Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця
Джэк Лондан
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Полымя
Памер: 334с.
Мінск 1997
Ён быў старэйшы за той час, у якім жыў, за тое жыццё, што ішло навокал. У ім мінулае змыкалася з сучасным, і, як магутны рытм вечнасці, галасы мінулага і сучаснага гучалі ў ім папераменна,— гэта было як прыліў і адліў, як змена пораў года. Ля вогнішча Джона Торнтана сядзеў шыракагруды сабака з доўгай поўсцю і белымі ікламі. Але за ім нябачна тоўпіліся цені ўсялякіх іншых сабак, паўпрыручаных і дзікіх. Яны настойліва напаміналі пра сябе, перадавалі яму свае думкі, смакавалі мяса, якое ён еў, прагнулі вады, якую ён піў, слухалі тое, што слухаў ён, і тлумачылі яму гукі дзікага ляснога жыцця. Яны перадавалі яму свае настроі і парывы, падказвалі ўчынкі, ляжалі побач, калі ён спаў, бачылі тыя ж сны і самі з’яўляліся да яго ў сне.
I такі ўладарны быў кліч гэтых ценяў, што з кожным днём людзі і іх патрабаванні ўсё больш
адыходзілі ў свядомасці Бэка на задні план. 3 глыбіні дрымучага лесу гучаў заклік, таямнічы і вабны, і, калі Бэк слухаў яго, ён адчуваў уладную патрэбу бегчы ад агню і ўтаптанай зямлі туды, у гушчар, усё далей і далей, невядома куды, невядома чаго.
Ды ён і не раздумваў, куды і чаго: клічу гэтаму немагчыма было супраціўляцца. Але калі Бэк аказваўся ў зялёнай засені лесу, на мяккай, няходжанай зямлі, любоў да Джона Торнтана кожны раз брала верх і цягнула яго назад, да вогнішча гаспадара.
Толькі Джон Торнтан утрымліваў яго. Усе іншыя людзі для Бэка не існавалі.
Падарожнікі, якія сустракаліся ў дарозе, часам лашчылі і хвалілі яго, але ён заставаўся абыякавым да іх ласкі, а калі хто-небудзь надта надакучаў яму, ён уставаў і адыходзіў. Калі вярнуліся кампаньёны Торнтана, Ганс і Піт, на доўгачаканым плыце, Бэк спачатку не звяртаў на іх ніякай увагі, а пасля, уцяміўшы, што яны блізкія Торнтану, цярпеў іх прысутнасць і паблажліва, быццам з міласціны, прымаў іх ласкі. Ганс і Піт былі людзі такога ж складу, як Джон Торнтан,— людзі з шырокай душой, простымі думкамі і зыркімі вачыма, блізкія да прыроды. I яшчэ раней, чым яны даплылі да Даўсана і ўвялі свой плыт у бурныя воды каля лесапілкі, яны паспелі вывучыць Бэка і ўсе яго звычкі і не дабіваліся ад яго той прыхільнасці, якую мелі да іх Ніг і Скіт.
Але да Джона Торнтана Бэк прывязваўся ўсё мацней і мацней. Торнтан быў адзіным чалавекам, якому гэты сабака дазваляў у час летніх пераходаў наўючваць яму на спіну сякую-такую паклажу. Па загадзе Торнтана Бэк быў гатовы на ўсё. Аднойчы (гэта было ў тую пару, калі яны, зрабіўшы запасы правізіі на грошы, выручаныя за сплаўлены лес, ужо рушылі з Даўсана да вярхоўяў Тананы) людзі і сабакі размясціліся на скале, якая стромай сцяной узвышалася над голай каменнай пляцоўкай, што ляжала на трыста футаў ніжэй.
Джон Торнтан сядзеў ля самага краю, а Бэк — побач з ім, плячо да пляча. Раптам Торнтану прыйшла ў галаву шалёная думка, і ён сказаў Гансу і Піту, што зараз зробіць адзін дослед.
— Скачы, Бэк!— закамандаваў ён, паказваючы рукою ўніз, у бездань.
У наступнае імгненне ён ужо змагаўся з Бэкам, з усіх сіл утрымліваючы яго на краі абрыву, а Ганс і Піт адцягвалі іх абодвух назад, у бяспечнае месца.
— Гэта нешта звышнатуральнае!— сказаў Піт, калі ўсе заспакоіліся і аддыхаліся.
Торнтан пахітаў галавой.
— He, гэта цудоўна, але і страшна, скажу я вам! Ці паверыце, мяне часам палохае адданасць гэтага сабакі.
