• Газеты, часопісы і г.д.
  • Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця  Джэк Лондан

    Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця

    Джэк Лондан
    Для старэйшага школьнага ўзросту
    Выдавец: Полымя
    Памер: 334с.
    Мінск 1997
    98.61 МБ
    Адчуваючы нянавісць да ўсёй сваёй пароды, Белы Ікол лічыў сваім абавязкам уступаць у бойку і з гэтымі сабакамі. Пасля некалькіх сутычак ён пранікся да іх вялікай пагардай: яны здаваліся няспрытнымі, бездапаможнымі і стараліся адолець Белага Ікла адной сілай, тады як ён браў спрытам і хітрасцю. Сабакі кідаліся на яго з брэхам. Белы Ікол скакаў убок. Яны гублялі яго з вачэй, і тады ён налятаў на іх збоку, збіваў плячом з ног і хапаў іх за горла.
    Часта ўкус гэты бываў смяротным, і яго праціўнік біўся ў брудзе пад нагамі індзейскіх сабак, якія толькі і чакалі той хвіліны, калі можна будзе кінуцца ўсёй зграяй і разарваць чужынца на кавалкі. Белы Ікол быў мудры. Ён ужо даўно ведаў, што багі злуюцца, калі хто-небудзь забівае іх сабак. Белыя багі не складалі выключэння. Таму, збіўшы праціўніка з ног і пракусіўшы яму горла, ён адбягаў убок і дазваляў зграі дакончваць пачатую ім справу. У гэты час белыя людзі падбягалі і абрушвалі свой гнеў на зграю, а Белы Ікол выходзіў сухім з вады. Звычайна ён стаяў убаку і назіраў, як яго сабратоў б’юць камянямі, палкамі,
    сякерамі і ўсім, што толькі траплялася людзям пад руку. Белы Ікол быў мудры.
    Але яго сабраты таксама нечаму навучыліся: яны зразумелі, што самая пацеха пачынаецца ў тую хвіліну, калі параход прычальвае да берага. Вось сабакі збеглі з парахода — і два-тры з іх імгненна аказаліся разарванымі. Тады людзі заганяюць астатніх назад і пачынаюць жорсткую расправу. Аднойчы белы чалавек, на вачах якога разарвалі яго сетэра, выхапіў рэвальвер. Ён выстраліў шэсць разоў запар, і шэсць сабак са зграі паваліліся як нежывыя. Гэта было яшчэ адно праяўленне магутнасці белых людзей, якое надоўга запомнілася Беламу Іклу.
    Белы Ікол упіваўся ўсім гэтым, ён не шкадаваў сваіх сабратоў, а сам ухітраўся заставацца ў такіх сутычках непашкоджаным. Спачатку бойкі з сабакамі белых людзей толькі забаўлялі яго, потым ён узяўся за гэта па-сапраўднаму. Іншай справы ў яго не было. Шэры Бабёр заняўся гандлем, багацеў. I Белы Ікол бадзяўся па прыстані, чакаючы разам з гайнёй бесталковых індзейскіх сабак прыбыцця параходаў. Як толькі параход прычальваў да берага, пачыналася пацеха. Да таго часу як белыя людзі апамятаюцца ад нечаканасці, сабачая гайня разбягалася ў розныя бакі і чакала наступнага парахода.
    Аднак Белага Ікла нельга было лічыць членам сабачай гайні. Ён не змешваўся з ёй, трымаўся ўбаку, ніколі не траціў сваёй незалежнасці, і сабакі нават пабойваліся яго. Праўда, ён дзейнічаў з імі заадно. Ён распачынаў сварку з чужынцам і збіваў яго з ног. Тады сабакі кідаліся і прыкончвалі чужынца, а Белы Ікол тут жа ўцякаў, даючы гайні атрымліваць пакаранне ад разгневаных багоў.
    Для таго каб распачаць такую сварку, непатрэбны былі вялікія намаганні. Беламу Іклу варта было толькі паказацца на прыстані, калі чужыя сабакі сыходзілі на бераг,— і гэтага было дастаткова, яны кідаліся на яго. Так загадваў ім ін-
    стынкт. Сабакі чулі ў Белым Ікле Паўночную глуш, невядомае, жах, вечную пагрозу; чулі ў ім тое, што хадзіла крадком у змроку, які акружаў чалавечыя вогнішчы, калі яны, падкраўшыся да гэтых вогнішчаў, адмаўляліся ад сваіх ранейшых інстынктаў і баяліся Паўночнай глушы, якую яны пакінулі і якой здрадзілі. Ад пакалення да пакалення перадаваўся сабакам гэты страх перад Паўночнай глушшу. Паўночная глуш пагражала пагібеллю, але іх уладары далі ім права забіваць усё жывое, што прыходзіць адтуль. I, скарыстаўшы гэтае права, яны абаранялі сябе і багоў, якія дапусцілі іх у сваё асяроддзе.
