Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця
Джэк Лондан
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Полымя
Памер: 334с.
Мінск 1997
Шэры Бабёр адмовіўся прадаць сабаку. Ён разбагацеў, у яго ўсё ёсць. Акрамя таго, лепшага ездавога сабакі і лепшага важака нідзе не знойдзеш — ні на Макензі, ні на Юкане. Белы Ікол — майстар біцца. Разарваць сабаку для яго нічога не значыць — усё роўна што чалавеку прыстукнуць камара. (Вочы ў Прыгажунчыка Сміта заблішчалі пры гэтых словах, і ён з прагнасцю аблізаў свае тонкія губы.) He, Шэры Бабёр ні за якія грошы не прадасць Белага Ікла.
Але Прыгажунчык Сміт добра ведаў індзейцаў. Ён стаў часта наведвацца да Шэрага Бабра і штораз прыносіў за пазухай бутэльку. Віскі валодае адной магутнай уласцівасцю: яно ўзбуджае прагу. I такая прага з’явілася ў Шэрага Бабра. Ягонае нутро патрабавала ўсё больш і больш гэтай пякучай вадкасці, і, страціўшы з непрывычкі да яе ўладу над сабой, ён быў гатовы на што хочаш, абы толькі дастаць гэтую вадкасць. Грошы, выручаныя ад продажу футра, рукавіц і макасінаў, пачалі таяць. Іх станавілася ўсё менш і менш, і чым болып пусцеў мяшок, у якім яны захоўваліся ў Шэрага Бабра, тым больш неспакойным ён рабіўся.
Нарэшце ўсё знікла — і грошы, і тавары, і спакой. У Шэрага Бабра засталася толькі прага, якая расла з кожнай хвілінай. I тады Прыгажунчык Сміт зноў завёў размову аб продажы Белага Ікла; але на гэты раз цана вызначалася ўжо не доларамі, а бутэлькамі віскі, і Шэры Бабёр прыслухаўся да прапановы больш уважліва.
— Зможаш злавіць — сабака твой,— было яго апошняе слова.
Бутэлькі перайшлі да яго, але праз два дні Прыгажунчык Сміт сам сказаў Шэраму Бабру:
— Злаві сабаку.
Вярнуўшыся неяк вечарам дадому, Белы Ікол з уздыхам аблягчэння ўлёгся каля вігвама. Страшнага белага бога не было. За апошнія дні ён усё болып і больш чапляўся да Белага Ікла, і той палічыў за лепшае на гэты час зусім сысці з дому. Ён не ведаў, якую небяспеку тояць у сабе рукі гэтага чалавека, ён толькі адчуваў штосьці нядобрае і вырашыў трымацца ад іх далей.
Як толькі Белы Ікол улёгся, Шэры Бабёр, ківаючыся, падышоў да яго і абвязаў рэмень вакол ягонай шыі. Потым Шэры Бабёр сеў побач з Белым Іклом, трымаючы ў адной руцэ канец рэменя. У другой ён трымаў бутэльку і раз-пораз прыкладваўся да яе, і тады Белы Ікол чуў бульканне.
Так прайшла гадзіна, і раптам да вушэй Белага Ікла данесліся гукі нечых крокаў. Ён распазнаў іх першы і, здагадаўшыся, хто ідзе, увесь натапырыўся. Шэры Бабёр сядзеў і торкаў носам. Белы Ікол асцярожна пацягнуў рэмень з рук гаспадара, але аслабелыя пальцы сціснуліся мацней, і Шэры Бабёр прачнуўся.
Прыгажунчык Сміт падышоў да вігвама і спыніўся побач з Белым Іклом. Той глуха загыркаў на гэтую страшную істоту, не зводзячы вачэй з яе рук. Адна рука выцягнулася ўперад і стала апускацца над ягонай галавой. Белы Ікол загыркаў гучней. Рука працягвала павольна апускацца, a Белы Ікол, злосна гледзячы на яе і ўжо задыхаючыся ад раз’юшанага гыркання, усё ніжэй і ніжэй прыпадаў да зямлі. I раптам ягоныя зубы бліснулі, як у змяі, і з рэзкім металічным гукам ляснулі ў паветры. Рука была адхоплена своечасова. Прыгажунчык Сміт спалохаўся і разлютаваўся. Шэры Бабёр ударыў Белага Ікла па галаве, і той зноў пакорна лёг на зямлю.
