Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця
Джэк Лондан
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Полымя
Памер: 334с.
Мінск 1997
Цім Кінэн увайшоў у кола і, нахіліўшыся над бульдогам, стаў пагладжваць яго супраць шэрсці і лёгенька падпіхваць наперад. Гэтыя рухі павінны былі падахвоціць Чэрокі. I яны не толькі падах^оцілі, але і раззлавалі яго. Пачулася нізкае, прыглушанае гырканне. Рухі рук чалавека дакладна супадалі з гырканнем сабакі. Калі рукі падпіхвалі Чэрокі наперад, ён пачынаў гыркаць, потым сціхаў, але на наступны дотык адказваў тым жа. Кожны рух рук, якія пагладжвалі Чэрокі супраць шэрсці, заканчваўся лёгкім штуршком, і гэтак жа, быццам штуршком, з горла ў яго вырывалася гырканне.
Белы Ікол не мог заставацца абыякавым да ўсяго гэтага. Шэрсць на карку і на спіне паднялася ў яго дыбам. Цім Кінэн падпіхнуў Чэрокі апошні раз і адступіў назад. Прабегшы па інерцыі некалькі крокаў наперад, бульдог не спыніўся і, хутка перабіраючы сваімі крывымі лапамі, выскачыў на сярэдзіну кола. У гэтую хвіліну Белы Ікол кінуўся на яго. Гледачы з захапленнем ускрыкнулі. Белы Ікол з лёгкасцю кошкі ў адзін скачок пакрыў усю адлегласць паміж сабой і праціўнікам, з той жа кашэчай паваротлівасцю рвануў яго зубамі і адскочыў убок.
На тоўстай шыі бульдога, каля самага вуха, паказалася кроў. Быццам не заўважыўшы гэтага, нават не гыркнуўшы, Чэрокі павярнуўся і пабег за Белым Іклом. Рухавасць Белага Ікла і ўпартасць Чэрокі распалілі пачуцці натоўпу. Гледачы ішлі ў новыя заклады, павялічвалі стаўкі. Белы Ікол скокнуў на бульдога яшчэ і яшчэ раз, ірвануў яго зубамі і адскочыў убок непашкоджаным, а гэты незвычайны праціўнік працягваў спакойна і нібы дзелавіта бегаць за ім, не спяшаючыся, але і не запавольваючы хады. У паводзінах Чэрокі адчувалася нейкая пэўная мэта, ад якой яго нішто не магло адцягнуць.
Усе яго рухі, усе звычкі былі прасякнуты гэтай мэтай. Ён збіваў Белага Ікла з панталыку. Ніколі ў жыцці не сустракаўся яму такі сабака. Шэрсць у яго была зусім кароткая, кроў паказвалася на яго мяккім целе ад самай нязначнай драпіны. I дзе пушыстае футра, якое так перашкаджае ў бойках? Зубы Белага Ікла без усякай цяжкасці ўпіваліся ў падатлівае цела бульдога, які, мяркуючы па ўсім, зусім не ўмеў абараняцца. I чаму ён не вішчыць, не брэша, як робяць усе сабакі ў такіх выпадках? Калі не лічыць глухога вуркання, бульдог цярпеў укусы моўчкі і ні на хвіліну не спыняў пагоні за праціўнікам.
Чэрокі нельга было папракнуць у непаваротлівасці. Ён круціўся і хадзіў сюды-туды, але Белы Ікол усё-такі выслізгваў ад яго. Чэрокі таксама
быў збіты з панталыку. Яму яшчэ ні разу не даводзілася біцца з сабакам, які не падпускаў бы яго да сябе. Жаданне счапіцца адзін з адным да гэтага часу заўсёды было ўзаемным. Але гэты сабака ўвесь час трымаўся на адлегласці, скакаў узад і ўперад і выкручваўся ад яго. I, нават ірвануўшы Чэрокі зубамі, ён зараз жа расціскаў сківіцы і адскокваў прэч.
А Белы Ікол ніяк не мог дабрацца да горла свайго праціўніка. Бульдог быў надта малы ростам; акрамя таго, сківіца, якая вытыркалася ўперад, была яму добрай абаронай. Белы Ікол кідаўся на яго і адскакваў убок, ухітраючыся не атрымаць ніводнай драпіны, а колькасць ран на целе Чэрокі ўсё расла і расла. Галава і шыя ў яго былі распаласаваны з абодвух бакоў, з ран лілася кроў, але Чэрокі не праяўляў ніякіх прыкмет неспакою. Ён гэтак жа ўпарта, гэтак жа добрасумленна ганяўся за Белым Іклом і за ўвесь гэты час спыніўся ўсяго толькі раз, каб здзіўлена паглядзець на людзей і памахаць уцінкам хваста ў знак сваёй гатоўнасці працягваць бойку.
