Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця
Джэк Лондан
Выдавец: Полымя
Памер: 334с.
Мінск 1997
Дднак запалохаць Белага Ікла было не так лёгка. Ён цярпеў паражэнне за паражэннем, але не скараўся. I ўсё ж вечная варожасць пачынала адбівацца на ім. Ён стаў злосным і панурым. Лютасць была ўласціва яму як ваўку, а бясконцыя праследаванні рабілі яго яшчэ больш жорсткім. Тое дабрадушнае, вясёлае, юнае, што было ў ім, не зна-
ходзіла сабе выхаду. Ён ніколі не гуляў і не хадзіў са сваімі равеснікамі. Ліп-Ліп не дапускаў гэтага. Варта было Беламу Іклу з’явіцца сярод шчанятаў, як Ліп-Ліп падлятаў да яго, распачынаў сварку і ўрэшце рэшт праганяў яго прэч.
У хуткім часе ўсё шчанячае, што было ў Белым Ікле, знікла, і ён стаў здавацца нашмат старэйшым за свой узрост. Пазбаўлены магчымасці даваць выхад сваёй энергіі, ён паглыбіўся ў сябе і стаў развівацца разумова. У ім з’явілася хітрасць, а часу, каб абдумаць свае штучкі, у яго было дастаткова. Паколькі яму перашкаджалі атрымліваць сваю долю мяса і рыбы падчас кармлення ўсіх сабак, ён зрабіўся спрытным злодзеем. Даводзілася самому клапаціцца пра сябе, і Белы Ікол ухітраўся здабываць яду так умела, што стаў сапраўдным бічом для індыянак. Ен шнырыў па ўсім паселішчы, ведаў, дзе што адбываецца, усё бачыў і чуў, прыстасоўваўся да абставінаў і ўсяляк пазбягаў сустрэч са сваім заклятым ворагам.
Яшчэ ў першыя дні свайго жыцця ў паселішчы Белы Ікол злосна пажартаваў з Ліп-Ліпа і адчуў асалоду помсты. Ён заманіў яго прама ў пашчу лютай Кічы прыкладна тым жа спосабам, якім яна калісьці заваблівала сабак і адводзіла іх ад людской стаянкі на з’ядзенне ваўкам. Ратуючыся ад Ліп-Ліпа, Белы Ікол пабег не напрасткі, а стаў кружыць паміж вігвамамі. Бегаў ён добра, хутчэй за любое шчаня яго ўзросту і хутчэй за самога Ліп-Ліпа. Але цяпер ён не вельмі спяшаўся і падпусціў свайго праследавацеля на адлегласць усяго толькі ў адзін скачок ад сябе.
Узбуджаны пагоняй і блізкасцю ахвяры, ЛіпЛіп пакінуў усякую асцярожнасць і забыўся, дзе знаходзіцца. Калі ён успомніў пра гэта, было ўжо позна. На ўсім бягу абагнуўшы вігвам, ён з размаху наляцеў якраз на Кічы, якая ляжала на прывязі. Ліп-Ліп завыў ад жаху. Хоць Кічы і была прывязана, але адкруціцца ад яе аказалася не так і лёгка. Яна збіла яго з ног, каб ён не мог уцячы, і ўпілася ў яго зубамі.
Адкаціўшыся нарэшце ад ваўчыцы ўбок, ЛіпЛіп з цяжкасцю падняўся, увесь ускудлачаны, пабіты і цялесна і маральна. Шэрсць на ім тырчала касмылямі ў тых месцах, дзе па ёй прайшліся зубы Кічы. Ён раскрыў пашчу і стаў працяжна, нема выць. Але Белы Ікол не даў яму нават павыць як след. Ён кінуўся на свайго ворага і рвануў яго за заднюю нагу. Куды падзелася былая ваяўнічасць шчаняці! Ліп-Ліп пусціўся наўцёкі, а яго ахвяра гналася за ім па пятах і не адставала да той пары, пакуль яе мучыцель не дабег да свайго вігвама. Тут на дапамогу Ліп-Ліпу падаспелі індыянкі, і Белы Ікол, ператвораны ў раз’юшанага д’ябла, адступіў толькі пад градам камянёў, што сыпаліся на яго.
Настаў дзень, калі Шэры Бабёр адвязаў Кічы, вырашыўшы, што цяпер яна ўжо не ўцячэ. Белы Ікол весяліўся, што маці на волі. Ён з радасцю блукаў з ёй па ўсім паселішчы, і, пакуль Кічы была блізка, Ліп-Ліп трымаўся ад Белага Ікла на значнай адлегласці. Белы Ікол нават натапырваўся і падыходзіў да яго з ваяўнічым выглядам, але Ліп-Ліп не прымаў выкліку. Ён быў не дурны і вырашыў пачакаць з помстай да таго часу, пакуль не сустрэнецца з Белым Іклом сам-насам.
