Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця
Джэк Лондан
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Полымя
Памер: 334с.
Мінск 1997
Адзін з іх быў высокі малады чалавек; яго гладка паголены твар расчырванеўся ад хуткага руху на марозе. Другі, паганяты, быў ніжэйшага росту і з вусамі.
Белы Ікол спыніў барацьбу. Час ад часу ён пачынаў сутаргава біцца, але цяпер усякае супраціўленне было марным. Бязлітасныя сківіцы бульдога ўсё мацней сціскалі яму горла, паветра не хапала, дыханне яго станавілася ўсё болып перарывістым. Чэрокі даўно пракусіў бы яму вену, калі б яго зубы з самага пачатку не трапілі так блізка да грудзей. Ён перахопліваў імі ўсё вышэй, падбіраючыся да горла, але на гэта ішло шмат часу, да таго ж пашча яго была ўся забіта тоўстымі складкамі шкуры Белага Ікла.
Тым часам лютая жорсткасць Прыгажунчыка Сміта выцесніла ў ім астаткі розуму. Убачыўшы, што вочы Белага Ікла ўжо зацягвае пялёнкай, ён зразумеў, што бой прайграны. Быццам сарваўшыся з ланцуга, ён кінуўся да Белага Ікла і пачаў шалёна біць яго нагамі. Гледачы закрычалі, пачуўся свіст, але тым справа і абмежавалася. He звяртаючы ўвагі на гэтыя пратэсты, Прыгажунчык Сміт працягваў біць Белага Ікла. Але раптам у натоўпе адбыўся нейкі рух: высокі малады чалавек прабіраўся ўперад, бесцырымонна распіхваючы ўсіх направа і налева. Ён увайшоў у кола якраз у тую хвіліну, калі Прыгажунчык Сміт узняў правую нагу для чарговага ўдару; перанёсшы ўвесь цяжар на левую, ён знаходзіўся ў стане няўстойлівай раўнавагі. У гэтае імгненне малады чалавек са скрышальнай сілай ударыў яго кулаком па тва-
ры. Прыгажунчык Сміт не ўтрымаўся і, падскочыўшы ў паветры, паваліўся на снег.
Малады чалавек павярнуўся да натоўпу.
— Баязліўцы! — закрычаў ён.— Нягоднікі!
Ён не памятаў сябе ад гневу, таго гневу, якім загараецца чалавек толькі з цвярозым розумам. Яго шэрыя вочы зіхацелі стальным бляскам. Прыгажунчык Сміт устаў і нясмела рушыў да яго. Незнаёмец не зразумеў яго намераў. He здагадваючыся, што перад ім нікуды не варты баязлівец, ён вырашыў, што Прыгажунчык Сміт хоча біцца, і, крыкнуўшы: «Нягоднік!», другі раз перакуліў яго дагары. Прыгажунчык Сміт скеміў, што ляжаць на снезе больш бяспечна, і ўжо не рабіў больш спробаў падняцца на ногі.
— Мэт, дапамажыце ж мне! — сказаў незнаёмец паганятаму, які разам з ім увайшоў у кола.
Абодва яны нагнуліся над сабакамі. Мэт падрыхтаваўся адцягнуць Белага Ікла ўбок, як толькі Чэрокі аслабіць сваю мёртвую хватку. Малады чалавек стаў расціскаць зубы бульдогу. Але ўсе яго намаганні былі марныя. Стараючыся разамкнуць абедзве сківіцы, ён не пераставаў паўтараць напаўголасу: «Нягоднікі!»
Гледачы захваляваліся, і той-сёй ужо стаў пратэставаць супраць такога няпрошанага ўмяшальніцтва. Але варта было незнаёмцу падняць галаву і паглядзець на натоўп, як пратэстуючыя галасы змоўклі.
— Вось дык нягоднікі! — крыкнуў ён зноў і ўзяўся за справу.
— Няма чаго і старацца, містэр Скот. Так мы іх ніколі не расцягнем,— сказаў нарэшце Мэт.
Яны выпрасталіся і агледзелі счэпленых сабак.
— Крыві выйшла няшмат,— сказаў Мэт,— да горла яшчэ не паспеў дабрацца.
— Чаго добрага, дабярэцца,— адказаў Скот.— Бачылі? Яшчэ вышэй перахапіў.
Хваляванне маладога чалавека і яго страх за лёс Белага Ікла раслі з кожнай хвілінай. Ён ударыў Чэрокі па галаве — раз, другі. Але гэта не дапч-
магло. Чэрокі завіляў уцінкам хваста ў знак таго, што, цудоўна разумеючы сэнс гэтых удараў, ён усё ж выканае свой абавязак да канца і не расцісне сківіц.
— Дапамажыце хто-небудзь! — крыкнуў Скот, у роспачы звяртаючыся да натоўпу.