— Так-так, не хацеў бы я быць на месцы чалавека, які паспрабуе цябе закрануць пры ім!— сказаў на заканчэнне Піт, кіўком галавы паказваючы на Бэка.
— I я таксама, клянуся Богам!— дабавіў Ганс.
Яшчэ ў тым жа годзе ў Сёркле адбыўся выпадак, які паказаў, што Піт меў рацыю. Аднойчы Чорны Бартан, чалавек злоснага і буйнага нораву, пачаў сварку ў бары з нейкім навічком, незнаёмым яшчэ з мясцовымі норавамі, а Торнтан, па душэўнай дабрыні, умяшаўся, жадаючы іх разняць. Бэк, як заўсёды, ляжаў у кутку, паклаўшы морду на лапы і сочачы за кожным рухам гаспадара. Бартан нечакана размахнуўся і з усёй сілы нанёс удар. Торнтан адляцеў убок і ўстаяў на нагах толькі таму, што схапіўся за парэнчы, што адгароджвалі прылавак.
Відавочцы гэтай сцэны пачулі не брэх, не гырканне — не, гэта быў дзікі роў. У адно імгненне Бэк узвіўся ў паветра і нацэліўся на горла Бартана. Той інстынктыўна выцягнуў наперад руку і гэтым выратаваў сабе жыццё. Але Бэк паваліў яго і падмяў пад сябе. У наступны момант ён адарваў зубы ад рукі Бартана і зноў паспрабаваў учапіцца яму ў горла. Гэтым разам Бартан засланіўся не так удала, і Бэк па<;пеў разадраць яму скуру на шыі.
Тут усе, хто быў у бары, кінулізя на дапамогу і сабаку адагналі. Аднак увесь час, пакуль урач вазіўся з Бартанам, стараючыся спыніць кроў, Бэк разгульваў побач, злосна гыркаючы, і спрабаваў зноў дабрацца да Бартана, але адступаў перад цэлым частаколам варожых палак. На сходзе золаташукальнікаў, які адбыўся тут жа на месцы, было вырашана, што сабака меў дастаткова падстаў раззлавацца, і Бэк быў апраўданы. 3 той пары ён заваяваў сабе гучную славу, і імя яго паўтаралася ва ўсіх пасёлках Аляскі.
Пазней, восенню таго ж года, Бэк, ужо пры зусім іншых абставінах, выратаваў жыццё Торнтану. Тром таварышам трэба было правесці доўгую і вузкую лодку праз небяспечныя парогі ля Саракавой Мілі. Ганс і Піт ішлі па беразе, цягнучы лодку волакам пры дапамозе пяньковай вяроўкі, якую яны чаплялі за дрэвы, а Торнтан сядзеў у лодцы, правячы багром і выкрыкваючы распараджэнні тым, хто быў на беразе. Бэк таксама бег па беразе ўпоравень з лодкай. Ён не зводзіў вачэй з гаспадара і праяўляў моцнае хваляванне.
У адным асабліва небяспечным месцы, дзе з вады тырчала цэлая града падводных скал, Ганс адпусціў канат, і пакуль Торнтан багром накіроўваў лодку на сярэдзіну ракі, ён пабег берагам наперад, трымаючы ў руках канец вяроўкі, каб падцягваць лодку, калі яна абагне скалы. Лодка, выбраўшыся, панеслася ўніз па цячэнні. Ганс, напяўшы вяроўку, затармазіў яе, але зрабіў гэта надта крута. Лодка ад штуршка перакулілася і панеслася да берага дном уверх, а Торнтана пацянула цячэннем да самага небяспечнага месца парогаў, дзе кожнаму плыўцу пагражала смерць.
У тое ж імгненне Бэк скокнуў у ваду. Праплыўшы ярдаў трыста ў шалёна бурліўшай вадзе, ён дагнаў Торнтана і, як толькі адчуў, што Торнтан ухапіўся за яго хвост, паплыў да берага, з усіх сіл заграбаючы магутнымі лапамі. Але ён рухаўся павольна: плыць у гэтым напрамку перашкаджала незвычайна хуткае цячэнне. Ніжэй злавесна раўла
вада — там бурлівы паток разлятаўся струменямі і пырскамі, б’ючыся аб скалы, што тырчалі з вады, як зуб’е вялізнага грэбеня. Каля пачатку апошняга, вельмі стромкага парога вада засмоктвала са страшэннай сілай, і Торнтан зразумеў, што яму не даплыць да берага. Ён наляцеў на адну скалу, ударыўся аб другую, пасля яго са скрышальнай сілай адкінула на трэцюю. Выпусціўшы хвост Бэка, ён учапіўся за яе слізкую вяршыню абедзвюма рукамі і, стараючыся перакрычаць роў вады, загадаў:
— Марш, Бэк! Уперад!
