Кніга здольных  Святлана Аўдзейчык

Кніга здольных

Святлана Аўдзейчык
Выдавец: Галіяфы
Памер: 352с.
Мінск 2020
80.39 МБ
ў дзяржаўную казну. Пакуль бацька апранаўся, яны сгалі ўсё выграбаць. Калі ў стол палезлі, ён ледзь не сграціў прытомнасць. Мы ж не ведалі, што ты зранку ў горад падаўся і забраў сваё дабро з сабой.
— А што, калі яго абвінавацяць у гэтай... справе? — маці закрыла твар рукамі. — Ці цябе?
— He, мама, — паспрабаваў супакоіць маці Рой. — Такія ператрусы ўжо бывалі, памятаеш? I заўсёды бацьку э-э... запрашалі як спецыяліста для экспертызы. Бо калі камяні адбіраюць, ім жа патрэбен нехта, хто здолее гэтыя камяні адрозніць і ацаніць? Так?
— Магчыма,—пагадзілася Ганна, задумаўшыся. — Ператрус, і праўда, не ў нас адных быў. Але, сынок, ты яго... схаваў?
Цяпер яе трывога перакінулася з мужа на сына.
— He хвалюйся, мама. Ён у надзейным месцы.
Рой насамрэч не быў упэўнены, што месца такое ўжо надзейнае, але спадзяваўся, што Геа здолее пры неабходнасці пазбавіцца ад каменя.
— Я не перажыву, калі з табой што-небудзь здарыцца, — раптам зноў заплакала маці і схавала твар у сына на грудзях. — Мы не можам цябе страціць! He можам!
— Мама, ну хопіць, што на цябе найшло? — Рой усміхнуўся. — I камяні, я думаю, бацьку таксама вернуць.
Гэта ён дадаў ужо не так упэўнена, але маці насамрэч менш за ўсё турбавалася з нагоды камянёў.
— Рой, калі з бацькам ці са мной што-небудзь здарыцца, ты павінен ведаць адну рэч, — яна рашуча
выцерла слёзы і прывяла ў парадак твар. — Гэта вельмі, вельмі важна, — дадала яна, заўважыўшы, што Рой недзе далёка ў думках. — Бацька, я мяркую, сам хацеў бы табе ўсё распавесці...
— Вось і выдатна, дачакаемся таты! — перапыніў яе Рой, не даўшы дагаварыць.
— Куды ты? — падхапілася яна ўслед.
— He хвалюйся, я хутка! — пракрычаў ён, выскачыўшы з дому.
Рой выбег на вуліцу. Першае, што ён убачыў, быў людскі натоўп каля Данатавай майстэрні. Самога майстра — бацькавага сябра — не было. Яго разам з Маркам кудысьці забралі. У майстэрні Рою пацвердзілі, што па ўсім горадзе ідуць ператрусы і што гэта асабістая пастанова Віктара Меера — кіраўніка Оптымума. Рой накіраваўся да Аквілы.
Востраў, на якім стаяла Аквіла, з вышыні птушынага палёту нагадваў падкову, аперазаную морам з усіх бакоў. 3 Ларборам востраў злучаўся мостам, які ўзнік у выніку прыродных катаклізмаў. Ён выходзіў з Ларбора доўгай і даволі шырокай маналітнай глыбай, што навісала над морам. Па меры набліжэння да выспы ён звужаўся, як язык гіганцкай пачвары, а ля самой выспы быў дабудаваны намаганнямі майстроў і пераходзіў у браму. Брама Аквілы была ўнікальная. Пакуль чалавек ішоў па мосце, які аддзяляў востраў ад астатняй часткі Ларбора, здавалася, што брама мае выгляд велізарнай птушкі, якая распасцёрла за спінай крылы. Але, па меры набліжэння, абедзве палавінкі школьнай брамы ажывалі, кудысьці знікалі, ператвараючыся
ў аб’ёмны карункавы калідор, па-штукарску выкаваны з металу. Пры аддаленні ад брамы на некалькі метраў ён зноў незаўважна знікаў, а брама набывала ранейшы цэльны выгляд.
Сам востраў, дзе стаяла Аквіла, быў невялікі — ягонай плошчы якраз хапіла, каб пабудаваць тут замак. Замак замыкаў у кальцо межы выспы, у цэнтры меў уласнае возера, а па баках свету — чатыры вежы. Дах замка быў пляскаты, а таму яго ўдала прыстасавалі для прагулак. Тут адкрывалася позірку цудоўнае відовішча мора, асабліва ў тыя дні, калі яно было неспакойным. Па акружнасці будынка праходзіла галерэя, скляпенні якой падтрымлівалі дзясяткі калон.
