Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця
Джэк Лондан
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Полымя
Памер: 334с.
Мінск 1997
Паколькі Ліп-Ліп быў прывязаны на самую доўгую вяроўку, сабакам здавалася, што ён уцякае ад
іх. Ім былі відаць толькі яго заднія ногі і пушысты хвост, а гэта зусім не так страшна, як паднятая дыбам шэрсць і ашчэраныя іклы. Акрамя таго, выгляд сабакі, які бяжыць, выклікае ў іншых сабак упэўненасць, што ён уцякае менавіта ад іх і што яго трэба што б там ні было дагнаць.
Як толькі сані рушылі, уся запрэжка пагналася за Ліп-Ліпам, і гэтая пагоня працягвалася ўвесь дзень. Напачатку зняважаны Ліп-Ліп раз-пораз спрабаваў кінуцца на сваіх праследавацеляў, але Міт-Са штораз сцябаў яго па галаве трыццаціфутавым бізуном, звітым з вяленых аленевых кішак, і прымушаў вярнуцца яго на месца. Ліп-Ліп не пабаяўся б схапіцца з усёй запрэжкай, аднак бізун быў куды страшнейшы,— і яму не заставалася нічога іншага, як нацягваць вяроўку і ўцякаць ад зубоў сяброў.
Розум індзейца багаты на хітрыкі. Каб узмацніць варожасць усёй запрэжкі да Ліп-Ліпа, Міт-Са стаў адзначаць яго перад іншымі сабакамі, узбуджаючы ў іх рэўнасць і нянавісць да важака. МітСа карміў яго мясам у прысутнасці ўсёй зграі і нікому іншаму мяса не даваў. Сабакі раз’юшваліся. Яны кідаліся вакол Ліп-Ліпа, пакуль ён еў, але блізка падыходзіць не адважваліся, бо Міт-Са стаяў каля яго з бізуном у руцэ. А калі мяса не было, Міт-Са адганяў запрэжку далей і рабіў выгляд, што корміць Ліп-Ліпа.
Белы Ікол узяўся за работу з ахвотай. Пакарыўшыся багам, ён у свой час прайшоў значна большы шлях, чым астатнія сабакі, і значна глыбей, чым яны, зразумеў усю нікчэмнасць супраціўлення волі багоў. Акрамя таго, нянавісць, якую мелі да яго ўсе сабакі, змяншала іх значэнне ў яго вачах і павялічвала значэнне чалавека. Ён не меў патрэбы ў кампаніі сваіх сабратоў; Кічы была амаль забытая, і вернасць багам, уладу якіх прызнаў над сабой Белы Ікол, служыла яму ледзь не адзіным спосабам выражаць свае пачуцці. I Белы Ікол шчыра працаваў, слухаўся загадаў і падпарадкоўваўся дысцыпліне. Ён працаваў сумленна і
ахвотна. Сумленнасць у працы ўласціва ўсім прыручаным ваўкам і прыручаным сабакам, а Белы Ікол быў надзелены гэтай якасцю ў поўнай меры.
Белы Ікол кантактаваў і з сабакамі, але гэтыя кантакты выражаліся ў варожасці і нянавісці. Ён ніколі не гуляў з імі. Ён умеў біцца — і біўся, адплачваючы ў сто разоў за ўсе ўкусы і прыгнёт, якія яму давялося вынесці ў тыя дні, калі Ліп-Ліп быў важаком зграі. Цяпер Ліп-Ліп узначальваў яе толькі тады, калі бег на канцы доўгай вяроўкі паперадзе сваіх сяброў і саней, што падскаквалі па снезе. На стаянках Ліп-Ліп трымаўся бліжэй да Міт-Са, Шэрага Бабра і Клу-Куч, не адважваючыся адысці ад багоў, бо цяпер іклы ўсіх сабак былі накіраваны супраць яго і ён адчуў на сабе ўсю горыч варожасці, якая выпадала раней на долю Белага Ікла.
Пасля падзення Ліп-Ліпа Белы Ікол мог бы стаць важаком зграі, але ён быў залішне пануры і замкнуты для гэтага. Сябры па запрэжцы атрымлівалі ад яго толькі адны ўкусы, у астатнім ён быццам не заўважаў іх. Пры сустрэчах з ім яны збочвалі, і ніводны, нават самы смелы, сабака не адважваўся адабраць у Белага Ікла яго долю мяса. Наадварот, яны стараліся як мага хутчэй праглынуць сваю долю, баючыся, каб хаця ён не адабраў яе. Белы Ікол добра засвоіў закон: прыгнятай слабага і падпарадкоўвайся моцнаму. Ён паспешліва з’ядаў кінуты гаспадаром кавалак, і тады — гора таму сабаку, які яшчэ не скончыў есці. Грознае гырканне, ашчэраныя іклы — і яму заставалася толькі выліваць сваё абурэнне раўнадушным зоркам, пакуль Белы Ікол канчаў яго долю.
