Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця
Джэк Лондан
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Полымя
Памер: 334с.
Мінск 1997
Мяса было смачнае, а Белы Ікол прагаладаўся. Памаленьку, з бясконцай асцярожнасцю ён падышоў бліжэй і нарэшце адважыўся ўзяць кавалак з чалавечых рук. He зводзячы вачэй з бога, Белы
Ікол выцягнуў шыю і прыціснуў вушы, шэрсць на ягоным карку стала дыбам, у горле клекатала глухое гырканне, якое як бы перасцерагала чалавека, што жарты зараз не да месца. Белы Ікол з’еў кавалак, і нічога з ім не здарылася. I так памаленьку ён з’еў усё мяса, і ўсё-такі з ім нічога не здарылася. Значыць, пакаранне адкладвалася.
Белы Ікол аблізнуўся і стаў чакаць, што будзе далей. Бог працягваў гаварыць. У голасе яго чулася ласка — тое, пра што Белы Ікол не меў да гэтага часу ніякага паняцця. I ласка гэтая будзіла ў ім незнаёмыя да гэтага часу адчуванні. Ён адчуў дзіўны спакой, нібы задавальнялася нейкая яго патрэбнасць, запаўнялася нейкая пустата ў яго істоце. Потым у ім зноў прачнуўся інстынкт, і мінулы вопыт зноў паслаў яму перасцярогу. Багі хітрыя: цяжка ўгадаць, які шлях яны выберуць, каб дабіцца сваіх мэтаў.
Так і ёсць! Каварная рука цягнецца ўсё далей і далей і апускаецца над яго галавой. Але бог працягвае гаварыць. Голас яго гучыць мякка і заспакаяльна. Нягледзячы на пагрозу, якую тоіць у сабе рука, голас унушае давер. I, нягледзячы на ўсю мяккасць голасу, рука ўнушае страх. Супрацьлеглыя пачуцці і адчуванні змагаліся ў Белым Ікле. Здавалася, ён упадзе як мёртвы, нібы на часткі раздзіраюць яго варожыя сілы, ні адна з якіх не атрымала перавагі ў гэтай барацьбе толькі таму, што ён прыкладаў неймаверныя намаганні, каб утаймаваць іх.
I Белы Ікол пайшоў на здзелку з самім сабой: ён гыркаў, прыціскаў вушы, але не рабіў спробаў ні ўкусіць Скота, ні ўцячы ад яго. Рука апускалася. Адлегласць паміж ёй і галавой Белага Ікла станавілася ўсё меншай і меншай. Вось яна дакранулася да натапыранай шэрсці. Белы Ікол прыпаў да зямлі. Рука апусцілася ўслед за ім, прыціскаючыся шчыльней і шчыльней. Скурчыўшыся, ён ледзь не дрыжаў, але ўсё яшчэ стрымліваў сябе. Ён мучыўся ад дотыку гэтай рукі, якая чыніла гвалт над яго інстынктам. Ён не мог забыць за
адзін дзень усё тое зло, якое зрабілі яму чалавечыя рукі. Але такой была воля Бога, і ён рабіў усё магчымае, каб прымусіць сябе падпарадкавацца ёй.
Рука паднялася і зноў апусцілася, пяшчотна гладзячы яго. Так паўтарылася некалькі разоў, але варта было руцэ толькі падняцца, як паднімалася і шэрсць на спіне Белага Ікла. I кожны раз, як рука апускалася, вушы яго прыціскаліся да галавы і ў горле пачынала клекатаць гырканне. Белы Ікол гыркаў, папярэджваючы бога, што гатоў адпомсціць за боль, які яму прычыняць. Хто ведае, калі нарэшце выявяцца сапраўдныя намеры бога! У любую хвіліну яго мяккі голас, які ўнушае такі давер, можа перайсці ў гнеўны крык, а гэтыя пяшчотныя пальцы, якія гладзяць яго, сціснуцца, як ціскі, і пазбавяць Белага Ікла ўсякай магчымасці супраціўляцца пакаранню.
Але словы бога былі па-ранейшаму ласкавыя, а рука ягоная ўсё гэтак жа паднімалася і зноў датыкалася да Белага Ікла, і ў гэтых дотыках не было нічога варожага. Белы Ікол перажываў двайное пачуццё. Інстынкт паўставаў супраць такога абыходжання, яно перашкаджала яму, ішло наперакор яго імкненню да свабоды. I ўсё-такі фізічнага болю ён не адчуваў. Наадварот, гэтыя дотыкі былі нават прыемныя. Памаленьку рука бога перасунулася да яго вушэй і стала асцярожна пачухваць іх; прыемнае адчуванне нібы нават узмацнілася. Аднак страх не пакідаў Белага Ікла; ён усё гэтак жа насцярожваўся, чакаючы чагосьці дрэннага і адчуваючы папераменна то пакуту, то задавальненне, у залежнасці ад таго, якое з гэтых пачуццяў атрымлівала ў ім верх.
