• Газеты, часопісы і г.д.
  • Кніга здольных  Святлана Аўдзейчык

    Кніга здольных

    Святлана Аўдзейчык

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 352с.
    Мінск 2020
    80.39 МБ
    пёры ў нарукаўнікі. Адно ён пакінуў і, праходзячы па калідоры каля партрэта тоўстай матруны з мудрагелістай прычоскай, шпурнуў пяро акурат у бутон, які ўпрыгожваў яе галаву.
    — Кромень! — віскнуў у яго за спінай пранізлівы голас. — Рой Кромень! Спыніцеся неадкладна! Я вам загадваю!
    Сябры пераглянуліся. Бегчы было позна.
    Зморшчыўшы нявінную фізіяномію, Рой павярнуўся. Абурана пыхкаючы, іх даганяў Атрэй — выкладчык танцаў.
    — Усё! — шапнуў Эд. — Папярэджваю, падлогу ў катавальні будзеш драіць сам.
    Нягледзячы на сваю музычнасць, Эд быў нязграбным танцорам, заняткі ўспрымаў як сапраўдную пакуту, а таму аднойчы, каб пазбегчы ўрока, ён наўмысна разліў алей у зале. Наступствы сваёй выхадкі ён адчуў напоўніцу, старанна адціраючы падлогу да вечара. I цяпер Атрэй не губляў магчымасці, узброіўшы Астравуха швабрай і анучай, «заахвоціць» яго да прыбірання. У гэтым, на думку настаўніка, і была яго сапраўдная здольнасць.
    — Рой Кромень! Ад вас я такога не чакаў! — дагнаў сяброў Атрэй. — Гэта... — ён паказаў рукой на партрэт — сама...
    — Прабачце, — паспрабаваў апраўдацца Рой, — але рэч у тым, што там — муха. I пакуль Атрэй набіраў новую порцыю паветра, каб агучыць ягонае пакаранне, Рой рэверсаваў пяро.
    — Вось, — не дазволіўшы Атрэю апамятацца, працягнуў ён настаўніку доказ. На пяры сапраўды была наколата муха.
    — Арол мух не ловіць, Кромень! — грэбліва паглядзеўшы на яго «здабычу», прамовіў Атрэй. — У наступны раз абярыце сабе... больш прыстойную цэль!
    — Абавязкова, — ледзь захоўваючы сур’ёзны выраз твару, паабяцаў Рой, пасля чаго, ужо не стрымліваючы смех, сябры нырнулі ў бакавы калідор.
    — Спрытны ты, — займаючы столік у школьнай кавярні, рагатнуў Эд.
    — A то, — усміхнуўся Рой і кінуў пяро на стол.
    — Даў бы паесці нармальна, — буркнуў Эд, адсоўваючы яго пазногцем далей ад сваёй талеркі.
    Рой асвоіў рэверс хутка і без праблем. Рэверсіўныя шыпы, зробленыя для яго бацькам у колькасці трох штук, слухаліся яго як жывыя, але ён стараўся менш дэманстраваць перад сябрам свае здольнасці. Стрымліваць цікаўнасць Эдзі з кожным днём рабілася ўсё цяжэй. Рой упарта адмоўчваўся, калі той спрабаваў выпытаць, які ў яго дзіэн. Астравух надзімаўся, крыўдаваў, часам не размаўляў з Роем, але заўсёды адтайваў, таму што не ўмеў крыўдзіцца доўга. У выніку ён уціхамірыўся, ведаючы, што і так усё стане вядома на Інвентуме, і ён, нарэшце, задаволіць сваё жаданне пакпіць з Роя. А ў тым, што ягоны дзіэн — усяго толькі здольнасць да асваення рэверсу, альбо, у крайнім выпадку, нейкая недарэчная і непрыдатная здольнасць, Эд аніколькі не сумняваўся.
    Інакш ён ніяк не мог растлумачыць зацятасць сябра ў такой справе, якую ўсе выстаўлялі напаказ.
    — Я б на тваім месцы так не налягаў — Рой кіўнуў на застаўлены талеркамі паднос Эда. — Ці ты забыўся пра наступны занятак?
    Эдзі пакруціў галавой і прашамкаў у адказ нешта невыразнае.
    —Я памятаю, — праглынуў ён нарэшце.—Я таму і імкнуся як след заправіцца, каб мяне нішто не спакушала ў час занятку, а тое ўся гэтая кулінарыя... Ведаеш, калі я Лаўра слухаю, у мяне проста слінкі цякуць.
