Кніга здольных  Святлана Аўдзейчык

Кніга здольных

Святлана Аўдзейчык
Выдавец: Галіяфы
Памер: 352с.
Мінск 2020
80.39 МБ
Па твары дарадцы слізгануў цень сумневу. Было відаць, што ён вагаецца, спрабуючы прыступіць да нейкай важнай размовы.
Вераніка таксама адчула гэта, уздыхнула і звыкла забралася з нагамі ў фатэль, маючы намер выслухаць адно з рэгулярных бацькавых настаўленняў.
— Скажы, табе падабаецца ў Серпенце?
Вераніка чакала любога пытання, але толькі не гэтага, а таму на хвіліну сумелася.
— Насамрэч ты хацеў пагаварыць не пра гэта? — насцярожылася яна.
Ундрыц адмахнуўся.
— Для гэтай размовы яшчэ не надышоў час. Дык як?
Вераніка расчаравана хмыкнула.
— Ці падабаецца мне ў Серпенце? Вядома! А чаму ты пытаешся?
У свой час ейны бацька вучыўся ў Аквіле, а таму яе турбавала, што ён можа перавесці яе туды. Шчыра кажучы, Вераніка не ведала, ці так ужо дрэнна было вучыцца ў Аквіле. Але яна заразілася агульнай варожасцю, што панавала ў Серпенце ў адносінах да вучняў Аквілы. А таму яны здаваліся ёй зграяй крыклівых галганоў. Ундрыц заклапочана пакруціў галавой.
— Вашыя сутычкі паміж школамі ўжо перасталі быць забавай, — ён пачаў вымяраць крокамі гасцёўню. — Мне належала настаяць на выключэнні гэтага хлапчука.
— Краца? — Вераніка з цікаўнасцю паглядзела на яго. — I чаму не настаяў? Шмат хто быў бы табе ўдзячны. Нават у нас.
— Я не змог. Трэба даць хлопцу шанец. — Ундрыц уздыхнуў. — Але дрэнна, што ў горадзе становіцца небяспечна. Гэтая дзяўчынка — Аліса, яна малайчына. Здолела за сябе пастаяць. Ты, дарэчы, яе ведаеш?
Вераніка грэбліва зморшчылася.
— Я не сябрую з аквілейцамі. Ніхто з нашых, я думаю, не сябруе.
— Глупства! — раззлавана сказаў Ундрыц-старэйшы. — Сёння было пасяджэнне Оптымума, і мы з Мергіёлам якраз гэта абмяркоўвалі. Вашая ўзаемная непрыязнасць усім нам не падабаецца. Незразумела, адкуль яна ідзе. Мы ж усе выступаем за агульную справу. Вось, напрыклад, ты. За што ты не любіш тых, хто вучыцца ў Аквіле?
Бацька сеў насупраць і зазірнуў Вераніцы проста ў вочы.
— Можа, за ідыёцкую фразу: «Арол мух не ловіць», — перадражніла яна вядомы дэвіз.
Бацька толькі ўсміхнуўся.
— А ты таксама магла б яе казаць. Зусім, дарэчы, з іншым выразам на твары.
— Што?!
— Я доўга думаў, перш чым выбраць для цябе Серпенту. А вось цяпер сумняюся, ці слушна я зрабіў.
— Ну, ведаеш! — раззлавалася Вераніка, і яе зялёныя вочы адразу змянілі колер, стаўшы амаль смарагдавымі.
Яна не знайшлася, што адказаць, і накіравалася да выхаду.
— Вераніка, ніколі не хадзі ў Карнігард адна!
— Я і так туды не хаджу амаль ніколі.
— I вось яшчэ што, — ён раптам стаў вельмі сур’ёзным. — У каменяломні не хадзі ўвогуле ніколі, — акцэнтавана і знарок працягла вымавіў ён. — Ніколі. Зразумела?
Вераніка прыпынілася ля дзвярэй. У каменяломні яна дакладна не пойдзе. Пра гэта яе можна і не прасіць. Толькі неяк дзіўна, што бацька раптам загаварыў пра гэта.
— Зноў абвал?
— Падобна на тое.
Яна рэзка павярнулася.
— I загінулыя ёсць? — Вераніка паспрабавала, каб яе голас не дрыжэў але бацька адчуў, што іхнія думкі бягуць у аднолькавым кірунку.
— Пакуль нічога дакладна не вядома.
— Каго-небудзь апазналі?
— He думаю, што гэта магчыма. Кажуць, іх засыпала. Хутчэй за ўсё, толькі пронгі...
— Толькі пронгі! Усяго толькі. Каму да іх справа, так?! — Ундрыц зморшчыўся.
— Для нас яны даўно ўжо загінулыя, калі ты гэта зразумееш?
