Кніга здольных  Святлана Аўдзейчык

Кніга здольных

Святлана Аўдзейчык
Выдавец: Галіяфы
Памер: 352с.
Мінск 2020
80.39 МБ
— Ідыёт, — штурханула Клаўса Юна. — Ну і гумар у цябе. Аквіла — наш вораг. Ці ты забыўся?
— He вораг, а хаўруснік, — голасам, вельмі падобным на голас Гордыяна, які выкладаў у Серпенце гісторыю, выдаў Клаўс. — I калі надыдзе час, мы станем побач з аквілейцамі, каб абараніць наш Ларбор ад... э-э-э... ворагаў.
— Калі яны зробяць ласку і нарэшце з’явяцца, — ухмыльнуўся Хвост. — Зачакаліся ўжо. Мабыць і не дачакаемся, бо да нас не дабрацца — ні па Бязмежным моры, ні з боку пустэльных земляў. Таму і ваяваць нам няма з кім. А шкада.
— Акрамя як з самімі сабой, — буркнула Юна. Яна ўжо пашкадавала, што аказалася сёння ў іхняй кампаніі. Чуццё падказвала ёй, што іх прагулка добра не скончыцца.
— He мы пачалі, — паціснуў плячыма Клаўс. — Ці ты лічыш, што гэтыя выскачкі з Аквілы не заслугоўваюць, каб іх спрыт час ад часу ахалоджвалі?
— Нічога такога я не думаю, — хмурна адказала Белая. — Я ведаю, што калі мы зараз напорамся на каго-небудзь з іх, ты абавязкова распачнеш бойку, а разбірацца потым — усім. Ты думаеш, што калі ў цябе бацька ў Оптымуме, табе ўсё дарма пройдзе? Мінулы раз Хваста ўратавала толькі тое, што яго своечасова даставілі да лекара, а інакш усё магло вельмі дрэнна скончыцца!
— Але скончылася добра! — паціраючы вуха, уклініўся ў размову Хвост.
— За тым толькі выключэннем, што ты ледзь не застаўся без вуха! — ізноў нагадала яму Юна.
—Заўваж, той міяпічны батанік з Аквілы ледзь не застаўся без вока, — удакладніў Крац.
Юна грэбліва зморшчылася.
— Ага, толькі ягоныя акуляры не перашкодзілі яму пакінуць Хваста без вуха, а вочы ты папросту паабяцаў яму выбіць, калі ён надумае абмовіцца аб вашай сутычцы. А ўжо дзе мы потым твае стрэлы збіралі — лепей не згадваць! Адна нават трапіла ў дупло.
— Проста тады ў мяне не было рэверсіўных снарадаў — працадзіў Клаўс. Ён лічыўся адным з непаспяховых, калі справа тычылася кідання па мішэнях.
— Напэўна. А з гэтымі, трэба думаць, не схібіш? Дарэчы, ты ўпэўнены, што міраіт, з якога яны зроблены, — сапраўдны? He хвалюешся, што Гордыян пацікавіцца, адкуль у цябе столькі гэтага дабра? На выраб тваіх сярпоў відавочна пайшло разы ў тры больш міраіту, чым нам выдаюць у школе.
— Упэўнены. А хвалявацца мне няма чаго.
— Ну так. Але шкада будзе, калі твае цмокі вырашаць звіць сабе гняздо ў тым самым дупле, — здзекліва адказала яна. — Хіба што ты навучыўся іх клікаць па-асабліваму? Нешта накшталт «рэверс».
— А ты малоціш дужа шмат сёння. He захварэла раптам?
— Я...
— Сціхні! — раптам спыніў яе Клаўс.
Яны якраз падышлі да месца, дзе больш-менш прасторная пляцоўка, якая цудам узнікла сярод каменна-драўляных перапляценняў, адкрывала пагляду ідылічную карціну. Уладкаваўшыся на арэлях з трыгасу, штосьці чытала дзяўчына. Адзенне выдавала ў ёй навучэнку Аквілы. Хвост нябачна падабраўся да яе і выхапіў кнігу з рук. Дзяўчына здрыганулася ад нечаканасці, павярнулася і зграбна саслізнула з арэляў.
— «Усе львіцы прайда», — прачытаў назву Клаўс. Ён нахабна наблізіўся і забраў кнігу. — Што гэта за глупства?
Хутка прабег вачыма па першых радках і нядобра ўхмыльнуўся. Хвост зазірнуў яму цераз плячо.
— О! А ну, дай сюды. Жаночы раманчык? Цікава...
— Вярні, — спакойна запатрабавала дзяўчына. Тое, што яна была значна старэйшая за любога з іх тройцы, было відавочна. Але, надзеўшы маскі, яны маглі кампенсаваць розніцу ва ўзросце нахабствам.
