• Газеты, часопісы і г.д.
  • Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця  Джэк Лондан

    Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця

    Джэк Лондан
    Для старэйшага школьнага ўзросту
    Выдавец: Полымя
    Памер: 334с.
    Мінск 1997
    98.61 МБ
    Аднавокі нецярпліва таптаўся каля яе; але вось ранейшы неспакой вярнуўся да ваўчыцы, яна зноў адчула неадольную патрэбу знайсці тое, што так доўга шукала. Яна павярнулася і, на вялікую палёгку Аднавокага, пабегла ў лес, пад прыкрыццё дрэў.
    Бясшумна, як цені, слізгаючы ў асветленым месяцам лесе, яны натрапілі на сцяжынку і адразу ўткнуліся носам у снег. Сляды на сцяжынцы былі зусім свежыя. Аднавокі асцярожна рухаўся ўперад, а яго сяброўка ішла за ім па пятах. Іхнія шырокія лапы з тоўстымі падушкамі мякка, як аксаміт, клаліся на снег. Але вось Аднавокі ўбачыў штосьці белае на такой жа белай снежнай гладзі. Плаўны поступ Аднавокага скрадваў хуткасць яго рухаў, а цяпер ён прыпусціў яшчэ хутчэй. Перад ім мільгала нейкая невыразная белая пляма.
    Яны з ваўчыцай беглі па вузкай прагаліне, якая была акаймавана з абодвух бакоў зараснікам маладых елак і выходзіла на асветленую месяцам паляну. Стары воўк наганяў плямку, што мільгала перад ім. Кожны ягоны скачок скарачаў адлегласць паміж імі. Вось яна ўжо зусім блізка. Яшчэ адзін скачок — і зубы ваўка ўп’юцца ў яе. Але скачка гэтага так і не было. Белая плямка, што аказалася зайцам, узляцела высока ў паветра якраз над галавой Аднавокага і стала падскакваць і разгойдвацца там, наверсе, не датыкаючыся да зямлі, нібы танцуючы нейкі фантастычны танец.
    Са спалоханым фырканнем Аднавокі адскочыў назад і, прыпаўшы на снег, грозна загыркаў на гэты страшны і незразумелы прадмет. Аднак ваўчыца зусім спакойна абышла яго, прымерылася да скачка і падскочыла, стараючыся схапіць зайца. Яна ўзвілася высока, але прамахнулася і толькі ляснула зубамі. За першым скачком быў другі і трэці.
    Павольна падняўшыся, Аднавокі назіраў за
    ваўчыцай. Нарэшце яе промахі раззлавалі яго, ён падскочыў сам і, ухапіўшы зайца зубамі, апусціўся на зямлю разам з ім. Але ў тую ж хвіліну збоку пачуўся нейкі падазроны шорах, і Аднавокі ўбачыў нахіленую над ім маладую елку, якая гатова была вось-вось ударыць яго. Сківіцы ваўка расціснуліся; выскаліўшы зубы, ён адскочыў ад гэтай незразумелай небяспекі назад, у горле яго захрыпела гырканне, шэрсць стала дыбам ад раз’юшанасці і страху. А стройнае дрэўца выпрасталася, і заяц зноў затанцаваў высока ў паветры.
    Ваўчыца раз’юшылася. Яна ўкусіла Аднавокага ў плячо, а ён, спалоханы гэтым нечаканым наскокам, шалёна паласнуў яе зубамі па мордзе. Такі адпор, у сваю чаргу, аказаўся нечаканым для ваўчыцы, і яна накінулася на Аднавокага, гыркаючы ад гневу. Той ужо зразумеў сваю памылку і пастараўся ўлагодзіць ваўчыцу, але яна працягвала кусаць яго. Тады, пакінуўшы ўсе надзеі на прымірэнне, Аднавокі пачаў ухіляцца ад яе ўкусаў, хаваючы галаву і падстаўляючы пад яе зубы то адно плячо, то другое.
    Тым часам заяц працягваў танцаваць у паветры. Ваўчыца ўселася на снезе, і Аднавокі, баючыся цяпер сваёй сяброўкі яшчэ больш, чым таямнічай елкі, зноў зрабіў скачок. Схапіўшы зайца і апусціўшыся з ім на зямлю, ён утаропіўся сваім адзіным вокам у дрэўца. Як і раней, яно сагнулася да самай зямлі. Воўк скурчыўся, чакаючы немінучага ўдару, шэрсць на ім стала дыбам, але зубы не выпускалі здабычы. Аднак удару не было. Дрэўца так і засталося нахіленым над ім. Варта было ваўку зрушыцца, як елка таксама рухалася, і ён бурчаў на яе скрозь сціснутыя сківіцы; калі ён стаяў спакойна, дрэўца таксама не варушылася, і воўк вырашыў, што так больш бяспечна. Але ж цёплая кроў зайца была такая смачная!
