• Газеты, часопісы і т.д.
  • Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця  Джэк Лондан

    Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця

    Джэк Лондан
    Для старэйшага школьнага ўзросту
    Выдавец: Полымя
    Памер: 334с.
    Мінск 1997
    98.61 МБ
    сямі сюды нябачна прыйшлі і нейкія іншыя жывыя істоты. Лес, і вада, і паветра быццам трапяталі ад іх прысутнасці. Пра гэта гаварылі Бэку не вочы яго, не слых, не нюх, а нейкае ўнутранае, беспамылковае чуццё. Ён не бачыў і не чуў нічога незвычайнага, але ён ведаў, што ў навакольным свеце адбылася перамена, што недзе шныраць нейкія дзіўныя істоты. I ён вырашыў даследаваць свет навокал, калі давядзе да канца справу, якой заняты цяпер.
    Нарэшце пад канец чацвёртага дня ён даканаў-такі старога лася. Цэлы дзень і цэлую ноч ён заставаўся каля сваёй здабычы, аб’ядаўся, адсыпаўся і блукаў навокал. Пасля, адпачыўшы і аднавіўшы сілы, ён успомніў пра Джона Торнтана і лёгкім галопам памчаўся да лагера. Ён бег шмат гадзін, ні разу не збіўшыся з заблытанай дарогі, кіруючыся прама да лагера па незнаёмай мясцовасці так упэўнена, што мог пасарамаціць чалавека з яго компасам.
    Па дарозе Бэк усё мацней і мацней адчуваў вакол нешта новае, трывожнае. Усюды ішло цяпер нейкае іншае жыццё, чым тое, якое ён назіраў тут усё лета. I гаварыла пра гэта Бэку ўжо не толькі таямнічае ўнутранае чуццё. He, пра гэта шчабяталі птушкі, пра гэта балбаталі паміж сабой вавёркі, нават ветрык шаптаў яму пра гэта. Бэк некалькі разоў спыняўся і, моцна нюхаючы свежае ранішняе паветра, прадчуваў у ім вестку, якая прымушала яго бегчы хутчэй. Яго гняло прадчуванне нейкай бяды, якая насоўвалася або, можа быць, ужо здарылася. I калі ён перасек апошні водападзел і спусціўся ў даліну, дзе знаходзіўся лагер, ён пабег цішэй, захоўваючы асцярожнасць.
    Прабегшы тры мілі, ён убачыў свежыя сляды, і поўсць у яго на загрыўку заварушылася. Сляды вялі прама да лагера, да Джона Торнтана! Бэк памчаўся хутчэй і яшчэ бясшумней. Усе пачуцці ў ім былі напружаны, ён востра ўспрымаў шматлікія нязначныя дробязі, якія расказалі яму пра многае,— але не ўсё да канца. Нюхам ён адчуваў, што
    па сцежцы, па якой ён бег, да яго прайшлі нейкія людзі. Нешта злавеснае хаваў у сваім маўчанні прыціхлы лес. Прымоўклі птушкі, пахаваліся ўсе вавёркі, адна толькі трапілася на вочы Бэку: яе шэранькае бліскучае цельца прытулілася да шэрай паверхні сухога сука так цесна, што здавалася часткай яго, нейкім нарастам на дрэве.
    Бэк нёссд лёгка і бясшумна, як цень, і раптам морда яго хутка павярнулася ўбок, быццам накіраваная нейкай пабочнай сілай. Ён пайшоў на новы, незнаёмы пах і ў кустах убачыў Ніга. Сабака ляжаў на баку мёртвы. Відаць, ён запоўз сюды і тут здох. У кожным баку ў яго тырчала па аперанай страле.
    Прайшоўшы яшчэ сто ярдаў, Бэк наткнуўся на аднаго з ездавых сабак, купленых Торнтанам у Даўсане. Сабака ў перадсмяротных муках курчыўся на зямлі, ля самай сцежкі, і Бэк абышоў яго не спыняючыся. 3 лагера глуха даносіліся галасы, то заціхаючы, то ўзмацняючыся,— гэта быў манатонны рытм песні. Бэк прапоўз на жываце да канца прасекі і тут знайшоў Ганса, які ляжаў ніцма і быў утыканы стрэламі, як дзікабраз. У гэтую самую хвіліну, глянуўшы ў той бок, дзе раней стаяў іх шалаш з яловых галінак, Бэк убачыў відовішча, ад якога ў яго ўся поўсць паднялася дыбам. Яго ахапіў парыў нястрымнай лютасці. Сам таго не ўсведамляючы, ён загыркаў моцна, грозна, злосна. У апошні раз у жыцці моцнае пачуццё ў ім узяло верх над хітрасцю і разважлівасцю. Бэк страціў галаву — і гэтаму віною была яго вялікая любоў да Джона Торнтана.
