Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця
Джэк Лондан
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Полымя
Памер: 334с.
Мінск 1997
было. Яна атручвала Беламу Іклу існаванне, ходзячы за ім па пятах, як палісмен, і варта было яму толькі кінуць цікаўны позірк на голуба або курыцу, як аўчарка пачынала раз’юшана, абурана брахаць. Аблюбаваны спосаб Белага Ікла адчапіцца ад яе заключаўся ў тым, што ён клаўся на зямлю, апускаў галаву на пярэднія лапы і прытвараўся, што спіць. У такіх выпадках яна заўсёды бянтэжылася і адразу змаўкала.
За выключэннем непрыемнасцей з Колі, усё астатняе ішло гладка. Белы Ікол навучыўся стрымліваць сябе, цвёрда засвоіў законы. У характары яго з’явіліся паважнасць, спакой, філасофскае цярпенне. Асяроддзе перастала быць варожым яму. Прадчування небяспекі, пагрозы болю і смерці як і не было. Паступова знік і жах перад невядомым, якое падпільноўвала яго на кожным кроку. Жыццё стала спакойным і лёгкім. Яно цякло роўна, не азмрочанае ні страхамі, ні варожасцю.
Яму не хапала снегу, але сам ён не разумеў гэтага. «Як зацягнулася лета!» — падумаў бы, мусіць, Белы Ікол, калі б мог так падумаць. Патрэбнасць у снезе была цьмяная, несвядомая. Якраз гэтак жа ў летнія дні, калі сонца пякло бязлітасна, ён адчуваў лёгкія прыступы тугі па Поўначы. Але туга гэтая праяўлялася толькі ў неспакоі, прычыны якога заставаліся незразумелымі яму самому.
Белы Ікол ніколі не вызначаўся экспансіўнасцю. Ён прыціскаўся галавой да гаспадара, ласкава бурчаў і толькі такімі спосабамі выказваў сваю любоў. Але ў хуткім часе яму давялося пазнаць і трэці спосаб. Ён не мог заставацца абыякавым, калі багі смяяліся. Смех даводзіў яго да шаленства, прымушаў страчваць розум ад раз’юшанасці. Але на гаспадара Белы Ікол не мог злаваць, і, калі той пачаў аднойчы лагодна жартаваць і смяяцца з яго, ён разгубіўся. Ранейшая злосць паднімалася ў ім, але гэтым разам ёй даводзілася змагацца з любоўю. Злаваць ён не мог,— што ж яму было рабіць? Ён стараўся захаваць велічны выгляд, але
гаспадар зарагатаў мацней. Ён набраўся яшчэ больш велічы, а гаспадар усё рагатаў і рагатаў. Урэшце рэшт Белы Ікол здаўся. Верхняя губа ў яго ўздрыгнула, агаліўшы зубы, і вочы загарэліся не то хітрым, не то любоўным агеньчыкам. Белы Ікол навучыўся смяяцца.
Навучыўся ён і гуляць з гаспадаром: дазваляў валіць сябе з ног, перакульваць на спіну, вырабляць над сабой усялякія штучкі, а сам прыкідваўся раз’юшаным, увесь натапырваўся, гыркаў і ляскаў зубамі, робячы выгляд, што хоча ўкусіць гаспадара. Але да гэтага ніколі не даходзіла: яго зубы ляскалі ў паветры, не закранаючы Скота. I ў канцы такой бойкі, калі ўдары, штуршкі, лясканне зубамі і гырканне рабіліся ўсё мацнейшымі і мацнейшымі, чалавек і сабака раптам; адскаквалі ў розныя бакі, спыняліся і глядзелі адзін на аднаго. А потым гэтак жа нечакана — быццам сонца раптам праглянула над разбушаваным морам — яны пачыналі смяяцца. Гульня звычайна заканчвалася тым, што гаспадар абдымаў Белага Ікла за шыю, а той заводзіў сваю бурчліва-пяшчотную любоўную песеньку.
Але, акрамя гаспадара, ніхто не адважваўся распачынаць такую бойку з Белым Іклом. Ён не дапускаў гэтага. Варта было каму-небудзь іншаму зрабіць замах на ягонае пачуццё ўласнай годнасці, як пагрозлівае гырканне і натапыраная шэрсць знішчалі ў гэтага смельчака ўсякую ахвоту падурэць з ім. Калі Белы Ікол дазваляў гаспадару такія вольнасці, гэта зусім не азначала, што ён дорыць сваю любоў направа і налева, як звычайны сабака, які гатовы дурэць і гуляць хоць з кім. Ён любіў толькі аднаго чалавека і адмаўляўся разменьваць сваю любоў.