Цячэнне несла Бэка ўніз, ён марна змагаўся з ім і не мог павярнуць назад. Пачуўшы двойчы паўтораны загад гаспадара, ён прыўзняўся з вады і высока задраў галаву, быццам хацеў у апошні раз на яго паглядзець, затым паслухмяна паплыў да берага. Піт і Ганс выцягнулі яго з вады якраз у той момант, калі ён ужо зусім аслабеў і пачаў захлынацца.
Ганс і Піт разумелі, што вісець на слізкай скале, якую пераплюхвае імклівы паток, Торнтан зможа толькі якія-небудзь тры-чатыры хвіліны. I яны з усіх ног кінуліся бегчы берагам да таго месца, дзе ён вісеў, пасярэдзіне ракі на скале. Дабегшы, яны абвязалі вяроўкай Бзка так, каб яна не перашкаджала яго рухам і не душыла яго, затым спіхнулі яго ў ваду. Бэк паплыў смела, але не змог плыць прама да скалы. Ён заўважыў свой промах надта позна: калі ён параўняўся з Торнтанам і мог бы ўжо некалькімі ўзмахамі лап адолець адлегласць да скалы, цячэнне пранесла яго міма.
Ганс адразу тузануў за вяроўку, як быццам Бэк не сабака, а лодка. Ад неспадзяванага штуршка Бэк пайшоў пад ваду і так пад вадой і заставаўся, пакуль яго цягнулі да берага. Калі яго паднялі наверх, ён быў ледзь жывы, і Ганс з Пітам сталі спешна адкачваць яго і рабіць яму штучнае дыханне. Бэк падняўся і зноў упаў. Але раптам слаба данёсся голас Торнтана, і хоць слоў яны не пачулі, але зразумелі, што дапамога патрэбна неадкладна, інакш ён загіне. Голас гаспадара падзейнічаў на
Бэка, як электрычны ток. Ён ускочыў і памчаўся па беразе, а за ім Ганс і Піт. Яны беглі да таго месца, дзе Бэка першы раз спусцілі ў ваду.
Зноў абвязалі яго вяроўкай, і ён паплыў, але цяпер ужо прама на сярэдзіну ракі. Бэк мог памыліцца адзін раз, але не два. Ганс паступова размотваў вяроўку, сочачы, каб яна была ўвесь час напятая, а Піт распраўляў яе кольцы. Бэк плыў, трымаючыся аднаго напрамку, пакуль не аказаўся на адной лініі з Торнтанам. Тут ён павярнуў і з хуткасцю кур’ерскага поезда рынуўся да яго. Торнтан убачыў яго, і, калі Бэк, падхоплены моцным цячэннем, з усяго размаху стукнуўся аб яго целам, як. таран, Торнтан абедзвюма рукамі абхапіў яго касматую шыю. Ганс напяў вяроўку, накінуўшы яе на дрэва, і Бэк з Торнтанам пайшлі пад ваду. Задыхаючыся, захлынаючыся, цягнучыся па камяністым дне і стукаючыся аб падводныя камяні і карчы, часам усплываючы, прычым то Бэк аказваўся пад Торнтанам, то Торнтан пад Бэкам, яны ўрэшце рэшт дабраліся да берага.
Торнтан, апрытомнеўшы, убачыў, што ляжыць жыватом на бервяне, выкінутым ракой, а Ганс і Піт старанна адкачваюць яго, рухаючы туды-сюды. Ён перш за ўсё адшукаў вачыма Бэка. Бэк ляжаў як мёртвы, і над яго безжыццёвым целам выў Ніг, а Скіт лізала яго мокрую морду і заплюшчаныя вочы. Сам увесь паранены і разбіты, Торнтан, апамятаўшыся, стаў зараз жа ўважліва абмацваць цела Бэка і знайшоў, што ў яго зламаны тры рабрыны.
— Ну, значыць, вырашана,— аб’явіў ён.— Мы застаёмся.
I яны засталіся і пражылі там да таго часу, пакуль у Бэка не зрасліся рабрыны настолькі, што ён мог ісці далей.
А зімою ў Даўсане Бэк здзейсніў новы подзвіг, можа быць, не такі гераічны, але які прынёс яму яшчэ болыпую славу. Подзвіг гэты быў вельмі дарэчы, таму што даў яго тром гаспадарам той рыштунак, у якім яны мелі патрэбу, каб зрабіць даўно
жаданае падарожжа на некрануты Усход, куды яшчэ не дабраліся ніякія золаташукальнікі.