Кніга здольных
Святлана Аўдзейчык
Выдавец: Галіяфы
Памер: 352с.
Мінск 2020
—Даўгалецце, ну гэта, дапусцім, наогул не дзіэн, — пракаментаваў Эд, паволі згортваючы скрутак. — Так... амфібіі, саламандры, уладары стыхій. Гэта таксама нам не падыходзіць.
Ён хутка скруціў яго амаль што напалову.
— Пачакай... Слухай! — павярнуўся ён да Роя. — А гэта ты спрабаваў? Колькі ты, да прыкладу, пад вадой можаш вытрываць?
— Дай сюды! — не асабліва разлічваючы на поспех, працягнуў Рой руку. Ён навучыўся не рэагаваць на жартачкі Эда. Пакепліваць з сябра было ў таго вядомай забавай.
— Не-е, пачакай! — зларадна працягнуў той. — Вось, напрыклад, ёсць здольнасць пераўвасабляцца. Праўда, тут напісана, што ў сучаснікаў гэты дзіэн не сустракаецца. Нашы паважаныя продкі ім валодалі, але вымерлі. На жаль.
— Ды што ты! — з’едліва адказаў Рой. — А я дык думаў, што ты — яго ганаровы ўладальнік.
— Чаго гэта? — падняў на яго вочы Эд.
Рой выбраўся з гамака.
— Проста сёння поўня была. Ты памятаеш?
— I што? — не зразумеў намёку той.
— Нехта выў.
— Ці мала хто выў.
— Згодны. Багата аматараў. Толькі вось незразумела, чаму гэтае выццё ішло з твайго акна?
Рой, смеючыся, адскочыў «Дзіэназнаўства» прызямлілася на месца, дзе ён толькі што сядзеў, а Эдзі пакрыўджана насупіўся.
— Толькі такому бездару, як ты, цяжка адрозніць гукі лютні ад выцця, — знайшоўся ён, што адказаць. Ён загадзя ведаў што трапіць у цэль, і не памыліўся.
Рой спахмурнеў, але прамаўчаў, нервова жуючы хвост тонкай, доўгай коскі, заплеценай з нястрыжанай пасмы дзесьці за вухам. У Ларборы такіх, як ён, называлі скарочана ЗАРамі.
Даўно, яшчэ ў часы тэронаў усё насельніцтва Ларбора складалі дзіэндары. Гэта былі людзі, адораныя дзіэнамі, гэта значыць, унікальнымі здольнасцямі, не ўласцівымі звычайным людзям. Усё змянілася, калі ларбарэйцы здрадзілі Дэркусу і ён пакінуў іх свет. Саслоўе дзіэндараў знікала, паступова ператваралася ў пронгаў а здольныя дзеці сталі нараджацца ўсё радзей. Ларбор, дзяржава, створаная некалі намаганнямі дзіэндараў пачала прыходзіць у заняпад. Людзі сталі забываць сваё мінулае, і вера ў Дэркуса згасала.
Але былі і такія, хто не стаў адчайвацца і працягваў верыць, што Дэркус, а з ім і росквіт Ларбора, вернуцца. Намаганнямі неабыякавых быў створаны Оптымум — Рада Ларбора, куды ўвайшлі найлепшыя
з найлепшых. На рэштках двух апошніх разбураных тэронаў былі ўзведзены дзве школы. Яны прымалі толькі здольных дзяцей. Тых, хто быў адораны дзіэнамі, якімі валодалі іх продкі. У школах развівалі тыя здольнасці, якія, паводле паданняў, уклаў у іх папярэднікаў сам Дэркус. Школы былі абавязаныя дапамагчы аднавіць саслоўе дзіэндараў. Выхаванцамі школ маглі стаць як здольныя дзеці, так і тыя, што не мелі дзіэнаў, але з адпаведнымі радаводамі, калі гэтыя дзеці былі здольныя падпарадкаваць сабе рэверсіўную зброю. Здольныя да Асваення Рэверсу ці ЗАРы — так называлі іх супляменнікі. Акрамя баявога майстэрства, школы дапамагалі вучням раскрыць і захаваць рэдкія здольнасці, развівалі іх характар у імкненні да міру, дабра і справядлівасці. Праграма навучання ў школах зацвярджалася на Оптымуме аднолькава для абедзвюх школ. Нягледзячы на гэта, з цягам часу развіццё школ пайшло рознымі шляхамі. Аквіла працягвала рабіць упор на выхаванне ў дзіэндарах міралюбнасці, самакантролю і стрыманасці. Забараняла ўзносіцца над пазбаўленымі дзіэнаў ларбарэйцамі і не імкнулася зрабіць баявую падрыхтоўку адной з асноўных навук у школе. Інакш развівалася Серпента. Тут лічылі, што ларбарэйцы былі залішне міралюбівыя, а таму не змаглі абараніць сваю дзяржаву. Прыняўшы іншаземцаў яны парушылі чысціню крыві і выраклі Ларбор на павольнае згасанне. Серпентайцы ставіліся з нянавісцю і пагардай да няздольных — бездараў. Так яны называлі большасць жыхароў Ларбора, пазбаўленых дзіэнаў. Іх лічылі
нашчадкамі захопнікаў, якія разбурылі тэроны і тым самым выдалілі Дэркуса з іх свету. Эмблемай школы быў цмок. Загадкавы, разумны і бязлітасны, ён увасабляў для серпентайцаў Дэркуса. Выяваў Дэркуса ў Ларборы не захавалася.