Некалі на месцы гэтай выспы было ўзбярэжжа Ларбора, на якім рос адзін з тэронаў. Суседства з морам, якое пазней назвалі Бязмежным, стала галоўнай прычынай, па якой гэтае дрэва вынішчылі першым, практычна да рэшты. Увесь міраіт, які патэнцыйна мог тут знаходзіцца, альбо ўжо быў знойдзены, альбо быў пахаваны на дне мора. Цяпер ад тэрона заставаўся толькі пень, да таго ж ён быў схаваны пад вадой. Закальцаваная частка мора, што знаходзілася ў цэнтры вострава і вакол якой уздымаліся сцены Аквілы, якраз і была дакладным месцазнаходжаннем былога тэрона.
Стоячы на мосце і не здолеўшы прабіцца праз зачыненую браму школы, вучні Аквілы горача абмяркоўвалі апошнія навіны. Рой адшукаў Эда сярод натоўпу. Яго непрыемна ўразіла, што некаторыя з аднакурснікаў глядзелі на яго адкрыта недаверліва, іншыя — з цікаўнасцю. Сярод аквілейцаў ЗАРамі былі
адзінкі. Рой выдатна разумеў, чаму ён ловіць на сабе такія позіркі — усе з нецярплівасцю сачылі за тым, ці асвоіць ён рэверс, ці ўсё-такі мусіць папоўніць шэрагі бездараў і будзе адлічаны з Аквілы.
— Ты чуў, — адвёў сябра ў бок Рой. — Бацьку майго, Даната і астатніх збройнікаў адправілі ў Цэрніум.
Эдзі нявесела кіўнуў.
— Усе гаворкі толькі пра гэта... У нас дома таксама ўсё ператрэслі. Добра хоць, шып пры мне, — ціха дадаў ён, азірнуўшыся.
—А я цябе папярэджваў учора,—прашыпеў Рой. — Так проста гэта не скончыцца. Электус не можа змірыцца з думкай, што не ўвесь міраіт у ягоных лапах. Толькі ў вас навошта?
— Каб я ведаў, — развёў рукамі Эд.
— Дзіўна ўсё гэта.
— Яшчэ б не дзіўна!
Да іх падышла Аліса.
— Меер мітусіцца так, быццам згубіў нейкую ўласную рэч, — яна панізіла голас да шэітту. — Як думаеце, можа, людзі праўду кажуць, і знайшоўся... Сакрум?
Твар яе выглядаў разгублена. Нібы яна загадзя ведала, што скажа глупства, і адразу ж перапрашала за гэта.
— Я не ведаю, — імкнучыся не глядзець Алісе ў вочы, пахістаў галавой Рой. — Але думаю, калі Сакрум знайшоўся, мы пра гэта даведаемся.
Яго непрыемна торкнула думка, што ён прыўласціў сабе нешта чужое. Толькі вось далей разбірацца ў сваіх пачуццях часу бракавала: характэрна жэстыкулюючы, да іх далучылася Віка Верас.
— Рой, ты не хвалюйся, твой бацька і яшчэ некалькі з ім там толькі дзеля справы, — з ходу зашчабятала яна. — Выйшла пастанова Электуса канфіскаваць увесь міраіт. Таму спатрэбіліся людзі, здольныя яго адсартаваць. Я гэта дакладна ведаю.
Рой уздыхнуў з палёгкай. Віка перайшла на апошні курс Аквілы і ўжо працавала сакратаром у Оптымуме. Яна чула, як Меер даваў загад вернікам.
— Хутчэй за ўсё, Марка не хутка адпусцяць, бо ператрусы яшчэ ідуць, — дадала яна, спачувальна ўсміхнуўшыся.
— I гэта не чакаючы пасяджэння Рады! Навіна на сем балаў па маёй шкале!
Здавалася, што Івар Калейн, які наблізіўся да іх, быў у захапленні ад падзей гэтага дня. На тое былі прычыны. Ягоны бацька — Георг Калейн — цягам некалькіх гадоў быў дарадцам Оптымума, пакуль Віктар Меер не змяніў яго на пасадзе ў выніку нейкай сумнеўнай гісторыі. Івар таксама рыхтаваўся да выпуску. Ён быў геніем густоўнасці. Гэта закранала ўсе сферы ягонага жыцця, але больш за ўсё яму падабалася адчуваць густ навін. Ён адным з першых даведваўся аб усіх здарэннях, аналізаваў іх і надаваў ім бал па сваёй уласна распрацаванай шкале. Цяпер яго багаты на жывую міміку твар нагадваў фізіяномію сытага ката.