Вераніка тупнула нагой.
— Ну колькі можна! Гэтыя нетры даўно ўжо вычарпалі сябе! Чаму Оптымум не загадае зачыніць гэтыя шахты, пакуль палова горада не знікла пад зямлей?
— Можа, таму, што міраіт знаходзяць толькі там, і табе гэта добра вядома?
— Коштам жыццяў нікому не патрэбных пронгаў? Сёння тройка, парачка заўтра...
Ундрыц добра ўмеў кантраляваць свой голас, але цяпер ён набыў у яго металічнае адценне.
— Я нікому не дазволю гаварыць са мной такім тонам, нават табе, — суха перапыніў яе бацька. — Ідзі да сябе.
Вераніка зрабіла характэрны жэст, замыкаючы рот на замок, і пакінула пакой.
Ундрыц нейкі час глядзеў ёй услед, пасля чаго запусціў руку ў кішэнь і вывудзіў адтуль несамавіты на першы погляд цёмны камень. Ён пачаў пільна ўзірацца ў яго, наблізіўшы да святла лямпы. Калі б хгосьці змог убачыць яго ў гэты момант, ён бы ўразіўся той пераменай, якая адбылася з тварам дарадцы. Час ужо набліжаўся да світання, калі Аляксандр Ундрыц адарваўся ад свайго занятку. Ён адвёў позірк ад каменя і сутаргавым рухам выцер кроплі поту з ілба. Няцвёрдай хадою саветнік пераадолеў адлегласць да дзвярэй, але перад самым выхадам перадумаў, вярнуўся да стала для гульні ў лапідыс. Лункі былі занятыя — усе, акрамя цэнтральнай. Сто сорак чорных камянёў запаўнялі гульнёвае поле. Задумаўшыся на імгненне, Ундрыц рашуча апусціў камень, які сціскаў у руцэ, на цэнтральнае месца барона.
(ЧЕРГІЁЛ
Калі сябры вырашылі, што навін для дня, які ледзьледзь пачаўся, было і так занадта, яны памыляліся. У Геа, нягледзячы на тое, што толькі развіднела, быў госць. I гэтым госцем быў дырэктар Аквілы Мергіёл.
Калі Міліцу любілі пагалоўна ўсе вучні Серпенты, то аквілейцы проста абагаўлялі свайго Мергіёла.
Ён быў ужо немалады, высокі і худы, заўсёды стрыманы. Яго крануты першымі зморшчынамі, але здаровага колеру смуглы твар з доўгімі сабранымі ў хвост валасамі, якія з гадамі не страцілі свайго цёмнага колеру, і вугальна-чорныя вочы надавалі абліччу нейкую непадуладную часу мужнасць.
Ён быў пазбаўлены пыхі — частага спадарожніка людзей ягонага рангу, і часам, у хвіліны асаблівага душэўнага настрою, здаваўся проста родным чалавекам. Цяпер якраз быў такі момант. Трэба зазначыць, абстаноўка ў прытулку Геа гэтаму спрыяла.
Дом Геа быў ідэальна прыдатны для пустэльніка. Вузкую шчыліну, якая служыла ўваходам у глыбокую цясніну, знайсці можна было толькі па асаблівых прыкметах, бо яна надзейна хавалася сярод закамянелых
каранёў і расліннасці. Унутры, на выступе скалы, над прорвай, месціўся дом пустэльніка. Дабрацца да яго магчыма было па хісткім, сплеценым з трыгасу мосце, што вісеў над безданню. Геа не спатрэбілася шмат намаганняў, каб зрабіць свой прытулак прыдатным і ўтульным для пражывання.
У асноўным тут папрацавала прырода, стварыўшы з закамянелага трыгасу нейкае падабенства пячоры. У цясніне быў свой вадаспад і феерычнае відовішча зорнага неба па начах. Невялікая рачулка на дне цясніны поўнілася рыбай, на якую ніхто, акрамя Геа, не квапіўся. Калі сябры ўвайшлі, гаворка відавочна ішла пра нешта важнае, таму што з іх з’яўленнем яна адразу спынілася.
— А, вось і госці! — радасна прывітаў хлопчыкаў Мергіёл. — Геа якраз казаў, што вы павінны падысці неўзабаве.
— Сур’ёзна? — не хаваючы свайго здзіўлення, запытаўся Рой. — Але мы, шчыра кажучы, не збіраліся. Так што, калі ў вас справы, нашыя могуць і пачакаць.
— А, дробязь. Я тут угаворваю Геа папрацаваць у нас, — выдаў свае планы Мергіёл.
Сябры здзіўлена прысвіснулі.
— У нас?
— Так, у нас у Аквіле, — адазваўся Мергіёл, шчыра пасмейваючыся з таго эфекту, які ягоныя словы зрабілі на вучняў.
