• Газеты, часопісы і г.д.
  • Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця  Джэк Лондан

    Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця

    Джэк Лондан
    Для старэйшага школьнага ўзросту
    Выдавец: Полымя
    Памер: 334с.
    Мінск 1997
    98.61 МБ
    Уся зграя кінулася да чалавека, замітусілася вакол яго, і толькі палаючыя галавешкі адагналі яе на значную адлегласць.
    Нават пры дзённым святле Генры не адважваўся адысці ад агню і насячы галля. Крокаў за дваццаць ад саней стаяла вялізная засохлая елка. Ён патраціў палову дня, каб расцягнуць да яе ланцуг вогнішчаў, увесь час трымаючы напагатове для сваіх праследавацеляў некалькі палаючых галінак. Дабраўшыся да мэты, ён агледзеўся вакол, шукаючы, дзе больш сухога галля, каб зваліць елку ў той бок.
    Гэтая ноч была дакладным паўтарэннем папярэдняй, з той толькі розніцай, што Генры амаль не мог змагацца са сном. Ён ужо не прачынаўся ад гыркання сабак. Да таго ж яны гыркалі бесперастанку, а яго стомлены, пагружаны ў дрымоту мозг ужо не ўлоўліваў адценняў у іх галасах.
    I раптам ён прачнуўся, быццам ад штуршка.
    Ваўчыца стаяла зусім блізка. Машынальна ён тыцнуў галавешкай у яе ашчэраную пашчу. Ваўчыца адскочыла назад, выючы ад болю, а Генры з асалодай удыхаў пах смаленай шэрсці і гарэлага мяса, гледзячы, як звер трасе галавой і злосна гыркае ўжо за некалькі крокаў ад яго.
    Але цяпер, перш чым заснуць, Генры прывязаў да правай рукі тлеючы сасновы сук. Варта было яму заплюшчыць вочы, як боль ад апёку будзіў яго. Так працягвалася некалькі гадзін. Прачынаючыся, ён адганяў ваўкоў палаючымі галавешкамі, падкідваў у агонь галля і зноў прывязваў сук да рукі. Усё шло добра; але ў адно з такіх абуджэнняў Генры дрэнна зацягнуў рэмень, і, як толькі вочы яго заплюшчыліся, сук выпаў з яго рукі.
    Яму сніўся сон. Форт Мак-Гэры. Цёпла, утульна. Ён гуляе ў крыбедж з начальнікам факторыі. I яму сніцца, што ваўкі асаджаюць форт. Ваўкі выюць каля самай брамы, і яны з начальнікам час ад часу адрываюцца ад гульні, каб прыслухацца да выцця і пасмяяцца з марных намаганняў ваўкоў пранікнуць унутр форта. Потым — які страшны сон яму сніўся! — пачуўся трэск. Дзверы расчыніліся насцеж. Ваўкі ўварваліся ў пакой. Яны кінуліся на яго і на начальніка. Як толькі дзверы расчыніліся, выццё стала аглушальным, яно не давала яму спакою. Сон прымаў ужо нейкія іншыя абрысы, Генры яшчэ не мог зразумець, якія, і зразумець яму перашкаджала выццё, якое не спынялася ні на хвіліну.
    А потым ён прачнуўся і пачуў выццё і гырканне ўжо наяве. Ваўкі ўсёй зграяй кінуліся на яго. Нечыя іклы ўпіліся яму ў руку. Ён скокнуў у вогнішча, і, скачучы, адчуў, як вострыя зубы паласнулі яго па назе. I вось пачалася бітва. Тоўстыя рукавіцы абаранялі яго рукі ад агню, ён поўнымі жменямі шпурляў ва ўсе бакі жар, і вогнішча стала нарэшце нечым накшталт вулкана.
    Але гэта не магло працягвацца доўга. Твар Генры пакрыўся пухірамі, бровы і вейкі былі асмалены, ногі ўжо не трывалі жару. Схапіўшы ў рукі
    па галавешцы, ён скочыў бліжэй да краю вогнішча. Ваўкі адступілі. Справаі злева — усюды, куды толькі падаў жар, шыпеў снег; і па адчайных скачках, фырканні і гырканні можна было здагадацца, што ваўкі наступалі на яго.
    Расшпурляўшы галавешкі, чалавек скінуў з рук тлеючыя рукавіцы і стаў тупаць па снезе нагамі, каб астудзіць іх. Абодва сабакі зніклі, і ён выдатна ведаў, што яны паслужылі чарговай стравай на тым зацягнутым балі, які пачаўся з Фэці і ў адзін з бліжэйшых дзён, мабыць, скончыцца ім самім.
    — А ўсё ж да мяне вы яшчэ не дабраліся! — крыкнуў ён, шалёна пагразіўшы кулаком галодным звярам.