    Іхеты, што танцавалі вакол рэшткаў шалаша, раптам пачулі страшэнны рык звера, які імчаўся на іх і якога яны яшчэ ніколі не бачылі. Бэк, як жывы ўраган, раз’юшана наляцеў на іх, ашалелы ад прагі помсты. Ён кінуўся на таго, хто стаяў бліжэй за ўсіх (гэта быў правадыр іхетаў), і разарваў яму горла зубамі так, што з вены фантанам пырснула кроў. Калі .індзеец упаў, Бэк, не чапаючы яго больш, скокнуў на наступнага і яму таксама
    перагрыз горла. Нішто не магло яго спыніць. Ён рынуўся ў натоўп, ірваў, шкуматаў, знішчаў, не звяртаючы ўвагі на стрэлы, што сыпаліся на яго. Ён кідаўся з такой неспасціжнай хуткасцю, а індзейцы збіліся ў такую цесную кучу, што яны сваімі стрэламі паражалі не яго, а адзін аднаго. Адзін малады паляўнічы кінуў у Бэка кап’ё, але яно трапіла ў грудзі другому паляўнічаму — і з такой сілай, што вастрыё прайшло наскрозь і выйшла на спіне. Тут іхетаў ахапіў панічны жах, і яны кінуліся бегчы ў лес, крычучы, што на іх напаў Злы Дух.
    Бэк сапраўды здаваўся ўвасабленнем д’ябла, калі гнаўся за імі па пятах, праследуючы іх паміж дрэвамі, як аленяў.
    Ракавым быў гэты дзень для іхетаў. Яны рассеяліся па ўсіх навакольных лясах, і толькі праз тыдзень тыя, хто ацалеў, сабраліся далёка ў даліне і сталі лічыць страты.
    А Бэк, стаміўшыся гнацца за імі, вярнуўся ў апусцелы лагер. Ён знайшоў Піта на тым месцы, дзе яго засталі соннага і забілі раней, чым ён паспеў вылезці з-пад коўдраў. Зямля вакол захоўвала свежыя сляды адчайнай барацьбы Торнтана, і Бэк абнюхаў іх, гэтыя сляды, усе да апошняга. Яны прывялі яго да берага глыбокага вадаёма. На самым краі яго, галавой і пярэднімі лапамі ў вадзе, ляжала верная Скіт, якая не пакінула гаспадара да апошняй хвіліны. Вадаём, ціністы і мутны ад прамыўкі руды, добра хаваў тое, што ляжала на дне. А ляжаў там Джон Торнтан: Бэк прасачыў за яго крокамі да самай вады, а зваротных слядоў нідзе не было відаць.
    Увесь дзень Бэк сядзеў ля вадаёма або неспакойна хадзіў па лагеры. Ён ведаў, што такое смерць: чалавек перастае рухацца, пасля назаўсёды знікае з жыцця жывых. Ён зразумеў, што Джон Торнтан памёр, што яго няма і не будзе,— і адчуваў нейкую пустату ўсярэдзіне. Гэта было падобна на голад, але пустата прычыняла боль, і ніякай ежай яе нельга было запоўніць. Боль забы-
    ваўся толькі ў тыя хвіліны, калі ён, спыніўшыся, глядзеў на трупы іхетаў. Тады ў ім узнімалася вялікая гордасць,— ніколі яшчэ ён так не ганарыўся сабой! Ён жа забіў чалавека, самую высакародную дзічыну, забіў па закону дубіны і ікла. Ён з цікавасцю абнюхваў мерцвякоў. Аказваецца, чалавека забіць вельмі лёгка! Лягчэй, чым звычайнага сабаку. Без сваіх стрэл, коп’яў і дубін яны не могуць раўняцца сілай з ім, Бэкам! I, значыць, у далейшым іх баяцца няма чаго, калі ў іх у руках няма стрэл, коп’яў ці дубінкі.
    Надышла ноч, высока над дрэвамі ўзышоў поўны месяц і заліў зямлю прывідным святлом. I ў гэтую ноч, сумна седзячы каля вадаёма, Бэк выразна адчуў, што ў лесе ідзе нейкае новае для яго жыццё. Ён устаў, натапырыў вушы, панюхаў паветра. Здалёку слаба, але выразна данеслася адзінокае выццё, затым да яго далучыўся цэлы хор. Выццё чулася ўсё мацней, яно набліжалася з кожнай хвілінай. Зноў Бэк адчуў, што сустракаў яго некалі ў тым, іншым свеце, які жыў у глыбінях яго памяці. Ён выйшаў на адкрытае месца і прыслухаўся. Так, гэта быў той самы кліч, шматгалосы кліч! Ніколі яшчэ ён не гучаў так настойліва, не клікаў так, як цяпер, і Бэк гатовы быў яму падпарадкавацца. Джон Торнтан памёр. Апошнія сувязі былі парваны. Людзі з іх патрабаваннямі і правамі болып не існавалі для Бэка.
