Кніга здольных
Святлана Аўдзейчык
Выдавец: Галіяфы
Памер: 352с.
Мінск 2020
Сбэтлана AyqjeMMWK
СВЯТЛАНА АЎДЗЕЙЧЫК
КНІГА здодьных
СПАДКАЕМЦЫ САКРУМА 1
Мінск «Галіяфы» 2020
УДК 821.161.3-93
ББК 84(4Бен)-44 А93
Аўдзейчык, С.
А93 Кніга здольных : раман / Святлана Аўдзейчык. Мінск : Галіяфы, 2020. 352 с.
ISBN 978-985-7209-45-3.
3 аднаго боку — містычны Край, а з другога — Бязмежнае мора. Праз што церпяць пакаранне жыхары Ларбора, апынуўшыся ў ізаляцыі? Чаму краіна, якая належала здольным, цяпер у руках бездараў-захопнікаў і пачварных пронгаў? Навошта варагуюць навучэнцы дзвюх школ, у якіх дзеці здольных спасцігаюць баявое майстэрства продкаў? I, нарэшце, самае галоўнае пытанне — што такое Сакрум, які марыць атрымаць кожны? Рой, навучэнец Аквілы, паступова робіць крокі да разгадкі гэтай таямніцы, але ўсе ведаюць, што Сакрум сам абярэ сабе гаспадара, і шэраг падзей, які прывядзе да гэтага, ужо запусціўся.
УДК 821.161.3-93
ББК 84(4Бен)-44
ISBN 978-985-7209-45-3
© Аўдзейчык, С., 2020
© Кароткая-Адаменка Ю., вокладка, 2020
© Афармленне. ПВУП «Галіяфы», 2020
Аквіла нездарма лічылася адной з найлепшых школ Ларбора. Яе вежы губляліся ў надхмар’і, яе брама нагадвала сабой распасцёртыя крылы птушкі. Дэвіз Аквілы, увасоблены ў велізарных, амаль у рост чалавека літарах над уваходам — «Арол мух не ловіць» — умацоўваў у вучняў гэтай школы адчуванне сваёй выключнасці. Асабліва гэта адчувалася ў адносінах да вучняў Серпенты, утоенай у сутарэннях Ларбора. Збудаваныя на рэштках старажытных тэронаў, абедзве школы варагавалі ад свайго заснавання, і з цягам часу варожасць паміж імі толькі мацнела, пакуль не стала сур’ёзнай пагрозай для дабрабыту ўсяго горада. Месцазнаходжанне рэшткаў трэцяга тэрона было страчана, і знайсці яго марылі ўсе, хто так ці інакш захоўваў у памяці легенду пра Дэркуса.
Рой
Ішоў апошні тыдзень вакацый. На жаль, надвор’е не цешыла. Дождж, які пачаўся яшчэ ўчора, толькі скончыўся, і выходзіць пакуль не хацелася. Рой, уладкаваўшыся ў гамаку ў сваім пакоі, забаўляўся тым, што кідаў завостраныя пёры ў плакат на дзвярах. Пёры былі невялічкія — ледзь даўжэйшыя за пальцы, сталёвыя, а таму прыемна важкія. Для Роя пачынаўся трэці год у Аквіле, і ён выдатна мог спраўляцца з пёрамі, асабліва калі ўлічыць, што на плакаце была выява не абы-каго, а самой Міліцы — вірыды Серпенты.
Чарговае пяро, не сустрэўшы перашкод на сваім шляху, вылецела акурат у расчыненыя дзверы. Яно прасвісцела над вухам Астравуха, які знянацку паўстаў на парозе. Астравух — гэта прозвішча. Імя госця было Эд. У той самы момант дзесьці за ягонай спінай бразнула разбітае шкло.
— Вітаю. Ты гэта... — нервова пачухаў вуха Эд, — перавесіў бы свой плакат. Хоць на сцяну, ці што.
— Дзверы зачыні, — нецярпліва кінуў яму Рой замест прывітання.
Эд жвава заскочыў у пакой, пёркі мільганулі ў руках Роя і паляцелі ў партрэт.
На прыгожым твары спадарыні Міліцы з’явіліся акуратныя вусы. Рой задаволена ўсміхнуўся, ленавата выбраўся з гамака і пачаў размінаць счэпленыя ў замок рукі.
Раптам ён зрабіў выпад наперад, «колам» падкаціў да дзвярэй, выхапіў пёры і прызямліўся на ранейшае месца. Эд зайздросна ўздыхнуў. Ён быў вялікі аматар падсілкавацца, а таму трохі цяжкаваты для такіх манеўраў. Кіданне пёраў па мішэні яшчэ давалася яму сяк-так. А вось з трукамі, якімі так па-майстэрску валодалі вучні Аквілы, справы ішлі нашмат горш.
— Ты трапіў у спісы на Інвентум? — пацікавіўся Эд. Рой паглядзеў на яго дапытліва.
