Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця
Джэк Лондан
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Полымя
Памер: 334с.
Мінск 1997
I вось прыхільнасць уступіла месца любові. Любоў закранула ў ім такія глыбінкі, куды ніколі не пранікала прыхільнасць. За любоў Белы Ікол плаціў любоўю. Ён знайшоў бажаство, прамяністае бажаство, у прысутнасці якога ён расцвітаў, як расліна пад прамянямі сонца. Белы Ікол не ўмеў праяўляць свае пачуцці. Ён быў ужо немалады і надта суровы для гэтага. Пастаянная адзінота выпрацавала ў ім стрыманасць. Яго пануры нораў быў вынікам шматгадовага вопыту. Ён не ўмеў
брахаць і ўжо не мог навучыцца вітаць свайго бога брэхам. Ён ніколі не лез яму на вочы, не мітусіўся і не скакаў, каб даказаць сваю любоў, ніколі не кідаўся насустрач, а чакаў убаку,— але чакаў заўсёды. Любоў гэтая межавалася з немым, маўклівым абажаннем. Толькі вочы, якія сачылі за кожным рухам гаспадара, выдавалі пачуцці Белага Ікла. Калі ж гаспадар глядзеў на яго і загаворваў з ім, ён бянтэжыўся, не ведаючы, як выказаць сваю любоў, якая завалодала ўсёй ягонай істотай.
Белы Ікол пачынаў прыстасоўвацца да новага жыцця. Так, ён зразумеў, што сабак гаспадара чапаць нельга. Але ягоны ўладарны характар заяўляў пра сябе; і сабакам давялося пераканацца на справе ў перавазе свайго новага важака. Прызнаўшы яго ўладу над сабой, яны ўжо не дастаўлялі яму шмат турбот. Варта было Беламу Іклу з’явіцца сярод зграі, як сабакі ўступалі яму дарогу і скараліся перад ягонай воляй.
Гэтаксама ён прывык і да Мэта, як да ўласнасці гаспадара. Уідан Скот сам вельмі рэдка карміў Белага Ікла, гэты абавязак ускладаўся на Мэта,— і Белы Ікол зразумеў, што ежа, якую ён есць, належыць гаспадару, які даручыў Мэту клапаціцца пра яго. Той жа самы Мэт паспрабаваў неяк запрэгчы яго ў нарты разам з іншымі сабакамі. Але гэтая спроба пацярпела няўдачу, і Белы Ікол скарыўся толькі тады, калі Уідан Скот сам надзеў на яго вупраж і сам сеў у нарты. Ён зразумеў: гаспадар хоча, каб Мэт кіраваў ім гэтак жа, як і іншымі сабакамі.
У клондайкскіх нартаў, у адрозненне ад саней, на якіх ездзяць на Макензі, ёсць палазы. Спосаб запрагання тут таксама зусім іншы. Сабакі бягуць цугам у двайных пастронках, а не расходзяцца веерам. I тут, на Клондайку, важак сапраўды важак. На першае месца ставяць самага кемлівага і самага дужага сабаку, якога баіцца і слухаецца ўся запрэжка. Як і варта было чакаць, Белы Ікол у хуткім часе заняў гэтае месца. Пасля многіх клопатаў Мэт зразумеў, што на меншае той не згодзіц-
ца. Белы Ікол сам выбраў сабе гэтае месца, і Мэт, не саромеючыся ў выразах, пацвердзіў правільнасць яго выбару пасля першай жа спробы. Бегаючы цэлы дзень у запрэжцы, Белы Ікол не забываў і пра тое, што ноччу трэба вартаваць гаспадарскае дабро. Такім чынам, ён верай і праўдай служыў Скоту, і ў таго ва ўсёй запрэжцы не было больш каштоўнага сабакі, чым Белы Ікол.
— Калі ўжо вы дазволіце мне выказаць сваю думку,— загаварыў неяк Мэт,— то скажу вам, што з вашага боку было вельмі разумна даць за гэтага сабаку паўтараста долараў. Спрытна вы ашукалі Прыгажунчыка Сміта, ужо не кажучы пра тое, што і па фізіяноміі яму заехалі.
Шэрыя вочы Уідана Скота зноў загарэліся гневам, і ён злосна прамармытаў: «Нягоднік!»