    — Прывітанне, хлопцы, — да іх падсела Яна Кайна. Яна перайшла на трэці год Аквілы, жыла па суседстве з Эдам, іх сем’і сябравалі. — Як справы? — спытала яна ў Эдзі, падхапіўшы і адправіўшы ў рот вішаньку з ягонага дэсерту. — Як рэверс?
    Эд скіраваў пагляд у талерку.
    — Нармальна, — буркнуў ён. — Рэверс як рэверс.
    Эд быў неабыякавы да Яны, гэта кідалася ў вочы, і яму не хацелася выглядаць у яе вачах бездарам.
    — Кажуць, ты будзеш стралком на гульні? — перавяла яна позірк на Роя.
    Сваім абліччам Яна нагадвала ляльку — вялікія чорныя, бліскучыя, нібы пацеркі, вочы, падкручаныя вейкі, кучаравыя светлыя валасы і белазубая ўсмешка. Яе дзіэнам была здольнасць ствараць ілюзіі. Акрамя таго, у яе быў нядрэнны голас — настолькі нядрэнны, што калі яна спявала, уся зала знаходзілася ў стане гіпнатычнага трансу. Гэтага было цалкам дастаткова, каб любому хлопцу закружыць галаву.
    — Хто кажа? — пацікавіўся Рой.
    Яна паціснула плячыма.
    — He памятаю, здаецца — усе.
    — Значыць — праўда, — схлусіў Рой.
    Звычайна ролі для гульні размяркоўвалі незадоўга да мерапрыемства. Пакуль склад каманды быў невядомы.
    — У гэтым годзе ўвесь другі курс Серпенты атрымлівае рэверсіўную зброю, вы, напэўна, ведаеце, — як бы між іншым сказала Яна.
    — Ну, яны выйгралі ў мінулым годзе, чаго тут дзівіцца, — надаўшы голасу нязвыкла хрыплыя ноткі, прабубнеў Эд.
    Яна тэатральна ўздыхнула.
    — Вось і я пра тое. Нам трэба выйграць у гэтым годзе.
    — А мы і выйграем, — падміргнуў ёй Рой. Ён ляпнуў Эда па плячы. — Праўда? Вось Эда капітанам каманды абяруць — і ўсё!
    Эд падавіўся і, кінуўшы на Роя незадаволены погляд, закашляўся.
    Яна з цяжкасцю стрымала смяшок.
    — Прыходзь сёння на рэпетыцыю ў ратушу. Паглядзіш, як ідзе падрыхтоўка да Інвентума. Я выступаю з танцавальным нумарам. Прыйдзеш? — Яна запытальна паглядзела на Роя.
    Ён здзіўлена стрэльнуў вачыма ў бок Эда.
    — He ведаю шчэ. Можа, і прыйду. Ты як, Астравух?
    — А я што? — прамармытаў ён, выціраючы набеглыя ад кашлю слёзы. — Мяне, бачыш, не клічуць.
    — Годзе табе, Эдзі! — запратэставала Яна. — Ты ж і так прыйдзеш. Колькі я памятаю, ты заўсёды прыходзіш, нават калі сам не ўдзельнічаеш. I, дарэчы, даўно хацела табе сказаць, у мяне алергія на ружы... Але толькі на іх, — дадала Яна, гулліва ўсміхнуўшыся пры гэтым Рою. Той зрабіў выгляд, што нічога не заўважыў, а Эд густа пачырванеў і ледзь быў не папярхнуўся.
    Рой жа зларадна ўсміхнуўся.
    — А ты, бач, у нас па танцах спецыяліст, Астравушык?
    Эд кінуў на яго забойны погляд.
    — Я там, каб ты ведаў, па справах бываю. У мяне рэпетыцыі. А ўвогуле, мне Геа параіў, між іншым, каб дзіэн добра развіўся, даваць яму разнастайную нагрузку. Трэба слухаць тое, што выклікае моцныя ўражанні.
    — Ну вядома. Я менавіта так і падумаў, — красамоўна паглядзеў на Яну Рой.
    Гэта не схавалася ад Эдзі.
    —Ну, я пайшоў, — ён ускочыў і, нязграбна перакуліўшы крэсла, рынуўся па калідоры да выхаду.
    — Мы прыйдзем, — паабяцаў Рой, падскочыўшы ўслед за сябрам.
    — Ды пачакай ты! — ён дагнаў Эдзі, калі той ужо выйшаў на галерэю.
    — Адвалі! — з прыкрасцю адвярнуўся ад яго Эд. — «Мы прыйдзем», — перадражніў ён Роя. — Вядома, ты прыйдзеш. Хто б сумняваўся. Каму не хочацца паглядзець, як ідзе падрыхтоўка да Інвентума?
