Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця
Джэк Лондан
Выдавец: Полымя
Памер: 334с.
Мінск 1997
Адзін з індзейцаў устаў, падышоў да ваўчаняці,
нахіліўся над ім. Ваўчаня яшчэ ніжэй прыпала да зямлі. Невядомае набыло нарэшце плоць і кроў, наблізілася да яго і працягнула руку, збіраючыся схапіць яго. Шэрсць ваўчаняці паднялася дыбам, губы ўздрыгнулі, агаліўшы маленькія іклы. Рука, навіслая над ім, на хвіліну затрымалася, і чалавек сказаў са смехам:
— Вабам вабіска іп піт та! (Глядзіце! Якія белыя іклы!)
Астатнія гучна рассмяяліся і сталі падбухторваць індзейца, каб ён узяў ваўчаня. Рука апускалася ўсё ніжэй і ніжэй, а ў ваўчаняці бушавалі два інстынкты: адзін унушаў, што трэба скарыцца, другі штурхаў на барацьбу. Урэшце рэшт ваўчаня пайшло на здзелку з самім сабой. Яно паслухалася абодвух інстынктаў: скаралася да таго часу, пакуль рука не дакранулася да яго, а потым вырашыла змагацца і схапіла яе зубамі. I тут жа ўслед за гэтым удар па галаве зваліў яго на бок. Усякая ахвота змагацца знікла. Ваўчаня ператварылася ў пакорлівае шчаня, села на заднія лапы і заскавытала. Але чалавек, якога яно ўкусіла за руку, раззлаваўся. Ваўчаня атрымала другі ўдар па галаве і, падняўшыся на ногі, заскавытала яшчэ гучней.
Індзейцы рассмяяліся, і нават той, з укушанай рукой, далучыўся да іх смеху. Усё яшчэ смеючыся, яны акружылі ваўчаня, якое працягвала выць ад болю і жаху.
I раптам яно насцярожылася. Індзейцы таксама насцярожыліся. Ваўчаня пазнала гэты голас і, выдаўшы апошні працяжны крык, у якім гучала хутчэй радасць, чым гора, змоўкла і стала чакаць з’яўлення мацеры — сваёй адважнай, лютай мацеры, якая ўмела змагацца з праціўнікамі, умела забіваць іх і ніколі нікога не баялася. Ваўчыца набліжалася з моцным гырканнем: яна пачула крыкі свайго дзіцяці і бегла да яго на дапамогу.
Ваўчыца кінулася да людзей. Раз’юшаная, гатовая на ўсё, яна ўяўляла сабой малапрыемнае відовішча, але ваўчаня яе выратавальны гнеў толькі ўзрадаваў.
Яно віскнула ад шчасця і кінулася ёй насустрач, а людзі хуценька адступілі на некалькі крокаў назад. Ваўчыца стала між сваім дзіцянём і людзьмі. Шэрсць на ёй паднялася дыбам, у горле булькала шалёнае гырканне, губы і нос сутаргава падрыгвалі.
I раптам адзін з індзейцаў крыкнуў:
— Кічы!
У гэтым воклічы чулася здзіўленне.
Ваўчаня адчула, як маці сціснулася пры гуку чалавечага голасу.
— Кічы! — зноў крыкнуў індзеец, на гэты раз рэзка і з загадам.
I тады ваўчаня ўбачыла, як ваўчыца, яго бясстрашная маці, прыпала да зямлі, дакрануўшыся да яе жыватом, і завіляла хвастом, павіскваючы і просячы міру. Ваўчаня нічога не зразумела. Яго ахапіў жах. Яно зноў затрапятала перад чалавекам. Інстынкт гаварыў яму праўду. I маці пацвердзіла гэта. Яна таксама выказвала пакорнасць людзям.
Чалавек, які сказаў «Кічы», падышоў да ваўчыцы. Ён паклаў ёй руку на галаву, і ваўчыца яшчэ ніжэй прыпала да зямлі. Яна не ўкусіла яго, ды і не збіралася гэтага рабіць. Тыя чацвёра таксама падышлі да яе, сталі абмацваць і гладзіць яе, але яна не пратэставала. Ваўчаня не зводзіла вачэй з людзей. Іх раты вымаўлялі моцныя гукі. У гэтых гуках не было нічога пагражальнага. Ваўчаня прыціснулася да маці і вырашыла змірыцца, але шэрсць на ягонай спіне ўсё-такі стаяла дыбам.
— Што ж тут дзіўнага? — загаварыў адзін з індзейцаў.— Бацька ў яе быў воўк, а маці сабака. Бо брат мой прывязваў яе вясной на тры ночы ў лесе! Значыць, бацька Кічы быў воўк.
— 3 таго часу, як Кічы ўцякла, Шэры Бабёр, прайшоў цэлы год,— сказаў другі індзеец.
— I тут няма нічога дзіўнага, Язык Ласося,— адказаў Шэры Бабёр.— Тады быў голад, і сабакам не хапала мяса.
— Яна жыла сярод ваўкоў,— сказаў трэці індзеец.
