• Часопісы
  • Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця  Джэк Лондан

    Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця

    Джэк Лондан
    Для старэйшага школьнага ўзросту
    Выдавец: Полымя
    Памер: 334с.
    Мінск 1997
    98.61 МБ
    Але з Колі справа ішла крыху інакш. Змірыўшыся з тым, што багі дазволілі ваўку жыць у хаце, яна ўсё ж не бачыла ў гэтым дастатковых падстаў для таго, каб зусім пакінуць яго ў спакоі. У памяці Колі стаялі незлічоныя злачынствы, здзейсненыя ваўком і яго родзічамі супраць яе продкаў. Напады на аўчарні нельга забыць ні за адзін дзень, ні за цэлае пакаленне, яны заклікалі да помсты. Колі не адважвалася парушыць волю багоў, якія падпусцілі да сябе Белага Ікла, але гэта не перашкаджала ёй атручваць яму жыццё. Паміж імі была
    спрадвечная варожасць, і Колі ўзялася безупынна напамінаць пра гэта Беламу Іклу.
    Пакарыстаўшыся перавагамі, якія даваў ёй пол, яна ўсяляк даймала і праследавала яго. Інстынкт не дазваляў яму нападаць на Колі, але заставацца абыякавым да яе настойлівых прыставанняў было проста немагчыма. Калі аўчарка кідалася на яго, ён падстаўляў пад яе вострыя зубы сваё плячо, пакрытае густой шэрсцю, і велічна адыходзіў убок; калі гэта не дапамагала, з цярплівым і маркотным выглядам пачынаў хадзіць кругамі, хаваючы ад яе галаву. Між іншым, калі яна ўсё ж ухітралася ўчапіцца яму ў заднюю нагу, адступаць даводзілася больш паспешна, ужо не думаючы пра велічнасць. Але ў большасці выпадкаў Белы Ікол захоўваў дастойны і амаль урачысты выгляд. Ён не заўважаў Колі, калі толькі гэта было магчыма, і стараўся не трапляцца ёй на вочы, a ўбачыўшы ці пачуўшы яе паблізу, уставаў з месца і адыходзіў.
    Белы Ікол шмат чаму павінен быў навучыцца ў Сіера-Вісце. Жыццё на Поўначы было простае ў параўнанні з тутэйшымі складанымі справамі. Перш за ўсё яму давялося пазнаёміцца з сям’ёй гаспадара, але гэта было для яго не ў навіну. МітСа і Клу-Куч належалі Шэраму Бабру, елі здабытае ім мяса, грэліся ля ягонага вогнішча і спалі пад ягонымі коўдрамі; якраз гэтак жа ўсе насельнікі Сіера-Вісты належалі гаспадару Белага Ікла.
    Аднак і тут адчувалася розніца, і розніца даволі значная. Сіера-Віста была куды болыпая, чым вігвам Шэрага Бабра. Беламу Іклу даводзілася сутыкацца тут з вельмі многімі людзьмі. У Сіера-Вісце бьіў суддзя Скот са сваёй жонкай. Потым там былі дзве сястры гаспадара — Бэт і Мэры. Была жонка гаспадара — Эліс — і нарэшце яго дзеці — Уідан і Мод, двое малых чатырох і шасці гадоў. Ніхто не мог расказаць Беламу Іклу пра ўсіх гэтых людзей, а пра вузы роднасці і чалавечыя ўзаемаадносіны ён нічога не ведаў, ды і ніколі не змог бы даведацца. I ўсё-такі ён хутка зразумеў, што ўсе
    гэтыя людзі належаць яго гаспадару. Потым, назіраючы за іх паводзінамі, услухоўваючыся ў іх гаворку і інтанацыю галасоў, ён паступова разабраўся ў ступені блізкасці кожнага з жыхароў Сіера-Вісты да гаспадара, адчуў меру прыхільнасці, якой ён дарыў іх. I адпаведна ўсяму гэтаму Белы Ікол і сам стаў адносіцца да новых багоў: тое, што цаніў гаспадар, цаніў і ён; тое, што было дарагое гаспадару, трэба было ўсяляк ахоўваць і яму самому.
    Так ішлі справы з гаспадарскімі дзецьмі. Усё сваё жыццё Белы Ікол не цярпеў дзяцей, баяўся і не пераносіў дотыку іх рук: ён не забыў дзіцячай жорсткасці і тыраніі, з якімі яму даводзілася сутыкацца ў індзейскіх паселішчах. I калі Уідан і Мод першы раз падышлі да яго, ён папераджальна забурчаў і злосна бліснуў вачыма. Удар кулаком і моцны вокрык гаспадара прымусілі Белага Ікла падпарадкавацца іх ласкам, хоць ён не пераставаў бурчаць, пакуль малюсенькія рукі гладзілі яго, і ў гэтым бурчанні не чулася ласкавай ноткі. Пазней, заўважыўшы, што хлопчык і дзяўчынка дарагія гаспадару, ён дазваляў ім гладзіць сябе, ужо не чакаючы ўдару і рэзкага вокрыку.
