• Газеты, часопісы і г.д.
  • Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця  Джэк Лондан

    Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця

    Джэк Лондан
    Для старэйшага школьнага ўзросту
    Выдавец: Полымя
    Памер: 334с.
    Мінск 1997
    98.61 МБ
    дыхаў, было насычана нянавісцю і злосцю, і гэта толькі ўзмацняла нянавісць і злосць у ім самім.
    Калі Міт-Са загадваў запрэжцы спыніцца, Белы Ікол слухаўся яго вокрыку. Спачатку гэты прыпынак выклікаў замяшанне сярод сабак, усе яны накідваліся на ненавіснага важака. Але тут справа набывала ўжо добры кірунак: размахваючы бізуном, на дапамогу Беламу Іклу прыходзіў Міт-Са. I сабакі зразумелі нарэшце, што, калі сані спыняюцца па загадзе Міт-Са, важака лепш не чапаць. Але калі Белы Ікол спыняўся самавольна, значыць, над ім можна было ўчыняць расправу.
    У хуткім часе Белы Ікол перастаў спыняцца без загаду. Такія ўрокі засвойваюцца хутка. Ды Белы Ікол і не мог не засвойваць іх, інакш ён не выжыў бы ў такім суровым асяроддзі, якое падрыхтавала яму жыццё.
    Але для сабак гэтыя ўрокі праходзілі дарма — яны не пакідалі яго ў спакоі на стаянках. Дзённая пагоня і раз’юшаны брэх, у які запрэжка ўкладвала ўсю сваю нянавісць да важака, прымушалі яе забываць тое, што было папярэдняй ноччу; наступнай ноччу ўрок паўтараўся, але да раніцы ад яго не заставалася і следу. Акрамя таго, варожасці сабак да Белага Ікла спрыяла яшчэ адна немалаважная акалічнасць: яны адчувалі ў ім іншую пароду, і гэтага было цалкам дастаткова, каб супрацьпаставіць іх адзін аднаму.
    Гэтак жа як і Белы Ікол, усе яны былі прыручаныя ваўкі, але за імі стаяла ўжо некалькі прыручаных пакаленняў. Многае, чым надзяляе ваўка Паўночная глуш, было ўжо страчана, і для сабак у Паўночнай глушы таілася толькі адна невядомасць, вечная пагроза і вечная варожасць. Але знешнасць Белага Ікла, усе яго звычкі і інстынкты гаварылі пра моцную сувязь з Паўночнай глушшу; ён быў сімвалам і ўвасабленнем яе. I таму, скалячы на яго зубы, сабакі тым самым ахоўвалі сябе ад пагібелі, якая таілася ў змроку лясоў і ў цемры, што з усіх бакоў абступала вогнішчы чалавека.
    Між іншым, адзін урок сабакі завучылі цвёрда:
    трэба трымацца разам. Белы Ікол быў надта небяспечным праціўнікам, і ніхто не адважваўся сустрэцца з ім сам-насам. Сабакі нападалі на яго ўсёй зграяй, інакш ён расквітаўся б з імі за адну ноч. I Беламу Іклу не ўдавалася расквітацца ні з адным са сваіх ворагаў. Ён збіваў праціўніка з ног, але зграя тут жа накідвалася на яго, не даючы яму пракусіць сабаку горла. Пры самым малым намёку на сварку ўся запрэжка дружна апалчалася на свайго важака. Сабакі ўвесь час грызліся паміж сабой, але варта было толькі каму-небудзь з іх распачаць бойку з Белым Іклом, як усе іншыя сваркі ўміг забываліся.
    Аднак загрызці Белага Ікла яны не маглі пры ўсім сваім старанні. Ён быў надта рухавы для іх, надта грозны і разумны. Ён пазбягаў тых месцаў, дзе можна было трапіць у пастку, і заўсёды выслізгваў, калі зграя старалася акружыць яго кальцом. А пра тое, каб збіць Белага Ікла з ног, не мог марыць ніводны сабака. Ногі яго з такой жа ўпартасцю чапляліся за зямлю, з якой сам ён чапляўся за жыццё. I таму ў той бясконцай вайне, якую Белы Ікол вёў са зграяй, захаваць жыццё і ўтрымацца на нагах — былі для яго паняцці раўназначныя, і ніхто не ведаў гэтага лепш, чым ён сам.
    Такім чынам, Белы Ікол стаў непрымірымым ворагам сваіх сабратоў — ворагам ваўкоў, якія прыгрэліся ля вогнішча, раскладзенага чалавекам, і распесціліся пад выратавальнай абаронай чалавечай магутнасці. Такім зрабіла яго жыццё. Ён аб’явіў кроўную помсту ўсім сабакам і помсціў так жорстка, што нават Шэры Бабёр, у якім было дастаткова лютасці і дзікасці, не мог надзівіцца са злосці Белага Ікла. «Няма другога такога сабакі!» — гаварыў Шэры Бабёр. I індзейцы з чужых паселішчаў пацвярджалі яго словы, прыгадваючы, як Белы Ікол распраўляўся з іх сабакамі.
