• Газеты, часопісы і г.д.
  • Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця  Джэк Лондан

    Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця

    Джэк Лондан
    Для старэйшага школьнага ўзросту
    Выдавец: Полымя
    Памер: 334с.
    Мінск 1997
    98.61 МБ
    Пасля гэтага Белы Ікол засвоіў закон уласнасці і тое, што ўласнасць гаспадара трэба ахоўваць. Ад абароны цела бога да абароны яго маёмасці быў адзін крок, і Белы Ікол гэты крок зрабіў. Тое, што належала богу, трэба было абараняць ад усяго свету, не спыняючыся нават перад нападзеннем на іншых багоў. Але ўчынак гэты святатацкі сам па сабе, заўсёды звязаны з вялікай небяспекай. Багі ўсёмагутныя, і сабаку цяжка цягацца з імі; і ўсётакі Белы Ікол навучыўся бязбоязна даваць ім адпор. Пачуццё абавязку перамагала ў ім страх, і ўрэшце рэшт зладзеяватыя багі вырашылі пакінуць маёмасць Шэрага Бабра ў спакоі.
    Белы Ікол хутка зразумеў, што зладзеяватыя багі баязлівыя і, пачуўшы трывогу, зараз жа ўцякаюць. Акрамя таго (як ён пераканаўся на вопыце), прамежак часу паміж паднятай трывогай і з’яўленнем Шэрага Бабра быў звычайна вельмі кароткі. I ён зразумеў таксама, што злодзей уцякае не таму, што баіцца яго, Белага Ікла, а таму, што баіцца Шэрага Бабра. Учуўшы злодзея, Белы Ікол не падымаў брэху — ды ён і не ўмеў брахаць,— ён кідаўся на няпрошанага госця і, калі ўдавалася, упіваўся ў яго зубамі. Панурасць і замкнутасць дапамаглі Беламу Іклу стаць надзейным вартаўніком пры гаспадарскім дабры, і Шэры Бабёр усяляк заахвочваў яго ў гэтым. I ўрэшце рэшт Белы Ікол стаў яшчэ злейшым, яшчэ больш лютым і канчаткова замкнуўся ў сабе.
    Месяцы ішлі адзін за адным, і час усё больш і болып замацоўваў дагавор паміж сабакам і чалавекам. Гэты дагавор яшчэ ў даўнія часы быў заключаны першым ваўком, які прыйшоў з Паўночнай глушы да чалавека. I, як і ўсе яго папярэднікі-ваўкі і дзікія сабакі, Белы Ікол сам выпрацаваў умовы гэтага дагавору. Яны былі вельмі простыя. За пакланенне бажаству ён аддаў сваю свабоду. Ад бога Белы Ікол атрымаў сувязь з ім, апеку, харч і цяпло. Узамен ён вартаваў ягоную маёмасць, вартаваў ягонае цела, працаваў на яго і пакараўся яму.
    Калі ў цябе ёсць бог, яму трэба служыць. I Белы Ікол служыў свайму богу, падпарадкоўваючыся пачуццю абавязку і поўнага глыбокай павагі страху. Але ён не любіў яго. Ён не ведаў, што такое любоў, і ніколі не перажываў гэтага пачуцця. Кічы стала далёкім успамінам. Акрамя таго, аддаўшыся чалавеку, Белы Ікол не толькі парваў з Паўночнай глушшу і са сваімі сародзічамі, але падпарадкаваўся і такой умове дагавору, якая не дазволіла б яму пакінуць бога і пайсці за Кічы, калі б нават ён сустрэў яе. Адданасць чалавеку стала законам для Белага Ікла, і закон гэты быў мацнейшы, чым кроўныя сувязі.
    РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
    ГОЛАД
    Вясна была ўжо не за гарамі, калі доўгае падарожжа Шэрага Бабра скончылася. У адзін з красавіцкіх дзён Белы Ікол, якому ў гэты час споўніўся год, зноў вярнуўся ў старое паселішча, і там Міт-Са зняў з яго вупраж. Хаця Белы Ікол яшчэ не дасягнуў поўнай спеласці, усё ж пасля Ліп-Ліпа ён быў самым вялікім з аднагадовых шчанятаў. Атрымаўшы ў спадчыну свой рост і сілу ад бацькі-ваўка і ад Кічы, ён амаль зраўняўся з дарослымі
    сабакамі, але ўступаў ім у моцы складу. Цела яго было хударлявае і стройнае; у бойках ён браў хутчэй спрытам, чым сілай; шкура шэрая, як у ваўка. I з выгляду ён здаваўся самым сапраўдным ваўком. Кроў сабакі, якая перайшла да яго ад Кічы, не пакінула слядоў на яго знешнім выглядзе, але характар яго складваўся не без яе ўдзелу.