    Усё ж праяўляць свае пачуцці Белы Ікол не ўмеў. Ён пакараўся дзецям гаспадара з адкрытай неахвотай і пераносіў іх прыставанні, як пераносяць пакутлівую аперацыю. Калі яны ўжо надта надакучвалі, ён уставаў і з рашучым выглядам ішоў прэч. Але ў хуткім часе Уідан і Мод выклікалі да сябе сімпатыю Белага Ікла, хоць ён усё яшчэ ніяк не выказваў сваіх адносін да іх. Ён ніколі не падыходзіў да дзяцей сам, але ўжо не ўцякаў ад іх і чакаў, калі яны падыдуць. А потым дарослыя сталі заўважаць, што ў вачах Белага Ікла, калі ён бачыць дзяцей, з’яўляецца задавальненне, якое ўступае месца нечаму накшталт лёгкай прыкрасці, як толькі яны пакідалі яго дзеля іншых гульняў.
    Шмат чаго новага давялося зразумець Беламу Іклу, але на гэта ўсё патрэбен быў час. Наступнае
    месца пасля дзяцей Белы Ікол адводзіў суддзі Скоту. Тлумачылася гэта дзвюма првічынамі: па-першае, гаспадар, відаць, вельмі цаніў яго, па-другое, суддзя Скот бвіў чалавекам стрыманым. Белы Ікол любіў ляжаць ля яго ног, калі суддзя чытаў газету на прасторнай верандзе. Погляд ці слова, зрэдку кінутыя ў бок Белага Ікла, гаварылі яму, што суддзя Скот заўважае яго прысутнасць і ўмее даць адчуць гэта без усялякай назойлівасці. Але так было, калі гаспадар кудві-небудзь хадзіў. Варта было яму толькі паказацца — і ўвесь астатні свет пераставаў існаваць для Белага Ікла.
    Белы Ікол дазваляў усім членам сям’і Скота гладзіць і лашчыць сябе, але ні да кога з іх ён не адносіўся так, як да гаспадара. Ніякія ласкі не маглі выклікаць нотак любові ў яго гырканні. Як ні стараліся сваякі Скота, нікому з іх не ўдалося прымусіць Белага Ікла прыціснуцца да сябе галавой. Гэтым выказваннем бязмежнага даверу, падпарадкавання і адданасці Белы Ікол удастойваў толькі Уідана Скота. Па праўдзе кажучы, астатнія члены сям’і былі для яго не чым іншвім, як уласнасцю гаспадара.
    Якраз гэтак жа Белы Ікол вельмі рана адчуў розніцу паміж членамі сям’і гаспадара і слугамі. Слугі баяліся яго, а ён, са свайго боку, устрымліваўся ад нападу на гэтых людзей толькі таму, што лічыў іх таксама ўласнасцю гаспадара. Паміж імі і Белым Іклом падтрымліваўся нейтралітэт, і толькі. Яны варылі абед для гаспадара, мылі посуд і выконвалі ўсялякую іншую работу, гэтаксама як на Клондайку ўсё гэта рабіў Мэт. Карацей кажучы, слугі ўваходзілі неабходнай састаўной часткай у жыццёвы ўклад Сіера-Вісты.
    Шмат новага давялося даведацца Беламу Іклу і за межамі маёнтка. Уладанні гаспадара былі шырокія і вялізныя, але і яны мелі свае межы. Каля Сіера-Вісты праходзіла шаша. За ёй пачыналіся агульныя ўладанні ўсіх багоў — дарогі і вуліцы. Уласныя ж іх уладанні стаялі за агароджамі. Усё гэта кіравалася незлічоным мноствам законаў,
    якія дыктавалі Беламу Іклу яго паводзіны, хоць ён і не разумеў мовы багоў і мог знаёміцца з іх законамі толькі на аснове ўласнага вопыту. Ён дзейнічаў згодна са сваім інстынктам да таго часу, пакуль не сутыкаўся з адным з людскіх законаў. Пасля некалькіх такіх сутыкненняў Белы Ікол пазнаваў закон і больш ніколі не парушаў яго.