— Ах, каб іх чорт узяў!
Гэтыя словы вырваліся ў Мэта. Ён выйшаў з хаціны з закасанымі рукавамі, несучы ў руках таз з бруднай вадой, і толькі хацеў выплюхнуць яе на снег, як раптам убачыў, што Уідан Скот гладзіць Белага Ікла.
Пры першых жа гуках яго голасу Белы Ікол адскочыў назад і злосна загыркаў.
Мэт паглядзеў на свайго гаспадара, непахвальна і журботна пакруціўшы галавой.
— Вы мне даруйце, містэр Скот, але, далібог, у вас сядзяць, прынамсі, семнаццаць дурняў і кожны арудуе на свой лад.
Уідан Скот усміхнуўся з выглядам перавагі, устаў і нахіліўся над Белым Іклом. Ён ласкава загаварыў з ім, потым павольна працягнуў руку і зноў пачаў гладзіць яго па галаве. Белы Ікол цярпліва зносіў гэтае пагладжванне, але глядзеў ён — глядзеў на ўсе вочы — не на таго, хто яго гладзіў, a на Мэта, які стаяў у дзвярах хаціны.
— Можа быць, з вас і атрымаўся першакласны інжынер, містэр Скот,— сказаў паганяты,— але, я лічу, вы шмат страцілі ў жыцці: вам трэба было ў дзяцінстве ўцячы з дому і паступіць у цырк.
Белы Ікол загыркаў, пачуўшы голас Мэта, але цяпер ужо не адскочыў ад рукі, якая ласкава гладзіла яго па галаве і па шыі.
I гэта было пачаткам канца ранейшага жыцця, канца ранейшага царства нянавісці. Для Белага Ікла пачалося новае, загадкава цудоўнае жыццё. У гэтай справе ад Уідана Скота патрабавалася шмат цярпення і розуму. А Белы Ікол павінен быў пераадольваць загады інстынкту, пайсці наперакор уласнаму вопыту, адмовіцца ад усяго, чаму навучыла яго жыццё.
Мінулае не толькі не ўмяшчала ўсяго новага, якое яму давялося пазнаць цяпер, але абвяргала гэтае новае. Карацей кажучы, ад Белага Ікла патрабавалася значна большае ўменне разбірацца ў акаляючых абставінах, чым тое, з якім ён прыйшоў з Паўночнай глушы і дабравольна падпарадкаваўся ўладзе Шэрага Бабра. У той час ён быў усяго толькі шчанём, яшчэ не сфарміраваным, гатовым прыняць любую форму пад рукамі жыцця. Але цяпер усё ішло інакш. Мінулае жыццё апрацавала яго надта старанна; яно зрабіла яго жорсткім, ператварыла ў злоснага неўтаймаванага байцовага ваўка, які нікога не любіў і не карыстаўся нічыёй любоўю. Перарадзіцца — значыла
для яго прайсці праз поўны ўнутраны пераварот, адкінуць усе ранейшыя звычкі,— і гэта патрабавалася ад яго цяпер, калі маладосць была ззаду, калі гібкасць была страчана і мяккая тканка набыла нязломную цвёрдасць, стала вузлаватай, непадатлівай, як жалеза, а інстынкты раз і назаўсёды ўстанавілі патрэбнасці і законы паводзін.
I ўсё-такі новыя абставіны, у якіх апынуўся Белы Ікол, зноў узялі яго ў апрацоўку. Яны змякчалі ў ім жорсткасць, ляпілі з яго іншую, болып дасканалую форму. Па праўдзе кажучы, усё залежала ад Уідана Скота. Ён дабраўся да самых глыбінь натуры Белага Ікла і ласкай выклікаў да жыцця ўсе тыя пачуцці, якія драмалі і ўжо напалову заглўхлі ў ім. Так Белы Ікол даведаўся, што такое любоў. Яна заступіла месца прыхільнасці — самага цёплага пачуцця, даступнага яму пры зносінах з багамі.
Але любоў не можа прыйсці за адзін дзень. Узнікшы з прыхільнасці, яна развівалася вельмі павольна. Беламу Іклу падабаўся ягоны зноў набыты бог, і ён не ўцякаў ад яго, хоць увесь час заставаўся на свабодзе. Жыць у новага бога было куды лепш, чым у клетцы ў Прыгажунчыка Сміта; акрамя Taro, Белы Ікол не мог абысціся без бажаства. Адчуваць над сабой чалавечую ўладу стала для яго неабходнасцю. Пячатка залежнасці ад чалавека засталася на Белым Ікле з тых далёкіх дзён, калі ён пакінуў Паўночную глуш і падпоўз да ног Шэрага Бабра, пакорна чакаючы пабояў. Гэта незабыўная пячатка зноў была наложана на яго, калі ён другі раз вярнуўся з Паўночнай глушы пасля галадоўкі і адчуў пах рыбы ў паселішчы Шэрага Бабра.
