• Газеты, часопісы і г.д.
  • Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця  Джэк Лондан

    Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця

    Джэк Лондан
    Для старэйшага школьнага ўзросту
    Выдавец: Полымя
    Памер: 334с.
    Мінск 1997
    98.61 МБ
    За пяць-шэсць міляў ад логава ручай разгаліноўваўся, і абодва яго рукавы пад прамым вуглом паварочвалі да гор. Воўк пайшоў уздоўж левага рукава і хутка наткнуўся на нечыя сляды. Абнюхаўшы іх і пераканаўшыся, што сляды зусім свежыя, ён прыпаў на снег і зірнуў у тым накірунку, куды яны вялі. Потым павольна павярнуўся і пабег уздоўж правага рукава. Сляды яго былі нам-
    нога большыя, чым яго ўласныя,— і ён ведаў, што там, куды яны прывядуць, надзеі на здабычу мала.
    Прабегшы з паўмілі ўздоўж правага рукава, воўк улавіў сваім чуйным вухам нейкі скрыгат. Падкраўшыся бліжэй, ён убачыў дзікабраза, які, стаўшы на заднія лапы, вастрыў зубы аб дрэва. Аднавокі асцярожна падкраўся да яго, не спадзеючыся, аднак, на ўдачу. Так далёка на поўначы дзікабразы яму не трапляліся, але ён ведаў гэтых звяркоў, хаця за ўсё сваё жыццё ні разу не паспытаў іх мяса. Але вопыт навучыў ваўка, што бывае ў жыцці шчасце ці ўдача, і ён працягваў падбірацца да дзікабраза. Цяжка ўгадаць, чым скончыцца гэта сустрэча, бо вынікі барацьбы з жывой істотай ніколі нельга ведаць загадзя.
    Дзікабраз скруціўся ў клубок, натапырыўшы ва ўсе бакі свае доўгія вострыя іголкі, і напад цяпер стаў немагчымы. У маладосці Аднавокі тыцнуўся аднойчы мордай у такі ж вось нежывы з выгляду клубок іголак і нечакана атрымаў удар хвастом па носе. Адна іголка так і засталася тырчаць у носе, прычыняючы пякучы боль, і выйшла з раны толькі праз некалькі тыдняў. Ён лёг, падрыхтаваўшыся да скачка і трымаючы нос на адлегласці цэлага фута ад хваста дзікабраза. Замёршы на месцы, ён чакаў. Хто ж ведае? Усё можа быць. Раптам дзікабраз раскруціцца. Раптам з’явіцца магчымасць спрытным ударам лапы распароць далікатны, нічым не абаронены жывот.
    Але праз паўгадзіны Аднавокі падняўся, злосна загыркаў на нерухомы клубок і пабег далей. Надта ж часта даводзілася яму ў мінулым пільнаваць дзікабразаў вось так жа, без усялякага толку, каб зараз траціць на гэта час. I ён пабег далей па правым рукаве ручая. Дзень падыходзіў да канца, a яго пошукі ўсё яшчэ не ўвянчаліся поспехам.
    Разбуджаны інстынкт бацькоўства кіраваў ваўком. Ён ведаў, што ежу трэба знайсці што б там ні было. Апоўдні яму трапілася белая курапатка. Ён выбег з хмызняку і апынуўся hoc у нос з гэтай неразумнай птушкай. Яна сядзела на пні, за нейкі
    фут ад яго морды. Яны ўбачылі адзін аднаго адначасова. Птушка спалохана ўзмахнула крыламі, але воўк ударыў яе лапай, скінуў на зямлю і схапіў зубамі якраз у тое імгненне, калі яна замітусілася па снезе, спрабуючы ўзляцець у паветра. Як толькі зубы Аднавокага ўпіліся ў мяккае мяса, ламаючы крохкія косці, сківіцы яго запрацавалі. Потым ён раптам успомніў штосьці і пусціўся бегчы да пячоры, прыхапіўшы курапатку з сабой.
    Прабегшы яшчэ каля мілі сваёй бясшумнай хадой, слізгаючы, нібы цень, і ўважліва прыглядаючыся да кожнага новага берагавога выгібу, ён зноў наткнуўся на сляды ўсё тых жа вялікіх лапаў. Сляды ішлі ў той бок, куды пралягаў і яго шлях, і ён падрыхтаваўся ў любую хвіліну сустрэць уладальніка гэтых лапаў.