Але ніводны чалавек не зрушыўся з месца. Гледачы пачыналі пакепліваць з яго і засыпалі яго цэлым градам з’едлівых парадаў.
— Усуньце яму што-небудзь у пашчу,— параіў Мэт.
Скот схапіўся за кабуру, што вісела ў яго на поясе, выняў рэвальвер і паспрабаваў прасунуць дула паміж сціснутымі сківіцамі бульдога. Ён стараўся з усіх сіл, чуваць было, як сталь скрыпіць аб сціснутыя зубы Чэрокі. Яны з паганятым стаялі на каленях, нахіліўшыся над сабакамі.
Цім Кінэн зрабіў крок у кола. Падышоўшы да Скота, ён дакрануўся да ягонага пляча і прамовіў пагрозлівым тонам:
— He зламайце яму зубоў, незнаёмец.
— He зубы, дык шыю зламаю,— адказаў Скот, працягваючы ўсоўваць рэвальвернае дула ў пашчу Чэрокі.
— Кажу вам, не зламайце зубоў! — болып настойліва паўтарыў Цім Кінэн.
Але калі ён разлічваў запалохаць Скота, гэта яму не ўдалося.
Працягваючы арудаваць рэвальверам, Скот падняў галаву і стрымана спытаў:
— Ваш сабака?
Цім Кінэн буркнуў штосьці сабе пад нос.
— Тады расцісніце яму зубы.
— Вось што, даражэнькі,— са злосцю загаварыў Цім,— гэта не так проста, як вам здаецца. Я не ведаю, што тут рабіць.
— Тады ідзіце прэч,— прагучаў адказ,— і не перашкаджайце мне. Бачыце, я заняты.
Цім Кінэн не адыходзіў, але Скот ужо не звяртаў на яго ніякай увагі. Ён неяк уціснуў бульдогу
дула паміж зубамі і цяпер стараўся прасунуць яго далей, каб яно выйшла з другога боку.
Дабіўшыся гэтага, Скот пачаў асцярожна, павольна расціскаць бульдогу сківіцы, а Мэт тым часам вызваляў з ягонай пашчы складкі шкуры Белага Ікла.
— Трымайце свайго сабаку! — скамандаваў Скот Ціму.
Гаспадар Чэрокі паслухмяна нахіліўся і абедзвюма рукамі схапіў бульдога.
— Ну! — крыкнуў Скот, зрабіўшы апошняе намаганне.
Сабак расцягнулі ў розныя бакі. Бульдог адчайна супраціўляўся.
— Адвядзіце яго,— загадаў Скот, і Цім Кінэн адвёў Чэрокі ў натоўп.
Белы Ікол спрабаваў устаць — раз, другі. Але аслабелыя ногі падагнуліся пад ім, і ён павольна паваліўся на снег. Яго прыплюшчаныя вочы пацьмянелі, ніжняя сківіца адвісла, язык вываліўся наверх... задушаны сабака. Мэт агледзеў яго.
— Ледзь жывы,— сказаў ён,— але дыхае ўсётакі.
Прыгажунчык Сміт устаў і падышоў глянуць на Белага Ікла.
— Мэт, колькі каштуе добры ездавы сабака? — спытаў Скот.
Паганяты падумаў з хвіліну і адказаў, не падымаючыся з каленяў:
— Трыста долараў.
— Ну, а такі, на якім жывога месца не засталося? — і Скот тыцнуў Белага Ікла нагой.
— Палову,— вырашыў паганяты.
Скот павярнуўся да Прыгажунчыка Сміта.
— Чулі вы, звер? Я бяру ў вас сабаку і плачу за яго паўтараста долараў.
Ён адкрыў бумажнік і адлічыў гэтую суму. Прыгажунчык Сміт заклаў рукі за спіну, адмаўляючыся ўзяць працягнутыя яму грошы.
— He прадаю,— сказаў ён.
— He, прадаяце,— заявіў Скот,— таму што я купляю. Бярыце грошы. Сабака мой.
Усё яшчэ трымаючы рукі за спінай, Прыгажунчык Сміт падаўся назад. Скот зрабіў крок да яго і замахнуўся кулаком.
Прыгажунчык Сміт уцягнуў галаву ў плечы.
— Сабака мой...— пачаў быў ён.
— Вы страцілі ўсе правы на гэтага сабаку,— перабіў яго Скот.— Вазьміце грошы, ці мне ўдарыць вас яшчэ раз?
— Добра, добра,— спалохана замармытаў Прыгажунчык Сміт.— Але вы мяне прымушаеце. Гэтаму сабаку цаны няма. Я не дазволю сябе рабаваць. У кожнага чалавека ёсць свае правы.
— Правільна,— адказаў Скот, перадаючы яму грошы.— У кожнага чалавека ёсць свае правы. Але вы не чалавек, а звер.
— ДайцемнетольківярнуццаўДаўсан,— прыгразіў яму Прыгажунчык Сміт,— там я знайду на вас управу.
