• Газеты, часопісы і г.д.
  • Кніга здольных  Святлана Аўдзейчык

    Кніга здольных

    Святлана Аўдзейчык

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 352с.
    Мінск 2020
    80.39 МБ
    I ён ледзь не пачаў махаць рукамі і прыцягваць да сябе ўвагу, але Рой стрымаў яго:
    — Ды ціха ты! Глядзі і ўсміхайся. Вось так. Як быццам мы размаўляем.
    Дзяўчына прамінула іх, не звярнуўшы ўвагі. Яна была высокая для сваіх пятнаццаці гадоў. Прыгажосць была неад’емнай уласцівасцю дзіэндараў. I гэтае дзяўчо было яскравым таму прыкладам. Стройная, беласкурая, з цёмнымі валасамі, што былі заколаты на патыліцы вострай шпількай, і выразнымі зялёнымі вачыма, яна была неверагодна прыгожая. Чорнае вузкае адзенне з высокім поясам і высокія — амаль да локцяў — нізкі бранзалетаў на руках вельмі ёй пасавалі і надавалі яшчэ больш зграбнасці. Так апраналіся вучаніцы Серпенты. Дарэчы, бранзалеты, якія ўпрыгожвалі яе рукі, былі самымі сапраўднымі кідальнымі кольцамі. Вырабляліся такія кольцы звычайна з каменя або металу. У серпентайцаў яны былі асабліва папулярнымі. Іх любілі замаўляць у выглядзе змяі. Часта счэпленыя разам, яны маглі складацца з некалькіх замкнёных у кольцы «змеяў». Насілі іх, нанізаўшы на прыдалонні адно за адным, пакрыўшы ахоўнымі пласцінамі дзеля бяспекі. Часам у штодзённым жыцці іх падвешвалі да пояса, як звязак ключоў.
    Часцей за ўсё ёмішчам для кальца служыла спражка на пасе. Насамрэч, багацце аксесуараў, без якіх вобраз дзіэндара быў бы недасканалым, магло заблытаць каго заўгодна. Такога кшталту экіпіроўка была адметным знакам, асаблівай прыкметай здольных. Некалі, пакінутыя Дэркусам, трываючы ганенні з боку захопнікаў улады — бездараў, якія ў тыя далёкія часы былі лютымі і малаадукаванымі людзьмі, дзіэндары стварылі сваё баявое майстэрства. Нягледзячы на тое, што яны заўсёды былі ўзброеныя, западозрыць іх у гэтым было не так проста. Зброя, замаскіраваная пад бранзалеты, ланцужкі і шпількі для валасоў, проста выдавала ў іх аматараў упрыгожанняў.
    Бездары, якія адчулі на сабе магчымасці гэтых «упрыгожанняў», вельмі хутка прызналі за здольнымі ўсе тыя правы, якія былі ненадоўга і неасцярожна страчаны імі. Нават адзін падрыхтаваны дзіэндар, які валодаў рэверсам і быў узброены самым нечаканым для праціўніка чынам, уяўляў сур’ёзную пагрозу для бяздарных. Мажліва, таму, што бездары прызнавалі за зброю толькі меч. Мір у Ларборы быў адноўлены ўжо даўно. Тым не менш, здольныя працягвалі прытрымлівацца няўхільнай традыцыі, згодна з якой кожны ўладальнік дзіэна спасцігаў баявое майстэрства ягоных продкаў. Тыя шчасліўчыкі, якія маглі сабе гэта дазволіць, ператваралі свае снарады ў творы ювелірнага мастацтва. Аздаблялі гравіроўкай, адпаведнай духу ўладальніка, і інкрустацыямі з каштоўных камянёў.
    На гэты раз кольцы менавіта так і выглядалі, нібыта выдавалі выбітнае паходжанне сваёй уладальніцы.
    Дзяўчыну звалі Вераніка. Яна прайшла квартал з рамеснымі майстэрнямі, рынкавую плошчу і ўвайшла ў вузкі завулак з велізарных валуноў, якія схавалі яе ад позіркаў Далей назіраць за ёй магчымасці не было.
    — Пазнаёміць? — здзекліва пацікавіўся Эд.
    — He трэба... Арол мух не ловіць, — абыякава адгукнуўся Рой.
