Кніга здольных  Святлана Аўдзейчык

Кніга здольных

Святлана Аўдзейчык
Выдавец: Галіяфы
Памер: 352с.
Мінск 2020
80.39 МБ
Івар паглядзеў на яе, як на дзіця.
— У той частцы, якая на вязі, можа, і няма «ўвогуле», — перадражніў ён яе. — А ў той, што на ветусе, напэўна сказана. He бяруся сцвярджаць, што Чорны міраіт і Сакрум гэта адно і тое, але паміж імі напэўна ёсць сувязь, як паміж табой і Інеем, — падміргнуў ён.
Аліса, звыклая да ягоных жартаў, хмыкнула.
— 3 якіх гэта часоў ты стаў чытаць на ветусе?
— Вельмі смешна! — зрабіў выразны твар Івар. — Але, тым не менш, толькі Чорная сляза здольная дапамагчы разгадаць гэтую таямніцу — хоць любога пронга спытай — нездарма яны ўсе на службе ў Меера.
— О, так! Пронгі выдатныя дарадцы ў гэтым пытанні! — з пагардай скрывілася Аліса. — Ужо калі мне і спатрэбіцца чыё-кольвек меркаванне, наўрад ці я пабягу па раду да пронгаў. Тым больш, пытацца ў іх не мае сэнсу — яны ледзь знакамі ўмеюць гаварыць.
Івар шматзначна ўсміхнуўся.
— Сцеражыся, Аліса. Адкуль у цябе столькі пагарды? Пронгі такія самыя, як і мы, Хіба што крыху спатыкнуліся. 3 кожным можа здарыцца. I з табой у тым ліку, — зноў падміргнуў ён ёй.
— Яшчэ чаго! Пра сябе лепш падумай, — гыркнула дзяўчына, праўда, неяк адразу страціўшы баявы запал.
— He хвалюйся. Мне іх стыль жыцця не даспадобы, — ціхамірна адгукнуўся Івар. — Я прызвычаіўся атрымліваць асалоду ад іншых рэчаў. Дакладна не ад працы кіркай у каменяломнях. Але, павінюся, я з цікаўнасцю прасачыў бы за тваім лёсам, калі б табе такі шанец выпаў. Мне заўсёды карцела даведацца, як ператвараюцца ў пронгаў такія гожанькія дзяўчаткі, як вы з Вікай. — Ён павярнуўся і змераў крытычным позіркам Віку Верас, якая не прамінула адразу пакруціць пальцам ля скроні. — Ці, скажам, было б нядрэнна ўбачыць Роя ў гэтай якасці, — Калейн спыніў на Роі пагляд сваіх прымружаных вачэй. — Праўда, нашаму каштоўнаму бездару гэта пакуль не пагражае — ён яшчэ нават не дзіэндар. Аднак Мергіёл упэўнены, што кроў яго далёкай стрыечнай прабабулі загаворыць, і прызначыў хлопца ЗАРам. Мяркую, іх абодвух чакае вялікае расчараванне. Хоць мяне і здзіўляе, што ў яго адна пасма валасоў ужо пасівела.
— Яна не пасівела. Ён такі з нараджэння, — буркнуў замест сябра Эд. Ён стаяў, слухаў і не разумеў, чаму Рой усё яшчэ маўчыць. Схільнасць да ранняга пасівення таксама была адметнай адзнакай здольных.
— Вось гэта навіна на пяць балаў, — зрабіў выгляд, што здзівіўся, Івар. — А я думаў, што Рой зараз возьме ды адкрые нам свой дзіэн. Скажам, дар пераўвасаблення ў якое-небудзь экзатычнае стварэнне. Напрыклад, у барсука?
Ён рагатнуў, мяркуючы, што жарт прыйдзецца да густу, але пад агульнае магільнае маўчанне хутка пагасіў прыступ весялосці. Дзіэн пераўвасаблення быў страчаны вельмі даўно, і, напэўна, гэта быў той самы выпадак, калі здольныя не перажывалі з нагоды ягонай страты, а прычыну такого стаўлення нават не жадалі ўзгадваць.
— Скажы, — пацікавіўся раптам Эд, — а які максімальны бал на тваёй шкале?
— Дванаццаць, — жыва адгукнуўся Івар. — Усё як у гадзінніку. Гэты гадзіннік у мяне самы дакладны.
— Ara. To бок, сённяшнія падзеі — навіна так сабе, сярэдненькая, накшталт шасцёрачкі? — спытаў Эдзік.
— Маеш рацыю, — пацвердзіў Івар.
— А ты ўпэўнены, што твой гадзіннік не спазняецца? Па-мойму, уся гэтая меераўская завіруха на дзясятку цягне, як мінімум.
— У цябе і каша з нукаса на дзясятку цягне, — красамоўна змераўшы вачыма таўсматую постаць Эдзі, адказаў Івар. — Хаця... гэта яшчэ, як прыгатаваць! — з ходу дадаў ён, бачачы, што Эд не дужа схільны ўпадабаць ягоны жарт.