    3 гэтага цяжкага становішча Аднавокага вывела ваўчыца. Яна ўзяла ў яго зайца і, пакуль елка пагрозліва разгойдвалася і калыхалася над ёй, спакойна адгрызла яму галаву. Елка адразу выпрас-
    талася і больш не турбавала іх, заняўшы належнае ёй вертыкальнае становішча, у якім дрэву прызначана расці самой прыродай. А ваўчыца з Аднавокім падзялілі паміж сабой здабычу, злоўленую для іх гэтым таямнічым дрэўцам.
    Шмат траплялася ім такіх сцяжынак і прагалін, дзе зайцы разгойдваліся высока ў паветры, і воўчая пара абследавала іх усе. Ваўчыца заўсёды была першай, а Аднавокі ішоў за ёй услед, назіраў і вучыўся, як трэба абкрадваць пасткі. I навука гэтая пазней зрабіла яму добрую паслугу.
    РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
    ЛОГАВА
    Два дні і дзве ночы блукалі ваўчыца і Аднавокі каля індзейскага паселішча. Аднавокі хваляваўся і баяўся, а ваўчыцу паселішча нечым прыцягвала, і яна ніяк не хацела адыходзіць. Але аднойчы раніцай, калі ў паветры, зусім непадалёку ад іх, пачуўся стрэл і куля ўдарыла ў дрэва ўсяго ў некалькіх цалях ад галавы Аднавокага, ваўкі ўжо больш не вагаліся і адправіліся ў дарогу доўгімі роўнымі скачкамі, хутка павялічваючы адлегласць паміж сабой і небяспекай.
    Яны беглі нядоўга — усяго дні тры. Ваўчыца ўсё з большай настойлівасцю працягвала свае пошукі. Яна моцна пацяжэла за гэтыя тры дні і не магла хутка бегаць. Аднойчы, пагнаўшыся за зайцам, якога ў звычайны час ёй лёгка было б злавіць, яна раптам спыніла пагоню і прылягла на снег адпачыць. Аднавокі падышоў да яе, але не паспеў ён ціхенька крануць носам яе шыю, як яна з такой лютасцю ўкусіла яго, што ён упаў на спіну і, уяўляючы сабой надта ж камічнае відовішча, стаў адбівацца ад яе зубоў. Ваўчыца зрабілася яшчэ болып раздражняльнай, чым раней, але Аднавокі быў цярплівы і клапатлівы, як ніколі.
    I вось нарэшце ваўчыца знайшла тое, што шукала. Знайшла за некалькі міляў уверх па цячэнні невялікага ручая, які летам упадаў у Макензі; цяпер, прамерзлы да камяністага дна, ручай заціх, ператварыўшыся ад вытокаў да вусця ў суцэльны лёд. Ваўчыца стомленай рыссю бегла за Аднавокім, які вырваўся далёка наперад, і раптам заўважыла, што ў адным месцы высокі гліністы бераг навісае над ручаём. Яна звярнула ўбок і пабегла туды. Праліўныя вясеннія дажджы і таючыя снягі размылі вузкую трэшчыну ў беразе і ўтварылі там невялікую пячору.
    Ваўчыца спынілася каля ўвахода ў яе і ўважліва агледзела вонкавую сцяну пячоры, потым абегла яе з абодвух бакоў да таго месца, дзе абрыў пераходзіў у пакаты схіл. Вярнуўшыся назад, яна ўвайшла ў пячору праз вузкую адтуліну. Першыя футы тры ёй давялося паўзці, потым сцены расступіліся ў шырыню і ў вышыню, і ваўчыца выйшла на круглую пляцоўку на футаў шэсць у дыяметры. Галавой яна амаль дакраналася да столі. Унутры было суха і ўтульна. Ваўчыца ўзялася абследаваць пячору, а Аднавокі стаяў ля ўвахода і цярпліва назіраў за ёю. Апусціўшы галаву і амаль датыкаючыся носам да блізка ссунутых лапаў, ваўчыца некалькі разоў перавярнулася вакол сябе, не то са стомленым уздыхам, не то з бурчаннем падагнула ногі і расцягнулася на зямлі, галавой да ўвахода. Аднавокі, навастрыўшы вушы, пасмейваўся з яе, і ваўчыцы было відаць, як кончык яго хваста дабрадушна ходзіць узад і ўперад на фоне светлай плямы — увахода ў пячору. Яна прыціснула свае вострыя вушы, адкрыла пашчу і высунула язык, усім сваім выглядам выражаючы поўнае задавальненне і спакой.
