Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця
Джэк Лондан
Выдавец: Полымя
Памер: 334с.
Мінск 1997
Нейкія здрадніцкія сілы непрыкметна аблытвалі Белага Ікла ланцугамі няволі, і дзейнічалі яны гэтак жа беспамылкова, як палка ці ўдар кулаком. Інстынкт, які здаўна гоніць ваўкоў да вогнішча чалавека, развіваецца хутка. Развіваўся ён і ў Белым Ікле. I хоць цяперашняе жыццё было поўнае нягодаў, паселішча рабілася яму ўсё даражэйшым і даражэйшым. Але сам ён не здагадваўся пра гэта. Ён адчуваў толькі тугу па Кічы, спадзяваўся на яе вяртанне і прагна цягнуўся да ранейшага свабоднага жыцця.
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
АДШЧАПЕНЕЦ
Ліп-Ліп да такой ступені атручваў жыццё Беламу Іклу, што той зрабіўся больш злым і лютым, чым належала ад прыроды. Лютасць была ўласціва яго натуры, але цяпер яна перайшла ўсякія межы. Ён быў вядомы сваёй злосцю нават людзям. Штораз, калі ў паселішчы чуўся брэх, сабачая грызня ці жанчыны падымалі крык з-за ўкрадзенага кавалка мяса, ніхто не сумняваўся, што віноўні-
кам усяго гэтага быў Белы Ікол. Людзі не стараліся разабрацца ў прычынах такіх паводзін. Яны бачылі толькі вынікі, а вынікі гэтыя былі кепскія. Белы Ікол славіўся як праныра, злодзей і завадатар усіх боек; угневаныя індыянкі абзывалі яго ваўком, прадказвалі яму дрэнны канец, а ён, слухаючы ўсё гэта, пільна сачыў за імі і штохвілінна гатоў быў ухіліцца ад удару палкай ці каменем.
Белы Ікол адчуваў сябе адшчапенцам сярод насельнікаў паселішча. Усе маладыя сабакі бралі прыклад з Ліп-Ліпа. Між імі і Белым Іклом было нейкае адрозненне. Можа быць, сабакі чулі ў ім іншую пароду і адчувалі да яго інстынктыўную варожасць, якая заўсёды ўзнікае паміж свойскім сабакам і ваўком. Як бы там ні было, але яны далучыліся да Ліп-Ліпа. I, аб’явіўшы Беламу Іклу вайну, сабакі мелі дастаткова падстаў, каб не спыняць яе. Яны ўсе да аднаго пазнаёміліся з яго вострымі зубамі, і, трэба сказаць праўду, ён адплачваў сваім ворагам у сто разоў. Шмат якіх сабак ён мог бы адолець сам-насам, але такой магчымасці не з’яўлялася. Пачатак кожнай бойкі служыў сігналам для ўсіх маладых сабак, яны збягаліся з усяго паселішча і нападалі на Белага Ікла.
Варожасць з сабачай зграяй навучыла яго дзвюм важным рэчам: адбівацца адразу ад усёй зграі і, маючы справу з адным праціўнікам, наносіць яму як мага больш ран у самы кароткі тэрмін. He ўпасці, устаяць сярод ворагаў, якія акружаюць яго з усіх бакоў,— значыць, захаваць жыццё, і Белы Ікол зразумеў гэтую навуку дасканала. Ён умеў трымацца на нагах не горш, чым кошка. Нават дарослыя сабакі маглі колькі хочаш адціскаць яго,— Белы Ікол падаваўся назад, падскакваў, шмыгаў убок, і ўсё ж ногі не здраджвалі яму і цвёрда стаялі на зямлі.
Перад кожнай бойкай сабакі звычайна выконваюць якісьці рытуал: гыркаюць, ходзяць адзін перад адным, шэрсць у іх устае дыбам. Белы Ікол абыходзіўся без гэтага. Усялякая затрымка пагражала з’яўленнем усёй сабачай зграі. Справу трэба
рабіць хутка, а затым уцякаць. I Белы Ікол не паказваў сваіх намераў. Ён кідаўся ў бойку без усякага папярэджання і пачынаў кусаць і рваць свайго праціўніка, не чакаючы, пакуль той падрыхтуецца. Такім чынам, ён навучыўся наносіць сабакам цяжкія раны. Апроч таго, Белы Ікол зразумеў, што важна заспець ворага знянацку, трэба напасці нечакана, распароць яму плячо, разарваць на шматкі вуха, перш чым ён апамятаецца,— і тады справа напалову зроблена.