    Пачуўшы яго голас, зграя замітусілася, дружна загыркала, а ваўчыца падступіла да яго амаль ушчыльную і ўтаропілася на яго тужлівымі, галоднымі вачыма.
    Генры стаў абдумваць новы план абароны. Расклаўшы вогнішча шырокім колам, ён кінуў на таючы снег сваю пасцель і сеў на ёй унутры гэтага кола. Як толькі чалавек схаваўся за вогненнай агароджай, уся зграя акружыла яе, цікавячыся, куды ён падзеўся. Да гэтага часу ў іх не было доступу да агню, а цяпер яны расселіся каля яго шчыльным колам і, як сабакі, жмурыліся, пазяхалі і пацягваліся ў нязвыклым для іх цяпле. Потым ваўчыца ўселася на заднія лапы, падняла галаву і завыла. Ваўкі адзін за адным падцягвалі ёй, і нарэшце ўся зграя, наставіўшы морды ў зорнае неба, зацягнула песню голаду.
    Стала світаць, потым настаў дзень. Вогнішча дагарала, галлё канчалася, трэба было папоўніць запас. Чалавек паспрабаваў выйсці за межы вогненнага кола, але ваўкі кінуліся яму насустрач. Палаючыя галавешкі прымушалі іх адскакваць у бакі, але назад яны ўжо не ўцякалі. Дарэмна чалавек стараўся прагнаць іх. Пераканаўшыся нарэшце ў безнадзейнасці сваіх спробаў, ён адступіў унутр палаючага кола, і ў гэты час адзін з ваўкоў
    скокнуў на яго, але прамахнуўся і ўсімі чатырма лапамі трапіў у агонь. Звер завыў ад страху, агрызнуўся і адпоўз ад вогнішча, стараючыся астудзіць на снезе апечаныя лапы.
    Чалавек, згорбіўшыся, сядзеў на коўдры. Па бязвольна апушчаных плячах і паніклай галаве можна было зразумець, што ў яго больш няма сіл працягваць барацьбу. Час ад часу ён падымаў галаву і глядзеў на дагараючае вогнішча. Кола агню і жару там-сям ужо разамкнулася, распалася на асобныя вогнішчы. Свабодны праход паміж імі ўсё болып павялічваўся, а самі вогнішчы памяншаліся.
    — Ну, цяпер вы да мяне даберацеся,— прабурчаў Генры.— Але мне ўсё роўна, я хачу спаць...
    Прачнуўшыся, ён убачыў паміж двума вогнішчамі адразу перад сабой ваўчыцу, якая глядзела на яго з пільнай увагай.
    Праз некалькі хвілін, якія здаліся яму гадзінамі, ён зноў падняў галаву. Адбылася нейкая незразумелася змена, настолькі незразумелая для яго, што ён адразу прачнуўся. Нешта здарылася. Спачатку ён не мог зразумець, што іменна. Потым здагадаўся: ваўкі ўцяклі. Толькі па вытаптаным снезе можна было меркаваць, як блізка яны падбіраліся да яго.
    Хваля дрымоты зноў ахапіла Генры, галава яго ўпала на калені, але раптам ён уздрыгнуў і прачнуўся.
    Аднекуль даносіліся людскія галасы, скрып палазоў, нецярплівы віскат сабак. Ад ракі да стаянкі паміж дрэвамі пад’язджала чацвёра нартаў. Некалькі чалавек акружылі Генры, які скруціўся ў коле згасаючага агню. Яны раскатурхвалі і трэслі яго, стараючыся прывесці да прытомнасці. Ён глядзеў на іх, як п’яны, і бурчаў вялым, сонным голасам:
    — Рыжая ваўчыца... прыходзіла падчас кармлення сабак... Спачатку зжэрла сабачы корм... потым сабак... А потым Біла...
    — А дзе лорд Альфрэд? — крыкнуў яму ў вуха
    адзін з прыехаўшых, з сілай трасянуўшы яго за плячо.
    Ён павольна пакруціў галавой.
    — Яна яго не чапала... Ён там, на дрэвах... ля апошняй стаянкі.
    — Памёр?
    — Так. У труне,— адказаў Генры.
    Ён злосна вырваў плячо, вызваляючыся ад нахіленага над ім чалавека.
    — Пакіньце мяне ў спакоі, я не магу... Дабранач.
    Павекі Генры здрыгануліся і заплюшчыліся, галава ўпала на грудзі. I як толькі яго апусцілі на коўдру, у марознай цішыні пачуўся моцны храп.
    Але з гэтым храпам змешваліся і іншыя гукі. Здалёку, ледзьве ўлоўнае на такой адлегласці, даносілася выццё галоднай зграі, якая пагналася за іншай здабычай, узамен толькі што пакінутага ёю чалавека.
