Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця
Джэк Лондан
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Полымя
Памер: 334с.
Мінск 1997
Белы Ікол выйшаў з вагона. Зноў нечаканасць! Кашмар скончыўся. Ён палічыў вагон пакоем у доме, які з усіх бакоў быў акружаны горадам. Але за гэтую гадзіну горад знік. Грукат яго ўжо не лез у вушы. Перад Белым Іклом рассцілалася вясёлая, асветленая сонцам, спакойная краіна. Аднак
здзіўляцца гэтай перамене не было калі. Белы Ікол змірыўся з ёй, як змірыўся з усімі цудамі, якія суправаджалі кожны крок багоў.
Іх чакала брычка. Да гаспадара падышлі мужчына і жанчына. Жанчына працягнула рукі і абняла гаспадара за шыю... Гэта вораг! Праз хвіліну Уідан Скот вырваўся з яе абдымкаў і схапіў Белага Ікла, які гыркаў і шалеў ад раз’юшанасці.
— Нічога, мама! — гаварыў Скот, не адпускаючы Белага Ікла і стараючыся ўціхамірыць яго. Ён думаў, што вы хочаце мяне пакрыўдзіць, а гэтага рабіць нельга. Нічога, нічога ён хутка ўсё зразумее.
— А да таго часу я змагу выражаць любоў да сына толькі тады, калі яго сабакі не будзе паблізу,— засмяялася місіс Скот, хоць твар яе пабялеў ад страху.
Яна глядзела на Белага Ікла, які ўсё яшчэ гыркаў і, увесь ашчацініўшыся, не зводзіў з яе вачэй.
— Ен хутка ўсё зразумее, вось убачыце,— павінен зразумець! — сказаў Скот.
Ён пачаў ласкава гаварыць з Белым Іклом і, канчаткова супакоіўшы яго, крыкнуў строгім голасам:
— Ляжы! Кажуць табе!
Беламу Іклу ўжо былі знаёмы гэтыя словы, і ён падпарадкаваўся загаду, хоць і неахвотна.
— Ну, мама!
Скот працягнуў рукі, не зводзячы вачэй з Белага Ікла.
— Ляжы! — крыкнуў ён яшчэ раз.
Белы Ікол ашчацініўся, прыўстаў, аднак тут жа апусціўся на месца, не перастаючы назіраць за варожымі дзеяннямі незнаёмых багоў. Аднак ні жанчына, ні мужчына, які ўслед за ёй абняў гаспадара, не зрабілі яму нічога дрэннага. Незнаёмцы і гаспадар склалі рэчы ў брычку, селі ў яе самі, і Белы Ікол пабег услед за ёй, час ад часу падскакваючы ўшчыльную да коней і быццам папярэджваючы іх, што ён не дазволіць прычыніць ніякай шкоды богу, якога яны так хутка вязуць па дарозе.
Праз чвэрць гадзіны брычка ўехала ў каменныя вароты і пакаціла па алеі, абсаджанай густым арэшнікам, які пераплятаўся ўверсе. За алеяй па абодва бакі рассцілаўся вялікі луг, на якім там-сям былі відаць магутныя дубы. Падстрыжаную зелень лугу адцянялі залаціста-карычневыя, выпаленыя сонцам палі; яшчэ далей былі ўзгоркі з пашай на схілах. У канцы алеі, на невялікім узгорку, стаяў дом з доўгай верандай і мноствам вокнаў.
Але Белы Ікол не паспеў як след разгледзець усё гэта. Як толькі брычка ўехала ў алею, на яго з палаючымі ад абурэння і злосці вачыма наляцела аўчарка. Белы Ікол аказаўся адрэзаным ад гаспадара. Увесь натапырыўшыся і, як заўсёды, моўчкі, ён падрыхтаваўся нанесці ёй скрышальны ўдар, але ўдару гэтага так і не было. Белы Ікол спыніўся на паўдарозе як укопаны і асеў на заднія лапы, стараючыся што б там ні было пазбегнуць сутыкнення з сабакам, якога хвіліну таму назад хацеў збіць з ног. Гэта была самка, а закон яго пароды ахоўваў яе ад такіх нападаў. Напасці на самку — значыла б для Белага Ікла ні больш ні менш, як пайсці супраць загадаў інстынкту.
Аднак самцы інстынкт гаварыў зусім іншае. З’яўляючыся аўчаркай, яна адчувала неўсвядомлены страх перад Паўночнай глушшу, і асабліва перад такім яе насельнікам, як воўк. Белы Ікол быў для аўчаркі ваўком, спрадвечным ворагам, які рабаваў статкі яшчэ ў тыя далёкія часы, калі першая авечка была даручана клопату яе далёкіх продкаў. I таму, як толькі Белы Ікол спыніўся, адмовіўшыся ад бойкі, аўчарка сама кінулася на яго. Ён мімаволі загыркаў, адчуўшы, як вострыя зубы ўпіваюцца яму ў плячо, але ўсё-такі не ўкусіў аўчарку, а толькі збянтэжана адступіў назад, стараючыся абегчы яе збоку. Аднак усе яго намаганні былі марнымі — аўчарка не давала яму праходу.