— Меер, напэўна, зусім звар’яцеў, раз пайшоў на такі крок. Учыніў карыстаючыся сваім становішчам, гармідар у горадзе, а ўсё дзеля таго, каб займець увесь міраіт. У нас забралі ўвесь, абсалютна ўвесь міраіт, уяўляеце?
— Хутчэй за ўсё, ёсць нейкае лагічнае тлумачэнне таму, што адбываецца, — пераканаўча загаварыла Віка. — Усё ж такі міраіт — святы камень, і, пэўна, Электусу прыйшла ў галаву думка захоўваць яго належным чынам.
— О так! — згодна кіўнуў Калейн. — Галаву нашага Элекіуса наведваюць выключна слушныя думкі. Я нават ведаю, дзе і як ён збіраецца захоўваць святы камень усіх ларбарэйцаў, — у сваім сутарэнні, набітым рознымі скарбамі.
— Кіраўнік Оптымума — не такі! — упарта паматляла галавой Віка.
— Такі, такі. Ён нашмат горш, — кіўнуў Калейн. — Калі заўтра высветліцца, што яму патрэбен твой дом, каб арганізаваць там сховішча для сваёй калекцыі, ён бессаромна прышле вернікаў і выкіне цябе з хаты. Як табе такое?
Віка не знайшла, што адказаць.
— Але навошта яму столькі міраіту? — зморшчылася Аліса.
Эдзі весела падміргнуў ёй.
— У багатых свае дзівацтвы. Можа, вырашыў зрабіць сабе статую з міраіту. Зубы з міраіту ён жа сабе паўстаўляў!
Але як ён ні стараўся надаць сур’ёзны выраз свайму твару, непраўдападобная ідэя Эда нічога, акрамя ўсмешкі, у прысутных не выклікала.
— Хутчэй за ўсё, учорашні абвал — прычына гэтай мітусні, — зноў загаварыла Віка. — Шахты надта небяспечныя, яны вычарпалі сябе — усе гэта ведаюць.
Даўно ўжо з іх трэба сыходзіць. Оптымум мусіць мець запас міраіту на той выпадак, калі мы не здолеем знайсці месца, настолькі ж перспектыўнае...
— Дзе міраіт ляжыць пад кожнай купінай, толькі капні, і ўсе мы з новай надзеяй будзем чакаць з’яўлення на свет трэцяга пня? — са з’едлівай усмешачкай сфармуляваў агульную думку Івар. — Шкада, што пошукі ў цяперашніх шахтах так і не прывялі нас да жаданай знаходкі. Міраіту было — процьма, а да пня так і не дакапаліся. Ёсць у каго думкі з гэтай нагоды?
— Няўжо астатнія дарадцы ўхвалілі гэта? Наш дырэктар? Усё ж такі дзіўна... — перапыніла яго рызыкоўны маналог Аліса. — Раней гэта тычылася толькі бездараў, ніколі яшчэ Оптымум не замахваўся на міраіт здольных. У нас канфіскавалі нават рэверсіўную зброю маіх продкаў, якая захоўвалася дома як сямейная рэліквія. Гэта ўжо хамства!
— Ого! Няўжо Элекіус плануе пераплаўляць снарады і ачышчаць міраіт? — усміхнуўся Калейн.
— Гэта немагчыма, — заўважыў Эд. — Сплаў рэверсіўнай зброі немагчыма разбурыць ніякім спосабам.
— Э! He кажы, — запярэчыў Івар. — Спосаб такі ёсць. I калі мне ён вядомы, дык Меер тым больш яго ведае. А зброя тут з боку прыпёку, проста трапіла пад гарачую руку вернікаў. Электус шукае міраіт у чыстым выглядзе. Той самы асобнік, які прывядзе яго да Сакрума, а значыць, дасць найвышэйшую ўладу.
— Сакрум тут якім бокам? — з раздражненнем запытала Аліса.
Івар змераў дзяўчыну праніклівым позіркам.
— Вось ты з выгляду разумная, а разважаеш, як... Мееру патрэбен Чорны міраіт — не інакш, як яго наш Электус спешна шукае. Хутчэй за ўсё, учора ўсплыў менавіта ён. I Меер замітусіўся... Ён напэўна ведае, як з дапамогай Чорнай слязы разгадаць таямніцу Сакрума, — не даўшы дзяўчыне як след пакрыўдзіцца, працягваў выкладаць сваю тэорыю Калейн.
— Балбес! — з абурэннем выпаліла Аліса. — Ідзі і пачытай Спадчыну! Усё будзе лепш, чым лухту несці. Нідзе не сказана, што Сакрум і Чорная сляза неяк звязаныя. Дарэчы, Чорная сляза — гэта міф, пра яе ўвогуле ў Спадчыне няма, а Сакрум рэальна існуе.