У гэтую хвіліну Белы Ікол наляцеў на Чэрокі і, ірвануўшы яго вуха, і без таго раздзёртае на шматкі, адскочыў убок. Пачынаючы злаваць, Чэрокі зноў пусціўся ў пагоню, бегаючы ўнутры кола, якое апісваў Белы Ікол, і стараючыся ўчапіцца мёртвай хваткай яму ў горла. Бульдог прамахнуўся на самую дробязь, і Белы Ікол, выклікаўшы гучнае адабрэнне натоўпу, выратаваў сябе толькі тым, што зрабіў нечаканы скачок у супрацьлеглы бок.
Час ішоў. Белы Ікол танцаваў і круціўся каля Чэрокі, раз-пораз кусаючы яго і тут; жа адскакваючы прэч. А бульдог з панурай настойлівасцю працягваў бегаць за ім. Рана ці позна, а ён даб’ецца свайго і, схапіўшы Белага Ікла за горла, вырашыць зыход бою. Пакуль жа яму не заставалася нічога іншага, як цярпліва пераносіць усе напады праціўніка. Яго кароткія вушы павіслі махрамі, шыя і плечы пакрыліся мноствам ран, і нават губы
яго былі разарваны і заліты крывёю,— і ўсё гэта нарабілі маланкавыя ўкусы Белага Ікла, якіх нельга было ні прадбачыць, ні пазбегнуць.
Шмат разоў імкнуўся Белы Ікол збіць Чэрокі з ног, але розніца ў росце была надта вялікай паміж імі. Чэрокі быў каржакаваты, прысадзісты. I цяпер шчасце здрадзіла Беламу Іклу. Скачучы і круцячыся, нібы ваўчок, каля Чэрокі, ён знайшоў хвіліну, калі праціўнік, не паспеўшы зрабіць круты паварот, адвёў галаву ўбок і пакінуў плячо неабароненым. Белы Ікол кінуўся наперад, але яго ўласнае плячо аказалася нашмат вышэйшым, чым плячо праціўніка, ён не змог утрымацца і з усяго размаху пераляцеў цераз яго спіну. I ўпершыню за ўсю баявую кар’еру Белага Ікла людзі сталі сведкамі таго, як «байцовы воўк» не змог устаяць на нагах. Ён выкруціўся ў паветры, як кошка, і толькі гэта перашкодзіла яму ўпасці дагары. Ён бразнуўся на бок і ў наступнае ж імгненне зноў стаяў на нагах, але зубы Чэрокі ўжо ўпіліся яму ў горла.
Хватка была не зусім удалая, яна трапіла вельмі нізка, бліжэй да грудзей, але Чэрокі не расціскаў сківіц. Белы Ікол замітусіўся з боку ў бок, спрабуючы стрэсці з сябе бульдога. Гэты цяжар, што цягнуўся за ім, даводзіў яго да шаленства. Ён звязваў ягоныя рухі, пазбаўляў яго свабоды, як быццам ён трапіў у пастку. Ягоны інстынкт паўставаў супраць гэтага. Ён не памятаў сябе. Прага жыцця авалодала ім. Ягонае цела патрабавала свабоды. Мозг, розум не ўдзельнічалі ў гэтай барацьбе, адступіўшы перад сляпой цягай да жыцця, да руху — перш за ўсё да руху, бо ў ім і праяўляецца жыццё.
He спыняючыся ні на секунду, Белы Ікол круціўся, скакаў уперад, сілячыся стрэсці пяцідзесяціфунтавы груз, які павіс на ягонай шыі. А бульдогу было важна толькі адно: не расціскаць сківіц. Зрэдку, калі яму ўдавалася на адно імгненне даткнуцца лапамі да зямлі, ён спрабаваў супраціўляцца Беламу Іклу і тут жа апісваў кола ў паветры, падпарадкоўваючыся кожнаму руху ашалелага
праціўніка. Чэрокі рабіў так, як падказваў яму інстынкт. Ён ведаў, што робіць правільна, што расціскаць сківіцы нельга, і час ад часу ўздрыгваў ад задавальнення. У такія хвіліны ён нават заплюшчваў вочы і, нягледзячы на боль, дазваляў Беламу Іклу круціць сябе то ўправа, то ўлева. Усё гэта не мела значэння. Цяпер для Чэрокі важна было адно: не расціскаць зубоў, і ён не расціскаў іх.
