Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця
Джэк Лондан
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Полымя
Памер: 334с.
Мінск 1997
У сан-квенцінскай турме ён лічыўся непапраўным. Ніякае пакаранне не магло зламаць яго ўпартасць. Ён быў здольны бунтаваць да самага скону,
не памятаючы сябе ад лютасці, але не мог жыць пабітым, пакораным. Чым болып люта бунтаваў ён, тым болып сурова грамадства абыходзілася з ім, і гэтая суровасць толькі распальвала яго злосць. Уціхамірвальная кашуля, голад, пабоі не дасягалі сваёй мэты, і нічога іншага Джым Хол не атрымліваў ад жыцця. Так абыходзіліся з Джымам Холам з самага ранняга дзяцінства, праведзенага ім у трушчобах Сан-Францыска, калі ён быў мяккай глінай, гатовай прыняць любую форму ў руках грамадства.
Трэці раз адбываючы тэрмін зняволення ў турме, Джым Хол сустрэў там вартаўніка, які быў амаль такім жа зверам, як і ён сам. Вартаўнік усяляк дапякаў яму, узвёў паклёп перад наглядчыкам, і Джыма пазбавілі апошніх турэмных правоў. Уся розніца паміж Джымам і вартаўніком заключалася толькі ў тым, што вартаўнік насіў пры сабе вязку ключоў і рэвальвер, а ў Джыма Хола былі толькі голыя рукі ды зубы.
Але аднойчы ён кінуўся на вартаўніка і ўчапіўся зубамі яму ў горла, як дзікі звер у джунглях.
Пасля гэтага Джыма Хола перавялі ў адзіночную камеру. Ён пражыў у ёй тры гады. Падлога, сцены і столь камеры былі абабіты жалезам. За ўвесь гэты час ён ні разу не выйшаў з яе, ні разу не ўбачыў неба і сонца. Замест дня ў камеры стаяў змрок, замест ночы — чорнае маўчанне. Джым Хол быў жывым пахаваны ў жалезнай магіле. Ён не бачыў чалавечага твару, не абменьваўся ні з кім ні словам. Калі яму прасоўвалі ежу, ён гыркаў, як дзікі звер. Ён ненавідзеў увесь свет. Ён мог выць ад шаленства дзень за днём, ноч за ноччу, потым замаўкаў на тыдні і месяцы, не выдаючы ні гуку ў гэтым чорным маўчанні, якое пранікала яму ў самую душу.
А потым неяк ноччу ён уцёк. Наглядчык пераконваў, што гэта немагчыма, але тым не менш камера была пустой, а на парозе яе ляжаў забіты вартаўнік. Яшчэ два трупы адзначалі шлях зла-
чынца праз турму да знадворнай сцяны,— усіх траіх Джым Хол забіў голымі рукамі, каб нічога не было чуваць.
Зняўшы з забітых вартаўнікоў зброю, Джым Хол схаваўся ў гарах. Галаву яго ацанілі ў буйную суму золатам. Прагныя фермеры ганяліся за ім са стрэльбамі. Коштам яго крыві можна было выкупіць закладную або паслаць сына ў каледж. Грамадзяне, захапіўшыся пачуццём абавязку, выйшлі на Хола са зброяй у руках. Зграя сабак-сышчыкаў імчалася па яго крывавых слядах. А сышчыкі закону, якія знаходзіліся на жалаванні ў грамадства, тэлефанавалі, слалі тэлеграмы, заказвалі спецыяльныя цягнікі, ні днём ні ноччу не спыняючы сваіх пошукаў.
Час ад часу Джым Хол трапляўся на вочы сваім праследавацелям, і тады людзі па-геройску ішлі яму насустрач і кідаліся ад яго ўрассыпную, на вялікае задавальненне ўсёй краіны, якая чытала пра гэта ў газетах за снеданнем. Пасля такіх сутычак забітых і параненых развозілі па бальніцах, а іх месцы займалі іншыя аматары палявання на чалавека.
А затым Джым Хол знік. Сабакі-сышчыкі дарэмна рыскалі па ягоных слядах. Узброеныя людзі затрымлівалі ні ў чым не вінаватых фермераў і патрабавалі, каб тыя засведчылі сваю асобу. A прагныя да выкупу за галаву Хола дзесяткі разоў знаходзілі ў гарах яго труп.
Увесь гэты час газеты чыталіся і ў Сіера-Вісце, але не столькі з цікавасцю, колькі з трывогай. Жанчыны былі перапалоханы. Суддзя Скот задаваўся і паджартоўваў з іх,— між іншым, без усялякіх падстаў, бо незадоўга да таго, як ён выйшаў у адстаўку, Джым Хол паўстаў перад ім у судзе і выслухаў ад яго свой прысуд. I там жа, у зале суда, перад усёй публікай Джым Хол заявіў, што настане дзень, калі ён адпомсціць суддзі, які вынес гэты прысуд.