Гаспадар шмат ездзіў конна, і Белы Ікол лічыў сваім самым першым абавязкам суправаджаць яго ў час такіх прагулак. На Поўначы ён даказваў сваю вернасць тым, што хадзіў у вупражы, але на Поўдні ніхто не ездзіў на нартах, і тутэйшых сабак не
нагружалі цяжкасцямі. 3 гэтай прычыны Белы Ікол заўсёды быў пры гаспадару ў час ягоных паездак, знайшоўшы ў гэтым новы спосаб для выражэння сваёй адданасці. Яму нічога не значыла бегчы так хоць цэлы дзень. Ён бег без ніякага напружання, не адчуваючы стомленасці, роўнай воўчай рыссю, і зрабіўшы міляў пяцьдзесят, усё гэтак жа жвава нёсся перад канём.
Гэтыя паездкі гаспадара далі Беламу Іклу магчымасць навучыцца яшчэ аднаму спосабу выражэння сваіх пачуццяў, і надзвычайна тое, што ён пакарыстаўся ім толькі два разы за ўсё сваё жыццё. Упершыню гэта здарылася, калі Уідан Скот дамагаўся ад гарачага чыстакроўнага каня, каб ён дазволіў яму адчыняць і зачыняць брамку, не злазячы з сядла. Раз за разам ён пад’язджаў да брамкі, спрабуючы зачыніць яе за сабой, але конь спалохана адступаў назад, кідаўся ўбок. Ён гарачыўся ўсё больш і больш, станавіўся на дыбкі, а калі гаспадар даваў яму шпоры і прымушаў апусціць пярэднія ногі, пачынаў біць задам. Белы Ікол сачыў за імі з усё большым і большым неспакоем і пад канец, не маючы ўжо сіл стрымліваць сябе, падскочыў да каня і злосна і пагражальна забрахаў на яго.
Пасля выпадку з канём ён часта спрабаваў брахаць, і гаспадар заахвочваў яго спробы, але зрабіць гэта яму ўдалося яшчэ толькі адзін раз, прычым гаспадара ў той час не было паблізу. Нагодай да таго паслужылі наступныя падзеі: гаспадар скакаў конна па полі, як раптам конь кінуўся ўбок, спалохаўшыся зайца, што выскачыў з-пад самых яго капытоў; спатыкнуўся — гаспадар вылецеў з сядла, упаў і зламаў нагу. Белы Ікол раз’юшыўся і хацеў быў учапіцца вінаватаму каню ў горла, але гаспадар спыніў яго.
— Дадому! Ідзі дадому! — крыкнуў ён, пераканаўшыся, што нага зламаная.
Белы Ікол не хацеў пакідаць яго аднаго. Гаспадар хацеў напісаць запіску, але не знайшоў у Ki-
шэнях ні алоўка, ні паперы. Тады ён зноў загадаў Беламу Іклу бегчы дадому.
Белы Ікол тужліва паглядзеў на яго, зрабіў некалькі крокаў, вярнуўся і ціха заскавытаў. Гаспадар загаварыў з ім ласкавым, але сур’ёзным тонам; Белы Ікол навастрыў вушы, з пакутлівым напружаннем услухоўваючыся ў словы.
— He бянтэжся, дружа, ідзі дадому,— гаварыў Уідан Скот.— Ідзі дадому і раскажы там, што здарылася. Дадому, воўк, дадому!
Белы Ікол ведаў слова «дадому» і, не разумеючы астатняга, усё ж здагадаўся, пра што гаворыць гаспадар. Ён павярнуўся і нехаця пабег па полі. Потым спыніўся ў нерашучасці і паглядзеў назад.
— Дадому! — пачуўся строгі загад, і гэтым разам Белы Ікол падпарадкаваўся.
Калі ён падбег да дома, усе сядзелі на верандзе і цешыліся вячэрняй прахалодай. Белы Ікол быў увесь у пыле і цяжка дыхаў.
— Уідан вярнуўся,— сказала маці Скота.
Дзеці сустрэлі Белага Ікла радаснымі крыкамі і кінуліся яму насустрач. Ён шмыгнуў ад іх у дальні канец веранды, але маленькі Уідан і Мод загналі яго ў кут паміж качалкай і парэнчамі. Ён загыркаў, спрабуючы вырвацца на свабоду. Жонка Скота спалохана паглядзела ў той бок.
— Усё ж я ў пастаяннай трывозе за дзяцей, калі яны круцяцца каля Белага Ікла,— сказала яна.— Толькі і чакаеш, што некалі ён кінецца на іх.