Ён пераканаўся, што сабаку, заспетага знянацку, нічога не значыць збіць з ног, а тады самае слабае месца ў яго на шыі будзе неабароненым. Белы Ікол ведаў, дзе знаходзіцца гэтае месца. Веданне гэтага дасталося яму ў спадчыну ад многіх пакаленняў ваўкоў. I, нападаючы, ён прытрымліваўся такой тактыкі: па-першае, падпільноўваў сабаку, калі ён быў адзін; па-другое, налятаў на яго нечакана і збіваў з ног; і, па-трэцяе, учэпліваўся яму ў горла.
Белы Ікол быў яшчэ малады, і яго неакрэплыя сківіцы не маглі наносіць смяротных удараў, але ўсё ж не адно шчаня бегала па паселішчы са слядамі яго зубоў на шыі. I аднойчы, злавіўшы аднаго са сваіх ворагаў на ўзлеску, ён усё ж ухітрыўся перакусіць яму горла і выпусціў з яго дух. У той вечар паселішча захвалявалася. Яго выхадку заўважылі, навіна пра яе дайшла да гаспадара загрызенага сабакі, жанчыны прыпомнілі Беламу Іклу ўсе яго крадзяжы, і каля жылля Шэрага Бабра сабраўся натоўп людзей. Але ён рашуча закрыў уваход у вігвам, дзе адседжваўся злачынца, і адмовіўся выдаць яго сваім супляменнікам.
Белага Ікла ўзненавідзелі і людзі і сабакі. Ён не ведаў ні хвіліны спакою. Кожны сабака скаліў на яго зубы, кожны чалавек на яго замахваўся. Сародзічы сустракалі яго гырканнем, багі — праклёнамі і камянямі. Ён трымаўся ўвесь час напагатове, кожную хвіліну быў гатовы напасці, адбіць напад ці ўхіліцца ад удару. Ён дзейнічаў імкліва і спакойна: бліснуўшы ікламі, кідаўся на
праціўніка ці з грозным гырканнем адскакваў назад.
Што да гыркання, то гыркаць ён мог страшней за сабак — і старых і маладых. Мэта гыркання — перасцерагчы ці спалохаць ворага; і трэба добра разбірацца ў тым, калі і пры якіх абставінах варта пускаць у ход такі сродак. I Белы Ікол ведаў гэта. У сваё гырканне ён укладваў усю лютасць і злосць, усё, чым толькі мог застрашыць ворага. Ноздры, што ўздрыгвалі, узнятая дыбам шэрсць, язык, што звіваўся між зубоў чырвонай змейкай, прыціснутыя вушы, палаючыя нянавісцю вочы, губы, што пацепваліся, ашчэраныя іклы прымушалі прызадумацца многіх сабак. Калі Белага Ікла заставалі знянацку, яму было дастаткова секунды, каб абдумаць план дзеянняў. Але часта паўза гэтая зацягвалася, праціўнік адмаўляўся ад бойкі, і гырканне Белага Ікла вельмі часта давала яму магчымасць адступіць з гонарам нават пры сутычках з дарослымі сабакамі.
Выгнаўшы Белага Ікла са зграі, аб’явіўшы яму вайну, маладыя сабакі тым самым паставілі сябе твар у твар з яго злосцю, спрытам і сілай. Справа павярнулася так, што цяпер ворагі Белага Ікла і самі ні на крок не маглі адысці ад зграі. Ён не дапускаў гэтага. Маладыя сабакі штохвіліны чакалі яго нападу і не адважваліся бегаць паасобку. Усім ім, за выключэннем Ліп-Ліпа, даводзілася трымацца зграяй, каб агульнымі намаганнямі адбівацца ад свайго грознага праціўніка. Накіроўваючыся адно да ракі, шчаня ці ішло на пэўную смерць, ці напаўняла ўсё паселішча прарэзлівым віскам, уцякаючы ад ваўчаняці, якое выскачыла з засады.
Але Белы Ікол працягваў помсціць сабакам нават пасля таго, як яны запомнілі раз і назаўсёды, што ім трэба трымацца ўсім разам. Ён нападаў на сабак, застаючы іх паасобку; яны нападалі на яго ўсёй зграяй. Варта было сабакам убачыць Белага Ікла, як яны дружна кідаліся за ім у пагоню, і ў такіх выпадках яго ратавалі толькі хуткія ногі.
Але гора таму сабаку, які, захапіўшыся, абганяў сваіх таварышаў: Белы Ікол на ўсім хаду паварочваўся да праследавацеля, што нёсся паперадзе зграі, і кідаўся на яго. Гэта здаралася часта, бо ўзбуджаныя пагоняй сабакі забываліся пра ўсё на свеце, а Белы Ікол заўсёды захоўваў спакой. Разпораз азіраючыся назад, ён гатовы быў у любую хвіліну зрабіць на ўсім бягу рэзкі паварот і кінуцца на надта заўзятага праследавацеля, які аддзяліўся ад сваіх таварышаў.