— Але ўсё ж такі, — зацікавілася і Аліса, — ці былі ў тваім жыцці навіны на дванаццаць балаў?
— На ўсё свой час! — адмахнуўся ад яе Івар. — Максімальны бал у мяне прызапашаны толькі для аднаго, урачыстага выпадку. — Ён хітра ўсміхнуўся Эду. — Можа, Астравушык, гэта будзе той самы выпадак, калі тваю кандыдатуру зацвердзяць на ролю стралка ад нашай каманды на гульні? Я дакладна кажу?
Эд пачырванеў.
— Нічога такога я не думаю, — хмурна прамармытаў ён.
— I слушна робіш, — ляпнуў яго па плячы Івар. — Гарантую, што зацвердзяць не цябе, і нават не мяне, і ўжо тым больш не Алісу, і не яе дружка Цімура, што цалкам добра, а Роя. Хоць шмат каму гэта і не даспадобы.
— А табе? — пацікавіўся Рой, які выйшаў з задуменнасці, ледзь пачуў сваё імя.
— А мая чарга надыдзе, калі Мергіёл абвесціць пра гэта на сходзе школы, — ухіліўся ад прамога адказу Калейн. Погляд яго шэрых вачэй пры гэтым цяжка было назваць прыязным.
— Сходу не будзе, па меншай меры, сёння, — выдыхнуў засопшыся, высокі, бледны юнак, які наблізіўся да іх. Гэта быў Цімур. Але ўсе і заўсёды клікалі яго Іней. Гэтая мянушка прыліпла да яго з-за сівых валасоў, якія рабілі яго нашмат старэйшым за свае гады. Але насамрэч ён толькі пераходзіў на апошні курс Аквілы. Калі б сёння сход адбыўся, Мергіёл, напэўна, прызначыў бы яго старастам курса, найлепшай кандыдатуры не трэба было і шукаць.
— Чаму не будзе? — спытаў Івар.
Іней аддыхаўся.
— Оптымум сабраўся вось толькі цяпер, — абвясціў ён гучна. — Мергіёл заняты на Радзе. Так што сёння — разыходзімся. Заўтра — у гэты самы час, тут. Усе пачулі?
— Нарэшце!
— А як жа Меер?
— Як Электус растлумачыць Оптымуму свае ўчынкі?
— Няўжо пасля ўсяго Меера пакінуць на чале Электуса?
3 усіх бакоў пасыпаліся пытанні. Вучні абступілі Цімура, і ён, з цяжкасцю перакрываючы гоман галасоў, паспрабаваў усіх супакоіць.
— Я нічога не ведаю! Оптымум сабраўся позна. Кажуць, не маглі ўсіх дачакацца, у прыватнасці, аднаго з дарадцаў — Ундрыца. Яго таксама з раніцы даставілі ў Цэрніум, а потым забралі на Раду. Так што разыходзьцеся! Усё! Да заўтра.
I ён стаў выбірацца з натоўпу.
— Чуў? — Эд хітра паглядзеў на Роя.
Той, калі і чуў, адказаць не пажадаў. Ён імкліва рушыў дадому. Магчыма, бацька ўжо вярнуўся, а таму трэба хутчэй даведацца пра навіны і да захаду сонца паспець пабачыць Геа. He хацелася рушыць у Карнігард прыцемкамі.
— Ведаеш, гатовы пайсці ў заклад, што ты не ўяўляеш, хто такі гэты Ундрыц, — выбіраючыся за ім следам, пракрычаў Эд.
— Ты ж чуў — дарадца з Оптымума, — не маючы жадання разважаць на тэму нейкага там Ундрыца, кінуў яму Рой.
— Таму і дзіўна. Меер відавочна звар’яцеў. Ундрыц — саветнік, а ён яго — у Цэрніум, як злачынцу.
— Па-твойму, мой бацька — злачынец? — рэзка затармазіўшы і ўтаропіўшы ў Эда раздражнёны позірк, выдыхнуў Рой.
— Будзе табе, — прымірэнча выцягнуў наперад рукі Эдзі. — Я не гэта меў на ўвазе. Проста Ундрыц — гэта... вельмі паважаны чалавек.
— I што? — паціснуў плячыма Рой.
— Я табе дзіўлюся, усё ж такі Ундрыц — гэта бацька Веранікі. Толькі не рабі выгляд, што не ведаеш, пра каго я кажу, — аслупянела глянуў на яго Эд, калі яны выбраліся з выспы. Ён не мог паверыць, што Рой здольны так добра хаваць свае пачуцці.
— Нават не ўяўляю, пра каго ты кажаш, — запэўніў яго Рой. Яго цяпер займалі зусім іншыя думкі, і ён не хацеў разважаць над тым, што яму даводзіць сябрук.