Белы Ікол сачыў за кожным рухам двух людзей. Ён убачыў, што Прыгажунчык Сміт пайшоў і хутка вярнуўся з важкай палкай. Шэры Бабёр перадаў
яму рэмень. Прыгажунчык Сміт падаўся ўперад. Рэмень нацягнуўся. Белы Ікол усё яшчэ ляжаў. Шэры Бабёр ударыў яго некалькі разоў, прымушаючы падняцца з месца. Белы Ікол паслухаўся і скочыў прама на чужога чалавека, які хацеў павесці яго з сабой. Той чакаў гэтага нападу і ўдарам палкі зваліў Белага Ікла на зямлю, спыніўшы ягоны скачок напаўдарозе. Шэры Бабёр засмяяўся і пахвальна заківаў галавой. Прыгажунчык Сміт зноў пацягнуў за рэмень, і Белы Ікол, аглушаны ўдарам, з цяжкасцю падняўся на ногі.
Ен не паўтарыў свайго скачка. Аднаго такога ўдару было дастаткова, каб пераканаць яго, што белы бог недарэмна трымае палку ў руках. Белы Ікол быў мудры і бачыў усю марнасць барацьбы з непазбежнасцю. Падціснуўшы хвост і не перастаючы глуха гыркаць, ён паплёўся за Прыгажунчыкам Смітам, а той не зводзіў з яго вачэй і трымаў палку напагатове.
Прыйшоўшы ў форт, Прыгажунчык Сміт моцна прывязаў Белага Ікла і ўлёгся спаць. Белы Ікол пачакаў гадзіну, а потым узяўся за рэмень і праз нейкія дзесяць секунд апынуўся на свабодзе. Ён не траціў часу дарэмна: рэмень быў перарэзаны наўскасяк, нібы нажом. Агледзеўшыся па баках, Белы Ікол натапырыўся і загыркаў. Потым павярнуўся і пабег да вігвама Шэрага Бабра. Ён не быў абавязаны падпарадкоўвацца гэтаму чужому і страшнаму богу. Ён аддаў усяго сябе Шэраму Бабру, і ніхто іншы, акрамя Шэрага Бабра, не мог валодаць ім.
Усё папярэдняе паўтарылася, але з некаторай розніцай. Шэры Бабёр зноў прывязаў яго і раніцай адвёў да Прыгажунчыка Сміта. Вось тут Белы Ікол і адчуў гэтую розніцу. Прыгажунчык Сміт даў яму дыхту. Беламу Іклу, цяпер моцна прывязанаму, не заставалася нічога іншага, як кідацца ў бяссільнай лютасці і цярпець пакаранне. Прыгажунчык Сміт пусціў у ход палку і плётку, і такіх пабояў Беламу Іклу не даводзілася зазнаваць яшчэ ні разу ў жыцці. Нават тая лупцоўка, якую Ka-
лісьці даўно яму задаў Шэры Бабёр, была дробяззю ў параўнанні з тым, што давялося вынесці цяпер.
Прыгажунчык Сміт адчуваў асалоду. Ён з прагнасцю глядзеў на сваю ахвяру, і вочы яго загараліся цьмяным агнём, калі Белы Ікол выў ад болю і гыркаў пасля кожнага ўдару палкай ці плёткай. Прыгажунчык Сміт быў жорсткім, як бываюць жорсткімі толькі баязліўцы. Пакорна зносячы ад людзей удары і лаянку, ён спаганяў сваю злосць на слабейшых істотах. Усё жывое любіць уладу, і Прыгажунчык Сміт не быў выключэннем: не маючы магчымасці ўладарыць над роўнымі з ім, ён карыстаўся безабароннасцю жывёл. Але Прыгажунчыка Сміта не варта абвінавачваць у гэтым. Пачварнае цела і нізкі інтэлект былі дадзены яму ад нараджэння, а жыццё абышлося з ім сурова і не выправіла яго.
Белы Ікол ведаў, чаму яго б’юць. Калі Шэры Бабёр надзеў рэмень яму на шыю і перадаў прывязь Прыгажунчыку Сміту, Белы Ікол зразумеў, што ягоны бог загадвае яму ісці з гэтым чалавекам. I калі Прыгажунчык Сміт пасадзіў яго на прывязь у форце, ён зразумеў, што той загадвае яму застацца тут. Такім чынам, ён парушыў волю абодвух багоў і заслужыў пакаранне. Яму даводзілася і раней бачыць, як сабак, якія ўцяклі ад новага гаспадара, білі гэтак жа, як білі зараз яго. Белы Ікол быў мудры, але ў ім жылі сілы, перад якімі адступала і сама мудрасць. Адной з гэтых сіл была вернасць. Белы Ікол не любіў Шэрага Бабра і ўсё ж захоўваў вернасць яму насуперак ягонай волі, ягонаму гневу. Ён нічога не мог з сабой зрабіць. Такім ён быў створаны. Вернасць была набыткам пароды Белага Ікла, вернасць адрознівала яго ад усіх іншых жывёл, вернасць прывяла ваўка і дзікага сабаку да чалавека і дазволіла ім стаць ягонымі сябрамі. Пасля збівання Белага Ікла адцягнулі назад у форт, і цяпер Прыгажунчык Сміт прывязаў яго індзейскім спосабам — з палкай. Але адмаўляцца ад свайго бажаства нялёгка, і Белы Ікол адчуў гэта на сабе. Шэры Бабёр быў для яго богам,
і ён працягваў чапляцца за Шэрага Бабра супраць яго волі. Шэры Бабёр здрадзіў Беламу Іклу і не прызнаваў яго, але гэта нічога не значыла. Нездарма ж Белы Ікол аддаўся Шэраму Бабру душой і целам. Сувязі, якія звязваюць яго з гаспадаром, было не так лёгка парваць.
