• Газеты, часопісы і г.д.
  • Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця  Джэк Лондан

    Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця

    Джэк Лондан
    Для старэйшага школьнага ўзросту
    Выдавец: Полымя
    Памер: 334с.
    Мінск 1997
    98.61 МБ
    Тым часам Біл успомніў пра стрэльбу. Але яна ляжала пад перакуленымі санямі, і, пакуль Генры дапамог яму разабраць паклажу, Аднавухі і ваўчыца так блізка падышлі адзін да аднаго, што страляць на такой адлегласці было рызыкоўна.
    Надта позна зразумеў Аднавухі сваю памылку. Яшчэ не здагадваючыся, у чым справа, Біл і Генры ўбачылі, як ён павярнуўся і кінуўся бегчы назад, да іх. А потым яны ўбачылі штук дванаццаць худых шэрых ваўкоў, якія імчаліся пад прамым вуглом да дарогі, напярэймы Аднавухаму. У адно імгненне ваўчыца пакінула сваю гуллівасць і хітрасць — з гырканнем кінулася яна на Аднавухага. Той адкінуў яе плячом, пераканаўся, што зваротны шлях адрэзаны, і, усё яшчэ спадзеючыся дабегчы да саней, кінуўся да іх па крузе. 3 кожнай хвілінай ваўкоў станавілася ўсё больш і больш. Ваўчыца неслася за сабакам, трымаючыся на адлегласці аднаго скачка ад яго.
    — Куды ты? — раптам крыкнуў Генры, схапіўшы таварыша за плячо.
    Біл скінуў яго руку.
    — Хопіць! — сказаў ён.— Больш яны ніводнага сабакі не атрымаюць!
    Са стрэльбай наперавес ён кінуўся ў хмызняк, які акружаў рэчышча ракі. Яго намеры былі зусім зразумелыя: прыняўшы сані за цэнтр круга, па якім бег сабака, Біл разлічваў перарэзаць гэты круг у той кропцы, куды пагоня яшчэ не дайшла. Днём, маючы ў руках стрэльбу, адагнаць ваўкоў і выратаваць сабаку было цалкам магчыма.
    — Асцярожней, Біл! — крыкнуў яму ўслед Генры.— He рызыкуй дарэмна!
    Генры сеў на сані і стаў чакаць, што будзе далей. Нічога іншага яму не заставалася. Біла ўжо не было відаць, але ў кустах і сярод кучак елак то з’яўляўся, то зноў знікаў Аднавухі. Генры зразу-
    меў, што становішча сабакі безнадзейнае. Аднавухі і сам выдатна разумеў небяспеку, але яму даводзілася бегчы па знешнім крузе, у той час як зграя ваўкоў імчалася па ўнутраным, больш вузкім. He было чаго і спадзявацца, што Аднавухі зможа настолькі апярэдзіць сваіх праследавацеляў, каб перасячы іх шлях і дабрацца да саней. Абедзве лініі ў любое імгненне маглі злучыцца. Генры ведаў, што дзесьці там, у снягах, заслоненыя ад яго дрэвамі і хмызняком, у адным пункце павінны сысціся зграя ваўкоў, Аднавухі і Біл.
    Усё адбылося хутка, намнога хутчэй, чым ён чакаў. Пачуўся стрэл, потым яшчэ два — адзін за адным, і Генры зразумеў, што зарады ў Біла скончыліся. Пасля пачуліся віск і моцнае гырканне. Генры адрозніў голас Аднавухага, які ўзвыў ад болю і жаху, і выццё параненага, відаць, ваўка.
    I усё. Гырканне змоўкла. Віску не было чуваць. Над бязлюдным краем зноў навісла цішыня.
    Генры доўга сядзеў на санях. Яму не было патрэбы ісці туды: усё было зразумела, быццам сустрэча Біла са зграяй адбылася ў яго на вачах. Толькі адзін раз ён ускочыў з месца і хутка выцягнуў з саней сякеру, але потым зноў апусціўся на сані і панура ўтаропіўся перад сабой, а два ўцалелыя сабакі ціснуліся да яго ног і дрыжалі ад страху.
    Нарэшце ён падняўся — так стомлена, быццам мускулы яго страцілі ўсякую пругкасць,— і стаў запрагаць. Адзін пастронак ён надзеў сабе на плечы і разам з сабакамі пацягнуў сані. Але ішоў ён нядоўга і, як толькі стала цямнець, зрабіў прыпынак і нарыхтаваў як мага больш сухога галля; потым накарміў сабак, павячэраў і паслаў сабе ля самага вогнішча.