— I... у якасці каго? — асцярожна пацікавіўся Эд.
— Ён мог бы стаць вашым настаўнікам па баявой падрыхтоўцы, — не стаў больш марудзіць дырэктар.
Хлопцы пераглянуліся. Яны дабіраліся сюды пешшу недзе каля гадзіны. За дарогу стаміліся, пралазячы скрозь шчыльныя зараснікі трыгасу, і ўсё яшчэ цяжка дыхалі. Гэтая навіна канчаткова агаломшыла іх. Рой апамятаўся першым.
— Вось дык навіна, але ж Геа... пустэльнік?
Геа стаяў, павярнуўшыся да хлопцаў спінай, і таму выраз ягонага твару для іх быў схаваны.
— Ну, сябры мае. Вы думаеце, што пустэльнікі толькі і здольныя, што зёлкі збіраць і зоркі лічыць? Я вас запэўніваю, што Геа справіўся б з гэтым абавязкам лепш, чым любы іншы. Мне можаце верыць, — Мергіёл уздыхнуў. — Падчас свайго навучання ў Аквіле ён быў найлепшым вучнем нашай школы, і па баявой падрыхтоўцы ў тым ліку.
— Мы не сумняемся, — запэўніў яго Эдзі.
— Вось як? Тым лепш. Дык, можа, вы дапаможаце мне перацягнуць яго на наш бок?
Рой з Эдам, якія ўвесь гэты час тапталіся каля ўвахода, падышлі і размясціліся вакол невялікай печкі, на якой пыхкаў імбрык і смажылася загорнутая ў лісце рыба.
— А ты, Геа, што думаеш? — запытаў Рой, па звычцы сядаючы насупраць агню.
Геа ўважліва паглядзеў на яго. Позірк блакітных вачэй пустэльніка быў да таго пранізлівы, што рэдка хто мог яго вытрымаць.
— Я думаю, што трэба прыняць прапанову нашага паважанага дырэктара, — сказаў ён нарэшце. — Хаця б на некаторы час, — дадаў Геа ўнікліва і, зату-
ліўшы сваёй магутнай постаццю пячурку, пачаў заварваць гарбату.
— Ну вось і слаўна, — радасна пляснуў у далоні Мергіёл. Задавальненне на ягоным твары было настолькі відавочным, што нават Геа скупа ўсміхнуўся, падаючы яму гарбату.
— Але каб без фамільярнасці! — папярэдзіў сяброў дырэктар. — Вы не павінны дэманстраваць перад іншымі вучнямі вашыя, як бы гэта сказаць, прыяцельскія адносіны з настаўнікам.
— Мы не будзем, пан дырэктар, — жыва паабяцаў Эд. Ягоны настрой, крыху сапсаваны пераходам па навясным мосце, прыкметна палепшыўся, як толькі ён атрымаў духмяную печаную стронгу.
— He турбуйцеся, пане дырэкгар, і вы, спадар настаўнік, — падтрымаў яго Рой, з усмешкай назіраючы, як Геа зморшчыўся пры такім звароце.
— Цудоўна, — Мергіёл адпіў пару глыткоў са свайго кубка і падняўся. — Мне трэба вас пакінуць. Спяшаюся, бо сёння пазачарговае пасяджэнне Оптымума.
Рой пераглянуўся з Эдам.
— Гэта з нагоды таго... выпадку, у каменяломнях? — запытаўся Рой.
Мергіёл уздрыгнуў.
— Трэба ж! Толькі ўчора здарылася, а ўжо ўсе ведаюць.
— А я менавіта пра гэта хацеў...
Рой зрабіў глыток гарбаты. Ён на нейкі момант засумняваўся, ці варта казаць Мергіёлу тое, што ён хацеў распавесці Геа.
— Што хацеў?
Мергіёл павярнуўся, шукаючы вачыма свой кій, які ён нібыта пакінуў ля ўвахода, а цяпер не мог знайсці.
— Мне трэба вам сёе-тое паведаміць. Думаю, гэта важна.
— Так, мой хлопчык, пакуль я не знайшоў свой кій, у мяне ёсць яшчэ некалькі хвілін, — азіраючыся па баках, сказаў Мергіёл.
Усе аквілейцы ведалі, што іх дырэктар быў неразлучны са сваім кіем. Бяскрыўдная з выгляду рэч была ў рэальнасці па-майстэрску вырабленай зброяй, чымсьці накшталт канструктара, які складваўся з падагнаных адна пад адну стрэл.
— Рэверс! — коратка загадаў Мергіёл, бо канчаткова страціў надзею знайсці свой кій сярод разнастайнага гаспадарчага начыння, сплеценага Геа з маладых парасткаў трыгасу.