— Тваяпраўда, Тры Арлы,— усміхнуўся Шэры Бабёр, дакрануўшыся да ваўчаняці,— і вось доказ тваёй праўды.
Адчуўшы дотык чалавечай рукі, ваўчаня глуха загыркала, і рука адскочыла назад, рыхтуючыся ўдарыць яго. Тады яно схавала іклы і пакорна прыпала да зямлі, а рука зноў апусцілася і стала пачухваць яго за вухам і гладзіць па спіне.
— Вось доказ тваёй праўды,— паўтарыўШэры Бабёр.— Кічы — яго маці. Але бацька яго быў воўк. Таму сабачага ў ім мала, а воўчага шмат. У яго белыя іклы, і я дам яму мянушку Белы Ікол. Я сказаў. Гэта мой сабака. Хіба Кічы не належала майму брату? I хіба брат мой не памёр?
Ваўчаня, якое атрымала імя, ляжала і слухала. Людзі працягвалі гаварыць. Потым Шэры Бабёр выняў нож з ножан, што віселі ў яго на шыі, падышоў да куста і выразаў палку. Белы Ікол назіраў за ім. Шэры Бабёр зрабіў на абодвух канцах палкі па засечцы і абвязаў вакол іх рамяні з сырамятнай скуры. Адзін рэмень ён надзеў на шыю Кічы, падвёў яе да невысокай сасны і прывязаў другі рэмень да дрэва.
Белы Ікол пайшоў за мацерай і ўлёгся побач з ёй. Язык Ласося працягнуў да ваўчаняці руку і перакуліў яго на спіну. Кічы спалохана глядзела на іх. Белы Ікол адчуў, як страх зноў ахоплівае яго. Ён не стрымаўся і загыркаў, але кусацца ўжо не асмеліўся. Рука з растапыранымі кручкаватымі пальцамі стала пачухваць яму жывот і перакочваць з боку на бок. Ляжаць на спіне з задзёртымі ўверх нагамі было ніякавата і зневажальна. Акрамя таго, Белы Ікол адчуваў сябе зусім бездапаможным, і ўсё яго нутро паўставала супраць такога прыніжэння. Аднак што тут зробіш? Калі гэты чалавек захоча зрабіць яму балюча, то ён у яго ўладзе. Хіба можна адскочыць убок, калі ўсе чатыры нагі матляюцца ў паветры? I ўсё ж пакорнасць узяла верх над страхам, і Белы Ікол абышоўся
ціхім гырканнем. Гыркання ён не змог задушыць, але чалавек не раззлаваўся і не ўдарыў яго па галаве. I, як ні дзіўна, Белы Ікол адчуваў нейкае незразумелае задавальненне, калі рука чалавека гладзіла яго па шэрсці ўзад і ўперад. Перавярнуўшыся на бок, ён перастаў гыркаць. Пальцы пачалі скрэбці і пачухваць у яго за вухам, і ад гэтага прыемнае адчуванне толькі ўзмацнілася. I калі чалавек нарэшце пагладзіў яго апошні раз і адышоў, Белы Ікол канчаткова падбадзёрыўся. Ён яшчэ не адзін раз у жыцці будзе адчуваць страх перад чалавекам, але сяброўскія адносіны паміж імі зарадзіліся ў гэтыя хвіліны.
Праз некаторы час Белы Ікол пачуў набліжэнне нейкіх дзіўных гукаў. Ён хутка здагадаўся, што гукі гэтыя ідуць ад людзей. На сцяжынку чарадой выйшла ўсё індзейскае племя, якое перакачоўвала на новае месца. Іх было чалавек сорак — мужчын, жанчын, дзяцей, якія згіналіся пад цяжарам лагерных пажыткаў. 3 імі ішло шмат сабак; і ўсе сабакі, акрамя шчанятаў, таксама былі нагружаны рознай паклажай. Кожны сабака нёс на спіне мяшок з рэчамі вагой у фунтаў трыццаць.
Белы Ікол ніколі яшчэ не бачыў сабак, але адразу адчуў, што яны мала чым адрозніваюцца ад яго ўласнай пароды. Учуўшы ваўчаня і яго маці, сабакі зараз жа даказалі, якая нязначная гэта розніца. Пачалася бойка. Увесь натапырыўшыся, Белы Ікол гыркаў і агрызаўся на разяўленыя сабачыя пашчы, якія акружалі яго з усіх бакоў; сабакі павалілі ваўчаня, але яно не пераставала кусаць і рваць іх за ногі і за жывот, адчуваючы ў той жа час, як сабачыя зубы ўпіваюцца яму ў цела. Падняўся аглушальны брэх. Ваўчаня чула гырканне Кічы, якая кінулася яму на дапамогу, чула крыкі людзей, удары палак і віск сабак, якім даставаліся гэтыя ўдары.