    I таму выхадцам з Поўдня, якія збягалі па сходах на бераг Юкана, дастаткова было ўбачыць Белага Ікла, каб адчуць неадольнае жаданне кінуцца і разарваць яго. Сярод прыезджых сабак трапляліся і гарадскія, але інстынктыўны страх перад Паўночнай глушшу захаваўся і ў іх. На падобнага на ваўка .звера, які з’яўляўся перад імі сярод белага дня, яны глядзелі не толькі сваімі вачыма,— яны глядзелі на Белага Ікла вачыма продкаў, і памяць, унаследаваная ад усіх папярэдніх пакаленняў, падказвала ім, што перад імі стаіць воўк, да якога іхняя парода адчувае спрадвечную варожасць.
    Усё гэта прыносіла задавальненне Беламу Іклу. Калі адным сваім выглядам ён прымушаў сабак кідацца ў бойку, тым лепш для яго і тым горш для іх. Яны чулі ў Белым Ікле сваю законную здабычу, і якраз гэтак жа адносіўся да іх і ён. Нездарма Белы Ікол упершыню ўбачыў дзённае святло ў адасобленым логаве і ў першых жа сваіх бітвах меў такіх праціўнікаў, як белая курапатка, ласка і рысь. I нездарма яго ранняе дзяцінства было азмрочана варожасцю з Ліп-Ліпам і з усёй зграяй маладых сабак. Склалася б яго жыццё інакш — і ён сам быў бы іншым. Калі б не было ў паселішчы Ліп-Ліпа, Белы Ікол пасябраваў бы з іншымі шчанятамі, быў бы больш падобны на сабаку і з большай памяркоўнасцю адносіўся б да сваіх сабратоў.
    Калі б Шэры Бабёр быў мякчэйшы і лепшы, ён змог бы абудзіць у ім пачуццё прыхільнасці і любові. Але ўсё склалася інакш. Жыццё крута абышлося з Белым Іклом, і ён стаў панурым, замкнутым, злосным зверам — ворагам сваіх сабратоў.
    РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
    ЗВАР’ЯЦЕЛЫ БОГ
    Белых людзей у форце Юкан было няшмат. Усе яны ўжо даўно жылі тут, называлі сябе «кіслым цестам» і вельмі ганарыліся гэтым. Тымі, хто прыязджаў сюды з іншых месцаў, старажылы пагарджалі. Людзі, якія сыходзілі з парахода на бераг, былі навічкамі і называліся «чэчака». Навічкі вельмі недалюблівалі сваю мянушку. Яны замешвалі цеста на сухіх дражджах, і гэта праводзіла рэзкую мяжу паміж імі і старажыламі, якія ставілі хлеб на заквасцы, таму што дражджэй у іх не было.
    Але ўсё гэта — між іншым. Жыхары форта пагарджалі прыезджымі і радаваліся кожны раз, калі ў тых здаралася якая-небудзь непрыемнасць. Асаблівае задавальненне давалі ім расправы Белага Ікла і ўсёй гайні з чужымі сабакамі. Як толькі параход падыходзіў, старажылы форта спяшаліся на бераг, каб не прапусціць пацехі. Яны адчувалі забаўкі не менш індзейскіх сабак і, канечне, адразу ж ацанілі тую ролю, якўю іграў у гэтых бойках Белы Ікол.
    Але быў сярод старажылаў адзін чалавек, якому гэтая забаўка прыносіла асаблівае задавальненне. Пачуўшы гудок парахода, які набліжаўся, ён з усіх ног кідаўся да берага, а калі бойка заканчвалася і гайня сабак разбягалася ў розныя бакі, чалавек гэты павольна ішоў з прыстані, усім сваім выглядам выражаючы вялікае шкадаванне. Часта, калі выпеставаны паўднёвы сабака з перадсмяротным выццём падаў на зямлю і гінуў, раздзіра-
    емы на шматкі сабакамі, што наляцелі-на яго,— чалавек гэты крычаў і скакаў ад захаплення. I штораз ён зайздросна пазіраў на Белага Ікла.
    Старажылы форта празвалі гэтага чалавека Прыгажунчыкам. Сапраўднага яго імені ніхто не ведаў, і ў тутэйшых мясцінах ён быў вядомы як Прыгажунчык Сміт. Праўда, прыгожага ў ім было мала; таму, магчыма, яму і далі такую мянушку. Ён быў на рэдкасць брыдкі. Ствараючы яго, прырода паскупілася. Ён быў нізкага росту, а на яго шчуплым целе сядзела няправільнай формы падоўжаная галава. У дзяцінстве, яшчэ да таго як за ім замацавалася новая мянушка Прыгажунчык, равеснікі звалі яго Цвічком.