I ноччу, калі ўвесь форт спаў, Белы Ікол узяўся грызці палку, да якой яго прывязалі. Палка была сухая і цвёрдая і так блізка прылягала да шыі, што ён з цяжкасцю, пасля страшэннага напружання мускулаў дацягнуўся да яе зубамі, а для таго, каб перагрызці прывязь, яму спатрэбілася некалькі гадзін самай цярплівай работы. Да яго ніводны сабака не рабіў нічога падобнага, але Белы Ікол зрабіў гэта і самай раніцай уцёк з форта з агрызкамі палкі на шыі.
Белы Ікол быў мудры. I калі б ён быў толькі мудры, ён не прыйшоў бы да Шэрага Бабра, які ўжо два разы здрадзіў яму. Але мудрасць спалучалася ў ім з вернасцю — ён прыбег дадому, і гаспадар трэці раз выракся яго. Зноў Белы Ікол дазволіў надзець сабе рэмень на шыю, і зноў за ім прыйшоў Прыгажунчык Сміт. I цяпер Беламу Іклу папала яшчэ больш. Шэры Бабёр абыякава глядзеў, як белы чалавек узмахвае плёткай. Ён не спрабаваў абараніць сабаку, які ўжо не належаў яму. Калі збіванне скончылася, Белы Ікол быў ледзь жывы. Выпеставаны паўднёвы сабака не вынес бы такіх пабояў, але Белы Ікол вынес. Яго загартавала суровая жыццёвая школа. Ён быў вельмі жыццяздольны, і яго хватка за жыццё была мацнейшай, чым у іншых сабак. Але цяпер Белы Ікол ледзь дыхаў. Ён не мог нават варухнуцца, Прыгажунчыку Сміту давялося пачакаць з паўгадзіны, перш чым весці яго дадому. А потым Белы Ікол устаў, хістаючыся, і, нічога перад сабой не бачачы, паплёўся за Прыгажунчыкам Смітам у форт.
Цяпер яго пасадзілі на ланцуг, які нельга было перагрызці. Ён стараўся вырваць дужку, убітую ў бервяно, але ўсе яго намаганні былі марнымі. Праз
некалькі дзён разораны Шэры Бабёр працверазіўся і накіраваўся ў доўгі шлях па рацэ Порк’юпайн на Макензі. Белы Ікол зйстаўся ў форце Юкан і перайшоў у поўную ўласнасць да вар’ята — істоты, якая страціла чалавечае аблічча. Але што ведае сабака пра вар’яцтва? Для Белага Ікла Прыгажунчык Сміт стаў богам — страшным, але ўсё ж богам. Гэта быў звар’яцелы бог, але Белы Ікол не ведаў, што такое вар’яцтва; ён ведаў толькі, што трэба падпарадкоўвацца волі гэтага чалавека і выконваць усе яго недарэчныя жаданні і капрызы.
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
ЦАРСТВА НЯНАВІСЦІ
У руках звар’яцелага бога Белы Ікол ператварыўся ў д’ябла. Зрабіўшы ў дальнім канцы форта загародку, Прыгажунчык Сміт пасадзіў Белага Ікла на ланцуг і стаў дражніць яго і даводзіць да шаленства дробязнымі, але пакутлівымі нападкамі. Ён вельмі хутка выявіў, што Белы Ікол не церпіць, калі з яго смяюцца, і звычайна закончваў свае катаванні выбухамі аглушальнага рогату. Здзекуючыся з Белага Ікла, бог паказваў на яго пальцам. У гэтыя хвіліны сабака траціў усякую ўладу над сабой і ў прыпадках раз’юшанасці, якая апаноўвала яго, здаваўся больш шалёным, чым Прыгажунчык Сміт.
Да гэтага часу Белы Ікол адчуваў варожасць — праўда, лютую варожасць — толькі да істотаў адной з ім пароды. Цяпер ён стаў ворагам усяго, што бачыў вакол сябе. Здзекі Прыгажунчыка Сміта даводзілі яго да такой злосці, што ён слепа і безразважна ненавідзеў усіх і ўся. Ён узненавідзеў свой ланцуг, людзей, якія глядзелі на яго скрозь перакладзіны загародкі, сабак, якія прыходзілі разам з людзьмі і злосна гыркалі, але на іх гырканне