Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця
Джэк Лондан
Выдавец: Полымя
Памер: 334с.
Мінск 1997
ЧАСТКА ПЯТАЯ
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
У ДАЛЁКІ ШЛЯХ
Гэта насілася ў паветры. Белы Ікол адчуў бяду яшчэ задоўга да таго, як яна дала знаць аб сваім набліжэнні. Вестка аб будучых зменах нейкімі невядомымі шляхамі дайшла да яго. Прадчуванне зарадзілася ў ім па віне багоў, хоць ён і не разумеў сутнасці таго, як і чаму гэта здарылася. Самі таго не падазраючы, багі выдалі свае намеры сабаку, і ён ужо не пакідаў ганка хаціны і, не заходзячы ў пакой, ведаў, што людзі нешта задумваюць.
— Паслухайце ж! — сказаў неяк за вячэрай паганяты.
Уідан Скот прыслухаўся. 3-за дзвярэй даносілася трывожнае паскугольванне, падобнае хутчэй на плач, які стрымліваюць. Потым стала чуваць.
як Белы Ікол абнюхвае дзверы, жадаючы пераканацца ў тым, што бог ягоны ўсё яшчэ тут, а не таямніча знік, як мінулы раз.
— Чуе, у чым справа,— сказаў паганяты.
Уідан Скот амаль з маленнем глянуў на Мэта, але словы яго не адпавядалі выразу вачэй.
— На якое ліха мне воўк у Каліфорніі? — спытаў ён.
— Вось я тое ж самае кажу,— адказаў Мэт.— На якое ліха вам воўк у Каліфорніі?
Але гэтыя словы не задаволілі Уідана Скота; яму здалося, што Мэт асуджае яго.
— Нашы сабакі з ім не справяцца,— працягваў Скот.— Ён іх усіх перагрызе. I калі нават я не разаруся канчаткова на адны штрафы, паліцыя ўсё роўна адбярэ яго ў мяне і расквітаецца з ім па-свойму.
— Сапраўдны бандыт, што і казаць! — пацвердзіў паганяты.
Уідан Скот недаверліва глянуў на яго.
— He, гэта немагчыма,— сказаў ён рашуча.
— Канечне, немагчыма,— згадзіўся Мэт.— Ды вам давядзецца спецыяльнага чалавека да яго прыставіць.
Усе ваганні Скота зніклі. Ён радасна кіўнуў. Настала цішыня, і было чуваць, як Белы Ікол ціха паскавытвае, нібы стрымліваючы плач, і абнюхвае дзверы.
— А ўсё-такі моцна ён да вас прывык,— сказаў Мэт.
Гаспадар раптам ускіпеў:
— Ды ну вас к чорту, Мэт! Я сам ведаю, што рабіць.
— Я не спрачаюся, толькі...
— Што «толькі»? — абарваў яго Скот.
— Толькі...— ціха пачаў паганяты, але раптам асмялеў і не стаў хаваць, што злуецца:— Чаго вы так натапырыліся? Гледзячы на вас, можна падумаць, што вы так-такі і не ведаеце, што рабіць.
Хвіліну Уідан Скот змагаўся з самім сабой, a потым сказаў ужо значна мякчэйшым тонам:
— Вы маеце рацыю, Мэт. Я сам не ведаю, што рабіць. У тым жа ўся і бяда...— I, памаўчаўшы, дадаў:— Ды не, было б сапраўдным вар’яцтвам узяць сабаку з сабой.
— Я з вамі цалкам згодзен,— сказаў Мэт, але яго словы і на гэты раз не задаволілі гаспадара.
— Як ён здагадваецца, што вы ад’язджаеце, вось чаго я не магу зразумець! — як нічога ніякага працягваў Мэт.
— Я і сам гэтага не разумею,— адказаў Скот, сумна паківаўшы галавой.
I потым настаў дзень, калі ў адчыненыя дзверы хаціны Белы Ікол убачыў, як гаспадар складвае рэчы ў той самы чамадан. Гаспадар і Мэт раз-пораз выходзілі і прыходзілі, і мірнае жыццё хаціны было парушана. У Белага Ікла не засталося ніякіх сумненняў. Ён ужо даўно адчуваў бяду, а цяпер зразумеў, што яму пагражае: бог ізноў рыхтуецца да ўцёкаў. I калі ён не ўзяў яго з сабой першы раз, то, верагодна, не возьме і цяпер.
Гэтай ноччу Белы Ікол распачаў выццё — працяжнае воўчае выццё. Белы Ікол выў, падняўшы морду да абыякавых зорак, і выліваў ім сваё гора гэтак жа, як у дзяцінстве, калі, прыбегшы з Паўночнай глушы, ён не знайшоў паселішча і ўбачыў толькі кучу смецця на тым месцы, дзе стаяў раней вігвам Шэрага Бабра.