    Воўк асцярожна высунуў галаву з-за скалы ў тым месцы, дзе ручай рэзка паварочваў, і яго пільнае вока заўважыла нешта такое, што прымусіла яго зараз жа прыціснуцца да зямлі. Гэта быў той самы звер, які пакінуў вялікія сляды на снезе,— буйная рысь-самка. Яна ляжала перад дзікабразам, які скруціўся ў тугі клубок, у той жа позе, у якой з самага ранку ляжаў перад такім жа дзікабразам і сам воўк. Калі раней Аднавокага можна было параўнаць са слізгаючым ценем, то цяпер гэта быў прывід таго ценю, які асцярожна абыходзіў з падветранага боку маўклівую, нерухомую пару — дзікабраза і рысь.
    Воўк лёг на снег, паклаўшы курапатку побач з сабой, і скрозь іголкі нізкарослай сасны стаў пільна сачыць за гульнёй жыцця, якая разгортвалася на ягоных вачах,— за рыссю і дзікабразам, якія хоць і прытаіліся, але былі поўныя сіл, і кожны адстойваў сваё існаванне. Сэнс жа гэтай гульні заключаўся ў тым, што адзін з яе ўдзельнікаў хацеў з’есці другога, а той не хацеў быць з’едзеным.
    Стары воўк таксама прымаў удзел у гэтай гульні са свайго сховішча, спадзеючыся, а раптам шчасце апынецца на яго баку і ён здабудзе ежу, неабходную яму, каб жыць.
    Мінула паўгадзіны, мінула гадзіна, усё заставалася па-ранейшаму. Клубок іголак захоўваў поўную нерухомасць, і яго лёгка можна было прыняць за камень; рысь ператварылася ў мармуровую скульптуру; а Аднавокі — той быў быццам мёртвы. Аднак усе трое жылі такім напружаным жыццём, напружаным амаль да адчування фізічнага болю, што наўрад ці калі-небудзь ім даводзілася адчуваць у сябе столькі сіл, колькі яны адчувалі цяпер, калі іх целы здаваліся акамянелымі.
    Аднавокі падаўся ўперад, насцярожыўшыся яшчэ больш. Там, за сасной, адбыліся нейкія змены. Дзікабраз урэшце рэшт вырашыў, што вораг яго сышоў. Павольна, асцярожна стаў ён распраўляць сваю непранікальную браню. Яго не трывожыла ніякае падазрэнне. Калючы клубок паволі раскруціўся і пачаў выпроствацца. Аднавокі адчуў, што рот яго напаўняецца слінай, калі ён глядзіць на жывую дзічыну, якая ляжала перад ім як гатовы пачастунак.
    Яшчэ не паспеўшы раскруціцца да канца, дзікабраз убачыў свайго ворага. I ў гэтае імгненне рысь ударыла яго.
    Удар быў хуткі, як маланка. Лапа з моцнымі кіпцюрамі, сагнутымі, як у драпежнай птушкі, распарола далікатнае чэрава і тут жа адскочыла назад. Калі б дзікабраз раскруціўся на ўсю даўжыню ці заўважыў ворага на якую-небудзь дзесятую долю секунды пазней, лапа засталася б непашкоджанай, але ў тое імгненне, калі рысь адхапіла лапу, дзікабраз ударыў яе збоку хвастом і ўсадзіў у яе свае вострыя іголкі.
    Усё адбылося адначасова: удар, адказны ўдар, перадсмяротны віск дзікабраза і крык вялізнай кошкі, ашаломленай болем. Аднавокі прыўзняўся, навастрыў вушы і выцягнуў свой хвост, які дрыжаў ад хвалявання. Рысь дала волю свайму нораву. Яна раз’юшана накінулася на звера, што прычыніў ёй боль. Але дзікабраз, хрыпучы, павіскваючы і спрабуючы скруціцца ў клубок, каб схаваць вантробы, што вываліліся з распоратага чэ-
    рава, яшчэ раз ударыў хвастом. Вялікая кошка зноў узвыла ад болю і з фырканнем адскочыла назад; нос яе, увесь утыканы іголкамі, стаў падобны на падушку для шпілек. Яна дзёрла яго лапамі, стараючыся пазбавіцца ад гэтых пякучых, як агонь, стрэлаў, тыцкалася мордай у снег, цёрлася аб галінкі і скакала ўперад, назад, направа, налева, не памятаючы сябе ад страшэннага болю і страху.
    He перастаючы фыркаць, рысь сутаргава дрыгала сваім кароткім хвастом, потым мала-памалу заціхла. Аднавокі працягваў сачыць за ёй і раптам уздрыгнуў і натапырыўся: рысь з адчайным выццём падскочыла высока ў паветра і кінулася ўцякаць, суправаджаючы кожны свой скачок прарэзлівым віскам. I толькі тады, калі яна знікла і віск яе замёр удалечыні, Аднавокі вырашыў выйсці наперад. Ён ступаў з такой асцярожнасцю, быццам увесь снег быў усыпаны іголкамі, гатовымі кожную хвіліную ўтыркнуцца ў мяккія падушачкі на ягбных лапах. Дзікабраз сустрэў з’яўленне ваўка з раз’юшаным віскам і лясканнем зубоў. Ён ухітрыўся неяк скруціцца, але гэта ўжо не быў ранейшы непранікальны клубок: парваныя мускулы не слухаліся яго, ён быў разарваны амаль папалам і сыходзіў крывёю.