У маладых сабаках жыве неадольная патрэбнасць гуляць, і ворагі Белага Ікла задавальнялі гэтую патрэбнасць, ператвараючы вайну з ім у цікавую забаву. Паляванне за ваўчанём стала для іх самай любімай пацехай — праўда, пацехай нежартаўлівай і падчас смяротна небяспечнай. А Белы Ікол, з якім ніхто з сабак не мог параўнацца хуткасцю ног, у сваю чаргу, не спыняўся перад рызыкай. У тыя дні, калі надзея на вяртанне Кічы яшчэ не пакідала Белага Ікла, ён часта заманьваў сабачую зграю ў суседні лес. Але сабакам не ўдавалася дагнаць яго там. Па гаўканні і выцці Белы Ікол вызначаў, дзе яны знаходзяцца; сам жа ён бег моўчкі, слізгаючы, нібы цень, між дрэвамі, як гэта рабілі яго бацька і маці. Акрамя таго, сувязь яго з Паўночнай глушшу была мацнейшая, чым у сабак; ён лепш разумеў усе яе таямніцы і хітрасці. Часцей за ўсё Белы Ікол ужываў такі выкрут: пераплываў ручай, заблытваў свае сляды і спакойна адлежваўся дзе-небудзь у лясным гушчары, прыслухоўваючыся да брэху праследавацеляў, якія згубілі яго.
Выклікаючы ў сваіх сабратоў і людзей толькі адну нянавісць і заўсёды варожа адносячыся да ўсіх, Белы Ікол развіваўся хутка, але аднабакова. Пры такім жыцці ў ім не маглі зарадзіцца ні добрыя пачуцці, ні патрэбнасць да ласкі. Пра ўсё гэта ён не меў ніякага паняцця. Падпарадкоўвайся моцнаму, прыгнятай слабага — вось закон, які кіраваў ім. Шэры Бабёр — бог, ён надзелены сілай, таму Белы Ікол падпарадкоўваўся яму. Але
сабакі — тыя, якія маладзейшыя і меншыя за яго ростам,— слабыя, і іх трэба знішчаць.
У Белым Ікле развіваліся ўсе тыя якасці, якія дапамагалі яму супрацьстаяць небяспецы, што часта пагражала яго жыццю. Стальныя мускулы выступалі на яго худым, гнуткім целе, як вяроўкі. У спрытнасці і хітрасці з ім не мог параўнацца ніхто; ён бегаў хутчэй, быў больш бязлітасны ў бойках, больш вынослівы, больш злы, больш разлютаваны і больш разумны, чым іншыя сабакі. Белы Ікол павінен быў стаць такім, інакш ён не ўцалеў бы ў такім варожым асяроддзі, у якое прывяло яго жыццё.
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
ПАГОНЯ ЗА БАГАМІ
Восенню, калі дні сталі карацейшыя і ў паветры ўжо адчувалася набліжэнне халадоў, у Белага Ікла з’явілася магчымасць вырвацца на свабоду. Ужо некалькі дзён у паселішчы панавала мітусня. Індзейцы разбіралі летнія вігвамы і рыхтаваліся выйсці на асенняе паляванне. Белы Ікол пільна сачыў за гэтай падрыхтоўкай, і, калі вігвамы былі разабраны, а рэчы пагружаны ў пірогі, ён зразумеў усё. Пірогі адна за адной пачалі адплываць ад берага, і частка іх ужо знікла з вачэй. Белы Ікол вырашыў застацца і пры першай жа магчымасці ўцёк з паселішча ў лес. Пераплыўшы ручай, які ўжо зацягваўся ільдом, ён заблытаў свае сляды. Потым залез глыбей у гушчар і стаў чакаць. Час ішоў. Ён паспеў некалькі разоў заснуць, прачнуцца і зноў заснуць. Яго разбудзіў голас Шэрага Бабра. Потым пачуліся і іншыя галасы — жонкі гаспадара, якая прымала ўдзел у пошуках, і МітСа — сына Шэрага Бабра.
Белы Ікол затросся ад страху, пачуўшы сваю мянушку, але ўстаяў і не выйшаў з лесу, хоць
штосьці падахвочвала яго адгукнуцца на кліч гаспадара. У хуткім часе галасы замерлі ўдалечыні, і тады ён выбраўся з хмызняку, задаволены, што ўцёкі ўдаліся. Змяркалася. Белы Ікол гуляў між дрэў, радуючыся свабодзе. I раптам яго ахапіла пачуццё адзіноты. Ён сеў, трывожна прыслухоўваючыся да лясной цішыні: ні гуку, ні руху... Гэта здалося яму падазроным, яго падпільноўвала нейкая невядомая небяспека. Ён углядаўся ў невыразныя абрысы высокіх дрэў, у густыя цені паміж імі, дзе мог прытаіцца любы вораг.