У хаціне толькі што ляглі спаць.
— Ён зноў перастаў есці,— сказаў са свайго ложка Мэт.
Уідан Скот прамармытаў штосьці і заварочаўся пад коўдрай.
— Той раз сумаваў, а цяпер ужо, мабыць, здохне.
Коўдра на другім ложку зноў прыйшла ў рух.
— Ды замаўчыце вы! — крыкнуў у цемнаце Скот.— Заладзілі адно, як старая баба!
— Цалкам справядліва,— адказаў паганяты, і ў Скота не было цвёрдай упэўненасці, што той не падсмейваецца з яго цішком.
На наступны дзень трывога і страх Белага Ікла
толькі ўзмацніліся. Ён хадзіў за гаспадаром па пятах, а калі Скот заходзіў у хаціну, тырчаў на ганку. У адчыненыя дзверы яму былі відаць рэчы, раскладзеныя на падлозе. Да чамадана прыбавіліся два вялікія сакваяжы і скрынка. Мэт складваў коўдры і футравае адзенне гаспадара ў брызентавы мяшок. Белы Ікол заскавытаў, гледзячы на гэтую падрыхтоўку.
Хутка каля хаціны з’явіліся два індзейцы. Белы Ікол уважліва сачыў, як яны ўзвалілі рэчы на плечы і спусціліся з пагорка ўслед за Мэтам, які нёс чамадан і брызентавы мяшок. Неўзабаве Мэт вярнуўся. Гаспадар выйшаў на ганак і паклікаў Белага Ікла ў хаціну.
— Эх ты, нябога! — ласкава сказаў ён, пачухваючы яму за вухам і гладзячы па спіне.— Ад’язджаю, дружа. Цябе ў такую далечыню з сабой не возьмеш. Ну, пагыркай на развітанне, пагыркай, пагыркай як след.
Аднак Белы Ікол адмаўляўся гыркаць. Замест гэтага ён кінуў на гаспадара сумны, дапытлівы позірк і схаваў галаву ў яго пад пахай.
— Гудок! — крыкнуў Мэт.
3 Юкана данеслася рэзкае выццё параходнай сірэны.
Канчайце развітвацца! Ды не забудзьце зачыніць пярэднія дзверы! Я выйду праз заднія. Паспяшайцеся!
Абое дзвярэй зачыніліся адначасова, і Скот пачакаў на ганку, пакуль Мэт выйдзе з-за вугла хаціны. За дзвярыма чулася ціхае павіскванне, падобнае на плач. Потым Белы Ікол стаў глыбока, усімі грудзьмі ўцягваць паветра, уткнуўшыся носам у парог.
— Беражыце яго, Мэт,— гаварыў Скот, калі яны спускаліся з пагорка.— Напішыце мне, як яму тут жывецца.
— Абавязкова,— адказаў паганяты.— Стойце!.. Чуеце?
Ен спыніўся. Белы Ікол выў, як выюць сабакі над трупам гаспадара. Вялікае гора гучала ў гэтым
выцці, якое пераходзіла то ў немы плач, то ў жаласныя енкі, то зноў узлятала ўверх у новым парыве адчаю.
Параход « Аўрора» першы ў гэтым годзе адпраўляўся з Клондайка, і палубы яго былі забіты пасажырамі. Тут тоўпіліся людзі, якім пашанцавала ў пагоні за золатам, людзі, якіх залатая ліхаманка разарыла, і ўсе яны імкнуліся паехаць з гэтай краіны, гэтак жа, як у свой час імкнуліся трапіць сюды.
Стоячы каля сходак, Скот развітваўся з Мэтам. Паганяты ўжо хацеў сысці на бераг, як раптам вочы яго ўтаропіліся ў нешта ў глыбіні палубы, і ён не адказаў на поціск рукі Скота. Той павярнуўся: Белы Ікол сядзеў за некалькі крокаў ад іх і тужліва глядзеў на свайго гаспадара.
Мэт вылаяўся напаўголасу. Скот глядзеў на сабаку ў поўнай разгубленасці.
— Вы зачынілі пярэднія дзверы?
Скот кіўнуў галавой і спытаў:
— А вы заднія?
— Канечне, зачыніў! — горача адказаў Мэт.
Белы Ікол з падлізлівым выглядам прыціснуў вушы, але працягваў сядзець убаку, не спрабуючы падысці да іх.
— Давядзецца павесці яго з сабой.
Мэт зрабіў два крокі ў накірунку да Белага Ікла; той скочыў убок. Паганяты кінуўся за ім, але Белы Ікол праслізнуў паміж нагамі пасажыраў. Выкручваючыся, шнарачы з боку ў бок, ён бегаў па палубе і не даваўся Мэту.