Белы Ікол з лютым гырканнем выскачыў з пасткі, паваліўшы хлопчыка і дзяўчынку. Маці паклікала іх да сябе і стала супакойваць і ўгаворваць пакінуць Белага Ікла ў спакоі.
— Воўк заўсёды застанецца ваўком,— заўважыў суддзя Скот.— Яму нельга давярацца.
— Алеённесапраўднывоўк,— умяшалася Бэт, становячыся на бок адсутнага брата.
— Ты верыш словам Уідана,— запярэчыў суддзя.— Ён думае, што ў Белым Ікле сабачая кроў, але гэта толькі ягонае меркаванне. А з выгляду...
Суддзя не скончыў фразы. Белы Ікол спыніўся перад ім і злосна загыркаў.
— Пайшоў на месца! На месца! — строга вымавіў суддзя Скот.
Белы Ікол павярнуўся да жонкі гаспадара. Яна спалохана ўскрыкнула, калі ён схапіў яе зубамі за сукенку і, пацягнуўшы да сябе, разарваў тонкую матэрыю.
Тут ужо Белы Ікол стаў цэнтрам усеагульнай увагі. Ён стаяў, высока падняўшы галаву, і ўглядаўся ў твары людзей. Горла яго пацепвалася сутаргай, але не выдавала ні гуку. Ён намагаўся неяк выказаць тое, што рвалася ў ім наверх і не знаходзіла сабе выхаду.
— Ці не ашалеў ён? — сказала маці Уідана.— Я гаварыла Уідану, што паўночны сабака не перанясе цёплага клімату.
— Ён чаго добрага загаворыць! — усклікнула Бэт.
У гэтую хвіліну Белы Ікол набыў дар гаварыць і пачаў аглушальна брахаць.
— Штосьці здарылася з Уіданам,— з упэўненасцю сказала жонка Скота.
Усе ўскочылі з месца, а Белы Ікол кінуўся ўніз па прыступках, азіраючыся назад і нібы запрашаючы людзей ісці за ім. Ён брахаў другі і апошні раз у жыцці і дамогся, каб яго зразумелі.
Пасля гэтага выпадку жыхары Сіера-Вісты сталі лепш адносіцца да Белага Ікла, і нават конюх з пакусанай рукой прызнаў, што Белы Ікол разумны сабака, хоць ён і воўк. Суддзя Скот таксама прытрымліваўся гэтага пункту гледжання і, на ўсеагульнае незадавальненне, прыводзіў у якасці доказу сваёй праўды апісанні і табліцы, узятыя з энцыклапедыі і розных кніг па заалогіі.
Дні ішлі адзін за адным, шчодра асвятляючы даліну Санта-Клара сонечнымі прамянямі. Але з набліжэннем зімы, другой ягонай зімы на Поўдні, Белы Ікол зрабіў дзіўнае адкрыццё: зубы Колі перасталі быць такімі вострымі, яе гуллівыя, лёгкія
ўкусы ўжо не прычынялі болю. Белы Ікол забыўся, што калісьці аўчарка атручвала яму жыццё, і, стараючыся адказваць ёй такой жа гуллівасцю, рабіў гэта да смешнага нязграбна.
Аднойчы Колі доўга насілася па лузе, а потым завабіла Белага Ікла з сабой у лес. Гаспадар збіраўся пакатацца да абеду на кані, і Белы Ікол ведаў пра гэта. Ён адчуваў у сабе нешта такое, што было мацнейшым за ўсе пазнаныя ім законы, мацнейшым за ўсе звычкі, мацнейшым за любоў да гаспадара, мацнейшым за волю да жыцця. I калі аўчарка куснула яго і пабегла прэч, ён пакінуў сваю нерашучасць, павярнуўся і пабег за ёй. У той дзень гаспадар ездзіў адзін, а Белы Ікол бегаў па лесе побач з Колі,— гэтак жа, як шмат гадоў таму назад у маўклівым паўночным гушчары яго маці Кічы бегала з Аднавокім.
РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
ДРЭМЛЮЧЫ ВОЎК
Прыблізна ў гэты ж час у газетах з’явілася паведамленне пра смелыя ўцёкі з сан-квенцінскай турмы аднаго зняволенага, які славіўся сваёй лютасцю. Гэта была натура, сапсаваная з самага нараджэння, натура, якая не атрымала ніякай дапамогі ад акаляючага асяроддзя, натура, якая ўяўляла сабой надзвычайны прыклад таго, у што можа ператварыцца чалавечы матэрыял, калі ён трапляе ў бязлітасныя рукі грамадства. Гэта была жывёліна,— праўда, жывёліна ў абліччы чалавека, але тым не менш інакш, як драпежнікам, яго нельга было назваць.