    Беламу Іклу было каля пяці гадоў, калі Шэры Бабёр узяў яго з сабой у доўгае падарожжа, і ў паселішчах ля Скалістых Гор, уздоўж рэк Макензі і Порк’юпайн, аж да самага Юкана, доўга памяталі
    расправы Белага Ікла з сабакамі. Ён упіваўся сваёй помстай. Чужыя сабакі не чакалі ад яго нічога дрэннага, ім не даводзілася сустракацца з праціўнікам, які нападаў бы так раптоўна. Яны не ведалі, што маюць справу з ворагам, які забівае, як маланка, з аднаго ўдару. Сабакі ў чужых паселішчах падыходзілі да Белага Ікла з задзірлівым выглядам, а ён, не трацячы часу на папярэднія цырымоніі, кідаўся на іх імкліва, быццам раскручаная стальная спружына, хапаў за горла і забіваў праціўніка, не даўшы яму апамятацца ад здзіўлення.
    Белы Ікол стаў вопытным байцом. Ён біўся разважліва, ніколі не траціў сіл дарэмна, не зацягваў барацьбы. Ён налятаў і, калі здаралася прамахнуцца, тут жа адскакваў назад. Як і ўсе ваўкі, Белы Ікол пазбягаў працяглага сутыкнення з праціўнікам. Ён не выносіў гэтага. Такое сутыкненне таіла ў сабе небяспеку і прыводзіла яго ў шаленства. Ён хацеў быць свабодным, хацеў цвёрда трымацца на нагах. Паўночная глуш не выпускала Белага Ікла са сваіх учэпістых абдымкаў і сцвярджала сваю ўладу над ім. Адчужанасць з самага ранняга дзяцінства ад свайго асяроддзя толькі ўзмацніла ў ім гэтае імкненне да свабоды. Непасрэдная блізкасць да праціўніка ўтойвала ў сабе нейкую пагрозу, Белы Ікол падазраваў тут пастку, і страх перад гэтай пасткай не пакідаў яго.
    Чужыя сабакі не маглі цягацца з ім. Белы Ікол ухіляўся ад іх іклоў; ён распраўляўся з імі і ўцякаў цэлы. Праўда, няма правіла без выключэння. Здаралася і так, што на Белага Ікла налятала адразу некалькі праціўнікаў і ён не паспяваў уцячы ад іх, а часам яму здорава даставалася і ад якога-небудзь аднаго сабакі. Але гэта здаралася рэдка. Белы Ікол стаў такім спрактыкаваным байцом, што выходзіў з гонарам амаль з усіх боек.
    Ён меў яшчэ адну добрую якасць — уменнеправільна разлічваць час і адлегласць. Рабілася гэта, зразумела, цалкам несвядома. Папросту яго ніколі не падводзіў зрок, і ўвесь яго арганізм, складзены лепш, чым у іншых сабак, працаваў дакладна і
    хутка; каардынацыя сіл разумовых і фізічных была больш дасканалай, чым у іх. Калі зрокавыя нервы перадавалі мозгу Белага Ікла рухомыя адлюстраванні, яго мозг без усякіх намаганняў вызначаў прастору і час, неабходны для таго, каб гэты рух завяршыўся. Такім чынам, ён мог ухіліцца ад скачка сабакі ці ад яго іклоў і ў той жа час выкарыстаць кожную секунду, каб самому кінуцца на праціўніка. Але хваліць яго за гэта не варта,— прырода надарыла яго болып шчодра, чым іншых, вось і ўсё.
    Было лета, калі Белы Ікол трапіў у форт Юкан. У канцы зімы Шэры Бабёр перасек водападзел паміж Макензі і Юканам і ўсю вясну прапаляваў на заходнім адгор’і Скалістых Гор. А калі рака Порк’юпайн ачысцілася ад лёду, Шэры Бабёр зрабіў пірогу і спусціўся ўніз па ёй да сутокаў яе і Юкана, якраз пад самым Палярным кругам. Тут стаяў форт Кампаніі Гудзонава заліва. У форце было шмат індзейцаў, шмат харчоў, паўсюль панавала незвычайнае ажыўленне. Было лета 1898 года, і золаташукальнікі тысячамі рухаліся ўверх па Юкане, да Даўсана і на Клондайк. Да мэты падарожжа ім заставаліся яшчэ сотні міляў, а, між іншым, многія з іх знаходзіліся ў дарозе ўжо год; менш пяці тысяч міляў не зрабіў ніхто, а некаторыя прыехалі сюды з другога канца свету.