Позняй вясной Белага Ікла напаткала вялікае гора: раптоўна, без усялякага папярэджання, гаспадар знік. Уласна кажучы, папярэджанне было, але Белы Ікол не меў вопыту ў такіх справах і не ведаў, чаго трэба чакаць ад чалавека, які складвае свае рэчы ў чамаданы. Пазней ён успомніў, што складванне рэчаў папярэднічала ад’езду гаспадара, але тады ў яго не зарадзілася ніякага падазрэння. Вечарам Белы Ікол, як заўсёды, чакаў яго прыходу. Апоўначы падняўся вецер; ён схаваўся ад холаду за хацінай і ляжаў там, прыслухоўваючыся скрозь дрымоту, ці пачуюцца знаёмыя крокі. Але ў дзве гадзіны ночы трывога выгнала яго з-за хаціны, ён скруціўся ў клубок на халодным ганку і стаў чакаць далей.
Гаспадар не прыходзіў. Раніцай дзверы адчынілісяД на ганак выйшаў Мэт. Белы Ікол тужліва паглядзеў на паганятага: у яго не было іншага спосабу спытаць пра тое, што яму так хацелася ведаць. Дні ішлі за днямі, а гаспадар не з’яўляўся. Белы Ікол, які не ведаў да гэтага часу, што такое хвароба, захварэў. Ён быў вельмі слабы, настолькі слабы, што Мэту давялося ўрэшце рэшт узяць яго ў хаціну. Акрамя таго, у сваім пісьме да гаспадара Мэт прыпісаў некалькі радкоў пра Белага Ікла.
Атрымаўшы пісьмо ў Сёркле, Уідан Скот прачытаў наступнае:
«Пракляты воўк адмаўляецца працаваць. Нічога не есць. Зусім занудзіўся. Сабакі не даюць яму праходу. Хоча ведаць, куды вы падзеліся, а я не ўмею растлумачыць яму. Баюся, хоць бы не здох».
Мэт напісаў праўду. Белы Ікол засумаваў, перастаў есці, не адбіваўся ад сабак, якія наляталі на яго. Ён ляжаў у пакоі на падлозе каля печкі, страціўшы ўсялякую цікавасць да яды, да Мэта, да ўсяго на свеце. Мэт спрабаваў гаварыць з ім ласкава, спрабаваў крычаць — нічога не дзейнічала: Белы Ікол падымаў на яго пацьмянелыя вочы, а потым зноў апускаў галаву на пярэднія лапы.
Але аднойчы вечарам, калі Мэт сядзеў за сталом і чытаў, шэптам мармычучы словы і варушачы губамі, увагу яго прыцягнула ціхае павіскванне Белага Ікла. Белы Ікол устаў з месца, навастрыў вушы, гледзячы на дзверы, і ўважліва прыслухоўваўся. Праз хвіліну Мэт пачуў крокі. Дзверы адчыніліся і ўвайшоў Уідан Скот. Яны павіталіся. Потым Скот агледзеўся па баках.
— А дзе воўк? — спытаў ён і ўбачыў яго.
Белы Ікол стаяў каля печкі. Ён не кінуўся наперад, як гэта зрабіў бы любы іншы сабака, а стаяў і глядзеў на свайго гаспадара.
— Каб яго чорт узяў! — усклікнуў Мэт.— Ды ён хвастом віляе!
Уідан Скот выйшаў на сярэдзіну пакоя і падазваў Белага Ікла да сябе. Белы Ікол не скочыў да яго насустрач, але тут жа падышоў на кліч. Рухі яго скоўвала сарамлівасць, але ў вачах з’явіўся нейкі новы, незвычайны выраз: пачуццё вялікай любові засвяцілася ў іх.
— На мяне, нябось, ні разу не глянуў так, пакуль вас не было,— сказаў Мэт. Але Уідан Скот нічога не чуў. Прысеўшы на кукішкі перад Белым Іклом, ён лашчыў яго — пачухваў яго за вушамі, гладзіў шыю і плечы, пяшчотна паляпваў па спіне. А Белы Ікол ціха гыркаў у адказ, і мяккія ноткі
чуліся ў ягоным гырканні больш выразна, чым раней.
Але гэта было не ўсё. Якім чынам радасць дапамагла знайсці выхад глыбокаму пачуццю, якое рвалася наверх? Белы Ікол раптам выцягнуў шыю і ўсунуў галаву гаспадару пад паху; і, схаваўшыся так, што відаць былі адны толькі вушы, ён ужо не гыркаў болып і прыціскаўся ўсё шчыльней і шчыльней.
Мужчыны пераглянуліся. У Скота блішчалі вочы.
— Вось бач ты! — усклікнуў уражаны Мэт. Потым дадаў:— Я заўсёды гаварыў, што гэта не воўк, а сабака. Палюбуйцеся на яго!
3 вяртаннем гаспадара, які навучыў яго любові, Белы Ікол хутка ачуняў. У хаціне ён правёў яшчэ дзве ночы і дзень, а потым выйшаў на ганак. Сабакі ўжо паспелі забыць ягоныя доблесці, у іх засталося ў памяці, што апошнім часам Белы Ікол быў слабы і хворы,— і як толькі ён з’явіўся на ганку, яны кінуліся на яго з усіх бакоў.