Праз некалькі секунд ваўчаня зноў было на нагах. Яно ўбачыла, што людзі адганяюць сабак палкамі і камянямі, абараняючы, ратуючы яго ад лютых іклоў гэтых істотаў, якія ўсё ж чымсьці ад-
розніваліся ад воўчай пароды. I хаця ваўчаня не магло выразна ўявіць сабе такога адцягненага паняцця, як справядлівая адплата, тым не менш яно па-свойму адчувала справядлівасць чалавека і прызнала ў ім істоту, якая ўстанаўлівае закон і сочыць за яго выкананнем. Ацаніла яно таксама спосаб, якім людзі прымушаюць падпарадкоўвацца сваім законам. Яны не кусаліся і не пускалі ў ход кіпцюроў, як усе астатнія звяры, а выкарыстоўвалі сілу нежывых прадметаў. Нежывыя прадметы падпарадкоўваліся іх волі: камяні і палкі, кінутыя гэтымі дзіўнымі істотамі, ляталі ў паветры, як жывыя, і наносілі сабакам адчувальныя Ўдары.
Улада гэтая здавалася Беламу Іклу незвычайнай, божай уладай, яна выходзіла за межы ўсяго магчымага. Белы Ікол па самой прыродзе сваёй не мог нават падазраваць аб існаванні багоў, у лепшым выпадку ён адчуваў, што ёсць рэчы загадкавыя. Але павага і страх, якія ямў ўнушалі людзі, былі падобныя на тыя павагу і страх, якія адчуў бы чалавек пры выглядзе бажаства, якое пускае з горнай вяршыні маланкі на зямлю.
Але вось апошні сабака адбег убок, сумятня ўляглася, і Белы Ікол стаў залізваць раны, разважаючы аб сваім першым далучэнні да зграі і аб сваім першым знаёмстве з яе жорсткасцю. Да гэтага часу яму здавалася, што ўся іх парода складаецца з Аднавокага, мацеры і яго самога. Яны трое стаялі асобна. Але раптам, зусім знянацку, высветлілася, што ёсць яшчэ шмат іншых жывых істотаў, якія належаць, відаць, да яго пароды. I дзесьці ў глыбіні свядомасці ў ваўчаняці з’явілася пачуццё крыўды на сваіх, якія, ледзьве ўбачыўшы яго, загарэліся да яго смяротнай нянавісцю. Апроч гэтага, яно абуралася, што маці прывязалі да палкі, хоць гэта і было зроблена рукамі вышэйшай істоты. Тут папахвала пасткай, няволяй. Але што ваўчаня магло ведаць пра пастку, пра няволю? Свабоду блукаць, бегаць, ляжаць, калі захочацца, яно атрымала ў спадчыну ад продкаў. Цяпер рухі
ваўчыцы абмяжоўваліся даўжынёй палкі, і тая ж самая палка абмяжоўвала і рухі ваўчаняці, таму што яно яшчэ не магло абысціся без маці.
Ваўчаняці гэта не падабалася, і калі людзі падняліся і адправіліся ў дарогу, яно канчаткова засталося незадаволеным такімі парадкамі, бо нейкая маленькая чалавечая істота ўзяла ў рукі палку, да якой была прывязана Кічы, і павяла яе за сабой, як палонніцу, а за Кічы пацягнуўся і Белы Ікол, вельмі збянтэжаны і занепакоены ўсім, што адбываецца.
Яны накіраваліся ўніз па рачной даліне, нашмат далей тых мясцінаў, куды заходзіў у час сваіх блуканняў Белы Ікол, і дайшлі да самага канца яе, дзе рэчка ўпадала ў Макензі. На беразе стаялі пірогі, паднятыя на высокія жэрдкі, ляжалі рашоткі для сушкі рыбы. Індзейцы разбілі тут стаянку. Белы Ікол са здзіўленнем аглядаўся вакол сябе. Магутнасць людзей расла штохвіліны. Ён ужо пераканаўся ў іх уладзе над лютымі сабакамі. Гэта ўлада гаварыла пра сілу. Але яшчэ больш здзіўляла Белага Ікла ўлада людзей над нежывымі прадметамі, іх здольнасць змяняць аблічча свету. Гэта было тое, што найболып уражвала. Вось людзі ўстанавілі жэрдкі для вігвамаў, тут, уласна кажучы, не было нічога надзвычайнага,— гэта рабілі тыя ж самыя людзі, якія ўмелі кідаць камяні і палкі. Аднак, калі жэрдкі абцягнулі скурай і парусінай і яны сталі вігвамамі, Белы Ікол канчаткова разгубіўся. Больш за ўсё яго ўражвалі вялізныя памеры вігвамаў. Яны раслі паўсюль з чартоўскай хуткасцю, быццам нейкія жывыя істоты. Яны займалі амаль усё поле зроку. Ён баяўся іх. Вігвамы злавесна маячылі ў вышыні, і калі вецер прабягаў па стаянцы, уздуваючы на іх парусіну і скуру, Белы Ікол у страху прыпадаў да зямлі, не зводзячы вачэй з гэтых гмахаў і рыхтуючыся адскочыць убок, як толькі яны пачнуць валіцца на яго.