    Белы Ікол блукаў па паселішчы, з пачуццём спакойнага задавальнення пазнаючы багоў, знаёмых яму яшчэ да падарожжа. Сустракаў ён тут і шчанятаў, якія таксама падраслі за гэты час, і дарослых сабак, якія цяпер ужо не здаваліся яму такімі вялікімі і страшнымі. Белы Ікол амаль перастаў баяцца іх і прагульваўся сярод зграі з празмернай вольнасцю, якая дастаўляла яму спачатку вялікае задавальненне.
    Быў тут і стары сівы Бэсік, якому раней варта было толькі ашчэрыць зубы, каб прагнаць Белага Ікла за блізкі свет. Раней Бэсік не раз прымушаў Белага Ікла пераконвацца ва ўласнай нікчэмнасці, але цяпер той жа Бэсік дапамог яму ацаніць змены, што адбываліся ў ім самім. Бэсік старэў, драхлеў, а Белы Ікол быў малады, і сілы ў яго прыбаўляліся штодня.
    Змены ва ўзаемаадносінах з сабакамі сталі яснымі Беламу Іклу неўзабаве пасля вяртання ў паселішча. Людзі разбіралі тушу толькі што забітага лася. Ён атрымаў капыт з часткай галёначнай косткі, на якой было даволі шмат мяса. Уцёкшы ад сабак, якія біліся, далей у лес, каб яго ніхто не бачыў, Белы Ікол узяўся за сваю здабычу. I раптам на яго наляцеў Бэсік. Яшчэ не паспеўшы ўцяміць, у чым справа, Белы Ікол двойчы паласнуў старога сабаку зубамі і адскочыў убок. Аслупянеўшы ад такой дзёрзкай і імклівай атакі, Бэсік няўцямна ўтаропіўся на Белага Ікла, а костка са свежым мясам ляжала паміж імі.
    Бэсік быў стары і ўжо адчуваў на сабе адвагу той самай моладзі, якую раней яму нічога не каштавала прыстрашыць. Хаця гэта і было горка, але хочаш не хочаш крыўды даводзілася глытаць, за-
    клікаючы на дапамогу ўсю сваю мудрасць, каб не схібіць перад маладымі сабакамі. Раней справядлівы гнеў прымусіў бы яго кінуцца на адважнага маладзёна, але цяпер убываючыя сілы не дазвалялі асмеліцца на такі ўчынак. Увесь натапыраны, ён грозна паглядваў на Белага Ікла, а той, успомніўшы свой былы страх, скурчыўся, быццам малое шчаня, і ўжо прыкідваў у думках, як бы яму адступіць з матчыма меншай ганьбай.
    Вось тут Бэсік і зрабіў памылку. Каб ён здаволіўся грозным і лютым выглядам, усё сышло б добра. Белы Ікол, які падрыхтаваўся да ўцёкаў, адступіў бы, пакінуўшы костку яму. Але Бэсік не захацеў чакаць. Вырашыўшы, што перамога засталася за ім, ён зрабіў крок уперад і панюхаў костку. Белы Ікол злёгку натапырыўся. Нават цяпер можна было выратаваць становішча. Калі б Бэсік працягваў стаяць з высока паднятай галавой, грозна паглядваючы на праціўніка, Белы Ікол урэшце рэшт уцёк бы. Але ноздры Бэсіку казытаў пах свежага мяса, і, не стрымаўшыся, ён схапіў костку.
    Гэтага Белы Ікол не змог сцярпець. Панаванне над сябрамі па запрэжцы было яшчэ свежае ў яго памяці, і ён ужо не мог саўладаць з сабой, гледзячы, як іншы сабака пажырае мяса, што належала яму. Па сваёй звычцы ён кінуўся на Бэсіка, не даўшы таму апамятацца. Пасля першага ўкусу правае вуха старога сабакі павісла касмылямі. Раптоўнасць нападу ашаламіла яго. Але неадкладна ўслед за гэтым і з такой жа раптоўнасцю паследавалі яшчэ болып сумныя падзеі: Бэсік быў збіты з ног, на шыі яго зеўрала рана. He даўшы старому падняцца, малады сабака двойчы рвануў яго за плячо. Імклівасць нападу была сапраўды ашаламляльнай. Бэсік кінуўся на Белага Ікла, але зубы яго толькі злосна ляснулі ў паветры. У наступную ж хвіліну нос Бэсіка аказаўся распаласаваным, і ён, хістаючыся, адступіў прэч.