— Пасмейце толькі рот адкрыць, я вас хутка з Даўсана выправаджу! Зразумелі?
Прыгажунчык Сміт прамармытаў штосьці неразборлівае.
— Зразумелі? — крыкнуў Скот, раззлаваўшыся.
— Так,— буркнуў Прыгажунчык Сміт, адступіўшы крок ад яго.
— Як?
— Так, сэр,— раўнуў Прыгажунчык Сміт.
— Асцярожней! Ен кусаецца! — крыкнуў хтосьці, і ў натоўпе зарагаталі.
Скот павярнуўся да Прыгажунчыка Сміта спінай і падышоў да паганятага, які ўсё яшчэ важдаўся з Белым Іклом.
Сёй-той з гледачоў ужо адыходзіў, іншыя збіраліся кучкамі, паглядваючы на Скота і перагаворваючыся між сабой.
Да адной з гэтых груп падышоў Цім Кінэн.
— Што гэта за птушка? — спытаў ён.
— Уідан Скот,— адказаў хтосьці.
— Што за Уідан Скот?
— Ды інжынер з прыіскаў. Ён сярод тутэйшых верхаводаў свой чалавек. Калі не хочаш набыць непрыемнасцей, трымайся ад яго далей. Для яго сам начальнік прыіскаў сябар-прыяцель.
— Я адразу зразумеў, што гэта важная персона,— сказаў Цім Кінэн.— He, думаю, з такім лепш не звязвацца...
РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
НЕЎТАЙМОЎНЫ
— He! Нічога тут не зробіш! — безнадзейным тонам сказаў Уідан Скот.
Ён сеў на прыступку і паглядзеў на паганятага, які гэтак жа безнадзейна паціснуў плячыма.
Абодва перавялі позірк на Белага Ікла. Увесь натапырыўшыся і злосна гыркаючы, ён ірваўся з ланцуга, стараючыся дабрацца да сабак, павыпраганых з нартаў. Сабакі ж, атрымаўшы дастатковую колькасць павучанняў ад Мэта — павучанняў, падмацаваных палкай, разумелі, што з Белым Іклом лепш не звязвацца.
Цяпер яны ляжалі ўбаку і, здавалася, зусім забыліся пра яго існаванне.
— Та-ак, ён воўк, а ваўка не прывучыш,— сказаў Уідан Скот.
— Хто яго ведае? — запярэчыў Мэт.— Можа, у ім ад сабакі больш, чым ад ваўка. Але ў чым я перакананы, з таго мяне ўжо не саб’еш.
Паганяты замаўчаў і з таямнічым выглядам кіўнуў у бок Ласінай гары.
— Ну, не прымушайце сябе прасіць,— рэзка прамовіў Скот, так і не дачакаўшыся працягу.— Выкладвайце, у чым справа.
Паганяты тыцнуў вялікім пальцам праз плячо, паказваючы на Белага Ікла.
— Воўк ён ці сабака — гэта няважна, а толькі яго спрабавалі прыручыць.
— He можа таго быць!
— Я вам кажу — спрабавалі. Ён і ў запрэжцы хадзіў. Вы паглядзіце бліжэй. У яго сцёртыя месцы на грудзях.
— Правільна, Мэт! Да таго як трапіць да Прыгажунчыка Сміта, ён хадзіў у запрэжцы.
— А чаму б яму не пахадзіць у запрэжцы і ў нас?
— I праўда! — усклікнуў Скот.
Але надзея, якая была з’явілася, зараз жа згасла, і ён сказаў, круцячы галавой:
— Мы яго трымаем ужо два тыдні, а ён, здаецца, яшчэ злейшым стаў.
— Давайце спусцім яго з ланцуга — паглядзім, што атрымаецца,— прапанаваў Мэт.
Скот недаверліва глянуў на яго.
— Так, так! — працягваў Мэт.— Я ведаю, што вы гэта ўжо спрабавалі, дык паспрабуйце яшчэ раз, толькі не забудзьце ўзяць палку.
— Добра, але цяпер я даручу гэта вам.
Паганяты ўзброіўся палкай і падышоў да Белага Ікла, які сядзеў на прывязі. Той сачыў за палкай, як леў сочыць за бізуном утаймавальніка.
— Глядзіце, як на палку ўтаропіўся,— сказаў Мэт.— Гэта добрая прыкмета. Значыць, сабака не такі ўжо і дурны. He адважыцца кінуцца на мяне, пакуль я з палкай. He шалёны ж ён урэшце рэшт.
Як толькі рука чалавека наблізілася да шыі Белага Ікла, ён натапырыўся і з гырканнем прыпаў да зямлі. He спускаючы вачэй з рукі Мэта, ён адначасова сачыў за палкай, занесенай над яго галавой. Мэт хуценька адшпіліў ланцуг ад аброжка і зрабіў крок назад.