У той жа дзень Кічы і Белы Ікол выйшлі на ўзлесак непадалёку ад паселішча. Белы Ікол паступова, крок за крокам, адводзіў туды маці, і, калі яна спынілася на ўзлеску, ён паспрабаваў завабіць яе далей. Ручай, логава і спакойны лес прыцягвалі да сябе Белага Ікла, і яму хацелася, каб маці пайшла разам з ім. Ён адбег на некалькі крокаў, спыніўся і паглядзеў на яе. Яна стаяла не рухаючыся. Белы Ікол жаласна заскуголіў і, гуляючы, стаў бегаць сярод кустоў, потым вярнуўся, лізнуў маці ў пысу і зноў адбег. Аднак яна працягвала стаяць на месцы. Белы Ікол глядзеў на яе, і здавалася, што настойлівасць і нецярплівасць усяліліся раптам у ваўчаня і затым паволі пакінулі яго, калі Кічы павярнула галаву і паглядзела на паселішча.
Далеч клікала Белага Ікла. I маці чула гэты
кліч. Але яшчэ ясней яна чула кліч агню і чалавека, кліч, на які з усіх звяроў адгукаецца толькі воўк — воўк і дзікі сабака, бо яны браты.
Кічы павярнулася і павольна, рыссю пабегла назад. Паселішча трымала яе ў сваёй уладзе MapHeft за ўсялякую прывязь. Нябачнымі, таямнічымі шляхамі багі завалодалі ваўчыцай і не адпускалі яе ад сябе. Белы Ікол сеў у цяні бярозы і ціха заскуголіў. Пахла сасной, прыемны лясны водар напаўняў паветра, нагадваючы Беламу Іклу ранейшае вольнае жыццё, на змену якому прыйшла няволя. Але Белы Ікол быў усяго толькі шчанём, і кліч маці даносіўся да яго ясней, чым кліч Паўночнай глушы ці чалавека. Ён прывык давяраць ёй ва ўсім. Незалежнасць была яшчэ наперадзе. Белы Ікол устаў і сумна паплёўся ў паселішча, але па дарозе разы два спыніўся і паскуголіў, прыслухоўваючыся да клічу, які ўсё яшчэ ляцеў з ляснога гушчару.
У Паўночнай глушы маці і дзіцяня нядоўга жывуць адзін ля аднаго, але людзі часта скарачаюць і гэты кароткі тэрмін. Так было і з Белым Іклом. Шэры Бабёр запазычыўся перад другім індзейцам, якога звалі Тры Арлы. А Тры Арлы адыходзіў уверх па рацэ Макензі на Вялікае Нявольніцкае возера. Кавалак чырвонай матэрыі, мядзведжая шкура, дваццаць патронаў і Кічы пайшлі на выплату доўгу. Белы Ікол убачыў, як Тры Арлы ўзяў яго маці да сябе ў пірогу, і хацеў пайсці за ёй. Ударам кулака Тры Арлы адкінуў яго назад на бераг. Пірога адплыла. Белы Ікол скочыў у ваду і паплыў за ёй, не звяртаючы ўвагі на крыкі Шэрага Бабра. Белы Ікол не паслухаўся нават голасу чалавека — так баяўся ён разлукі з мацерай.
Але багі прывыклі, каб ім падпарадкоўваліся, і разгневаны Шэры Бабёр, спусціўшы на ваду пірогу, паплыў наўздагон Беламу Іклу. Дагнаўшы ўцекача, ён выцягнуў яго за карак з вады і, трымаючы ў левай руцэ, задаў яму добрую лупцоўку. Беламу Іклу ўляцела як след. Рука ў індзейца была
цяжкая, удары былі разлічаны дакладна і сыпаліся адзін за адным.
Пад градам гэтых удараў Белы Ікол матляўся з боку ў бок, нібы сапсаваны маятнік. Самыя розныя пачуцці хвалявалі яго. Спачатку ён здзівіўся, потым на яго напаў страх, і ён пачаў вішчаць пасля кожнага ўдару. Але страх хутка змяніўся злосцю. Вольналюбівая натура заявіла пра сябе — Белы Ікол ашчэрыў зубы і бясстрашна загыркаў прама ў твар разгневанаму бажаству. Бажаство раззлавалася яшчэ больш. Удары пасыпаліся часцей, сталі цяжэйшыя і больш балючыя.
