імчыць усё далей і далей, гадзінамі носіцца па лесе або на прасторы адкрытых раўнін. Ён любіў бегаць па дне перасохлых рэчак, сачыць за жыццём лесу. Цэлымі днямі ляжаў у кустах, адкуль можна было сачыць за курапаткамі, якія важна праходжваліся па траве або, лопаючы крыламі, пераляталі з месца на месца. Але больш за ўсё падабалася Бэку бегаць у светлым змроку летніх начэй і слухаць сонны, глухі шэпт лесу, чытаць гукі і прыкметы, як чалавек чытае кнігу, і шукаць тое таямнічае, чый кліч ён чуў заўсёды, і наяве, і ў сне.
    Аднойчы ноччу ён са сну спалохана ўскочыў, шырока расплюшчыўшы вочы, дрыжачымі ноздрамі ўцягваючы паветра. Уся поўсць на ім стала дыбам і хадзіла, як хвалі пад ветрам. 3 лесу даносіўся кліч, такі выразны, як ніколі. Гэта было працяглае выццё, і падобнае і непадобнае на выццё ездавых сабак. Бэку яно здалося знаёмым,— ды
    ён ужо чуў калісьці! Некалькімі скачкамі прабег ён цераз сонны лагер, бясшумна і хутка памчаўся ў лес. Калі выццё стала чутным ужо недзе блізка, Бэк пайшоў цішэй, захоўваючы найвялікшую асцярожнасць. Нарэшце ён падышоў да адкрытай паляны і, выглянуўшы з-за дрэў, убачыў вялікага худога ваўка, які выў, задраўшы морду ўверх.
    Бэк не зрабіў аніякага шуму, але воўк учуў яго і перастаў выць. Ён нюхаў паветра, стараючыся вызначыць, дзе вораг. Падабраўшыся і выцягнуўшы хвост палкаю, Бэк выйшаў на паляну, з незвычайнай для яго нясмеласцю перастаўляючы лапы. У кожным яго руху была і пагроза і адначасова дружалюбная прапанова міру. Менавіта так сустракаюцца драпежнікі лясоў. Але воўк, убачыўшы Бэка, кінуўся наўцёкі. Бэк вялікімі скачкамі памчаўся ўслед, ахоплены шалёным жаданнем дагнаць яго. Ён загнаў яго ў рэчышча высахлага ручая, дзе выхад загароджвалі суцэльныя зараснікі хмызняку. Воўк замітусіўся, закруціўся, прысядаючы на заднія лапы, як гэта рабілі Джо і іншыя сабакі, калі іх заганялі ў тупік. Ён гыркаў і, ашчацініўшыся, бесперапынна, раз за разам, ляскаў зубамі.
    Бэк не нападаў, а кружыў каля ваўка, усяляк даказваючы свае мірныя намеры. Але воўк быў настроены падазрона і баяўся, таму што Бэк быў у тры разы большы за яго і на цэлую галаву вышэй. Выбраўшы момант, шэры кінуўся бегчы, і зноў пачалася пагоня. Часам Бэку ўдавалася зноў загнаць яго куды-небудзь, і ўсё паўтаралася спачатку. Воўк быў вельмі змардаваны, інакш Бэку не так ужо і лёгка было б дагнаць яго. Ён бег, а калі галава Бэка апыналася ўжо каля яго бока, крута паварочваўся, быццам гатовы абараняцца, але пасля зноў кідаўся бегчы.
    Урэшце рэшт упартасць Бэка была ўзнагароджана. Воўк, пераканаўшыся ў бяскрыўднасці яго намераў, павярнуўся, і яны абнюхаліся. Устанавіўшы такім чынам сяброўскія адносіны, яны сталі гуляць, але з той напружанай і баязлівай асцярожнасцю, пад якой дзікія звяры хаваюць сваю
    лютасць. Пагуляўшы з Бэкам, воўк пабег далей лёгкім трушком, усім сваім выглядам даючы зразумець, што ён кудысьці спяшаецца і запрашае Бэка бегчы за ім. Яны пабеглі побач у густым змроку, спачатку ўверх па рэчцы, па той цясніне, на дне якой яна працякала, пасля праз змрочныя горы, дзе яна брала пачатак.
    Па процілеглым схіле водападзела яны спусціліся на раўніну, дзе былі вялікія лясы і шмат рэчак, і гэтымі лясамі яны беглі і беглі далей. Праходзілі гадзіны, ужо і сонца стаяла высока ў небе, і прыкметна пацяплела. Бэк быў у дзікім захапленні. Цяпер ён ведаў, што бяжыць побач са сваім лясным братам менавіта туды, адкуль ішоў уладны кліч, які ён чуў у сне і наяве. У ім хутка ажывалі нейкія старадаўнія ўспаміны, і ён адклікаўся на іх, як некалі адклікаўся на тую рэчаіснасць, прывідамі якой яны былі. Так, усё тое, што было цяпер, адбывалася ўжо некалі ў тым, іншым свеце, які цьмяна помніўся яму: вось гэтак жа ён бегаў на волі, і пад нагамі ў яго была няходжаная зямля, а над галавой — неабдымнае неба.