Белы Ікол перастаў бегаць толькі тады, калі канчаткова выбіўся з сіл. Ён ужо нічога не мог зрабіць, нічога не мог зразумець. Hi разу за ўсё ягонае жыццё яму не даводзілася зазнаваць нічога падобнага. Сабакі, з якімі ён біўся раней, паводзілі сябе зусім інакш. 3 імі трэба было дзейнічаць так: учапіўся, ірвануў зубамі, адскочыў, учапіўся, ірвануў зубамі, адскочыў. Цяжка дыхаючы, Белы Ікол напаўляжаў на зямлі. He расціскаючы зубоў, Чэрокі налягаў на яго ўсім целам, спрабуючы паваліць дагары. Белы Ікол супраціўляўся і адчуваў, як сківіцы бульдога, быццам жуючы ягоную шкуру, перасоўваюцца ўсё вышэй і вышэй. 3 кожнай хвілінай яны набліжаліся да горла. Бульдог дзейнічаў асцярожна; стараючыся не выпусціць захопленага, ён карыстаўся самай малой магчымасцю захапіць больш. Такая магчымасць з’яўлялася ў яго, калі Белы Ікол ляжаў спакойна, але як толькі той пачынаў ірвацца, бульдог адразу сціскаў сківіцы.
Белы Ікол мог дацягнуцца толькі да карка Чэрокі. Ён запусціў яму зубы вышэй пляча, але перабіраць імі, нібы жуючы шкуру, не змог — гэты спосаб быў незнаёмы яму, ды і сківіцы яго не былі прыстасаваны да такой хваткі. Ён сутаргава рваў Чэрокі зубамі і раптам адчуў, што становішча іх змянілася. Чэрокі перакуліў яго на спіну і, усё яшчэ не расціскаючы сківіц, ухітрыўся стаць над ім. Белы Ікол сагнуў заднія ногі і, як кошка, пачаў ірваць кіпцюрамі свайго ворага. Чэрокі рызыкаваў застацца з распоратым жыватом і выратаваўся толькі тым, што скокнуў убок, пад прамым вуглом да Белага Ікла.
Вызваліцца з ягонай хваткі было немагчыма. Яна скоўвала з няўмольнасцю лёсу. Зубы Чэрокі павольна перасоўваліся ўверх, уздоўж вены. Белага Ікла ахоўвалі ад смерці толькі шырокія складкі скуры і густое футра на шыі. Чэрокі забіў сабе ўсю пашчу ягонай шкурай, але гэта не перашкаджала яму карыстацца самай нязначнай магчымасцю, каб захапіць яе яшчэ болып. Ён душыў Белага Ікла, якому штохвіліны станавілася ўсё цяжэй і цяжэй дыхаць.
Барацьба, відаць, набліжалася да канца. Тыя, хто ставіў на Чэрокі, былі не ў сабе ад захаплення і прапаноўвалі страшэнныя заклады. Прыхільнікі Белага Ікла засмуціліся і адмаўляліся паставіць дзесяць супраць аднаго і дваццаць супраць аднаго. Але знайшоўся адзін чалавек, які рызыкнуў прыняць заклад у пяцьдзесят супраць аднаго. Гэта быў Прыгажунчык Сміт. Ён увайшоў у кола і, паказаўшы на Белага Ікла пальцам, стаў пагардліва смяяцца з яго. Гэта падзейнічала. Белы Ікол ашалеў ад лютасці. Ён сабраў апошнія сілы і падняўся на ногі. Але варта было яму забегаць па коле з пяцідзесяціфунтавым грузам, павіслым на ягонай шыі, як гэтая лютасць уступіла месца жаху. Прага жыцця зноў авалодала ім, і розум у ім патух, падпарадкоўваючыся загадам цела. Ён бегаў па коле, спатыкаўся, падаў і зноў падымаўся, станавіўся на дыбы, ускідваючы свайго ворага ўгору, і ўсётакі ўсе яго спробы стрэсці з сябе ўчэпістую смерць былі марныя.
Нарэшце Белы Ікол перакуліўся дагары, і бульдог адразу ж перахапіў зубамі яшчэ вышэй і, забіраючы яго шкуру пашчай, амаль не даваў яму перавесці дух. Гром апладысментаў вітаў пераможцу, знатоўпу крычалі: «Чэрокі! Чэрокі!» Бульдог заўзята завіляў уцінкам хваста. Але апладысменты не перашкодзілі яму. Хвост і масіўныя сківіцы дзейнічалі зусім незалежна адзін ад аднаго. Хвост хадзіў з боку ў бок, а сківіцы ўсё мацней і мацней сціскалі Беламу Іклу горла.
I тут гледачы скіравалі ўвагу ад гэтай забаўкі
на іншае. Удалечыні пачуліся крыкі паганятых, гукі званочкаў. Усе, акрамя Прыгажунчыка Сміта, насцярожыліся, вырашыўшы, што наскочыла паліцыя. Але на дарозе ў хуткім часе паказаліся двое мужчын, якія беглі побач з нартамі. Яны накіроўваліся не з горада, а ў горад, вяртаючыся, мусіць, з нейкай разведачнай экспедыцыі. Убачыўшы натоўп людзей, незнаёмцы спынілі сабак і падышлі даведацца, што тут адбываецца.