• Газеты, часопісы і г.д.
  • Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця  Джэк Лондан

    Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця

    Джэк Лондан

    Выдавец: Полымя
    Памер: 334с.
    Мінск 1997
    98.61 МБ
    Калі б ваўкам трапілася якая-небудзь здабыча — любоў і саперніцтва з-за любові зараз жа авалодалі б зграяй, і яна распалася б. Але становішча яе было адчайнае. Ваўкі схуднелі ад працяглай галадоўкі і прасоўваліся ўперад нашмат павольней, чым звычайна. У хвасце, прыкульгваючы, пляліся слабыя — самыя маладыя і старыя. Моцныя ішлі спераду. Усе яны былі больш падобныя на шкілеты, чым на сапраўдных ваўкоў. I ўсё ж у іх рухах — калі не лічыць тых, хто прыкульгваў,— не адчувалася ні стомленасці, ні самых нязначных намаганняў. Здавалася, што ў іх мускулах, якія выступалі на іх целе, як вяроўкі, прыхаваны невычэрпны запас моцы. За кожным рухам стальнога мускула ішоў другі рух, за ім трэці, чацвёрты — і так бясконца.
    У той дзень ваўкі прабеглі шмат міляў. Яны беглі і ноччу. Настаў новы дзень, а яны ўсё яшчэ беглі. Абледзянелая мёртвая прастора. Нідзе ніякіх прыкмет жыцця. Толькі яны адны і рухаліся ў гэтай застылай пустыні. Толькі ў іх было жыццё, і яны рыскалі ў пошуках іншых жывых істотаў, каб разарваць іх — і жыць, жыць!
    Ваўкам давялося перасячы не адзін водападзел і абрыскаць не адзін ручай у нізінах, перш чым пошукі іх увянчаліся поспехам. Яны сустрэлі ласёў. Першай іхняй здабычай быў буйны лось-самец. Гэта было жыццё. Гэта было мяса, і яго не абаранялі ні таямнічае вогнішча, ні лятаючыя галавешкі. 3 раздвоенымі капытамі і галінастымі рагамі ваўкам даводзілася сустракацца не раз, і яны адкінулі сваё звычайнае цярпенне і асцярожнасць. Бітва была кароткай і гарачай. Лася акружылі з усіх бакоў. Трапнымі ўдарамі цяжкіх капытоў ён распорваў ваўкам жываты, прабіваў чарапы, вялізнымі рагамі ламаў ім косці. Лось падмінаў іх пад сябе, катаючыся па снезе, але ён быў асуджаны на пагібель, і ўрэшце рэшт ногі яго падламаліся. Ваўчыца з раз’юшанасцю ўпілася яму ў горла, а зубы астатніх ваўкоў ірвалі яго на часткі — жыўцом, не чакаючы, пакуль ён заціхне і перастане адбівацца.
    Яды было ўдосталь. Лось важыў звыш васьмісот фунтаў — па дваццаць фунтаў на кожную воўчую глотку. Калі ваўкі з надзвычайнай вытрымкай умелі пасціцца, то не менш надзвычайнай была і хуткасць, з якой яны пажыралі ежу, і хутка ад цудоўнай, поўнай сіл жывёліны, сутыкнутай некалькі гадзін назад са зграяй, засталося толькі некалькі раскінутых па снезе касцей.
    Цяпер ваўкі падоўгу адпачывалі і спалі. На сыты страўнік маладзейшыя самцы пачалі сварыцца і біцца, і гэта працягвалася ўвесь астатак дзён, якія папярэднічалі распаду зграі. Голад скончыўся. Ваўкі дайшлі да багатых на дзічыну мясцінаў; палявалі яны па-ранейшаму, усёй зграяй, але дзейнічалі ўжо з большай асцярожнасцю,
    адразаючы ад невялікіх ласіных чарод, што трапляліся ім на шляху, цельных самак ці старых хворых ласёў.
    I вось настаў дзень у гэтым краі дастатку, калі воўчая зграя разбілася на дзве. Ваўчыца, малады важак, які бег ад яе злева, і Аднавокі, які бег справа, павялі сваю палову зграі на ўсход, да ракі Макензі, і далей, да азёраў. I гэтая маленькая зграя таксама штодня памяншалася. Ваўкі разбіваліся на пары — самец з самкай. Вострыя зубы саперніка раз-пораз адганялі прэч якога-небудзь адзінокага ваўка. I нарэшце ваўчыца, малады важак, Аднавокі і дзёрзкі трацяк засталіся ўчатырох.