Гэтым разам Хол не быў вінаваты. Яго асудзілі
няправільна. У зладзейскім свеце і сярод паліцэйскіх гэта называлася «засадзіць у турму».
Джыма Хола «засадзілі» за злачынства, якога ён не здзяйсняў. Узяўшы пад увагу ранейшыя судзімасці Джыма Хола, суддзя Скот даў яму пяцьдзесят гадоў турмы.
Суддзя Скот не ведаў многіх акалічнасцей справы, не падазраваў ён і таго, што стаў міжвольным саўдзельнікам змовы паліцэйскіх, што паказанні былі падстроеныя і скажоныя, што Джым Хол не быў замешаны ў злачынстве. А Джым Хол, са свайго боку, не ведаў, што суддзя Скот дзейнічаў па недасведчанасці. Джым Хол быў упэўнены, што суддзя Скот цудоўна ва ўсім дасведчаны і, выносячы гэты жудасны па сваёй несправядлівасці прысуд, дзейнічае заадно з паліцыяй. I таму, калі суддзя Скот зачытаў прысуд, які асуджаў Джыма Хола на пяцьдзесят гадоў жыцця і мала чым адрозніваўся ад смерці, Джым Хол — ненавіснік свету, што так крута абышоўся з ім,— ускочыў са свайго месца і шалеў ад разлютаванасці да таго часу, пакуль яго ворагі, апранутыя ў сінія мундзіры, не павалілі яго на падлогу. Ён лічыў суддзю Скота краевугольным каменем абрушанай на яго цвярдыні несправядлівасці і пагражаў яму помстай. А потым Джыма Хола жывым пахавалі ў турэмнай камеры... і ён уцёк адтуль.
Пра ўсё гэта Белы Ікол нічога не ведаў. Але паміж ім і жонкай гаспадара, Эліс, існавала тайна. Штоноч, пасля таго як уся Сіера-Віста клалася спаць, Эліс уставала з пасцелі і ўпускала Белага Ікла на ўсю ноч у хол. А паколькі Белы Ікол не быў пакаёвым сабакам і яму нельга было спаць у доме, то ранічкай, да таго як усе прачнуцца, Эліс ціхенька сыходзіла ўніз і выпускала яго ў двор.
У адну такую ноч, калі ўвесь дом спаў, Белы Ікол прачнуўся, але працягваў ляжаць ціха. I гэтак жа ціха ён павёў носам і адразу злавіў у паветры вестку аб прысутнасці ў доме незнаёмага бога. Да ягонага слыху даносіліся гукі крокаў. Бе-
лы Ікол не забрахаў. Гэта было не ў яго звычаі. Незнаёмы бог ступаў вельмі ціха, але яшчэ цішэй ступаў Белы Ікол, бо на ім не было адзення, якое шамаціць, дакранаючыся да цела. Ён рухаўся бясшумна. У Паўночнай глушы яму даводзілася паляваць на палахлівую дзічыну, і ён ведаў, як важна заспець яе знянацку.
Незнаёмы бог спыніўся каля лесвіцы і стаў прыслухоўвацца. Белы Ікол замёр. Ён стаяў, не варушачыся, і чакаў, што будзе далей. Лесвіца вяла ў калідор, дзе былі пакоі гаспадара і самых дарагіх для яго істот. Белы Ікол натапырыўся, але працягваў чакаць моўчкі. Незнаёмы бог паставіў нагу на ніжнюю прыступку; ён стаў паднімацца ўверх па лесвіцы...
I ў гэтую хвіліну Белы Ікол кінуўся. Ён зрабіў гэта без усялякага папярэджання, нават не загыркаў. Цела яго ўзляцела ў паветра і апусцілася якраз на спіну незнаёмага бога. Белы Ікол павіс у яго на плячах і ўпіўся зубамі яму ў шыю. Ён павіс на незнаёмым богу ўсім сваім цяжарам і ў адно імгненне перакуліў яго дагары. Абодва ўпалі на падлогу. Белы Ікол адскочыў убок, але як толькі чалавек паспрабаваў устаць на ногі, ён зноў кінуўся на яго і зноў запусціў зубы яму ў шыю.
Жыхары Сіера-Вісты ў страху прачнуліся. Па шуме, які даносіўся з лесвіцы, можна было падумаць, што там б’юцца полчышчы д’яблаў. Пачуўся рэвальверны стрэл, за ім другі, трэці. Хтосьці прарэзліва ўскрыкнуў ад жаху і болю. Потым пачулася гучнае гырканне. I ўсе гэтыя гукі суправаджаў звон шкла і грукат мэблі, якая перакульвалася.