— Вераніка Ундрыц — гэта тое дзяўчо з Серпенты, на якое ты баішся нават паглядзець! — раззлаваўся Эд. — I гэта, дарэчы, вельмі слушна. Відаць, нейкія здольнасці, накшталт інтуіцыі хаця б, і ў цябе ёсць, бо яе сапраўды трэба сцерагчыся як агню, ці нават больш!
— Чаму гэта? — холадна пацікавіўся Рой.
— У яе вельмі рэдкі дар, — з інтрыгай прамовіў Эдзі.
— Вось што ў цябе за манера такая — усё аблытваць нейкімі таямніцамі? Пачаў — гавары!
— Э-э! He. — Эд падсіупна ўхмыльнуўся. — Хто гэта не так даўно крычаў, што арол, маўляў, мух не ловіць і ўсё-такое іншае?
— Слухай, ты мне ўжо так надакучыў!
Яны якраз прайшлі мост і мусілі прыпыніцца перад пляцоўкай з конскім прыпонам. Іх паплечнікі па школе адзін за адным знікалі на ўласных калясніцах.
— He сумуйце! — Калейн у адпаведнай яму блазенскай манеры даслаў ім паклон, прамільгнуўшы ў вытанчанай двухколавай павозцы. Нават для аднамеснай яна была да таго малая, што Івар месціўся ў ёй толькі стоячы.
Рой хмурна паглядзеў яму ўслед. Ён быў раздражнёны праз вымушаную затрымку і загадкавыя намёкі Эда. Той вырашыў больш не выпрабоўваць ягонае цярпенне.
— Яна — саламандра, — паведаміў нарэшце Эд.
— Вось як? -— здзіўлена, у сваёй звычайнай манеры, выгнуў брыво Рой.
Уздыхнуўшы, Эдзі закаціў вочы ўгору.
— Спадзяюся, ты чуў, хто такія саламандры, але калі не, дык я табе нагадаю. Яны здольныя кіраваць агнём, выклікаць агонь і ператвараць у агонь усё, што патрапіць ім пад гарачую руку. Зразумела? Да таго ж Вераніка — апошняя саламандра. У яе бацькі іншы дар, а маці знікла вельмі даўно. Зразумеў?
Рой недаверліва прымружыў вочы.
— А Зарая? Ну, тая, пустэльніца?
Эд цяжка ўздыхнуў, усім сваім выглядам выказваючы глыбокі смутак з нагоды таго, што яму зноў даводзіцца займацца асветай свайго сябра.
— Памерла на днях. Цяпер задаволены?
— Цалкам, — кіўнуў Рой. — Адкуль ты ведаеш?
Ён падазрона прасвідраваў Эда сваімі блакітнымі вачыма. Астравух усміхнуўся.
— Проста я — сціплы, калі не сказаць горш — убогі дзіэндар, у адрозненне ад аднаго прызначанага ласкай Мергіёла ЗАРа. Мая здольнасць, — ён выразна кашлянуў — хоць і не ўпэўнены, што ты пра гэта памятаеш, — выключны слых. I я нічога не магу з гэтым зрабіць, прабач.
— Ну даруй, калі ласка. Сёння дзень такі... Трэба яшчэ да Геа паспець. А я, як на ліха, пешшу.
—■ А я — не, — расплыўся ў прыязнай усмешцы Эд.
Рой стомлена паглядзеў на яго задаволеную фізіяномію. А Эд, ухіляючыся ад далейшых роспытаў бадзёра накіраваўся да свайго фаэтона.
— А дзе ж твая эгаістычная аднамесная калясніца? — усміхнуўся Рой, з цікаўнасцю разглядаючы пекна аздобленую збрую Агата. У Ларборы было агульнае захапленне — надаваць коням імёны, якія былі найменнямі камянёў.
Эд не любіў ездзіць верхам. Для штодзённых перамяшчэнняў па горадзе ў яго была лёгкая двухколка, разлічаная на аднаго пасажыра і падораная яму на пятнаццацігоддзе. Але сёння ён прыехаў не на ёй.
— Ведаў што давядзецца цябе ратаваць, — забраўся ў фаэтон Эд.
— Так я і паверыў, што ты дзеля мяне стараўся.
Рой агледзеўся і таксама скочыў у павозку. Фаэтон сямейства Астравухаў не мог выглядаць інакш — лёгкі, са скуранымі сядзеннямі, разьбянымі бакамі, мяккай спінкай і крытым верхам, які пры жаданні можна было апусціць. Рой усміхнуўся:
— Скажы лепш праўду: спадзяваўся, што мы абодва знаем, хто прыйдзе ў школу пешшу? Ну, хаця б у парадку выключэння? I ў цябе нарэшце з’явіцца шанец прапанаваць ёй месца побач з сабой, якраз выпадкова вольнае? А разам з тым і прадэманстраваць свае выключныя навыкі каляснічага?