Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця
Джэк Лондан
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Полымя
Памер: 334с.
Мінск 1997
нікам лесу пра яго набліжэнне. Але вавёрка з такой жа лёгкасцю лазіла па дрэвах, з якой птушкі лёталі па паветры, і ваўчаняці заставалася толькі адно: непрыкметна падкрадацца да яе, пакуль яна была на зямлі.
Ваўчаня вельмі паважала сваю маці. Яна ўмела здабываць мяса і ніколі не забывалася прыносіць сыну яго частку. Больш таго — яна нічога не баялася. Ваўчаняці не прыходзіла ў галаву, што гэта бясстрашша — вынік вопыту і ведаў. Яно думала, што бясстрашша ёсць выражэнне сілы. Маці была ўвасабленнем сілы; і, падрастаючы, яно адчувала гэтую сілу і ў больш рэзкіх ударах яе лапы, і ў тым, што штуршкі носам, якімі маці карала яго раней, замяніліся цяпер злымі ўкусамі. Гэта таксама ўнушала ваўчаняці павагу да маці. Яна патрабавала ад яго пакорнасці, і чым больш яно падрастала, тым больш суровым рабілася яе абыходжанне з ім.
Зноў настаў голад, і цяпер ваўчаня ўжо цалкам свядома адчувала яго пакуты. Ваўчыца зусім схуднела ў пошуках ежы. Праводзячы амаль увесь час на паляванні і ў большасці выпадкаў беспаспяхова, яна рэдка прыходзіла спаць у пячору. На гэты раз галадоўка была нядоўгая, але цяжкая. Ваўчаня не магло высмактаць ні кроплі малака з мацярынскіх саскоў, а мяса яму даўно не перападала.
Раней яно палявала дзеля забавы, дзеля таго задавальнення, якое дастаўляе паляванне, цяпер жа ўзялося за гэта як мае быць, і ўсё-такі яму не шанцавала. Але няўдачы толькі спрыялі развіццю ваўчаняці. Яно яшчэ з большай стараннасцю вывучала звычкі вавёркі і прыкладала яшчэ болып намаганняў да таго, каб падкрасціся да яе незаўважаным. Яно высочвала палявых мышэй і вучылася выкопваць іх з норак, даведалася шмат новага пра дзятлаў і іншых птушак. I вось настаў час, калі ваўчаня ўжо не залазіла ў кусты, убачыўшы на зямлі плаўны цень ястраба. Яно стала дужэйшым, больш вопытным, адчувала ў сабе болыпую ўпэўненасць. Акрамя таго, голад зрабіў яго жорсткім. Цяпер яно садзілася сярод паляны на самым
відным месцы і чакала, калі ястраб спусціцца да яго. Там, над ім, у сінечы неба лятала ежа — ежа, якой так настойліва патрабаваў ягоны страўнік. Але ястраб адмаўляўся прыняць бой, і ваўчаня залазіла ў гушчар, жаласна скуголячы ад расчаравання і голаду.
Голад скончыўся. Ваўчыца прынесла дадому мяса. Мяса было незвычайнае, зусім непадобнае на тое, якое яна прыносіла раней. Гэта было дзіцяня рысі, ужо падрослае, але не такое буйное, як ваўчаня. I ўсё мяса цалкам прызначалася ваўчаняці. Маці паспела ўжо здаволіць свой голад, хаця сын яе і не падазраваў, што для гэтага ёй спатрэбіўся ўвесь вывадак рысі. He падазравала яно і таго, які адчайны ўчынак прыйшлося здзейсніць маці. Ваўчаня ведала толькі адно: маладзенькая рысь з аксамітнай шкуркай была мясам; і яно ела гэта мяса, атрымліваючы асалоду ад кожнага праглынутага кавалка.
Поўны страўнік схільны да спакою, і ваўчаня прылегла ў пячоры побач з маці і заснула. Яго разбудзіў яе голас. Ніколі яшчэ ваўчаня не чула такога страшнага гыркання. Магчыма, за ўсё сваё жыццё яго маці ніколі не гыркала страшней. Але для такога гыркання прычына была, і ніхто не ведаў гэтага лепш, чым сама ваўчыца. Вывадак рысі нельга знішчыць без пакарання.
У яркіх промнях паўдзённага сонца ваўчаня ўбачЬіла рысь-самку, якая прыпала да зямлі ля ўвахода ў пячору. Шэрсць на ягонай спіне паднялася дыбам. Жах глядзеў яму ў вочы,— ён зразумеў гэта, не чакаючы падказкі інстынкту. I калі б нават выгляд рысі быў недастаткова грозны, то раз’юшанасць, якая пачулася ў яе хрыплым віску, што раптоўна змяніўся гырканнем, гаварыла сама за сябе.