Надзяляючы ў сваім уяўленні Дэркуса цярпеннем, спакоем і веліччу, аквілейцы зрабілі арла эмблемай сваёй школы.
У Аквіле ведалі, што Рой належыць да сям’і няздольных, а таму сяброў у яго было няшмат. Заўсёды магло стацца, што ён не ўспадкаваў дзіэн ад сваіх далёкіх продкаў і акажацца бездарам, як і ягоныя бацькі. Сяброўства дзіэндара з няздольным было рэдкасцю нават для аквілейцаў. Эд быў выключэннем. Дзякуючы свайму таварыскаму характару, ён заводзіў знаёмствы нават сярод серпентайцаў. Лічыўся трохі праставатым, для некаторых — нават няздольным, і ягонае сяброўства з Роем выклікала непаразуменне і здзіўленне ў астатніх вучняў. Схільны да непрадказальных учынкаў і абыякавы да меркавання іншых, Рой не мог пахваліцца вялікай колькасцю сяброў. Вось і цяпер, без папярэджання, на адным са сваіх канатаў ён скіраваўся да акна, нырнуў у праём і знік з поля зроку.
У СЕРПЕНЦЕ
Эд неахвотна, але зрабіў тое ж самае. Ён не любіў лазіць праз акно. Калі табе ўжо пашэнціла вучыцца ў Аквіле, было неяк няёмка баяцца вышыні, але ж і бегчы па сходах, што спружынай абгіналі «ствол» дома, яму таксама не хацелася.
Бацькі Роя свята верылі ва ўсё, што тычыцца Дэркуса. Таму нават высокі, цыліндрычнай формы дом у іх быў збудаваны так, што нагадваў сабою велізарнае дрэва. Роеў пакой знаходзіўся на самым версе, пад высокім конусападобным дахам.
— Цярпець не магу твае выбрыкі! — крыху нязграбна прызямліўся побач з Роем Эд. — Калі ты зламаеш сабе шыю, не кажы, што я цябе не засцерагаў. Добра? He, вядома, калі твой дзіэн — рэгенерацыя, можна не пераймацца. Як зламаеш, так і зрасціш... — ён зноў з надзеяй паглядзеў на сябра, але той упарта маўчаў.
— Куды гэта ты ўтаропіўся? — незадаволена запытаў ён. — Спадзяюся, гэта не нешта накшталт адмысловага зроку. У нас палова такіх. Вядома, нядрэнна, але неяк сумнавата, хацелася б нечага феерычнага, як у Шасціпала...
— Гэта выпадкова не той, які розныя штукі з вадой вырабляе? — знарок бесклапотна ўдакладніў Рой.
Сваім пытаннем ён выклікаў чарговую хвалю абурэння ў сябра. Вадзік быў знакамітасцю Аквілы. Такі адметны дар, як у яго, — здольнасць уплываць на ўласцівасці вады — сустракаўся нячаста. Рой ведаў з якой зайздрасцю ставіўся да Вадзіка Эд. Іх аднакурснік мог аднаму яму вядомым чынам выклікаць дождж, снег ці замарозіць пад каток возера на ўнутраным панадворку школы. Эда гэта захапляла.
— Ён самы! — зноў трапіў у пастку Эдзі. — Толькі, мяркуючы па тваім тоне, табе няпроста было ўспомніць, пра каго ідзе гаворка!
— Абсалютная памяць — не мой дар, калі цябе гэта суцешыць, — Рой зірнуў на неба, якое пасля дажджу падавала надзеі на ясны дзень. — Але калі б дождж зацягнуўся яшчэ на пару гадзін, я б гэтаму Вадзіку не раіў трапляцца мне на вочы.
Эд, скарыстаўшы ўвесь арсенал сродкаў, раззлавана хмыкнуў.