    ЧАСТКА ДРУГАЯ
    РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
    БІТВА ІКЛОЎ
    Ваўчыца першая пачула гукі чалавечых галасоў і віскат ездавых сабак, і яна ж першая адскочыла ад чалавека, загнанага ў кола патухаючага агню. Неахвотна развітваючыся з ужо ўпаляванай здабычай, зграя пачакала некалькі хвілін, прыслухоўваючыся, а потым кінулася ўслед за ваўчыцай.
    На чале зграі бег буйны шэры воўк, адзін з яе важакоў. Ён жа і накіраваў зграю па слядах ваўчыцы, папераджальна агрызаючыся на маладзейшых сваіх сабратоў і адганяючы іх ударамі іклоў, калі яны асмельваліся забягаць наперад. I гэта ён
    прыспешыў хаду, убачыўшы ўперадзе ваўчыцу, якая павольнай рыссю бегла па снезе.
    Ваўчыца пайшла побач з ім, нібы месца гэта было прызначана для яе, і ўжо больш не аддалялася ад зграі. Важак не гыркаў і не агрызаўся на ваўчыцу, калі выпадковы скачок выносіў яе наперад,— наадварот, ён, відаць, быў вельмі прыхільны да яе, бо стараўся ўвесь час бегчы побач. А ёй гэта не падабалася, і яна гыркала і ашчэрвала зубы, не падпускаючы яго да сябе. Калі-нікалі ваўчыца не спынялася нават перад тым, каб куснуць яго за плячо. У такіх выпадках важак не паказваў ніякай злосці, а толькі адскакваў убок і рабіў некалькі нязграбных скачкоў, усім сваім выглядам і паводзінамі нагадваючы збянтэжанага закаханага прасцячка.
    Гэта было адзінае, што перашкаджала яму кіраваць зграяй. Але ваўчыцу адольвалі іншыя непрыемнасці. Справа ад яе бег худы стары воўк, шэрая шкура якога насіла сляды шматлікіх бітваў. Ён увесь час трымаўся справа ад ваўчыцы. Тлумачылася гэта тым, што ў яго было толькі адно вока, левае. Стары воўк раз-пораз адцясняў яе, тыцкаючыся сваёй пакрытай шрамамі мордай то ў бок ёй, то ў плячо, то ў шыю. Яна ўспрымала яго заляцанні лясканнем зубоў, гэтак жа як і заляцанні важака, які бег злева, і, калі абодва яны пачыналі чапляцца да яе адначасова, ёй даводзілася цяжка: трэба было рвануць зубамі абодвух, у той жа час не адставаць ад зграі і глядзець сабе пад ногі. У такія хвіліны абодва ваўкі пагрозліва гыркалі і шчэрылі адзін на аднаго зубы. Іншым разам яны б пабіліся, але цяпер нават любоў і саперніцтва ўступалі месца болып моцнаму пачуццю — пачуццю голаду, што мучыла ўсю зграю.
    Пасля кожнага такога адпору стары воўк адскакваў ад непаслухмянага прадмета сваёй пажадлівасці і сутыкаўся з маладым, трохгадовым ваўком, які бег справа, з боку яго сляпога вока. Трацяк быў цалкам узмужнелы і, калі ўлічыць слабасць і схуднеласць астатніх ваўкоў, вылучаўся з
    усёй зграі сваёй сілай і жвавасцю. I ўсё ж ён бег так, што галава яго была ўпоравень з галавой аднавокага ваўка. Як толькі ён адважваўся параўняцца з ім (што здаралася даволі рэдка), стары гыркаў, ляскаў зубамі і адразу ж асаджваў яго на ранейшае месца. Але час ад часу трацяк адставаў і крадком уціскваўся паміж ім і ваўчыцай. Гэты манеўр сустракаў двайны, нават трайны адпор. Як толькі ваўчыца пачынала гыркаць, стары воўк рабіў круты паварот і накідваўся на трацяка. Часам заадно са старым на яго накідвалася і ваўчыца, a іншы раз да іх далучаўся і важак, што бег злева.
    Убачыўшы перад сабой тры раз’юшаныя пашчы, малады воўк спыняўся, асядаў на заднія лапы і, увесь натапырыўшыся, паказваў зубы. Замяшанне на чале зграі непазбежна суправаджалася замяшаннем і ў задніх радах. Ваўкі натыкаліся на трацяка і выказвалі сваё незадавальненне тым, што злосна кусалі яго за сцёгны і за бакі. Яго становішча было небяспечным, бо голад і лютасць звычайна спадарожнічаюць адно з адным. Але бязмежная самаўпэўненасць маладосці падштурхоўвала яго на паўтарэнне гэтых спробаў, хаця яны не мелі ніякага поспеху і прычынялі яму толькі адны непрыемнасці.