    Ён неахвотна адвярнуўся і накіраваўся ў бок каменяломняў. Раён валуноў лічыўся славутасцю Ларбора. Камяні былі розных памераў замшэлыя і загартаваныя сонцам, месцамі спярэшчаныя надпісамі розных часоў. Некаторыя цалкам хаваліся пад каранямі і адсевамі трыгасу, якому дазволена было скамянець тут. Вышыня іншых палохала і заварожвала. Раён валуноў быў, акрамя ўсяго іншага, жылым кварталам. Экзатычныя домікі, жыхары якіх не пабаяліся пасяліцца тут, спалучаліся з ландшафтам самымі неверагоднымі спосабамі. Утульныя кавярні рабілі гэтае месца вельмі папулярным у ларбарэйцаў. Тут праходзілі самыя кароткія шляхі ў Серпенту, а таму гэты раён серпентайцы ўмоўна лічылі сваім і любілі бавіць тут вольны час. Вераніка штодня праходзіла тут і не пераставала захапляцца смеласцю людзей, што не пабаяліся пабудаваць дамы пад навіслымі каменнымі глыбамі.
    Яна прабіралася вузкімі пераходамі, пакуль адзін з завулкаў не пачаў заглыбляцца. Каменныя прысіупкі, сцёртыя як часам, так і незлічонай колькасцю людзей, прывялі Вераніку ў падзямелле. Уваход быў адкрыты. Брама стаяла расчыненая. 3 абодвух бакоў
    прасторнага калідора ў нішах гарэлі паходні, асвятляючы праходы ў бакавыя калідоры. Дзяўчына падхапіла паходню і хутка прайшла звычайным шляхам да залы агульнага сходу. Гэтая зала ўяўляла з сябе тое, што засталося ад аднаго з тэронаў. Язык не паварочваўся назваць гэта пнём, хоць па сваёй сутнасці менавіта пнём яна і была. Галоўная зала Серпенты — сведка цэлых эпох — мела больш за дзесяць метраў у дыяметры. 3 прыўзнятымі бакамі, яна выглядала гіганцкім келіхам, які дэманстраваў дзіўныя зрэзы скамянелага дрэва. Змешчаная глыбока пад зямлёй зала, у якой апынулася Вераніка, тым не менш, не здавалася змрочнай. Святла тут хапала — па ўсім перыметры залы ў нішах былі ўсталяваныя паходні. Столь і сцены ўпрыгожвала складаная мазаіка з крышталёў якія выпраменьвалі лішак святла. Народу было шмат. 3 некалькіх уваходаў, змешчаных на самым верхнім ярусе, амаль пад столлю, увесь час з’яўляліся новыя людзі; потым яны спускаліся бліжэй да цэнтра, дзе займалі месцы, усталяваныя на рознай вышыні.
    — Вераніка!
    Хлопец, які паклікаў яе, быў відавочна старэйшы.
    Вядомы ў школе як заўзяты лайдак, грубіян і безнадзейны валында, Адам Ліс, тым не менш, здолеў дабрацца да пятага года навучання.
    Побач з ім было вольнае месца.
    — Вітаю, — Вераніка прысела побач. — Як справы?
    — Былі б лепш, калі б ты часцей выходзіла са сваёй пячоры. Ты хоць ведаеш, што ў горадзе робіцца?
    Яна паціснула плячыма:
    — Калі ты пра міраіт...
    — Я не пра гэта! — адмахнуўся яе сусед.—Дарэчы, пакуль не забыўся, чуў, ты будзеш старастай трэцяга года? — ён усміхнуўся. — Ты не ведала?
    Здавалася, ягонае здзіўленне было шчырым, але вочы — чорныя, хуткія і калючыя, якія так і блукалі па твары Веранікі, — прымусілі яе насцярожыцца.
    — He.
    — Дзіўна. Я думаў, бацька табе скажа.
    — Хіба ён ведае? Я думала, Міліца нас таму і выклікала, каб прызначыць старастаў? — здзіўлена ўскінула бровы Вераніка.
    Хлопец шматзначна пераглянуўся з суседам, які сядзеў справа, і ўсміхнуўся.
    — Яна зробіць гэта сёння. I не толькі гэта.
    — I што гэта будзе, ты, напэўна, ведаеш?
    — He ўсе ж сядзяць пад замком на вакацыях. Але калі табе цікава... Адзін з нашых зноў вылучыўся. Здаецца, яго збіраюцца паказальна адлічыць і зрабіць гэта перад усёю школай.
    — Каб іншым непанадна было?
    — Накшталт таго.
    — Можа, проста прачысцяць мазгі і адпусцяць? — падаў голас другі хлопец, які сядзеў побач з Адамам.
    Вераніка ўзгадала — яго звалі Глеб.
    — А што ён такога зрабіў? — насцярожана пацікавілася яна, зноў даўшы падставу пераглядвацца сваім суразмоўцам.
    — Увесь горад толькі пра гэта і гаворыць. Ды што там горад — Оптымум гудзе, як вулей. Зашыпавалі
    сынка аднаго з дарадцаў, — выразна павёў вачыма Адам. — Дзіўна, што бацька табе нічога не сказаў. Упэўнены, ён ведае.