Жыццё, якое мацнела ў ваўчаняці, быццам падштурхнула яго наперад. Яно загыркала і смела заняло месца побач з маці. Але яго з ганьбай адштурхнулі назад. Нізкі ўваход не дазволіў рысі зрабіць скачок, яна слізганула ў пячору, але ваўчыца кінулася ёй насустрач і прыціснула яе да
зямлі. Мала што давялося ваўчаняці разабраць у гэтай схватцы. Яно чула толькі роў, фырканне і прарэзлівы віскат. Абодва звяры качаліся па зямлі; рысь ірвала сваю праціўніцу зубамі і кіпцюрамі, а ваўчыца магла пускаць у ход толькі зубы.
Ваўчаня падскочыла да рысі і з шалёным гырканнем учапілася ёй у заднюю нагу. Цяжарам свайго цела яно, само таго не падазраючы, перашкаджала яе рухам і дапамагала маці. Барацьба набыла новы кірунак: удзельнікі падмялі пад сябе ваўчаня, і яму давялося расціснуць зубы. Але вось абедзве маці адскочылі адна ад адной, і рысь, перш чым зноў счапіцца з ваўчыцай, ударыла ваўчаня сваёй магутнай лапай, разарвала яму плячо да самай косці і адкінула яго да сцяны. Цяпер да рэву ўдзельнікаў дабавіўся жаласны плач. Але схватка так зацягнулася, што ў ваўчаняці было дастаткова часу, каб наплакацца ўволю і адчуць новы прыліў мужнасці. I ў канцы схваткі яно зноў учапілася ў заднюю нагу рысі, злосна гыркаючы скрозь сціснутыя сківіцы.
Рысь была мёртвая. Але і ваўчыца аслабела ад атрыманых ран. Яна ўзялася была лашчыць ваўчаня і лізаць яму плячо, але страта крыві пазбавіла яе сіл, і ўвесь гэты дзень і ўсю ноч яна праляжала каля свайго мёртвага ворага, не рухаючыся і ледзь дыхаючы. Наступны тыдзень, выходзячы з пячоры толькі для таго, каб напіцца, ваўчыца ледзь перасоўвала ногі, бо кожны рух прычыняў ёй боль. А потым, калі рысь была з’едзена, раны ваўчыцы ўжо настолькі зажылі, што яна магла зноў пачаць паляванне.
Плячо ў ваўчаняці ўсё яшчэ балела, і яно яшчэ доўга хадзіла прыкульгваючы. Але за гэты час яго адносіны да свету змяніліся. Яно трымалася цяпер з большай упэўненасцю, з пачуццём гордасці, незнаёмай яму да схваткі з рыссю. Яно пераканалася ў суровасці жыцця; яно ўдзельнічала ў бітве; яно ўсадзіла зубы ў цела ворага і засталося жыць. I гэта дадало яму смеласці, у ім з’явілася нават задзірлівасць, чаго раней не было. Яно перастала ўжо баяцца дробных звяркоў, але невядомае з яго
таямніцамі і жахамі па-ранейшаму ўладарыла над ім і не пераставала прыгнятаць яго.
Ваўчаня стала суправаджаць ваўчыцу на паляванне, шмат разоў бачыла, як яна забівае дзічыну, і само прымала ўдзел у гэтым. Яно невыразна пачынала разумець закон здабычы. У жыцці ёсць дзве пароды: яго ўласная і чужая. Да першай адносіцца ён з маці, да другой — усе астатнія істоты, што маюць ўласцівасць рухацца. Але яны, у сваю чаргу, не адно цэлае. Сярод іх існуюць недрапежнікі і дробныя драпежнікі — тыя, каго забіваюць і ядуць ягоныя сародзічы; і існуюць ворагі, якія забіваюць і ядуць ягоных сародзічаў ці самі трапляюцца ім. 3 гэтага размежавання складваўся закон. Мэта жыцця — здабыча. Сутнасць жыцця — здабыча. Жыццё харчуецца жыццём. Усё жывое ў свеце дзеліцца на тых, хто есць, і тых, каго ядуць. I закон гэты гаварыў: еш, ці з’ядуць цябе самога. Ваўчаня не магло ясна і выразна сфармуляваць гэты закон і не імкнулася зрабіць з яго вывад. Яно нават не думала аб ім, а проста жыло паводле яго патрабаванняў.
Дзеянне гэтага закону ваўчаня бачыла паўсюль. Яно з’ела птушанят курапаткі. Ястраб з’еў іх маці і хацеў з’есці само ваўчаня. Пазней, калі ваўчаня падрасло, яму захацелася з’есці ястраба. Яно з’ела маленькую рысь. Рысь-маці з’ела б ваўчаня, калі б сама не была забіта і з’едзена. Так усё і ішло. Усё жывое вакол ваўчаняці жыло паводле гэтага закону, маленькай часціцай якога з’яўлялася і яно само. Яно было драпежнікам. Яно харчавалася толькі мясам, жывым мясам, якое ўцякала ад яго, узлятала ў паветра, караскалася па дрэвах, хавалася пад зямлю ці ўступала з ім у бой, а іншы раз і прымушала яго ўцякаць.