— He люблю чытаць, — паведаміў Крац, ледзь трымаючы кнігу двума пальцамі. — У мяне алергія на кніжны пыл, — ён тут жа фальшыва чхнуў, запырскаў слінай вокладку, грэбліва паморшчыўся і кінуў кнігу на зямлю. — Фу!
— Падымі, — усё яшчэ не губляючы прысутнасці духу, запатрабавала дзяўчына.
У адказ Клаўс штурхануў кнігу нагой і, наступіўшы на яе, уціснуў у пыл. У той самы момант рука дзяўчыны мільганула да напрыдалонніка. Клаўс віскнуў ад нечаканасці, не ўтрымаўся і, няёмка ўскінуўшы нагу, упаў на спіну. Да падэшвы сандалі ягонай правай нагі была прышпілена кніга. Шып прайшоў роўна паміж пальцамі, не прычыніўшы шкоды. Калі Клаўс пераканаўся ў гэтым, грымаса пакуты на ягоным твары тут жа змянілася лютасцю.
— Рэверс! — коратка загадала дзяўчына, і страла зноў апынулася ў ейнай руцэ.
Адбылося ўсё настолькі хутка, што ніхто з кампаніі серпентайцаў апамятацца не паспеў. Дзяўчына хутка падняла кніжку і зрабіла некалькі крокаў у бок.
— Ах ты, гадаўка! Ты мне за гэта адкажаш!
Яна скептычна ўсміхнулася. Побач з Крацам, да жаху Юны, якая адступіла на некалькі крокаў назад, апынуўся Хвост. Ён пераканаўча паглядзеў на Юну.
— Мы — адно племя. Ты з намі?
Тая не паспела і рота раскрыць. Клаўс ускочыў і рэзкім рухам выхапіў аднекуль кідальныя стрэлы. Ён кінуў іх адну за адной, амаль не цэлячыся. Ніводная з іх не дасягнула цэлі, нягледзячы на тое, што ахвяра нават і з месца не кранулася. Адхінуўшыся ўбок і адначасова прагнуўшыся назад, дзяўчына прапусціла стрэлы над сабой. Пасля гэтага яна рэзка выпрасталася і адказала сваім супраціўнікам — яе шып абяззброіў Краца, бо зрэзаў футарал са стрэламі, які вісеў у таго на пасе, затым, не падпарадкоўваючыся ніякім законам фізікі, а толькі волі сваёй гаспадыні, ён змяніў траекторыю і выбіў кідальныя стрэлы з рук Хваста. У той жа момант дзяўчына скокнула, бо пад яе нагамі віскнуў бізун. Прызямляючыся, яна інстынктыўна павярнула галаву, і якраз своечасова. Каля самага ейнага твару, амаль дакранаючыся да кончыка носа, прасвісцеў адзін з сярпоў Клаўса і знік у хмызняку. Другі паласнуў яе па плячы. He здолеўшы справіцца з бізуном Хваста, які круціў петлі ў яе над галавой, дзяўчына на нейкі момант страціла пільнасць.
Спрабуючы спыніць кроў рукой, яна нават не заўважыла, што яе крыўдзіцель раптам глуха застагнаў і абхапіў галаву рукамі. Пад рассечанай напалам маскай на Крацавай галаве з’явілася доўгая, але неглыбокая рана. 3 яе струменілася кроў.
— Рэверс!
Дзяўчына павярнулася. У яе за спінай стаяў Геа, а крыху далей Рой і Эд.
Пяро, якім ён толькі што зашыпаваў Клаўса, пустэльнік трымаў у адной руцэ, а на пальцы другой
раскручваў Клаўсавага «цмока». Цацка была відавочна каштоўная, бо ў вачах цмока гарэлі сапраўдныя рубіны. Спіна змея была навострана так, што нават дакрануцца да краю сярпа здавалася небяспечнай задумай. Клаўс болып не баяўся, што яго пазнаюць. Ён сцягнуў з галавы маску і з нянавісцю ўзіраўся ў твар Геа.
— Ты мне за гэта адкажаш! — помсліва прашыпеў ён. — Вы ўсе за гэта адкажаце!
— Абавязкова, — адказаў Геа. — А вашай вірыдзе, я думаю, будзе цікава даведацца, што тут адбылося. Вас трое. Яна — адна. Нядобра.
— Серп вярні, — злосна запатрабаваў Клаўс.
— А ты скажы: «рэверс». Калі ласка.
— Ды пайшоў ты!
Геа прапусціў між вушэй ягоныя словы.
— Зрэшты, я так і думаў. Рэверсам не валодаеш. I на што ты разлічваў, распачынаючы бойку на такіх умовах?