    Веранічын бацька быў дарадцам Оптымума, таму яна не збіралася трываць Адамаў з’едлівы тон. Яна хацела адсесці, спаслаўшыся на тое, што ўбачыла сяброўку. Марго ж прамінула яе, не заўважыўшы, бо ў гэты момант нешта распавядала невялічкай кампаніі. Яна заняла месца наперадзе.
    — Ды пачакай ты! — схапіў Вераніку за руку Адам. — Я і сам падрабязнасцяў не ведаю. Нібыта ён параніў кагосьці з Аквілы.
    — Звычайная справа. Так сабе навіна, — з прыкрасцю буркнула Вераніка.
    Нахабная манера Адамавых паводзін мала каму падабалася. Дзяўчына наўмысна адвярнулася, каб схаваць сваё раздражненне, і пашукала вачыма сябровак. Амаль увесь яе курс быў у зборы.
    Марго таксама павярнулася, заўважыла Вераніку і ветліва памахала ёй рукой. Пры гэтым яна шматзначна паказала ёй вачыма на бранзалет, які ўпрыгожваў яе прыдалонне. Вераніка ацаніла бранзалет. Прынамсі, вырашыла, што захапленне на яе твары Марго заўважыла. У любым выпадку, вочы ў Марго заззялі, яна адвярнулася і пачала гаварыць з суседкамі.
    — Авой! Як нам пашанцавала! Любая выскачка спакойна можа займець рэверсіўную зброю, — прагучаў у яе над вухам ліслівы голас Адама. — Ведаеш, у яе палова сям’і — бездары?
    Вераніка ведала, што яе сяброўка — ЗАРа. Але абмяркоўваць гэта не мела жадання.
    — Слухай, — раззлавалася яна. — Адчуванне такое, што ты сур’ёзна ўзяўся мяне адукоўваць! Хто — бездар, хто з кім пабіўся, і хто прасядзеў усе вакацыі дома. 3 чаго ты вырашыў, што мне гэта цікава? I ўвогуле... — Вераніка ўжо не спрабавала схаваць сваё раздражненне. — Марго — здольная. Гэта папершае. А па-другое, каб ты ведаў, палова нашага курса яшчэ не была на Інвентуме. I я таксама. Хто ведае, можа, я таксама бяздарная выскачка? Адсеў бы ты, калі такі ўразлівы.
    — Ды ладна табе. He шумі. Я ведаю, хто ты, — падміргнуў ёй Адам.
    — Чамусьці гэта мяне не здзіўляе, — буркнула Вераніка.
    Адам паціснуў плячыма.
    — Ты б не здолела гэта схаваць. На ўсім курсе, ды і ва ўсёй школе такіх здольнасцяў няма ні ў каго. Пра цябе ўсе ведаюць, — Адам прысунуўся яшчэ бліжэй. — Я нават болып табе скажу. Ва ўсім Ларборы такіх дзіэнаў больш няма. Ты — апошні носьбіт свайго роду.
    — А ты, напэўна, тэлепат? — думаючы, што трапіць у яблычак, з’едліва пацікавілася Вераніка.
    — He. Проста там, дзе я баўлю час, мне даводзіцца шмат чаго цікавага чуць. У асноўным такое, чаго болып нідзе не пачуеш.
    Вераніцы вельмі рупіла ведаць, што гэта за месца, але замест яна спытала:
    — Заўсёды хацела даведацца, а што ў цябе за дзіэн...
    — Спытай, — усміхнуўся Адам.
    — Ты ж не скажаш? — дапытліва паглядзела на яго Вераніка.
    — Зразумела, — згодна кіўнуў ён. — Маю права.
    Вераніка вырашыла ўзяць рэванш.
    — Ну так, — яна ўздыхнула, — звычайнай здольнасцю да асваення рэверсу не пахвалішся.
    Па Адамавым твары пракаціліся жаўлакі, але ён даў сабе рады за секунду. Вераніка адчула сябе няёмка. Яна не ўваходзіла ў лік тых, хто прывык здзекавацца з ЗАРаў Вось хто яе за язык цягнуў? За гады яе навучання некалькі ЗАРаў, якіх Оптымум дапусціў да вучобы і якім дазволіў займець рэверсіўную зброю, пакінулі школу. Яны аказаліся бездарамі і не змаглі пацвердзіць сваю здольнасць да асваення рэверсу. I заўсёды гэта было гнятлівае відовішча. Няшчасныя сыходзілі са школы, вымушаныя да канца жыцця праклінаць свой лёс і трываць здзекі былых паплечнікаў па навучанні.