    Аднавокаму хацелася есці. Ён заснуў ля ўвахода ў пячору, але сон яго быў трывожны. Ён разпораз прачынаўся і, навастрыўшы вушы, прыслухоўваўся да таго, што гаварыў яму свет, заліты яркім красавіцкім сонцам, што гуляла на снезе. Як толькі Аднавокі пачынаў драмаць, да вушэй
    яго даносіўся ледзь улоўны шэпт нябачных ручайкоў, і ён падымаў галаву, напружана ўслухоўваючыся ў гэтыя гукі. Сонца зноў з’явілася на небе, і Поўнач, якая стала абуджацца, слала свой заклік ваўку. Усё вакол ажывала. У паветры адчувалася вясна, пад снегам зараджалася жыццё, дрэвы набракалі ад соку, пупышкі скідалі з сябе ледзяныя аковы.
    Аднавокі неспакойна пазіраў на сваю сяброўку, але яна не выказвала ніякага жадання падняцца з месца. Ён паглядзеў па баках, убачыў чараду пуначак, якія ўспырхнулі непадалёк ад яго, прыўзняўся, але, глянуўшы яшчэ раз на ваўчыцу, лёг і зноў задрамаў. Да ягонага слыху данеслася слабае гудзенне. Скрозь дрымоту ён некалькі разоў абмахнуў лапай морду — потым прачнуўся. Ля кончыка носа з гудзеннем круціўся камар. Камар быў вялікі,— верагодна, што ён правёў усю зіму ў сухім пні, а цяпер сонца вывела яго са змярцвення. У ваўка не было сіл працівіцца клічу навакольнага свету; акрамя таго, яму хацелася есці.
    Аднавокі падпоўз да сваёй сяброўкі і паспрабаваў пераканаць яе падняцца. Але яна толькі агрызнулася на яго. Тады воўк вырашыў адправіцца адзін і, калі выйшаў на яркае сонечнае святло, убачыў, што снег пад нагамі правальваецца і падарожжа будзе справай нялёгкай. Ён пабег уверх па замёрзлым ручаі, дзе снег у цяні дрэў быў яшчэ цвёрдым. Паблукаўшы гадзін восем, Аднавокі вярнуўся зацемна, яшчэ галаднейшы, чым раней. Ён не раз бачыў дзічыну, але не мог злавіць яе. Зайцы лёгка скакалі па таючым шарпаку, а ён правальваўся і цялёпкаўся ў снезе.
    Нейкае трывожнае падазрэнне прымусіла Аднавокага спыніцца ля ўвахода ў пячору. Адтуль даносіліся дзіўныя слабыя гукі. Яны не былі падобныя на голас ваўчыцы, але разам з тым у іх адчувалася штосьці знаёмае. Ён асцярожна ўпоўз унутр і пачуў папераджальнае гырканне сваёй сяброўкі. Гэта не збянтэжыла Аднавокага, але прымусіла ўсё ж трымацца на пэўнай адлегласці; яго
    цікавілі іншыя гукі — слабае, прыглушанае павіскванне і плач.
    Ваўчыца злосна забурчала на яго. Аднавокі скруціўся ў клубок ля ўвахода ў пячору і заснуў. Калі настала раніца і ў логава пранікла цьмянае святло, воўк зноў стаў шукаць крыніцу гэтых невыразна знаёмых гукаў. У папераджальным гырканні ваўчыцы з’явіліся новыя ноткі: у ім чулася рэўнасць,— і гэта прымушала ваўка трымацца ад яе далей. I ўсё-такі яму ўдалося разгледзець, што паміж нагамі ваўчыцы, прытуліўшыся да яе жывата, варушыліся пяць маленькіх жывых клубочкаў; слабыя, бездапаможныя, яны ціха павісквалі і не адкрывалі вачэй на святло. Воўк здзівіўся. Гэта здарылася не ўпершыню за яго доўгае і ўдалае жыццё, гэта здаралася часта, і ўсё ж кожны раз ён занава здзіўляўся. Ваўчыца неспакойна глядзела на яго. Час ад часу яна ціха бурчала, а калі воўк, як ёй здавалася, падыходзіў надта блізка, гэтае бурчанне рабілася грозным. Інстынкт, які ва ўсіх ваўчыц-мацярок апярэджвае вопыт, няясна падказваў ёй, што бацькі могуць з’есці сваё бездапаможнае патомства, хаця да гэтага часу яна не ведала такой бяды. I страх прымушаў яе гнаць Аднавокага ад спароджаных ім ваўчанятаў.
    Між іншым, ваўчанятам нішто не пагражала. Стары воўк, у сваю чаргу, адчуў наказ інстынкту, што перайшоў да яго ад яго продкаў. He задумваючыся над ім, не супраціўляючыся яму, ён адчуў гэты наказ усёй сваёй істотай і, павярнуўшыся спінай да свайго нованароджанага патомства, накіраваўся на пошукі ежы.