    У форце Юкан Шэры Бабёр зрабіў прыпынак. Чуткі пра залатую ліхаманку дайшлі і да яго вушэй, і ён прывёз з сабой некалькі цюкоў з футрам і адзін цюк з рукавіцамі і макасінамі. Шэры Бабёр ніколі не асмеліўся б адправіцца ў такую далёкую дарогу, калі б яго не прывабіла сюды надзея на вялікую нажыву. Але тое, што Шэры Бабёр убачыў тут, перасягнула ўсе яго спадзяванні. У самых сваіх нястрымных марах ён разлічваў утаргаваць ад продажу футра сто працэнтаў, а пераканаўся, што можна ўтаргаваць і тысячу. I, як сапраўдны індзеец, Шэры Бабёр узяўся за справу не спяшаючыся, вырашыўшы прасядзець тут хоць да восені, толькі б не пралічыцца і не папрадаваць танна.
    У форце Юкан Белы Ікол упершыню ўбачыў белых людзей. Побач з індзейцамі яны здаваліся яму істотамі іншай пароды — багамі, улада якіх абапіралася на яшчэ болыпую магутнасць. Гэтая ўпэўненасць прыйшла да Белага Ікла сама па сабе: яму не трэба было напружваць свае разумовыя здольнасці, каб пераканацца ў магутнасці белых багоў. Ён толькі адчуваў яе, але адчуваў з незвычайнай сілай. Вігвамы, пабудаваныя індзейцамі, здаваліся яму калісьці сведчаннем велічы чалавека, а цяпер яго здзіўляў вялізны форт і дамы з тоўстых бярвёнаў. Усё гэта ^аварыла пра магутнасць. Белыя багі валодалі сілай. Улада іх распасціралася далей, чым улада ранейшых багоў Белага Ікла, сярод якіх самай магутнай істотай быў Шэры Бабёр. Але і Шэры Бабёр здаваўся нікчэмнасцю ў параўнанні з беласкурымі багамі.
    Вядома, Белы Ікол толькі адчуваў усё гэта і не разумеў сутнасці ўсіх сваіх адчуванняў. Але жывёлы дзейнічаюць часцей за ўсё на падставе менавіта такіх адчуванняў; і кожны ўчынак Белага Ікла тлумачыўся цяпер упэўненасцю ў магутнасць белых багоў. Ён адносіўся да іх з вялікай апаскай. Хто ж ведае, якога невядомага жаху і якой новай бяды можна чакаць ад іх? Белы Ікол з цікаўнасцю назіраў за белымі багамі, але баяўся трапляцца ім на шляху. Першыя некалькі гадзін ён здавольваўся тым, што насцярожана сачыў за імі здаля, аднак пасля, убачыўшы, што белыя багі не робяць ніякай шкоды сваім сабакам, падышоў бліжэй.
    У сваю чаргу, Белы Ікол прыцягваў да сябе ўсеагульную ўвагу: яго падабенства да ваўка адразу ж кідалася ў вочы, і людзі паказвалі на яго адзін аднаму пальцамі. Гэта прымусіла Белага Ікла насцярожыцца. Як толькі хто-небудзь падыходзіў да яго, ён шчэрыў зубы і адбягаў убок. Людзям так і не ўдавалася дакрануцца да яго рукой — і добра, што не ўдавалася.
    У хуткім часе Белы Ікол даведаўся, што мала хто з гэтых багоў — толькі чалавек дзесяць — пастаянна жывуць у форце. Кожныя два-тры дні да
    берага прыставаў параход (яшчэ адзін вялікі доказ усёмагутнасці белых людзей) і па некалькі гадзін стаяў ля прычала. Багі прыязджалі і зноў ад’язджалі на параходах. Здавалася, гэтым людзям няма ліку. У першыя ж два дні Белы Ікол убачыў іх столькі, колькі не бачыў індзейцаў за ўсё сваё жыццё. I кожны дзень яны прыязджалі, хадзілі па форце і зноў ад’язджалі ўверх па рацэ.
    Але калі белыя багі былі ўсёмагутныя, то сабакі іх нічога не былі вартыя. Белы Ікол хутка пераканаўся ў гэтым, сутыкнуўшыся з тымі, што сыходзілі на бераг разам са сваімі гаспадарамі. Усе яны былі непадобныя адзін на аднаго. У адных былі кароткія, залішне кароткія ногі; у другіх — доўгія, залішне доўгія. Замест густога футра іх пакрывала кароткая шэрсць, а ў некаторых і шэрсці амаль не было. I ніводны з гэтых сабак не ўмеў біцца.