Шэры Бабёр не пераставаў біць Белага Ікла, Белы Ікол не пераставаў гыркаць. Але гэта не магло працягвацца вечна, хтосьці павінен быў уступіць, і ўступіў Белы Ікол. Страх зноў апанаваў яго. Першы раз у жыцці чалавек біў яго па-сапраўднаму. Выпадковыя ўдары палкай ці каменем здаваліся ласкай у параўнанні з тым, што яму прыйшлося перажыць зараз. Белы Ікол здаўся і пачаў вішчаць і выць. Спачатку ён вішчаў ад кожнага ўдару, але хутка страх яго перайшоў у жах, і віск змяніўся бесперапынным выццём, якое не супадала з рытмам пабояў. Нарэшце Шэры Бабёр апусціў правую руку. Белы Ікол працягваў выць, павіснуўшы ў паветры, нібы ануча. Гаспадар, відаць, застаўся задаволены гэтым і шпурнуў яго на дно пірогі. Тым часам пірогу аднесла ўніз па цячэнні. Шэры Бабёр узяўся за вясло. Белы Ікол перашкаджаў яму веславаць. Шэры Бабёр злосна штурхнуў яго нагой. У гэтае імгненне свабодалюбства зноў абудзілася ў Белым Ікле, і ён упіўся зубамі ў нагу, абутую ў макасін.
Папярэдняя лупцоўка была нішто ў параўнанні з той, якую яму давялося перажыць. Гнеў Шэрага Бабра быў страшны, і Белага Ікла ахапіў жах. На гэты раз Шэры Бабёр пусціў у ход цяжкае вясло, і, калі Белы Ікол апынуўся на дне пірогі, на ўсім яго маленькім целе не было ніводнага жывога месца. Шэры Бабёр яшчэ раз ударыў яго нагой. Белы Ікол не накінуўся на гэтую нагу. Няволя дала яму яшчэ адзін урок: ніколі, ні пры якіх абставінах,
нельга кусаць бога — твайго гаспадара і ўладара; цела бога свяшчэннае, і зубы такіх, як Белы Ікол, не маюць права апаганьваць яго. Гэта лічылася, відаць, самай страшнай крыўдай, самай страшнай правіннасцю, за якую не было ні літасці, ні ласкі.
Пірога прычаліла да берага, але Белы Ікол не варухнуўся і працягваў ляжаць, павіскваючы і чакаючы, калі Шэры Бабёр выкажа сваю волю. Шэры Бабёр пажадаў, каб Белы Ікол выйшаў з пірогі, і шпурнуў яго на бераг так, што той з усяго размаху ўдарыўся бокам аб зямлю. Калоцячыся ўсім целам, Белы Ікол устаў і заскуголіў. Ліп-Ліп, які з берага назіраў за ўсім, што адбывалася, кінуўся, збіў яго з ног і ўпіўся ў яго зубамі. Белы Ікол быў бездапаможны і не мог абараніцца, і яму б дабром не скончылася, калі б Шэры Бабёр не выцяў ЛіпЛіпа нагой так, што той узляцеў высока ў паветра і пляснуўся на зямлю далёка ад Белага Ікла.
Такой была чалавечая справядлівасць, і Белы Ікол, нягледзячы на боль і страх, не мог не адчуць удзячнасці да чалавека. Ён паслухмяна паплёўся за Шэрым Бабром праз усё паселішча да ягонага вігвама. I з таго дня Белы Ікол запомніў, што права караць багі пакідаюць за сабой, а жывёл, падуладных ім, гэтага права пазбаўляюць.
Той жа ноччу, калі ў паселішчы ўсё сціхла, Белы Ікол успомніў маці і засумаваў. Але сумаваў ён так гучна, што пабудзіў Шэрага Бабра, і той пабіў яго. Пасля гэтага ў прысутнасці багоў ён сумаваў моўчкі і даваў волю свайму ropy тады, як выходзіў адзін на ўзлесак.
У гэтыя дні Белы Ікол мог бы паслухацца голасу мінулага, які клікаў яго назад да пячоры і ручая, але памяць пра маці ўтрымлівала яго на месцы. Можа быць, яна вернецца ў паселішча, як вяртаюцца людзі пасля палявання. I Белы Ікол заставаўся ў няволі, чакаючы Кічы.
Паднявольнае жыццё не было ўжо такім і цяжкім для Белага Ікла. Многае ў ім яго цікавіла. Падзеі ў паселішчы адбываліся адно за адным. Дзіўным учынкам, якія здзяйснялі багі, не было
канца, а Белы Ікол заўсёды быў цікаўным. Акрамя таго, ён навучыўся ладзіць з Шэрым Бабром. Паслухмянства, строгае, няўхільнае паслухмянства патрабавалася ад Белага Ікла, і, засвоіўшы гэта, ён не выклікаў гневу ў людзей і пазбягаў пабояў.
А іншы раз здаралася так, што Шэры Бабёр сам шпурляў Беламу Іклу кавалак мяса і, пакуль той еў, не падпускаў да яго іншых сабак. I такому кавалку не было цаны. Ён адзін быў чымсьці даражэйшым, чым дзесятак кавалкаў, атрыманых з рук жанчын. Шэры Бабёр ні разу не пагладзіў і не прылашчыў Белага Ікла. I, мабыць, яго цяжкі кулак, мабыць, яго справядлівасць і магутнасць ці ўсё гэта разам уплывала на Белага Ікла, але ў ім пачынала зараджацца адданасць панураму гаспадару.