    Але яму не суджана было атрымаць асалоду ад сну. He паспеў ён заплюшчыць вочы, як ваўкі падышлі ледзь не да самага агню. Каб разгледзець іх, ужо не трэба было напружваць зрок. Цесным колам акружылі яны вогнішча, і Генры зусім выразна бачыў, як адны з іх ляжалі, другія сядзелі, трэція падпаўзалі на жываце бліжэй да агню ці
    хадзілі вакол яго. Некаторыя нават спалі. Яны скручваліся на снезе ў клубок, па-сабачы, і моцна спалі, а ён сам не мог цяпер заплюшчыць вачэй.
    Генры расклаў вялікае вогнішча, бо ён ведаў, што толькі агонь служыць перагародкай паміж яго целам і ікламі галодных ваўкоў. Абодва сабакі сядзелі ля ног свайго гаспадара — адзін справа, другі злева — у надзеі, што ён абароніць іх; яны вылі, скавыталі і пачыналі шалёна брахаць, калі які-небудзь воўк падкрадаўся да вогнішча бліжэй за астатніх. Пачуўшы брэх, усё кола прыходзіла ў рух, ваўкі падхопліваліся са сваіх месцаў і рваліся наперад, нецярпліва выючы і гыркаючы, потым зноў укладваліся на снезе і адзін за адным засыналі.
    Кола сціскалася ўсё шчыльней і шчыльней. Патроху, цаля за цаляй, то адзін, то другі воўк паўзком прасоўваўся ўперад, пакуль усе яны не апыналіся на адлегласці амаль аднаго скачка ад Генры. Тады ён выхопліваў галавешкі і шпурляў імі ў зграю. Гэта выклікала паспешнае адступленне, суправаджаемае раз’юшаным выццём і спалоханым гырканнем, калі пушчаная ўмелай рукой галавешка трапляла ў якога-небудзь залішне смелага ваўка.
    Пад раніцу Генры асунуўся, вочы яго запалі ад бяссонніцы. У цемнаце ён згатаваў сабе снеданне, і а дзевятай гадзіне, калі дзённае святло разагнала ваўкоў, узяўся за справу, якую абдумваў у доўгія начныя гадзіны. Ён ссек некалькі елак і, прывязаўшы іх высока да дрэў, зрабіў памост, затым, перакінуўшы праз яго вяроўкі ад саней, з дапамогай сабак падняў труну і ўстанавіў яе там, наверсе.
    — Да Біла дабраліся і да мяне, можа, дабяруцца, але вас жа, малады чалавек, ім не дастаць,— сказаў ён, звяртаючыся да мерцвяка, пахаванага высока на дрэвах.
    Скончыўшы з гэтым, Генры рушыў у дарогу. Парожнія сані лёгка падскаквалі за сабакамі, якія прыспешылі хаду, ведаючы, як і чалавек, што небяспека міне іх толькі тады, калі яны дабяруцца да Мак-Гэры.
    Цяпер ваўкі зусім асмялелі: спакойнай рыссю беглі яны за санямі і побач, высунуўшы языкі, паводзячы худымі бакамі. Ваўкі былі да таго худыя — скура ды косці, толькі мускулы выступалі, бы вяроўкі,— што Генры здзіўляўся, як яны трымаюцца на нагах і не валяцца ў снег.
    Ён баяўся, што цемната застане яго ў дарозе. Апоўдні сонца не толькі сагрэла паўднёвую частку неба, але нават бледным залацістым краёчкам з’явілася на гарызонце. Генры ўбачыў у гэтым добрае прадвесце. Дні рабіліся даўжэйшымі. Сонца вярталася ў гэты край. Але як толькі прыветлівыя прамяні яго патухлі, Генры зрабіў прывал. Да поўнай цемнаты заставалася яшчэ некалькі гадзін шэрага дзённага святла і змроку, і ён выкарыстаў іх на тое, каб назапасіць як мага болып сухога галля.
    Разам з цемнатой да яго прыйшоў жах. Ваўкі асмялелі, ды і праведзеная без сну ноч давала аб сабе знаць. Укруціўшыся ў коўдру, паклаўшы сякеру паміж ног, ён сядзеў ля вогнішча і ніяк не мог перамагчы дрымоту. Абодва сабакі ціснуліся ўшчыльную да яго. Сярод ночы ён прачнуўся і за нейкія дванаццаць футаў ад сябе ўбачыў вялікага шэрага ваўка, аднаго з самых буйных ва ўсёй зграі. Звер павольна пацягнуўся, як ленаваты сабака, і ўсёй пашчай пазяхнуў Генры проста ў твар, паглядваючы на яго, як на сваю ўласнасць, як на здабычу, якая рана ці позна дастанецца яму.