    Палюючы за жывой здабычай, воўчая зграя, таксама як індзейцы, ішла следам за перакачаваўшымі ласямі і, прайшоўшы край лясоў і рэк, уварвалася ў даліну Бэка. Срабрыстым патокам хлынула яна на паляну, што купалася ў месячным святле, а пасярод паляны стаяў Бэк, нерухомы, як статуя, і чакаў. Гэты велізарны і нерухомы звер усяляў у ваўкоў страх, і толькі пасля хвіліннай нерашучасці самы храбры з іх скокнуў да Бэка. 3 хуткасцю маланкі Бэк нанёс удар і зламаў яму шыйныя пазванкі. Нейкі час ён стаяў гэтак жа нерухома, як раней, а за ім у агоніі качаўся па зямлі паміраючы воўк. Яшчэ тры ваўкі адзін за адным спрабавалі
    напасці на яго — і ўсе адступілі, абліваючыся крывёю, з разадраным горлам або плячом.
    Нарэшце ўся зграя кінулася на Бэка. Ваўкі лезлі на яго, тоўпячыся і перашкаджаючы адзін аднаму ў сваёй нецярплівасці завалодаць здабычай. Але дзівосная спрытнасць выручала Бэка. Круцячыся ва ўсе бакі на задніх лапах, дзейнічаючы зубамі і кіпцюрамі, ён адбіваўся адначасова ад усіх нападаўшых. Каб перашкодзіць ім зайсці з тылу, яму прыйшлося адступіць. Ён адступаў, пакуль не мінуў вадаёма і не апынуўся ў рэчышчы высахлай рэчкі, а адтуль забраўся на высокі адхон. Тут гаспадары Бэка бралі пясок для прамывання, і крыху далей у пяску была глыбокая выемка. Тут ён ужо быў абаронены з трох бакоў, і яму заставалася толькі адбіваць націск ворагаў спераду.
    Ён рабіў гэта так паспяхова, што праз паўгадзіны ваўкі адступілі ў поўным перапалоху. Іх іклы рэзка бялелі ў месячным святле. Адны прыляглі, падняўшы морды і наставіўшы вушы. Другія стаялі, сочачы за Бэкам. А некаторыя хлябталі ваду з вадаёма. Вялізны і худы шэры воўк асцярожна выйшаў наперад. Ён яўна быў настроены міралюбіва — і Бэк пазнаў таго дзікага сабрата, з якім ён бегаў па лесе цэлыя суткі. Воўк ціхенька паскавытваў, і, калі Бэк адказаў яму тым жа, яны абнюхаліся.
    Затым падышоў да Бэка і другі, стары воўк, увесь у рубцах ад боек. Бэк спачатку ашчэрыў зубы, але потым абнюхаўся і з ім. Пасля гэтай цырымоніі стары воўк сеў, падняў морду да месяца і працягла завыў. Завылі і ўсе астатнія. Бэк пазнаў той кліч, што трывожыў яго доўгімі начамі. I ён таксама сеў і завыў. Калі ўсе заціхлі, ён выйшаў са свайго сховішча, і зграя абкружыла яго, абнюхваючы напалову па-сяброўску, напалову варожа. Важакі зноў завылі і пабеглі ў лес. Ваўкі кінуліся за імі, выючы хорам. Пабег і Бэк побач са сваім дзікім сабратам. Бег і выў.
    На гэтым можна было б і скончыць апавяданне пра Бэка.
    Прайшло няшмат гадоў, і іхеты сталі заўважаць, што парода лясных ваўкоў некалькі змянілася. Трапляліся ваўкі з карычневымі плямамі на галаве і мордзе, з белай палоскай на грудзях. Але яшчэ цікавей было тое, што, паводле расказаў іхетаў, на чале воўчай зграі бегаў Дух Сабакі. Яны баяліся гэтага сабакі, таму што ён быў хітрэйшы за іх. У лютыя зімы ён краў іх запасы, цягнуў з іх капканаў здабычу, загрызаў іх сабак і не баяўся самых храбрых паляўнічых.
    Расказвалі яшчэ больш страшныя рэчы: часам паляўнічыя, пайшоўшы ў лес, не вярталіся больш у стойбішча, а некаторых знаходзілі пасля мёртвымі, з перагрызеным горлам, і кругом на снезе былі відаць сляды лап, большых за воўчыя.
    Восенню, калі іхеты адпраўляюцца ў пагоню за ласямі, адну даліну яны заўсёды абыходзяць, і твары іх жанчын азмрочвае смутак, калі ля вогнішча пачынаюцца аповеды пра тое, як Злы Дух з’явіўся ў гэтую даліну, выбраўшы яе сваім прыстанішчам. Іхеты не ведаюць, што летам у гэтую даліну забягае адзін лясны звер. Гэта буйны воўк з раскошнай поўсцю, і падобны і непадобны на іншых ваўкоў. Ён прыходзіць адзін з вясёлых лясных ўрочышчаў і спускаецца ў даліну, на палянку паміж дрэвамі. Тут ляжаць сатлелыя мяшкі з аленевых шкур, і цячэ з іх на зямлю залаты паток, а скрозь яго прараслі высокія травы, хаваючы золата ад сонца.