— Назад, Колі! — крыкнуў незнаёмец, які сядзеў у брычцы.
Уідан Скот засмяяўся.
Нічога, тата. Гэта добры ўрок Беламу Іклу.
Яму шмат да чаго давядзецца прывыкаць. Няхай пачынае адразу. Нічога, абыдзецца як-небудзь.
Брычка аддалялася, а Колі ўсё яшчэ перагароджвала Беламу Іклу шлях. Ён паспрабаваў абагнаць яе і, звярнуўшы з дарогі, кінуўся праз лужок, але аўчарка бегла па ўнутраным крузе, і Белы Ікол паўсюль натыкаўся на яе ашчэраную пашчу. Ён павярнуў назад, да другога лужка, але яна і тут абагнала яго.
А брычка адвозіла гаспадара. Белы Ікол бачыў, як яна паступова знікае за дрэвамі. Становішча было бязвыхаднае. Ён паспрабаваў апісаць яшчэ адзін круг. Аўчарка не адставала. Тады Белы Ікол на ўсім хаду павярнуўся да яе. Ён адважыўся на свой выпрабаваны баявы прыём — ударыў яе ў плячо і збіў з ног. Аўчарка бегла так хутка, што ўдар гэты не толькі зваліў яе на зямлю, але і прымусіў па інэрцыі перакруціцца некалькі разоў запар. Спрабуючы спыніцца, яна заграбала кіпцюрамі зямлю і моцна выла ад абурэння і зняважанай гордасці.
Белы Ікол не стаў чакаць. Шлях быў свабодны, а яму толькі гэта і трэба было. He перастаючы цяўкаць, аў.чарка кінулася за ім наўздагон. Ён узяў нацянькі, а ўжо што тычыцца ўмення бегаць, дык тут аўчарка магла шмат чаму павучыцца ў яго. Яна мчалася з істэрычным брэхам, збіраючы ўсе свае сілы для кожнага скачка, а Белы Ікол нёсся ўперад моўчкі, без усялякага намагання і, нібы здань, слізгаў па траве.
Абагнуўшы дом, Белы Ікол убачыў, як гаспадар выходзіць з брычкі, якая спынілася ля пад’езда. У тую ж хвіліну ён зразумеў, што на яго рыхтуецца новы напад. Да яго нёсся шатландскі хорт. Белы Ікол хацеў аказаць яму дастойны прыём, але не змог спыніцца адразу, і хорт ужо быў амаль побач. Ён наляцеў на Белага Ікла збоку. Ад такога нечаканага ўдару Белы Ікол з усяго размаху кулём пакаціўся па зямлі. А калі ён ускочыў на ногі, выгляд яго быў страшны: вушы прыціснуты
ўшчыльную да галавы, губы і нос сутаргава трэсліся, іклы ляснулі ў нейкай цалі ад горла харта.
Гаспадар кінуўся на дапамогу, але ён быў надта далёка ад іх, і выратавальнікам харта аказалася аўчарка Колі. Падбегшы якраз у тую хвіліну, калі Белы Ікол рыхтаваўся да скачка, яна не дазволіла яму нанесці смяротны ўдар праціўніку. Колі наляцела, як шквал. Пачуццё зняважанай годнасці і справядлівы гнеў толькі распалілі ў аўчарцы нянавісць да гэтага выхадца з Паўночнай глушы, які ўхітрыўся спрытным манеўрам ашукаць і абагнаць яе і ў дадатак выкачаў у пяску. Яна кінулася да Белага Ікла пад прамым вуглом у тое імгненне, калі ён кінуўся да харта, і другі раз збіла яго з ног.
У гэты час падбег гаспадар і схапіў Белага Ікла, а бацька гаспадара адклікаў сабак.
— Няма чаго сказаць, добры прыём тут аказваюць няшчаснаму ваўку, які прыехаў з Арктыкі,— гаварыў Скот, супакойваючы Белага Ікла.— За ўсё сваё жыццё ён толькі раз быў збіты з ног, a тут яго павалілі двойчы за нейкія паўхвіліны.