    Патыліца ў Сміта была цалкам пляскатай, лоб нізкі і недарэчна шырокі. А потым прырода раптам расшчодрылася і надзяліла Прыгажунчыка Сміта вылупленымі вачыма, да таго ж расстаўленымі так шырока, што паміж імі магла б умясціцца яшчэ адна пара вачэй. Каб як-небудзь запоўніць рэшту свабоднай прасторы, прырода дала яму цяжкую ніжнюю сківіцу, якая вытыркалася ўперад і ледзь не ляжала ў яго на грудзях, а можа, гэта толькі так здавалася, бо шыя ў Прыгажунчыка Сміта была надта тонкай для такой грувасткай ношы.
    Ніжняя сківіца надавала яго твару выраз лютай рашучасці, але ў гэтую рашучасць неяк не верылася,— магчыма, таму, што сківіца была надта ўжо вялікая і масіўная. Іншымі словамі, ніякай рашучасці ў натуры Прыгажунчыка Сміта і заваду не было. Ён лічыўся ўсюды пагарджаным, нікчэмным баязліўцам. Для паўнаты малюнка варта ўспомніць, што зубы ў яго былі доўгія і жоўтыя, a абодва іклы вылазілі наверх з-пад тонкіх губ. На вочы ў прыроды, відаць, не хапіла фарбы, яна саскрэбла для іх усе рэшткі са сваёй палітры — і атрымалася нешта мутна-жоўтае. Тое ж самае можна сказаць і пра рэдкія валасы, якія пасмамі тырчалі ў яго на галаве і на скулах, нагадваючы раскудлачаны ветрам сноп саломы.
    Карацей кажучы, Прыгажунчык Сміт быў вы-
    радкам, але вінаваціць яго за гэта не варта. Такім ужо чалавек з’явіўся на свет Божы. Ён гатаваў ежу для жыхароў форта, мыў посуд і выконваў розную чорную работу. У форце да яго адносіліся памяркоўна і нават спагадліва, як да істоты, якой не пашанцавала ў жыцці. Апроч таго, Прыгажунчыка Сміта пабойваліся. Ад такога зласлівага баязліўца можна было атрымаць і кулю ў спіну і шклянку кавы з атрутай. Але ж камусьці трэба было займацца гатаваннем, а Прыгажунчык Сміт, нягледзячы на ўсе яго недахопы, ведаў сваю справу.
    Такім быў чалавек, які захапляўся адчайнай адвагай Белага Ікла і марыў завалодаць ім. Прыгажунчык Сміт стаў паддобрывацца да Белага Ікла. Той не звяртаў на гэта ніякай увагі. Калі паддобрыванні рабіліся больш настойлівымі, Белы Ікол шчэрыў на Прыгажунчыка Сміта зубы, ашчаціньваўся і ўцякаў. Гэты чалавек не падабаўся яму. Белы Ікол чуў у ім нешта злое і ненавідзеў яго, баючыся ягонай працягнутай рукі і ліслівага голасу.
    Дабро і зло ўспрымаюцца простай істотай вельмі проста. Дабро ёсць усё тое, што спыняе боль, што нясе з сабой свабоду і задавальненне. Таму дабро прыемнае. Зло ж ненавіснае, таму што яно прыносіць трывогу, небяспеку, пакуту. Як над гнілым балотам падымаецца туман, так і ад пачварнага цела і бруднай душы Прыгажунчыка Сміта веяла нечым паганым, нездаровым. Неўсвядомлена, быццам з дапамогай шостага пачуцця, Белы Ікол угадваў, што гэты чалавек тоіць у сабе зло, пагражае гібеллю і што яго трэба ненавідзець.
    Белы Ікол быў дома, калі Прыгажунчык Сміт упершыню зайшоў на стаянку Шэрага Бабра. Яшчэ задоўга да з’яўлення Прыгажунчыка Сміта, па адным толькі гуку ягоных крокаў, Белы Ікол зразумеў, хто ідзе да іх, і натапырыўся. Хоць яму было і вельмі зручна ляжаць, але як толькі гэты чалавек падышоў бліжэй, ён тут жа падняўся і бясшумна, як сапраўдны воўк, адбег убок. Белы
    Ікол не ведаў, пра што ішла размова з гэтым чалавекам у Шэрага Бабра, ён бачыў толькі, што гаспадар размаўляе з ім. У час гаворкі Прыгажунчык Сміт паказаў на Белага Ікла пальцам, і той загыркаў,нібы гэта рука была не на адлегласці пяцідзесяці футаў ад яго, а апускалася яму на спіну. Прыгажунчык Сміт зарагатаў, і Белы Ікол вырашыў схавацца ў лесе і, уцякаючы, усё азіраўся назад, на людзей, якія вялі гаворку.