    Да гэтага часу характар у ваўчыцы канчаткова сапсаваўся. Сляды яе зубоў былі ва ўсіх траіх кавалераў. Але ваўкі ніводнага разу не адказалі ёй тым жа, ні разу не паспрабавалі абараняцца. Яны толькі падстаўлялі плечы пад самыя лютыя ўкусы ваўчыцы, павільвалі хвастамі і перабіралі нагамі вакол яе, стараючыся стрымаць яе гнеў. Але калі да самкі ваўкі праяўлялі рахманасць, то ў адносінах адзін да аднаго яны былі сама злосць. Лютасць трацяка перайшла ўсе межы. У адну з чарговых сварак ён падляцеў да старога ваўка з таго боку, з якога той нічога не бачыў, і на шматкі разарваў яму вуха. Але сівы аднавокі стары паклікаў на дапамогу супраць маладосці і сілы ўсю сваю шматгадовую мудрасць і ўвесь свой вопыт. Ягонае выцеклае вока і спаласаваная рубцамі морда дастаткова яскрава гаварылі пра тое, якім быў гэты вопыт. Надта шмат бітваў давялося яму перажыць на сваім вяку, каб хоць на хвіліну задумацца над тым, як трэба дзейнічаць цяпер.
    Бітва пачалася сумленна, але несумленна скончылася. Цяжка было загадзя меркаваць пра яе зыход, калі б да старога важака не далучыўся малады; разам яны накінуліся на дзёрзкага трацяка. Бязлітасныя іклы былых сабратоў ўпіваліся ў яго з усіх бакоў. Былі забытыя тыя дні, калі ваўкі разам палявалі, здабыча, якую яны разам забівалі,
    голад, які аднолькава мучыў іх траіх. Усё гэта было справай мінулага. Зараз імі валодала любоў — пачуццё яшчэ больш суровае і жорсткае, чым голад.
    Тым часам ваўчыца — прычына ўсіх звадак — з задаволеным выглядам уселася на снезе і стала сачыць за бітвай. Ёй гэта нават падабалася. Настаў яе час,— што здараецца рэдка,— калі шэрсць устае дыбам, ікол удараецца аб ікол, ірве, паласуе падатлівае цела,— і ўсё гэта дзеля валодання ёю.
    I трацяк, які ўпершыню ў сваім жыцці сутыкнуўся з любоўю, паплаціўся за яе жыццём. Абодва сапернікі стаялі над яго целам. Яны глядзелі на ваўчыцу, якая сядзела на снезе і ўсміхалася ім. Але стары воўк быў мудры — мудры ў справах любові не менш, чым у бітвах. Малады важак павярнуў галаву залізаць рану на плячы. Карак ягоны быў павернуты да саперніка. Сваім адзіным вокам стары ўбачыў, які зручны момант надарыўся яму. Кінуўшыся як страла на маладога ваўка, ён паласнуў яго ікламі па шыі, пакінуўшы на ёй доўгую, глыбокую рану і ўспароўшы вену, і тут жа адскочыў назад.
    Малады важак загыркаў, але яго страшнае гырканне адразу перайшло ў сутаргавы кашаль. Сыходзячы крывёю, кашляючы, ён кінуўся на старога ваўка, але жыццё ўжо пакідала яго, ногі падкошваліся, вочы засціў туман, удары і скачкі рабіліся ўсё слабейшыя і слабейшыя.
    Але ваўчыца сядзела збоку і ўсміхалася. Відовішча бітвы выклікала ў ёй нейкае няяснае пачуццё радасці, бо такая ёсць любоў у Паўночнай глушы, а трагедыю яе пазнае толькі той, хто памірае. Для тых жа, хто застаўся жывы, яна ўжо не трагедыя, а свята ажыццёўленага жадання.
    Калі малады воўк выцягнуўся на снезе, Аднавокі гордым поетупам накіраваўся да ваўчыцы. Але ж поўнаму трыумфу пераможцы перашкаджала неабходнасць быць напагатове. Ён прастадушна чакаў рэзкага прыёму і так жа прастадушна здзівіўся, калі ваўчыца не паказала яму зубоў,— упер-
    шыню за ўвесь гэты час яго сустрэлі так ласкава. Яна абнюхалася з ім і нават узялася скакаць, гарэзнічаць, зусім як шчаня. I Аднавокі, забыўшыся пра свой паважны ўзрост і ўмудронасць вопытам, таксама ператварыўся ў шчаня, бадай, нават яшчэ больш дурное, чым ваўчыца.