Брычка ад’ехала, а з дома выйшлі новыя незнаёмыя багі. Некаторыя з іх спыніліся йа значнай адлегласці ад гаспадара, але дзве жанчыны падышлі і абнялі яго за шыю. Белы Ікол пачынаў паступова прывыкаць да гэтага варожага жэсту. Ён не прычыняў ніякай шкоды гаспадару, а ў словах, якія багі вымаўлялі пры гэтым, не адчувалася ніякай пагрозы. Незнаёмцы паспрабавалі былі падысці да Белага Ікла, але ён папераджальна загыркаў, а гаспадар пацвердзіў яго папярэджанне словамі. Белы Ікол ціснуўся да ног гаспадара, і той супакойваў яго, ласкава пагладжваючы па галаве.
Па камандзе: «Дзік! На месца!» — хорт узбег па прыступках і лёг на верандзе, усё яшчэ гыркаючы і не спускаючы вачэй з прышэльца. Адна з жанчын абняла Колі за шыю і ўзялася гладзіць і лашчыць яе. Але Колі ніяк не магла супакоіцца і, абураная прысутнасцю ваўка, скавытала, перакананая ў тым, што багі робяць памылку, дапускаючы яго ў сваё асяроддзе.
Багі падняліся на веранду. Белы Ікол ішоў за гаспадаром па пятах. Дзік загыркаў на яго. Белы Ікол натапырыўся і адказаў яму тым жа.
— Адвядзі Колі ў дом, а гэтыя двое няхай паб’юцца,— сказаў бацька Скота.— Пасля бойкі яны стануць сябрамі.
— Тады, каб даказаць сваю дружбу Дзіку, Беламу Іклу давядзецца выступіць у ролі галоўнага плакальшчыка на ягоным пахаванні,— засмяяўся гаспадар.
Бацька недаверліва паглядзеў спачатку на Белага Ікла, потым на Дзіка і ўрэшце рэшт на сына.
— Ты думаеш, што?..
Уідан кіўнуў галавой.
— Вы адгадалі. Ваш Дзік адправіцца на той свет праз хвіліну, самае болыпае — праз дзве.
Ён павярнуўся да Белага Ікла.
— Хадзем, воўк. Відаць, у дом давядзецца адвесці не Колі, а цябе.
Белы Ікол асцярожна падняўся па прыступках і прайшоў усю веранду, падняўшы хвост, не зводзячы вачэй з Дзіка і ў той жа час рыхтуючыся да любой нечаканасці, якая магла сустрэць яго ў гэтым доме. Аднак нічога страшнага там не было. Увайшоўшы ў пакоі, ён старанна абследаваў усе куты, па-ранейшаму чакаючы, што яму пагражае небяспека. Потым з задаволеным бурчаннем улёгся ля ног гаспадара, не перастаючы сачыць за ўсім, што адбывалася вакол, і рыхтуючыся кожную хвіліну ўскочыць з месца і ўступіць у бой з тымі жахамі, якія, як яму здавалася, таіліся ў гэтай пастцы.
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
УЛАДАННІ БОГА
Пераезды з месца на месца прыкметна развілі ў Белым Ікле ўменне прыстасоўвацца да акаляючага асяроддзя, дараванае яму ад прыроды, і ўма-
цавалі ў ім усведамленне неабходнасці такога прыстасоўвання. Ён хутка звыкся з Жыццём у СіераВісце — так называўся маёнтак суддзі Скота. Ніякіх сур’ёзных непаразуменняў з сабакамі больш не было. Тут, на Поўдні, сабакі ведалі звычаі багоў лепш, чым ён, і ў іх вачах існаванне Белага Ікла ўжо апраўдвалася тым фактам, што багі дазволілі яму ўвайсці ў сваё жыллё. Да гэтага часу Колі і Дзіку ніколі не даводзілася сутыкацца з ваўком, але раз багі дапусцілі яго да сябе, ім абаім не заставалася нічога іншага, як падпарадкавацца.
Спачатку адносіны Дзіка да Белага Ікла не маглі не быць крыху насцярожанымі, але хутка ён прымірыўся з ім, як з неад’емнай прыналежнасцю Сіера-Вісты. Калі б усё залежала ад аднаго Дзіка, яны сталі б сябрамі, але Белы Ікол не адчуваў неабходнасці ў дружбе. Ён патрабаваў, каб сабакі пакінулі яго ў спакоі. Усё жыццё ён трымаўся асобна ад сваіх сабратоў і не меў ніякага жадання парушаць цяпер гэты парадак рэчаў. Дзік надакучваў яму сваімі прыставаннямі, і ён, гыркаючы, праганяў яго прэч. Яшчэ на Поўначы Белы Ікол зразумеў, што гаспадарскіх сабак чапаць нельга, і не забываў гэтага ўрока і тут. Але ён працягваў настойваць на сваёй адасобленасці і замкнутасці і да такой ступені ігнараваў Дзіка, што гэты лагодны сабака пакінуў усе спробы завесці дружбу з ваўком і ўрэшце рэшт удзяляў яму ўвагі не больш, чым канавязі каля стайні.