    Аднавокі хапаў пашчай і з асалодай глытаў акрываўлены снег. Пасля такой закускі ягоны голад стаў яшчэ мацнейшым; але ён недарэмна пажыў на свеце,— жыццё навучыла яго быць асцярожным. Трэба было пачакаць. Ён лёг на снег перад дзікабразам, а той скрыгатаў зубамі, хрыпеў і ціха павіскваў. Праз некалькі хвілін Аднавокі заўважыў, што іголкі дзікабраза патроху апускаюцца і па ўсім ягоным целе прабеглі дрыжыкі. Потым дрыжыкі ўраз спыніліся. Доўгія зубы ляснулі апошні раз, іголкі апусціліся, цела абмякла і больш ужо не рухалася.
    Нясмелым, баязлівым рухам лапы Аднавокі расцягнуў дзікабраза на ўсю яго даўжыню і перавярнуў яго на спіну. Усё добра абышлося. Дзікаб-
    раз быў мёртвы. Пасля ўважлівага агляду воўк асцярожна ўзяў сваю здабычу ў зубы і пабег уздоўж ручая, цягнучы яе па снезе і павярнуўшы галаву ўбок, каб не наступаць на калючыя іголкі. Але раптам ён нешта ўспомніў, кінуў дзікабраза і вярнуўся да курапаткі. Ён не вагаўся ні хвіліны, ён ведаў, што трэба зрабіць: трэба з’есці курапатку. I, з’еўшы яе, Аднавокі пабег туды, дзе ляжала яго здабыча.
    Калі ён уцягнуў сваю ношу ў логава, ваўчыца агледзела яе, падняла галаву і лізнула ваўка ў шыю. Але тут жа ўслед за тым яна ціхенька загыркала, адганяючы яго ад ваўчанятаў,— праўда, гэтым разам гырканне было не такое ўжо злоснае, у ім чулася хутчэй за ўсё прабачэнне, чым пагроза. Інстынктыўны страх перад бацькам яе патомства паступова прападаў. Аднавокі паводзіў сябе так, як і трэба ваўку-бацьку, і не праяўляў беззаконнага жадання зжэрці малых, народжаных ёю на свет.
    РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
    ШЭРАЕ ВАЎЧАНЯ
    Яно моцна адрознівалася ад сваіх братоў і сясцёр. Іхняя шэрсць ужо набывала рыжае адценне, унаследаванае ад маці-ваўчыцы, а яно было ўсё ў Аднавокага. Яно было адзіным шэрым ваўчанём ва ўсім прыплодзе. Яно нарадзілася сапраўдным ваўком і вельмі нагадвала бацьку, з тым толькі адрозненнем, што ў яго было два вокі, а ў бацькі — адно.
    Вочы ў шэрага ваўчаняці толькі нядаўна адкрыліся, а яно ўжо добра бачыла. I нават калі вочы яго былі яшчэ закрыты, пачуцці нюху, дотыку і смаку ўжо служылі яму. Яно цудоўна ведала сваіх двух братоў і дзвюх сясцёр. Яно пачынала з імі нязграбную валтузню, якая іншы раз пераходзіла
    ў бойку, і яго горлачка пачынала дрыжаць ад хрыпатых гукаў, прадвеснікаў гыркання. Задоўга да таго, як у яго адкрыліся вочы, яно навучылася па паху, дотыку і смаку пазнаваць ваўчыцу — крыніцу цяпла, ежы і пяшчоты. I калі яна сваім мяккім, пяшчотным языком датыкалася да ягонага далікатнага цельца, яно супакойвалася, прыціскалася да яе і мірна засынала.
    Першы месяц ягонага жыцця амаль увесь прайшоў у сне; але цяпер яно ўжо добра бачыла, спала менш і патроху пачынала знаёміцца са светам. Свет ягоны быў цёмны, хоць яно не падазравала гэтага, бо не ведала ніякага іншага свету. Ваўчаня было акружана паўцемрай, але вачам ягоным не даводзілася прыстасоўвацца да іншага асвятлення. Свет ягоны быў вельмі малы, ён абмяжоўваўся сценамі логава; ваўчаня не мела ніякага паняцця пра неабдымнасць знешняга свету, і таму жыццё ў такой абмежаванай прасторы не здавалася яму цяжкім.