— Ці ты не ведаеш?
Эд насупіўся.
— Я, можа, хацеў, каб ты сам распавёў.
Рой паціснуў плячыма.
— Ну не паспеў.
— Ну дык і рабі далей са свайго дзіэна такую таямніцу, — хмыкнуў той. — Што? Усё так дрэнна, што нельга прызнацца ў сваёй здольнасці найлепшаму сябру?
— He ўсім жа пашчасціла нарадзіцца такімі вушастымі, як ты, Эдзі.
Гэтага Эд ужо не мог стрываць.
— Зайздросціш... — хітра ўхмыльнуўся ён. — Між іншым, мая сям’я захоўвае дзіэн унікальнага слыху ўжо некалькі пакаленняў...
— У шкоду іншым карысным якасцям, — перапыніў яго Рой. Ён парадкам ужо стаміўся ад выхваленняў Эда. Гісторыю ягонай сям’і мог цытаваць на памяць.
— Я проста...
— Хацеў нагадаць, які ты таленавіты? Ведаеш, дзень, калі табе надакучыць мне пра гэта распавядаць, увойдзе ў гісторыю. Прынамсі, у маю асабістую.
— Як хочаш, — пакрыўджана буркнуў Эдзі. Ён скеміў, што і на гэты раз нічога ад сябра не даб’ецца. — У любым выпадку, у Цэрніуме ёсць радаводы на кожнага ўладальніка дзіэна. Можна зрабіць запыт і пашукаць твой радавод.
— Мне і так ёсць чым заняцца, — з перабольшанай абыякавасцю прагаварыў Рой. — Навошта шукаць? Каб час памарнаваць? Сам казаў радаводы там захоўваюцца толькі на сем’і здольных.
— Слухай, тады я ўвогуле нічога не разумею, — развёў рукамі Эд. — Як ты апынуўся ў Аквіле, маючы бяздарныя карані?
Вярнуўшы пёры ў напрыдалоннікі і, як звычайна, пакінуўшы пытанне Эда без адказу, Рой накіраваўся ў суседні пакой па згубленае пяро. Ён быў апрануты ў звычайную для аквілейцаў вопратку.
Вучні Аквілы насілі простыя, завужаныя ўнізе цёмныя нагавіцы і адмысловага крою тунікі са шчыльным каўняром і доўгімі рукавамі. Мінаючы дзверы, Рой паклікаў рукой Эдзі.
— Глядзі, у Серпенце новы настаўнік па баявой падрыхтоўцы. Кажуць — звер.
Ён бязлітасна сарваў партрэт Міліцы, пад якім аказаўся наступны. Адолеўшы такім чынам яшчэ некалькі аркушаў, Рой дабраўся да выявы дзіўнага чалавека. Ягоны твар быў нетыповым для здольнага. Масіўныя сківіцы і выразныя скулы, да якіх дапасоўваліся зрослыя над глыбока пасаджанымі вачыма бровы, надавалі гэтаму твару люты выраз.
Асабліва дзіўным пры такой знешнасці выглядаў тонкі, інтэлігентны прабор, які падзяляў прычоску гэтага чалавека на дзве амаль роўныя часткі.
— А-а, гэты. Крыварук, — паведаміў Эдзі. — Проста. Без імя.
— Прышпільнае прозвішча.
— Угу, — нібы неахвотна, працягнуў Эд. — Павук у яго мянушка.
Рой прысвіснуў.
— He пашчасціла яму.
— Ён хворы.
— Ну, гэта заўважна па ягоным выглядзе, — усміхнуўся Рой.
— Ты не разумееш. Ён рэальна хворы. У яго рукі крывыя і ногі таксама. Здаецца, пасля хваробы. Тут яшчэ добра намалявалі. А так ён вырадак. Вось толькі рухаецца, ты б бачыў — Эд пачухаў патыліцу. — He ведаю нават, як растлумачыць, дакладна павук. Быццам суставаў у яго ўдвая больш, чым у нас. Можа, так і ёсць? Хто яго ведае? — пахістаў галавой Эд. — Усе кажуць, што справа ў трэніроўках. Ці іх зразумееш, серпентайцаў тых?
Рой падазрона прыжмурыў вочы.
— I адкуль ты ўсё ведаеш?
Эд прадэманстраваў сваю белазубую ўсмешку, якую не псаваў нават няправільны прыкус. Ён зняў з пояса мудрагеліста аздоблены футарал і высыпаў на стол тое, што ў ім было.
— He ўсе ж такія зануды, як ты.
Рой ухмыльнуўся.
— Але. He ўсім жа дадзена быць такімі здольнымі, як ты, Вострае Вуха.
Той успыхнуў, ён не трываў, калі яго так называлі.
— Ты не крыўдуй толькі, але ў цябе ведаеш якая мянушка? Паміж намі?
— Ну? — запытальна выгнуў бровы Рой.