Але варта было гаспадару загаварыць, як Белы Ікол пакорна падышоў да яго.
— Колькі часу карміў яго, а ён мяне цяпер і блізка не падпускае! — пакрыўджана прамармытаў паганяты.— А вы хоць бы раз пакармілі з таго першага дня! Забіце мяне — не ведаю, як ён здагадаўся, што гаспадар — вы.
Скот, які гладзіў Белага Ікла, раптам нахіліўся і паказаў на свежыя парэзы на яго мордзе і глыбокую рану паміж вачыма.
Мэт правёў рукой яму па жываце.
— А пра акно ж мы з вамі забыліся! Глядзіце, як увесь жывот парэзаны. Мабыць, разбіў шкло і выскачыў.
Але Уідан Скот не слухаў, ён хутка абдумваў штосьці. «Аўрора» дала апошні гудок. Тыя, хто праводзіў, паспешна сыходзілі на бераг. Мэт зняў хустку з шыі і хацеў узяць Белага Ікла на прывязь. Скот схапіў яго за руку.
— Бывайце, Мэт! Бывайце, друг! Вам, мабыць, не давядзецца пісаць мне пра ваўка... Я... я...
— Што? — ускрыкнуўпаганяты.— Няўжовы...
— Вось іменна. Схавайце сваю хустку. Я вам сам пра яго напішу.
Мэт затрымаўся на сходках.
— Ён не перанясе клімату! Вам давядзецца стрыгчы яго ў спёку.
Сходкі ўсцягнулі на палубу, і «Аўрора» адплыла ад берага. Уідан Скот памахаў Мэту на развітанне і павярнуўся да Белага Ікла, які стаяў побач з ім.
— Ну, цяпер гыркай, нягоднік, гыркай,— сказаў ён, пачухваючы Беламу Іклу за вушамі і гледзячы, як той прыхінуўся да яго ног.
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
НА ПОЎДНІ
Белы Ікол сышоў з парахода ў Сан-Францыска.
Ён быў уражаны. Уяўленне пра магутнасць заўсёды спалучалася ў яго з уяўленнем пра бажаство. I ніколі яшчэ белыя людзі не здаваліся яму такімі чараўнікамі, як цяпер, калі ён ішоў па слізкіх тратуарах Сан-Францыска. Замест знаёмых хацін з бярвення па баках высіліся вялізныя будынкі. Вуліцы былі напоўнены ўсялякага роду небяспекай: брычкамі, карэтамі, аўтамабілямі, рослымі коньмі, запрэжанымі ў вялізныя фургоны, а сярод іх
рухаліся страшныя трамваі, безупынна пагражаючы Беламу Іклу пранізлівым звонам і бразгатаннем, якое нагадвала віск рысі, з якой яму даводзілася сустракацца ў паўночных лясах.
Усё навокал гаварыла пра магутнасць. За ўсім гэтым адчувалася прысутнасць уладарнага чалавека, які ўсталяваў сваё панаванне над светам рэчаў. Белы Ікол быў уражаны і ашаломлены гэтым відовішчам. Яму стала страшна. Усведамленне ўласнай нікчэмнасці ахапіла гордага, поўнага сіл сабаку, нібыта ён зноў ператварыўся ў шчаня, якое прыбегла з Паўночнай глушы да паселішча Шэрага Бабра. А колькі багоў тут было! Ад іх у Белага Ікла мітусілася ў вачах. Вулічны грукат аглушаў яго, ён бянтэжыўся ад няспыннага патоку і мільгання рэчаў. Ён адчуваў, як ніколі, сваю залежнасць ад гаспадара і ішоў за ім па пятах, стараючыся не выпускаць яго з вачэй.
Горад пранёсся кашмарам, але ўспамін пра яго доўгі час праследаваў Белага Ікла ў сне. У той жа дзень гаспадар пасадзіў яго на ланцуг у кут багажнага вагона, сярод кучы чамаданаў і скрыняў. Тут усім распараджаўся каржакаваты, вельмі дужы бог, які з грукатам соўгаў скрыні і чамаданы, усцягваў іх у вагон, навальваў адзін на другі ці кідаў за дзверы, дзе іх падхоплівалі іншыя багі.
I тут, у гэтым сапраўдным пекле, гаспадар пакінуў Белага Ікла,— прынамсі, Белы Ікол лічыў сябе пакінутым да таго часу, пакуль не ўчуў побач з сабой гаспадаровых рэчаў і, учуўшы, стаў на варту каля іх.
— У час завіталі,— прабурчаў каржакаваты бог, калі праз гадзіну ў дзвярах з’явіўся Уідан Скот.— Гэты сабака дакрануцца мне не даў да вашых чамаданаў.