Але шум заціх гэтак жа раптоўна, як і ўзнік. Усё гэта цягнулася не больш чым тры хвіліны. Перапалоханыя жыхары дома стоўпіліся на верхняй пляцоўцы лесвіцы. Знізу, з цемнаты, даносіліся булькаючыя гукі, быццам паветра выходзіла бурбалачкамі на паверхню вады. Час ад часу бульканне пераходзіла ў шыпенне, ледзь не ў свіст.
Але і гэтыя гукі хутка замерлі, і ў змроку чулася толькі цяжкае дыханне, нібы хтосьці пакутліва лавіў ротам паветра.
Уідан Скот павярнуў уключальнік, і патокі святла залілі лесвіцу і хол. Потым ён і суддзя Скот асцярожна спусціліся ўніз, трымаючы напагатове рэвальверы. Дарэчы, асцярожнасць іх аказалася залішняй: Белы Ікол ужо зрабіў сваю справу. Пасярод перакуленай і пераламанай мэблі ляжаў на баку чалавек, твар якога быў прыкрыты рукой. Уідан Скот нахіліўся, убраў руку і павярнуў чалавека тварам уверх. Рана, якая зеўрала на горле, не пакідала ніякіх сумненняў адносна прычыны яго смерці.
— Джым Хол! — сказаў суддзя Скот.
Бацька і сын шматзначна пераглянуліся, затым кінулі позірк на Белага Ікла. Ён таксама ляжаў на баку. Вочы яго былі заплюшчаны, але, калі людзі нахіліліся над ім, ён прыўзняў павекі, намагаючыся глянуць уверх, і ледзь варухнуў хвастом. Уідан Скот пагладзіў яго, і ў адказ на гэтую ласку ён ціхенька забурчаў. Але бурчанне прагучала ледзь чутна і тут жа абарвалася. Павекі Белага Ікла ўздрыгнулі і заплюшчыліся, усё цела неяк адразу абмякла, і ён выцягнуўся на падлозе.
— Скончана твая справа, нябога,— прамармытаў гаспадар.
— Ну, гэта мы яшчэ паглядзім,— заявіў суддзя і пайшоў да тэлефона.
— Шчыра кажучы, у яго ёсць адзін шанц на тысячу,— сказаў хірург, паўтары гадзіны пакорпаўшыся каля Белага Ікла.
Першыя сонечныя прамяні, што зазірнулі ў вокны, перасілілі электрычнае святло. Уся сям’я, акрамя дзяцей, сабралася каля хірурга, каб паслухаць, што ён скажа пра Белага Ікла.
— Пералом задняй нагі,— працягваў той.— Тры зламаныя рабры і прынамсі адно з іх прайшло ў лёгкае. Вялікая страта крыві. Магчыма, што ёсць і іншыя ўнутраныя пашкоджанні, бо, відаць, яго
тапталі нагамі. Я ўжо не кажу пра тое, што ўсе тры кулі прайшлі наскрозь. Ды не, адзін шанц на тысячу — гэта, відаць, надта аптымістычна. У яго няма і аднаго на дзесяць тысяч.
-— Але нельга губляць і гэтага шанцу! — усклікнуў суддзя Скот.— Я заплачу любыя грошы! Трэба зрабіць прасвечванне — усё, што спатрэбіцца... Уідан, тэлеграфуй зараз жа ў Сан-Францыска доктару Нікальсу. Вы не крыўдуйце, доктар, мы вам верым, але для гэтага сабакі трэба зрабіць усё, што можна.
— Ну, вядома, вядома! Я разумею, сабака гэтага заслугоўвае. Яго трэба даглядаць, як чалавека, як хворае дзіця. I сачыце за тэмпературай. Я загляну а дзесятай гадзіне.
I Белага Ікла даглядалі сапраўды, як чалавека. Дочкі суддзі з абурэннем адхілілі прапанову выклікаць сядзелку і ўзяліся за гэтую справу самі. I Белы Ікол вырваў у жыцця той адзіны шанц, у якім яму адмовіў хірург.
Аднак не варта хірурга асуджаць за яго памылку. Да гэтага часу яму даводзілася лячыць і аперыраваць распешчаных цывілізацыяй людзей, нашчадкаў многіх распешчаных пакаленняў. У параўнанні з Белым Іклом усе яны здаваліся кволымі і слабымі і не ўмелі чапляцца за жыццё. Белы Ікол быў выхадцам з Паўночнай глушы, якая нікому не дазваляе распесціцца і хутка знішчае слабых. Hi ў ягонай маці, ні ў ягонага бацькі, ні ў многіх пакаленняў іхніх продкаў не было нават прыкмет распешчанасці. Паўночная глуш узнагародзіла Белага Ікла жалезным арганізмам і жывучасцю, і ён чапляўся за жыццё і духам і целам з той упартасцю, якая ў ранейшыя часы была ўласціва кожнай жывой істоце.