    Становішча крута змянілася. Над косткай стаяў грозна натапыраны Белы Ікол, а Бэсік трымаўся
    воддаль, рыхтуючыся ў любую хвіліну адступіць. Ён не асмельваўся распачаць бойку з маладым, хуткім, як маланка, праціўнікам. I зноў, з яшчэ большай горыччу, Бэсік адчуў блізкую старасць. Яго спроба захаваць годнасць была сапраўды гераічнай. Спакойна павярнуўшыся спінай да маладога сабакі і косткі, што ляжала на зямлі, нібы і тое і другое цалкам не заслугоўвала ўвагі, ён велічна адышоў. I толькі тады, калі Белы Ікол ужо не мог бачыць яго, Бэсік лёг на зямлю і пачаў залізваць свае раны.
    Пасля гэтага выпадку Белы Ікол канчаткова паверыў у сябе і заганарыўся. Цяпер ён спакойна хадзіў сярод дарослых сабак, стаў не такі ўступчывы. He тое каб ён шукаў прычын для сваркі, зусім не,— ён патрабаваў увагі да сябе. Ён адстойваў свае правы і не хацеў адступаць перад іншымі сабакамі. 3 ім даводзілася лічыцца, вось і ўсё. Ніхто не мог грэбаваць ім. Гэта доля шчанятаў, і мірыцца з такой доляй даводзілася ўсёй запрэжцы, шчаняты пазбягалі дарослых сабак, саступалі з дарогі, а іншы раз былі вымушаны аддаваць ім сваю долю мяса. Але замкнуты, адзінокі, пануры, грозны, нелюдзімы Белы Ікол быў прыняты як роўны ў асяроддзе дарослых сабак. Яны хутка зразумелі, што яго трэба пакінуць у спакоі, не аб’яўлялі яму вайны і не рабілі спробаў завязаць з ім дружбу. Белы Ікол плаціў ім тым жа, і пасля некалькіх сутычак сабакі пераканаліся, што такое становішча задавальняе ўсіх найлепшым чынам.
    У сярэдзіне лета з Белым Іклом адбылося нечаканае здарэнне. Прабягаючы сваёй бясшумнай рыссю ў канец паселішча, каб абследаваць там новы вігвам, пастаўлены, пакуль ён хадзіў з індзейцамі на паляванне за ласём, Белы Ікол наткнуўся на Кічы. Ён спыніўся і паглядзеў на яе. Ён памятаў маці цьмяна, усё-такі памятаў, а Кічы забыла сына. Грозна гыркаючы, яна ашчэрыла на яго зубы, і Белы Ікол успомніў усё. Дзяцінства і тое, пра што гаварыла гэтае гырканне, паўстала перад ім. Да сустрэчы з багамі Кічы была для Бе-
    лага Ікла цэнтрам сусвету. Старыя пачуЦці вярнуліся і завалодалі ім. Ён падскочыў да маці, але яна сустрэла яго ашчэранай пашчай і распарола яму скулу да самай косці. Белы Ікол не зразумеў, што адбылося, і разгублена падаўся назад, ашаломлены такім прыёмам.
    Але Кічы была не вінавата. Ваўчыцы забываюць сваіх ваўчанятаў, якім год ці больш года. Так і Кічы забыла Белага Ікла. Ён быў для яе незнаёмцам, чужынцам, і вывадак, якім яна абзавялася за гэты час, даваў ёй права варожа адносіцца да такіх незнаёмцаў.
    Адно з яе шчанятаў падпаўзло да Белага Ікла. Самі таго не ведаючы, яны даводзіліся адзін аднаму зводнымі братамі. Белы Ікол з цікаўнасцю абнюхаў шчаня, за што Кічы яшчэ раз наскочыла на яго і распаласавала яму морду. Белы Ікол адступіў яшчэ далей. Усе старыя ўспаміны, што ўваскрэслі былі ў ім, зноў памерлі і ператварыліся ў прах. Ён глядзеў на Кічы, якая лізала сваё дзіцяня і час ад часу падымала галаву і гыркала. Цяпер Кічы была непатрэбна Беламу Іклу. Ён навучыўся абыходзіцца без яе і забыўся, чым яна была дарагая яму. У яго свеце не засталося месца для Кічы, гэтак жа як і ў яе свеце не засталося месца для Белага Ікла.
    Успамінаў як і не было — ён стаяў разгублены, ашаломлены ўсім, што адбылося. I тут Кічы кінулася да яго трэці раз, праганяючы яго з вачэй далоў. Белы Ікол скарыўся. Кічы была самка, а згодна з законам, устаноўленым яго пародай, самцы не павінны біцца з самкамі. Ён нічога не ведаў пра гэты закон, ён зразумеў яго не на аснове жыццёвага вопыту,— гэты закон быў падказаны яму інстынктам, тым самым інстынктам, які прымушаў яго выць на месяц, на начныя зоркі, баяцца смерці і невядомага.