Геа шматзначна паглядзеў на дзяўчыну, якая здолела з дапамогай Эда, а дакладней, ягонага паса, спыніць кроў, пасля чаго перавёў суровы позірк на Клаўса.
— Дурань! Ты хоць ведаеш, якое пакаранне цябе чакае? Хоць бы на Інвентуме пабываў спачатку для прыстойнасці!
— Яна першая пачала! — зарыпеў Хвост. — Мы толькі абараняліся!
— Ага! Утрох! — рагатнуў Эд.
— Змоўкні, бездар... — прашыпеў Клаўс. Ён прасачыў як ягоны снарад апынуўся ў Роя.
— Слаўная яшчарка! — прыжмурыўся Эдзі і кінуў на серпентайца выразны погляд. — Падобна на тое, што рэверсіўная.
— Ага, хутчэй за ўсё, — згадзіўся Рой. — Глядзі, якая аздоба!
Ён ведаў шмат пра сярпы: ягонаму бацьку не раз замаўлялі падобныя рэчы, а таму Рой прадэманстраваў Эду, як крылы ў цмока складваліся ў два дадатковыя лёзы, а абодва сярпы можна было сашчапіць «хвастамі» і ператварыць у адно замкнёнае колца.
— Класная штука, — вынес ён вердыкт. — Шкада толькі, што гаспадар у яе не вельмі трапны.
— У наступны раз, калі ты мне трапішся, я не прамахнуся, — працадзіў Крац.
— Ну-ну. Марыць не шкодна, — прамовіў Рой. Трафей ён аддаў Геа.
— Снарад я канфіскую, — тонам, што не церпіць пярэчання, паведаміў той.
Клаўс завыў ад крыўды.
— Я думаю, ён спатрэбіцца вашай вірыдзе, калі яна будзе вырашаць пытанне аб тваім выключэнні са школы.
Пакінуўшы серпентайцаў прыдумляць жахлівыя катаванні для ідыёта-пустэльніка і ягоных сябрукоў, уся кампанія на чале з Геа і параненай дзяўчынай знікла ў спляценнях трыгасу.
Папідыс
Рой вяртаўся дадому задаволены, хоць і стомлены. Яму пашчасціла танна набыць у каменяломнях цэлую жменю несамавітага выгляду камянёў. Адзін з іх быў буйнейшы за іншыя. Рой сам не ведаў, навошта прыхапіў яго, заплаціўшы нейкі мізар. Нягледзячы на тое, што пад вечар у каменяломнях можна было набыць за паўцаны любы, нават рэдкі самацвет, Рой меў звычай спусціць усе грошы на кавалак бурштыну толькі з-за таго, што ў ім завязла муха, ці на скамянелую ў кавалку пароды ракавіну. Тое, што ён набыў сёння, для Эда было чыстым глупствам. Асабліва той буйны кавалак незразумела чаго. Рою ж, нягледзячы на здзеклівыя заўвагі Эдзі, не цярпелася бліжэй разгледзець свае каменьчыкі. Ён збіраўся паказаць іх бацьку.
Роевы бацькі, як ні дзіўна, былі рамеснікамі, і гэта яшчэ больш надавала загадкавасці ягонай персоне. Само з’яўленне Роя ў Аквіле два гады таму спарадзіла чуткі і шэпты. Ён дакладна не ведаў свой радавод. Гэтае пытанне ў іхняй сям’і старанна абміналі за вярсту. Маці Роя дакладна была бездаркай, але неяк прамовілася, што ягоныя далёкія сваякі па бацькавай
лініі былі носьбітамі дзіэнаў На жаль, Роеў бацька, які цяжка перажываў сваю бяздарнасць, ніколі не заводзіў гаворкі на гэтую тэму.
— Можа, зойдзем? — прапанаваў Эд, калі яны наблізіліся да дома, што сваім вонкавым выглядам нагадваў юрту.
У сваёй звычайнай манеры, Рой не адказаў. Ён адкінуў шкуру, якая закрывала ўваход, і знік. Эд нырнуў за ім. Насуперак чаканням, у страўні было цёпла і шматлюдна.
— Ведаеш, — заявіў з набітым ротам Эдзі (ледзь увайшоўшы, ён адразу ж замовіў сабе цэлыя горы ежы), — твой бацька выдатны збройнік, адзін з найлепшых у горадзе, але нават яму не спатрэбяцца твае знаходкі, — ён кіўнуў галавой на жменю камянёў, якія сябра ўжо паспеў высыпаць на стол. — Хіба што з іх можна нарабіць вельмі маленькіх, цацачных шыпоў.
Ён рагатнуў, але зразумеўшы, што весела толькі яму, а Рой цалкам заняты сваімі каменьчыкамі, змяніў тэму.