— Хто б сумняваўся. Толькі ты не дадаў што ў цябе наогул ніякага дару няма, — раздражнёна буркнуў ён.
— А калі і так? — павярнуўся да яго Рой. — Такім, як ты, не прыстала размаўляць з бездарамі? Ну дык цябе ніхто і не трымае. Давай, валі дадому. Цымбалы зачакаліся.
Твар у Эда спахмурнеў.
— Гэта лютня, — ён незадаволена скасавурыўся на Роя. — Сам не разумею, чаму я дагэтуль цярплю твае выбрыкі.
Рой ведаў што тым і скончыцца.
— Ну, то пацярпі яшчэ трохі. I зірні на той дом.
Ён кіўнуў галавой. Увесь гэты час ён некуды напружана ўзіраўся, хоць разгледзець што-небудзь на другім баку вуліцы было складана. Перад вачыма хлопцаў увесь час мільгалі людзі, праносіліся калясніцы і праязджалі гружаныя фурманкі. Роеў дом стаяў у пачатку рамеснага квартала, на скрыжаванні з пешаходнай вуліцай, якая вяла да рынкавай плошчы. Але пешаходнай гэтая вуліца лічылася толькі ўмоўна. Насамрэч з самага ранку і да позняга вечара тут не сціхаў грукат колаў па бруку і засцерагальныя крыкі вершнікаў на разявак. Гэта была цэнтральная вуліца Ларбора. Па ёй на сталічны рынак сцякаліся земляробы з далёкіх паселішчаў, пустэльнікі, пронгі і паляўнічыя, што жылі на мяжы з пустыняй. Апошнія заўсёды збіралі вакол сябе натоўпы шумнай дзятвы. Пустэльныя землі вакол Ларбора былі сапраўды дзікім краем, які належаў табунам дзікіх коней, змеям і драпежным кошкам. Паляванне на іх было небяспечным, але надта выгадным. Шкуры пустэльных леапардаў каштавалі дорага. Ларбарэйцы, якія маглі сабе дазволіць раскошу, не скупіліся, калі гаворка ішла пра тое, каб атрымаць шкуру льва, чорнага леапарда альбо гіганцкага ўдава.
Але найбольшы і гарантаваны прыбытак прыносілі коні. Нават у Роевых бацькоў была тройка коней. Рой карыстаўся калясніцай зрэдку, калі і ездзіў, дык часцей верхам, у адрозненне ад іншых вучняў школы, што мелі звычай карыстацца калясніцамі, каб дабрацца да Аквілы. Насіупны за пешаходнай вуліцай квартал
насялялі нобілі Ларбора. Дамы, якія належалі дзіэндарам, не ціснуліся адзін да аднаго так, як у рамесным квартале. Аддаленыя ад суседзяў і аточаныя садамі з прыгожымі агароджамі, яны арганічна ўпісваліся ў навакольны ландшафт.
Дом Эда быў якраз першым на гэтай вуліцы. Калі пасля дзённай мітусні і гоману людскіх натоўпаў горад ахінала цішыня вечара, сябры маглі нават дасылаць адзін аднаму паведамленні праз вокны, знакамі.
— Які дом? — Эд разгублена азірнуўся. Зусім побач няспешна пракацілася гружаная фурманка.
— Бачыш тую пачварную гару?
— Якую?
— Яна адна там! — раззлаваўся Рой. — Проста стой і глядзі на яе.
Варта зазначыць, Ларбор быў горадам з незвычайнай архітэктурай. Дзіэндары з задаткамі дойлідаў станавіліся майстрамі, здольнымі ператварыць у дом нават шкарлупіны ад грэцкага арэха. У іх руках метал і камень, шкло, дрэва і гліна паслухмяна набывалі самыя неверагодныя формы — ад змрочных замкаў да марскіх ракавін.
Эд нарэшце зразумеў, што ад яго патрабуецца. Дом, які прыцягваў такую пільную ўвагу Роя, стаяў на ўзвышшы, даволі далёка. Высокі і загадкава змрочны, ён сапраўды нагадваў гару. Здалёк было відаць, што ад яго, якраз у іх бок, рухалася нечая постаць. Рой адразу ж адвярнуўся.
— Ты можаш не лыпаць так часта? — зашыпеў ён. Рой выкарыстоўваў вочы Эда як люстэрка, у якім сачыў за дзяўчынай, што набліжалася да іх.
— А можа, патлумачыш для пачатку, чаго мы тут затрымаліся? — раззлаваўся Эд. — Калі ты баішся, што яна цябе заўважыць, то не варта, — ён падступна ўхмыльнуўся. — А, усё якраз наадварот, так? Тады ты робіш не тое, глядзі, як трэба!