— Ну і бойка! — з задаволеным выглядам прамармытаў Мэт, які назіраў за гэтай сцэнай з парога хаціны.— Няма чаго з імі цырымоніцца, воўк! Дай ім як след! Ну, яшчэ, яшчэ!
Белы Ікол не меў патрэбы ў заахвочванні. Прыезду любімага гаспадара было цалкам дастаткова — цудоўнае бурнае жыццё зноў забілася ў ягоных жылах. Ён біўся, знаходзячы ў бойцы адзіны выхад для сваёй радасці. Канец мог быць толькі адзін — сабакі разбегліся, пацярпеўшы паражэнне, і вярнуліся назад толькі з надыходам цемнаты, уніжана і рахмана заяўляючы Беламу Іклу аб сваёй пакорнасці.
Навучыўшыся прыціскацца да гаспадара галавой, Белы Ікол часта карыстаўся гэтым новым спосабам выражэння сваіх пачуццяў. Гэта была мяжа, далей якой ён не мог ісці. Галаву сваю ён ахоўваў больш за ўсё і не выносіў, калі да яе дакраналіся. Так загадвала яму Паўночная глуш: бойся пасткі, бойся ўсяго, што можа прычыніць боль. Інстынкт
патрабаваў, каб галава заставалася свабоднай. A цяпер, прыціскаючыся да гаспадара, Белы Ікол па ўласнай волі ставіў сябе ў цалкам бездапаможнае становішча. Ён выказваў гэтым бязмежную веру, беззапаветную пакорнасць гаспадару і нібы гаварыў яму: «Аддаю сябе ў твае рукі. Рабі са мной, што хочаш».
Аднойчы вечарам, у хуткім часе пасля свайго вяртання, Скот гуляў з Мэтам у крыбедж перад сном.
— Пятнаццаць і два, пятнаццаць і чатыры, і яшчэ двойка...— падлічваў Мэт, як раптам з вуліцы пачуліся нечыя крокі і гырканне.
Пераглянуўшыся, яны ўскочылі з-за стала.
— Воўк раздзірае некага! — сказаў Мэт.
Роспачны крык прымусіў іх кінуцца да дзвярэй.
— Пасвяціце мне! — крыкнуў Скот, выбягаючы на ганак.
Мэт пабег за ім з лямпай, і пры свеце яе яны ўбачылі чалавека, які дагары ляжаў на снезе. Ён закрываў твар і шыю рукамі, спрабуючы абараніцца ад зубоў Белага Ікла. I гэта была не лішняя засцярога: не памятаючы сябе ад раз’юшанасці, Белы Ікол стараўся што б там ні было дабрацца зубамі да горла незнаёмца; ад рукавоў курткі, сіняй фланелевай блузы і сподняй кашулі ў таго засталіся адны касмылі, а скусаныя рукі былі заліты крывёю.
Скот і паганяты разгледзелі гэта за адну секунду. Скот схапіў Белага Ікла за шыю і адцягнуў назад. Белы Ікол ірваўся з гырканнем, але не кусаў гаспадара і пасля яго рэзкага вокрыку хутка супакоіўся.
Мэт дапамог чалавеку ўстаць на ногі. Падымаючыся, той адняў рукі ад твару, і, убачыўшы звярыную фізіяномію Прыгажунчыка Сміта, паганяты адскочыў назад як апараны. Жмурачыся на святле, Прыгажунчык Сміт агледзеўся па баках. Твар ягоны перакрывіўся ад жаху, як толькі ён глянуў на Белага Ікла.
У тую ж хвіліну паганяты ўбачыў, што на снезе штосьці ляжыць. Ен паднёс лямпу бліжэй і падпіхнуў наском бота стальны ланцуг і тоўстую палку.
Уідан Скот зразумела кіўнуў галавой. Яны не вымавілі ні слова. Паганяты ўзяў Прыгажунчыка Сміта за плячо і павярнуў да сябе спінай. Усё было зразумела. Прыгажунчык Сміт пусціўся на ўсю моц.
А гаспадар гладзіў Белага Ікла і гаварыў:
— Хацеў украсці цябе, так? А ты не дазволіў? Так, так, значыць, пралічыўся гэты малойчык!
— Ён, нябось, падумаў, што на яго ўся апраметная накінулася,— ухмыльнуўся Мэт.
А Белы Ікол працягваў гыркаць; але паступова шэрсць на ягонай спіне ўляглася, і мяккая нотка, якая зусім была патанула ў гэтым злосным гырканні, станавілася ўсё больш і болып чутнай.