Час ад часу то адзін, то другі сабака паднімаў бунт супраць Белага Ікла, але ён хутка ўціхамірваў іх. Ен раўніва аберагаў сваё адасобленае становішча ў зграі і нярэдка браў яго боем. Але такія сутычкі бывалі непрацяглыя. Сабакі не маглі цягацца з ім. Ён наносіў раны праціўніку, не даючы яму апамятацца, і сабака сыходзіў крывёю, яшчэ не паспеўшы як след пачаць бойку.
Белы Ікол гэтак жа, як і багі, падтрымліваў сярод сваіх сабратоў суровую дысцыпліну. Ён нічым ім не патураў і патрабаваў бязмежнай павагі да сябе. Між сабой сабакі маглі рабіць усё, што хацелі. Гэта яго не тычылася. Белы Ікол сачыў толькі за тым, каб сабакі не квапіліся на яго адасобленасць, уступалі яму дарогу, калі ён з’яўляўся сярод зграі, і прызнавалі яго панаванне над сабой. Варта было якому-небудзь смельчаку прыняць ваяўнічы выгляд, ашчэрыць зубы ці натапырыцца, як Белы Ікол кідаўся на яго і без усякай літасці даказваў яму памылковасць яго паводзін.
Ён быў лютым тыранам, ён кіраваў з жалезнай няўмольнасцю. Слабыя не ведалі літасці ад яго. Жорсткая барацьба за існаванне, якую яму давялося весці з ранняга дзяцінства, калі ўдваіх з маці, адны, без усялякай дапамогі, яны біліся за жыццё, пераадольваючы варожасць Паўночнай глушы, не прайшла бясследна. Пры сустрэчах з мацнейшым праціўнікам Белы Ікол паводзіў сябе рахмана. Ён прыгнятаў слабага, але затое паважаў моцнага. I калі Шэры Бабёр сустракаў на сваім доўгім шляху стаянкі іншых людзей, Белы Ікол хадзіў між чужымі дарослымі сабакамі ціха і асцярожна.
Прайшло некалькі месяцаў, а падарожжа Шэрага Бабра ўсё яшчэ працягвалася. Доўгая дарога і старанная работа ў запрэжцы ўмацавалі сілы Белага Ікла, і разумовае развіццё яго, відаць, завяршылася. Акаляючы свет быў пазнаны ім да канца. I ён глядзеў на яго панура, не маючы ў адносінах да яго ніякіх ілюзій. Свет гэты быў суровы і жорсткі, у ім не існавала ні цеплыні, ні ласкі, ні сімпатый.
Белы Ікол не адчуваў сімпатыі нават да Шэрага Бабра. Праўда, Шэры Бабёр быў богам, але богам жорсткім. Белы Ікол ахвотна прызнаваў яго ўладу над сабой, хоць улада гэтая асноўвалася на разумовай перавазе і на грубай сіле. У натуры Белага Ікла было нешта такое, што ішло насустрач гэтаму панаванню, інакш ён не вярнуўся б з Паўночнай глушы і не даказаў бы гэтым сваёй вернасці багам.
У ім таіліся яшчэ нікім не даследаваныя глыбіні. Добрым словам ці ласкавым дотыкам Шэры Бабёр мог бы пранікнуць у гэтыя глыбіні, але Шэры Бабёр ніколі не лашчыў Белага Ікла, не сказаў яму ніводнага добрага слова. Гэта было не ў яго звычаі. Перавага Шэрага Бабра грунтавалася на жорсткасці, і з такой жа жорсткасцю ён уладарыў, здзяйсняючы правасуддзе з дапамогай палкі, караючы злачынства фізічным болем і аддаючы па заслугах не ласкай, а тым, што ўстрымліваўся ад удару.
I Белы Ікол не здагадваўся аб той асалодзе, якой можа ўзнагародзіць рука чалавека. Ды ён і не любіў чалавечых рук: у іх было нешта падазронае. Праўда, іншы раз гэтыя рукі давалі мяса, але часцей за ўсё яны прычынялі боль. Ад іх трэба было трымацца далей: яны шпурлялі камяні, размахвалі палкамі, дубінкамі, бізунамі, яны маглі біць і штурхаць, а калі і датыкаліся, то толькі для таго, каб ушчыпнуць, тузануць, вырваць кавалак шэрсці. У чужых паселішчах ён даведаўся, што дзіцячыя рукі таксама ўмеюць прычыняць боль. Нейкае малое аднойчы ледзь не выкалала яму вока. Пасля гэтага Белы Ікол стаў адносіцца да дзяцей з вялікім падазрэннем. Ён проста не выносіў іх. Калі тыя падыходзілі і працягвалі да яго свае рукі, якія не абяцалі дабра, ён уставаў і адыходзіў.