I Белы Ікол застаўся ў свайго новага гаспадара, бо ён не мог абыходзіцца без бажаства і таму што Уідан Скот быў лепшы, чым Прыгажунчык Сміт. У знак адданасці ён узяў на сябе абавязкі вартаўніка пры гаспадарскім дабры. Ён блукаў вакол хаціны, калі ездавыя сабакі ўжо спалі, і першаму ж запозненаму госцю Скота давялося адбівацца ад
яго палкай да таго часу, пакуль на паратунак не прыбег сам гаспадар. Але Белы Ікол хутка навучыўся адрозніваць злодзеяў ад сумленных людзей, зразумеў, як шмат значаць паходка і паводзіны. Чалавека, які цвёрдай хадой ішоў прама да дзвярэй, ён не чапаў, хаця і не пераставаў пільна сачыць за ім, пакуль дзверы не адчыняліся і добранамеранасць наведвальніка не атрымлівала пацвярджэння з боку гаспадара. Але той, хто прабіраўся крадком, кружнымі шляхамі, стараючыся не трапіцца на вочы,— той не ведаў літасці ад Белага Ікла і паспешліва і ганебна кідаўся н'аўцёкі.
Уідан Скот паставіў перад сабой мэту ўзнагародзіць Белага Ікла за ўсё тое, што яму давялося вынесці — выкупіць грэх, у якім чалавек быў вінаваты перад ім. Гэта стала для Скота справай прынцыпу, справай сумлення. Ён адчуваў, што людзі засталіся ў даўгу перад Белым Іклом і доўг гэты трэба выплаціць, і таму ён стараўся праяўляць да Белага Ікла як мага больш пяшчоты. Ён узяў сабе за правіла штодзённа і падоўгу лашчыць і гладзіць яго.
На першым часе гэтая ласка выклікала ў Белага Ікла адны толькі падазрэнні і варожасць, але паступова ён пачаў знаходзіць у ёй задавальненне. I ўсё-такі ад адной сваёй звычкі Белы Ікол ніяк не мог адвучыцца: як толькі рука чалавека дакраналася да яго, ён пачынаў гыркаць і не змаўкаў да той пары, пакуль Сміт не адыходзіў. Але ў гэтым гырканні з’явіліся новыя ноткі. Чужы не пачуў бы іх, для яго гырканне Белага Ікла заставалася па-ранейшаму выражэннем першабытнай дзікасці, ад якой у чалавека кроў стыне ў жылах. 3 тых далёкіх часоў, калі Белы Ікол жыў з маці ў пячоры і першыя прыступы лютасці авалодвалі ім, ягонае горла зрабілася грубым ад гыркання, і ён ужо не мог выказаць свае пачуцці інакш. Тым не менш чуткае вуха Скота адрознівала ў гэтым лютым рыку новыя ноткі, якія толькі аднаму яму ледзь чутна гаварылі пра тое, што сабака адчувае задавальненне.
Час ішоў, і любоў, якая ўзнікла з прыхільнасці, усё мацнела і мацнела. Белы Ікол сам пачаў адчуваць гэта, хоць і несвядома. Любоў давала пра сябе знаць адчуваннем пустаты, якая настойліва, прагна патрабавала запаўнення. Любоў прынесла з сабой боль і трывогу, якія сціхалі толькі ад дотыку рукі новага бога. У гэтыя хвіліны любоў станавілася радасцю — нястрымнай радасцю, якая пранізвала ўсю істоту Белага Ікла. Але варта было богу пайсці, як боль і трывога вярталіся і Белага Ікла зноў ахоплівала адчуванне пустаты, адчуванне голаду, які ўладарна патрабаваў суцішэння.
Белы Ікол паступова знаходзіў самога сябе. Нягледзячы на свае сталыя гады, нягледзячы на жорсткасць формы, у якую ён быў адліты жыццём, у ягоным характары ўзнікалі ўсё новыя і новыя рысы. У ім зараджаліся непрывычныя пачуцці і жаданні. Цяпер Белы Ікол паводзіў сябе зусім інакш. Раней ён ненавідзеў нязручнасць і боль і ўсяляк стараўся пазбягаць іх. Цяпер усё стала інакш: дзеля новага бога Белы Ікол часта цярпеў нязручнасць і боль. Так, напрыклад, раніцамі, замест Taro каб блукаць у пошуках ежы ці ляжаць дзе-небудзь у зацішным куточку, ён праводзіў цэлыя гадзіны на халодным ганку, чакаючы з’яўлення Скота. Позна вечарам, калі той вяртаўся дадому, Белы Ікол пакідаў цёплую нару, вырытую ў гурбе, дзеля таго, каб адчуць дотык сяброўскай рукі, пачуць ветлівыя словы. Ён забываў пра яду — нават пра яду,— каб толькі пабыць каля бога, атрымаць ад яго пяшчоту і накіравацца разам з ім у горад.