Калі б ваўчаня ўмела мысліць, як чалавек, яно, магчыма, прыйшло б да вываду, што жыццё гэта няўтольная прага насычэння, а свет — арэна, дзе сутыкаюцца ўсе тыя, хто, імкнучыся да насычэння, праследуюць адзін аднаго, палююць адзін на аднаго, паядаюць адзін аднаго; арэна, дзе льец-
ца кроў, дзе пануе жорсткасць, сляпы выпадак і хаос без пачатку і канца.
Але ваўчаня не ўмела.мысліць, як чалавек, і не валодала здольнасцю абагульняць. Паставіўшы перад сабой якую-небудзь адну мэту, яно толькі пра яе і думала, толькі яе адной і дабівалася. Акрамя закону здабычы, у жыцці ваўчаняці было мноства іншых, менш важных законаў, якія ўсё ж трэба было вывучыць і, вывучыўшы, падпарадкоўвацца ім. Свет быў поўны нечаканасцей. Жыццё, што бурліла ў ваўчаняці, сілы, што кіравалі ягоным целам, былі для яго невычэрпнай крыніцай шчасця. Пагоня за здабычай прымушала яго дрыжаць ад асалоды. Разлютаванасць і бітвы прыносілі з сабой адно задавальненне. I нават жах і таямніцы невядомага дапамагалі яму жыць.
Апроч гэтага, у жыцці было шмат іншых прыемных адчуванняў. Поўны страўнік, лянівая дрымота на сонейку — усё гэта было для ваўчаняці ўзнагародай за яго запал і намаганні, а запал і намаганні самі па сабе прыносілі яму радасць. I ваўчаня жыло ў згодзе з акаляючым яго варожым асяроддзем. Яно было поўнае сіл, яно было шчаслівае і ганарылася сабой.
ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
ТВОРЦЫ АГНЮ
Ваўчаня натрапіла на гэта зусім нечакана. Усё адбылося па яго віне. Асцярожнасць — вось што было забыта. Яно выйшла з пячоры і пабегла да ручая напіцца. Прычынай яго памылкі, відаць, было яшчэ і тое, што яму хацелася спаць. (Уся ноч прайшла на паляванні, і ваўчаня толькі што прачнулася.) Але ж дарога да ручая была для яго так
добра знаёмая! Яно столькі разоў бегала па ёй, і да гэтага часу ўсё ішло паспяхова.
Ваўчаня спусцілася па сцяжынцы да засохлай сасны, перасекла паляну і пабегла між дрэў. I раптам яно адначасова ўбачыла і адчула нешта незнаёмае. Перад ім моўчкі сядзелі на кукішках пяць жывых істотаў,— такіх яму яшчэ не даводзілася бачыць. Гэта была першая сустрэча ваўчаняці з людзьмі. Але людзі не ўскочылі, не ашчэрылі зубоў і не загыркалі на яго. Яны не рухаліся і працягвалі сядзець на кукішках, захоўваючы злавеснае маўчанне.
He рухалася і ваўчаня. Падпарадкоўваючыся інстынкту, яно, не раздумваючы, кінулася б бегчы ад іх, але ўпершыню за ўсё яго жыццё ў ім раптоўна ўзнікла іншае, зусім адваротнае пачуццё: ваўчаня апанаваў жах. Усведамленне сваёй слабасці і нікчэмнасці пазбавіла яго магчымасці рухацца. Перад ім былі ўлада і сіла, якіх яно да гэтага часу не ведала.
Ваўчаня ніколі яшчэ не бачыла чалавека, але інстынктыўна зразумела ўсю яго магутнасць. Дзесьці ў глыбіні яго свядомасці ўзнікла ўпэўненасць, што гэта жывая істота заваявала сабе права першынства ва ўсіх астатніх насельнікаў Паўночнай глушы. На чалавека цяпер глядзела не адна пара вачэй — на яго ўтаропіліся вочы ўсіх продкаў ваўчаняці, якія кружылі ў цемры каля незлічоных зімовых стаянак і прыглядаліся здаля, з-за густых зараснікаў, да дзіўнай двухногай істоты, якая стала ўладаром над усімі іншымі жывымі істотамі. Ваўчаня апынулася ў палоне поўнага глыбокай павагі страху, народжанага векавой барацьбой і вопытам, назапашаным пакаленнямі. Гэта спадчына ашаламіла ваўка, які быў усяго толькі ваўчанём. Каб яно было старэйшае, яно б уцякло. Але зараз яно прыпала да зямлі, скаванае страхам і гатовае выказаць пакорнасць, з якой яго аддалены продак ішоў да чалавека, каб пагрэцца ля раскладзенага вогнішча.