У адным з паселішчаў на беразе Вялікага Нявольніцкага возера Беламу Іклу давялося ўдакладніць дадзены яму Шэрым Бабром закон, згодна з якім нападзенне на багоў лічыцца недаравальным грэхам. Па звычаі ўсіх сабак ва ўсіх паселішчах, Белы Ікол накіраваўся на пошукі ежы. Ён убачыў хлопчыка, які рассякаў сякерай мёрзлую тушу лася. Кавалачкі мяса разляталіся ў розныя бакі. Белы Ікол спыніўся і стаў збіраць іх. Хлопчык кінуў сякеру і схапіў важкую дубінку. Белы Ікол адскочыў назад, ледзь паспеўшы выкруціцца ад удару. Хлопчык пабег за ім, і ён, незнаёмы з паселішчам, кінуўся ў праход між вігвамамі і апынуўся ў тупіку перад высокім земляным валам.
Падзецца не было куды. Хлопчык загароджваў
адзіны выхад з тупіка. Падняўшы дубінку, ён зрабіў крок наперад. Белы Ікол раз’юшыўся. Яго пачуццё справядлівасці абурылася, ён увесь натапырыўся і сустрэў хлопчыка грозным гырканнем. Белы Ікол добра ведаў закон: усе рэшткі мяса, напрыклад кавалачкі мёрзлай тушы лася, належаць сабаку, які іх знаходзіць; ён не зрабіў нічога кепскага, не парушыў ніякага закону, і ўсё-такі хлопчык збіраўся пабіць яго. Белы Ікол сам не ведаў, як гэта здарылася. Ён зрабіў гэта ў прыпадку шаленства, і ўсё адбылося так хутка, што яго праціўнік таксама нічога не паспеў зразумець. Хлопчык раптам расцягнуўся на снезе, а зубы Белага Ікла пракусілі яму руку, якая трымала дубінку.
Але Белы Ікол ведаў, што закон, устаноўлены багамі, парушаны. Той, хто ўсадзіў зубы ў свяшчэннае цела аднаго з багоў, павінен чакаць самага страшнага пакарання. Ён пабег пад ахову Шэрага Бабра і сядзеў, скурчыўшыся, ля яго ног, калі ўкушаны хлопчык і ўся яго сям’я з’явіліся патрабаваць адплаты. Але яны пайшлі ні з чым; ІПэры Бабёр стаў на абарону Белага Ікла. Тое ж зрабілі Міт-Са і Клу-Куч. Прыслухоўваючыся да сваркі людзей і назіраючы за тым, як яны гнеўна махаюць рукамі, Белы Ікол пачынаў разумець, што ягонаму ўчынку ёсць апраўданне. I такім чынам ён даведаўся, што багі бываюць розныя: яны падзяляюцца на яго багоў і на багоў чужых; і гэта зусім не адно і тое ж. Ад сваіх багоў трэба прымаць усё — і справядлівасць і несправядлівасць. Але ён не абавязаны цярпець несправядлівасць чужых багоў, ён мае права помсціць за яе зубамі. I гэта таксама было законам.
У той жа дзень Белы Ікол пазнаёміўся з новым законам яшчэ бліжэй. Збіраючы сухое галлё ў лесе, Міт-Са наткнуўся на кампанію хлопчыкаў, сярод якіх быўі пацярпелы. Адбылася сварка. Хлопчыкі накінуліся на Міт-Са. Яму даводзілася дрэнна. Удары сыпаліся на яго з усіх бакоў. Белы Ікол спачатку проста назіраў за бойкай — гэта справа багоў, гэта яго не датычыцца. Але потым ён скеміў,
што б’юць жа Міт-Са, аднаго з яго ўласных багоў. I тое, што ён зрабіў услед за гэтым, ён зрабіў не разважаючы. Парыў шалёнай злосці кінуў яго ў самую сярэдзіну бойкі. Праз пяць хвілін хлопчыкі разбегліся з поля бітвы, і многія з іх пакінулі на снезе крывавыя сляды, якія гаварылі, што зубы Белага Ікла не бяздзейнічалі. Калі Міт-Са расказаў у паселішчы пра здарэнне, Шэры Бабёр загадаў даць Беламу Іклу мяса. Ён загадаў даць яму шмат мяса. I Белы Ікол, наеўшыся, лёг ля вогнішча і заснуў, цвёрда перакананы ў тым, што зразумеў закон правільна.