    Забытымі былі і пераможаныя сапернікі, і аповесць пра любоў, крывёй напісаная на снезе. Толькі раз успомніў пра гэта Аднавокі, калі спыніўся на хвіліну, каб залізаць раны. I тады губы ягоныя злосна задрыжалі, шэрсць на шыі і на плячах паднялася дыбам, кіпцюры сутаргава ўпіліся ў снег, цела выгнулася, падрыхтаваўшыся да скачка. Але ў наступную ж хвіліну ўсё забылася, і ён кінуўся ўслед за ваўчыцай, якая гулліва заваблівала яго ў лес.
    А потым яны пабеглі побач, як добрыя сябры, што прыйшлі нарэшце да ўзаемнай згоды. Дні ішлі, а яны неразлучаліся — разам ганяліся за здабычай, разам забівалі яе, разам з’ядалі. Але потым ваўчыцай авалодаў неспакой. Здавалася, яна шукае нешта і ніяк не можа знайсці. Яе вабілі да сябе зацішныя месцы пад паваленымі дрэвамі, і яна праводзіла цэлыя гадзіны, абнюхваючы зацярушаныя снегам расколіны ў скалах і пячоры пад навіслымі берагамі ракі. Старога ваўка ўсё гэта зусім не цікавіла, але ён пакорліва ішоў за ёй, a калі гэтыя пошукі зацягваліся, то ён клаўся на снег і чакаў яе.
    He затрымліваючыся надоўга на адным месцы, яны пабеглі да ракі Макензі і ўжо не спяшаючыся накіраваліся ўздоўж берага, час ад часу зварочваючы ў пошуках здабычы на невялікія прытокі, але нязменна вяртаючыся да ракі. Часам ім трапляліся іншыя ваўкі, якія блукалі звычайна парамі; але ні той, ні другі бок не выказваў ні радасці пры сустрэчы, ні дружалюбных пачуццяў, ні жадання зноў сабрацца ў зграю. Сустракаліся на іх шляху і адзінокія ваўкі. Гэта былі самцы, якія ахвотна далучыліся б да Аднавокага і яго сяброўкі. Але Аднавокі не жадаў гэтага, і варта было
    ваўчыцы стаць побач з ім, натапырыцца і аскаліць зубы, як назойлівыя чужынцы адступалі, паварочвалі назад і зноў пускаліся ў свой адзінокі шлях.
    Неяк раз, калі яны беглі месячнай ноччу па маўклівым лесе, Аднавокі раптам спыніўся. Ён задзёр угору морду, напружыў хвост і, раздзьмуўшы ноздры, стаў нюхаць паветра. Потым падняў пярэднюю лапу, як сабака на стойцы. Штосьці ўстрывожыла яго, і ён працягваў прынюхвацца, стараючыся разгадаць вестку, што неслася ў паветры. Ваўчыца пацягнула носам і пабегла далей, падбадзёрваючы свайго спадарожніка. Усё яшчэ не супакоіўшыся, ён пайшоў за ёй, але раз-пораз спыняўся, каб унікнуць у перасцярогу, якую нёс яму вецер.
    Асцярожна ступаючы, ваўчыца выйшла з-за дрэў на вялікую паляну. Некалькі хвілін яна стаяла там адна. Потым увесь насцярожыўшыся, кожным сваім валаском выпраменьваючы бязмежны недавер, да яе падышоў Аднавокі. Яны сталі побач, працягваючы прыслухоўвацца, углядацца, паводзіць носам.
    Да іх слыху данесліся гукі сабачай грызні, гартанныя галасы мужчын, прарэзлівая лаянка жанчын і нават тонкі жаласны плач дзіцяці. 3 паляны ім былі відаць толькі вялікія, абцягнутыя скурай вігвамы, полымя вогнішчаў, якое штохвілінна засланялі чалавечыя фігуры, і дым, які павольна падымаўся ў спакойным паветры. Але іх ноздры ўлавілі мноства пахаў індзейскага паселішча, якія гаварылі пра рэчы, зусім незразумелыя Аднавокаму і знаёмыя ваўчыцы да самых драбніц. Ваўчыцу ахапіў дзіўны неспакой, і яна працягвала прынюхвацца ўсё з большай і большай асалодай. Але Аднавокі ўсё яшчэ сумняваўся. Ён нерашуча крануўся з месца і выдаў гэтым сваю апаску. Ваўчыца павярнулася, тыцнула яго носам у шыю, быццам супакойваючы, потым зноў стала глядзець на паселішча. У яе вачах свяцілася туга, але гэта ўжо не была туга, народжаная голадам. Яна дрыжала ад ахапіўшага яе жадання бегчы туды, падкрасці-
    ся бліжэй да вогнішчаў, умяшацца ў сабачую бойку, ухіляцца і адскакваць ад неасцярожных крокаў людзей.