— He, праўда, гэта не я прыдумаў.
— Слухай, кажы ўжо.
— Барсук.
Рой расчаравана хмыкнуў.
— Так сабе мянушка.
Ён усміхнуўся, зазірнуў у люстэрка і ўскудлаціў валасы, правёўшы па іх рукой, нібы шчоткай. Пасярод ягонай шавялюры адна пасма была сапраўды белая, быццам выфарбаваная, і таму выбівалася з астатняй чорнай масы валасоў. Эд тым часам займаўся змесцівам свайго футарала. Гэта былі завостраныя з аднаго канца кідальныя стрэлы, з цыліндрычным стрыжнем і «бяспечным» апярэннем. Іх так і называлі — пёры. Усе снарады былі навучальныя, аднолькавыя з выгляду, але Рой вылучыў сярод іх адзін адметны.
— Ого! Шып зрабіў? Рэверсіўны?
Эд не адказаў толькі важна кіўнуў. Яго так і распірала ад гонару. Рой, не чакаючы дазволу, узяў пяро.
— «Арол мух не ловіць», — правёў ён пальцам па гравіроўцы. Яна ледзь прыкметным арнаментам упрыгожвала адну з граняў. Шып быў са сталёвай агранкай, трохкутны ў перасеку. Апрацаваныя ідэальна, ледзь не да празрыстага стану, краі граняў пераходзілі ў па-штукарску вытачанае, вострае апярэнне.
— Адзін?
Эдзік неахвотна кіўнуў.
— Адзін. Затое Данат рабіў! — важна паведаміў ён. — А ў цябе як справы?
— Нармальна. Бацька працуе над гэтым, — адгукнуўся Рой.
— Шып будзе?
Рой паціснуў плячыма.
— Напэўна. Або серп. А можа...
— А можа, сякера? — рагатнуў Эд. — 3 суцэльнага кавалка міраіту. Вялікая такая...
Ён не скончыў. Рой зрэзаў апярэннем шыпа адзін з канатаў. Шмат іх звісала з бэлек, замацаваных пад высокай арачнай столлю пакоя. Эд у апошні момант паспеў ухіліцца ад каша з разнастайным хламам, які праляцеў у нейкім сантыметры ад яго носа і паспяхова прызямліўся Эду на нагу.
— Дзе будзеш яго насіць? — не звяртаючы ўвагі на крыкі Эда, пацікавіўся Рой.
— Ты — псіх! — хмурна працадзіў Эд. — А калі б гэты сметнік мне на галаву зваліўся?
Ён штурхнуў нагой кош і скрывіўся ад болю.
Рой усміхнуўся.
— Расслабся. Твая галава і не такое вытрымае. Дык прыдумаў, дзе будзеш шып насіць?
Эд усё яшчэ хмурыўся.
— He ведаю яшчэ. Пакуль у футарале.
— Нязручна, — канстатаваў Рой.
— Гэта часова.
Эдзі працягнуў руку, збіраючыся забраць свой шып, але як бы не так.
Хутка перабіраючы пальцамі, Рой пачаў гуляць з ім і перамяшчаць пяро паміж пальцамі з такой хуткасцю, што Эд на нейкі момант згубіў яго з вачэй.
— А ну, аддай! — крыкнуў ён і паспрабаваў забраць шып. Але Рой, смеючыся, ухапіўся за канат, адштурхнуўся нагамі і адляцеў да акна. Шып прасвісцеў і ўторкнуўся якраз у кончык носа Крыварука. Выраз твару, хай сабе і партрэтнага, адразу зрабіўся пакрыўджаным, як ва ўсіх даўганосых.
— Ідыёт!
Эдзі з незадаволенай фізіяноміяй ступіў да дзвярэй, спатыкнуўся аб кошык, але здолеў утрымаць раўнавагу. Добра, што ўчапіцца за суседні канат было справай адной секунды.
— I логава ў цябе ідыёцкае!
Ён вырваў свой шып, а Рой зноў упаў у гамак і, закруціўшы трос, пачаў раскручвацца. Эд злосна бліснуў вачыма ў ягоны бок і ўбачыў скрутак, што ляжаў у сябра на стале.
Хітрая ўсмешка зрабіла ягоны твар звыкла дабрадушным. Рой падскочыў, але Эд здолеў апынуцца ля стала першым і схапіць скрутак проста з-пад носа ў Роя.
— Ого! Я так і думаў, — паведаміў ён. — Дык кажаш, «Дзіэназнаўства»? Нават у скрутках чытаеш? I як поспехі? Ужо знайшоў у сябе што-небудзь?
Эдзі разгроб сабе месцейка на захламленым стале, сеў, ухапіўся за калісьці разную, адглянцаваную часам ручку скрутка і разгарнуў яго ва ўсю даўжыню. Ён прабег вачыма па першых вузельчыках вязі, вышукваючы што-небудзь адпаведнае, каб папрактыкавацца ў досціпе.