    Але больш за ўсё дзейнічалі на Белага Ікла строгія ноткі ў голасе гаспадара і караючая рука гаспадара. Белы Ікол любіў свайго бога самаадданай любоўю, і яго строгасць прычыняла яму такі боль, якога не маглі прычыніць ні Шэры Бабёр, ні Прыгажунчык Сміт. Іх пабоі былі адчувальныя толькі для цела, а дух, горды, неўтаймоўны дух Белага Ікла працягваў бушаваць. Удары новага гаспадара былі залішне слабыя, каб прычыніць боль, і ўсётакі яны пранікалі глыбей. Гаспадар выражаў Беламу Іклу сваё неадабрэнне і гэтым калоў у самае сэрца.
    Шчыра кажучы, Беламу Іклу не так ужо і часта пападала ад гаспадара. Гаспадарскага голасу было цалкам дастаткова; па гэтым голасе Белы Ікол меркаваў, правільна ён робіць ці не, да яго прымяркоўваў свае паводзіны, учынкі. Гэты голас быў для яго компасам, па якім ён накіроўваў свой шлях, компасам, які дапамагаў яму знаёміцца з новай краінай і новым жыццём.
    На Поўначы адзінай прыручанай жывёлай быў сабака. Усе астатнія жылі на волі і з’яўляліся законнай здабычай кожнага сабакі, калі толькі ён мог з ёй справіцца. Раней Беламу Іклу часта даводзілася займацца паляваннем, і яму было няўцям, што на Поўдні справы ідуць інакш. Пераканаўся ён у гэтым з самага пачатку свайго прабывання ў даліне Санта-Клара. Гуляючы неяк ранічкай каля дома, ён выйшаў з-за вугла і наткнуўся на курыцу, якая ўцякла з птушынага двара. Цалкам зразумела, што яму захацелася з’есці яе. Скачок, блісканне зубоў, спалоханае кудахтанне — і адважная падарожніца сустрэла свой канец. Курыца была добра адкормленая, тлустая і прыемная
    на смак; Белы Ікол аблізнуўся і вырашыў, што яда трапілася нядрэнная. У той жа дзень ён набрыў каля канюшні яшчэ на адну курыцу, якая заблудзілася. На выручку ёй прыбег конюх. He ведаючы нораву Белага Ікла, ён захапіў з сабой для запалохвання толькі дубец. Пасля першага ж удару Белы Ікол пакінуў курыцу і кінуўся на чалавека. Яго можна было б спыніць палкай, але не дубцом. Другі ўдар, што сустрэў яго на сярэдзіне скачка, ён прыняў моўчкі, не здрыгануўшыся ад болю. Конюх ускрыкнуў, шарахнуўся назад ад сабакі, які скочыў яму на грудзі, упусціў дубец, схапіўся за шыю рукамі. У выніку рука была распаласавана ад локця ўніз да самай косці.
    Конюх страшэнна перапалохаўся. Яго ашаламіла не столькі злосць Белага Ікла, колькі тое, што ён кінуўся моўчкі, не забрахаўшы, не загыркаўшы. Усё яшчэ не адымаючы пакусанай і залітай крывёю рукі ад твару і горла, конюх пачаў адступаць да хлява. Калі б не з'явілася Колі, яму б дабром не скончылася. Колі выратавала конюху жыццё, гэтак жа як у свой час выратавала жыццё Дзіку. He памятаючы сябе ад раз’юшанасці, аўчарка кінулася на Белага Ікла. Яна аказалася разумнейшай за надта даверлівых багоў. Усе яе падазрэнні апраўдаліся: гэта грабежнік! Ён зноў узяўся за свае старыя штучкі! Ён непапраўны!
    Конюх уцёк на канюшню, а Белы Ікол пачаў адступаць перад лютымі зубамі Колі, круцячыся і падстаўляючы пад яе ўкусы то адно, то другое плячо. Але Колі працягвала даймаць яго, не абмяжоўваючыся цяпер звычайным пакараннем. Яе хваляванне і злосць разгараліся з кожнай хвілінай, і ўрэшце рэшт Белы Ікол забыў усю сваю годнасць і ўцёк у поле.
    — Ён не будзе паляваць на курэй,— сказаў гаспадар,— але спачатку мне трэба заспець яго на месцы злачынства.
    Выпадак надарыўся праз два дні, але гаспадар нават не меркаваў, якіх памераў дасягне гэтае злачынства. Белы Ікол уважліва сачыў за птушыным
    дваром і яго насельнікамі. Вечарам, калі куры ўселіся на седала, ён узлез на кучу нядаўна прывезеных дошак, пераскочыў адтуль на дах куратніка, пералез цераз яго грэбень і саскочыў на зямлю. Праз секунду ў куратніку пачалося забойства.