    Такая ўпэўненасць адчувалася ў паводзінах усёй зграі. Генры налічыў штук дваццаць ваўкоў, што глядзелі на яго галоднымі вачыма ці спакойна спалі на снезе. Яны нагадвалі яму дзяцей, якія сабраліся вакол накрытага стала і чакаюць толькі дазволу, каб накінуцца на прысмакі. I гэтымі прысмакамі наканавана стаць яму! «Калі ж ваўкі пачнуць свой баль?» — думаў ён.
    Падкладваючы галлё ў вогнішча, Генры заўважыў, што цяпер ён зусім інакш адносіцца да ўласнага цела. Ён назіраў за працай сваіх мускулаў і з цікавасцю разглядаў хітры механізм пальцаў. Пры святле вогнішча ён некалькі разоў запар згі-
    баў іх, то паасобку, то ўсе адразу, то растапырваў, то хутка сціскаў у кулак. Ён прыглядаўся да будовы пазногцяў, пашчыпваў кончыкі пальцаў, то мацней, то слабей, выпрабоўваючы адчувальнасць сваёй нервовай сістэмы. Усё гэта зачароўвала Генры, і ён раптоўна пранікся пяшчотай да свайго цела, якое працавала так лёгка, так дакладна і дасканала. Потым ён кідаў баязлівы позірк на ваўкоў, што шчыльней і шчыльней сціскаліся ля вогнішча, і яго, быццам громам, уразіла раптам думка, што гэтае цудоўнае цела, гэтая жывая плоць ёсць не што іншае, як мяса — прадмет хацення пражэрлівых звяроў, якія разарвуць, раздзяруць яго сваімі ікламі, спатоляць ім свой голад гэтак жа, як ён сам не раз спатольваў голад мясам лася ці зайца.
    Ён ачнуўся ад дрымоты, якая межавалася з кашмарам, і ўбачыў перад сабой ваўчыцу. Яна сядзела ў нейкіх шасці футах ад вогнішча і сумна пазірала на чалавека. Абодва сабакі скавыталі і гыркалі ля ягоных ног, але ваўчыца нібы і не заўважала іх. Яна глядзела на чалавека, і на працягу некалькіх хвілін ён адказваў ён тым жа. Выгляд яе быў зусім не люты. У вачах яе свяціла^я страшная туга, але Генры ведаў, што туга гэтая народжана такім жа страшным голадам. Ён быў ядой, і выгляд гэтай яды ўзбуджаў у ваўчыцы смакавыя адчуванні. Пашча яе была разяўлена, сліна капала на снег, і яна аблізвалася, адчуваючы наперад смак спажывы.
    Шалёны страх ахапіў Генры. Ён хутка працягнуў руку за галавешкай, але не паспеў дакрануцца да яе, як ваўчыца адскочыла назад: відаць, яна прывыкла да таго, каб у яе шпурлялі чым папала. Ваўчыца агрызнулася, ашчэрыла белыя іклы да самых дзясен, туга ў яе вачах змянілася такой крыважэрнай злосцю, што Генры здрыгануўся. Ён глянуў на сваю руку, заўважыў, як спрытна пальцы трымалі галавешку, як яны прыладжваліся да ўсіх яе няроўнасцей, ахопліваючы з усіх бакоў шурпатую паверхню, як мезенец, без яго волі, сам
    па сабе адсунуўся далей ад гарачага месца — глянуў і ў тую ж хвіліну яскрава ўявіў сабе, як белыя зубы ваўчыцы ўп’юцца ў гэтыя тонкія, пяшчотныя пальцы і разарвуць іх. Ніколі яшчэ Генры не любіў свайго цела так, як цяпер, калі існаванне яго было такім нетрывалым.
    Усю ноч Генры адбіваўся ад галоднай зграі палаючымі галавешкамі, засынаў, калі змагацца з дрымотай не хапала сіл, і прачынаўся ад віскату і гыркання сабак. Настала раніца, але цяпер дзённае святло не прагнала ваўкоў. Чалавек дарэмна чакаў, што яго праследавацелі разбягуцца. Яны па-ранейшаму колам ачаплялі вогнішча і глядзелі на Генры з такой нахабнай упэўненасцю, што ён зноў страціў мужнасць, якая была вярнулася да яго разам са світаннем.
    Генры адправіўся ў дарогу, але як толькі ён выйшаў з-пад абароны агню, на яго кінуўся самы смелы воўк са зграі; аднак скачок быў дрэнна разлічаны, і воўк прамахнуўся. Генры выратаваўся тым, што адскочыў назад, і зубы ваўка ляснулі ў некалькіх цалях ад ягонага бядра.