    — Вось зусім не хочацца, — хмыкнуў Рой у адказ.
    Эд падазрона скасавурыў вочы ў ягоны бок.
    — А дарэмна. Кажуць, у гэтым годзе Меер загадаў правесці цырымонію па вышэйшым разрадзе. Так што калі цябе выкупаюць у шампанскім і падораць белагрывага тарпана, я не здзіўлюся.
    — Слухай! Я ўвогуле не пайшоў бы на гэта... глупства нейкае! — адмахнуўся Рой.
    Яны прыйшлі да самага ўлюбёнага кабінета ўсіх аквілейцаў. У вучнёўскім ужытку ён быў вядомы як Лаўраторыя. Сам Лаўр, геніяльны і вынаходлівы кулінар, які ўладарыў тут, выкладаючы дзіэндарам асновы кулінарыі, прызнаваў толькі імя, без усялякіх там рэгалій. Кулінарыя для яго была прасторай для творчасці, прыгатаванне ежы — мастацтвам, ежа — шэдэўрам, а яе ўжыванне — майстэрствам.
    Навучанне дзіэндараў уключала не толькі праграму звычайных школ, дзе вучыліся бездары, але і засваенне разнастайных навук, якія рабілі навучэнцаў элітай Ларбора.
    — Ну чаго яшчэ хацець ад такога зануды, як ты, — паціснуў плячыма Эд. — У ягоны гонар, можна сказаць, свята ладзяць, а ён яшчэ вылузваецца: «Можа — прыйду, можа — не», — Эдзі выразна падміргнуў яму. — He жадаеш раскрываць свой дзіэн, а? Сорамна пры народзе? — ён усміхнуўся. — He тужы. Да Інвентума засталіся лічаныя дні. I так усе даведаюцца, што ты хлопец здольны. Рэверс асвоіў — лічы, наш.
    — Пра сябе лепш турбуйся, — агрызнуўся ў адказ Рой.
    Звычайна ён асцерагаўся нагадваць Астравуху пра яго няўдачы з рэверсам. Але цяпер не стрымаўся і ўжо дакараў сябе, бачачы, як у сябра ад крыўды скрывіўся твар.
    — Ладна, даруй, — ляснуў ён яго па плячы. — Рэверс — справа нажыўная. Яшчэ патрэніруешся. Сёння ў ратушу сходзіш — разнастайныя гукавыя нарузкі — гэта табе не жарты.
    Эд скінуў ягоную руку.
    — Сам ведаю, што трэба рабіць. Раіць ён яшчэ. Разумнік такі. Незразумела толькі, чаму Меер прыспешвае. Ніколі яшчэ Інвентум не рабілі ў пачатку года, адразу пасля гульні.
    Рой азірнуўся і, прапусціўшы некалькі аднакурснікаў у Лаўраторыю, спытаў:
    — А ці можна неяк пазбегнуць... гэтай працэдуры?
    — Ды калі ласка. Ніхто не застрахаваны ад ангіны, шкарлятыны і іншае халеры. Але тады тваё імя проста зачытаюць разам з тваім талентам, а белагрывага тарпана дашлюць з пасланцом. Ну, а ў шампанскім выкупаюць Краца. Наколькі я ведаю, ён у спісах на прысвячэнне сярод пачаткоўцаў гэтага года.
    — Доўга збіраўся, — зазначыў Рой.
    Эд фыркнуў.
    — He даўжэй за цябе. Дарэчы, старэйшых за цябе не будзе. Ты адзін такі пераростак.
    — Ну, я — гэта зразумела, але ў Краца продкі — чыстакроўныя дзіэндары.
    — Сапраўды. Звычайна ў такіх выпадках чакаць доўга не даводзіцца, — уздыхнуў Эд з некаторым шкадаваннем. — Цяпер ты разумееш, як табе пашанцавала?
    — Ды ўжо, — адгукнуўся Рой, — пашанцавала. Ты нават не ўяўляеш, наколькі.
    Ён адчыніў дзверы і першым увайшоў у круглае, як агромністы цыліндр, з круглым сталом пасярэдзіне, памяшканне.
    Астравух нырнуў услед і адразу змяшаўся з натоўпам. Усе вучні стаялі вакол стала, які быў зроблены ў выглядзе велізарнага колца з жароўняй, у цэнтры якога тварыў майстар. Сачыць за яго хуткімі, няўлоўнымі рухамі было цікава. На тэрыторыі Лаўра прыцягальным было ўсё. I манера праводзіць заняткі, калі так можна было сказаць у дачыненні да таго, што тут адбывалася, і дурманлівы водар, які далятаў са столі — бо там паўсюль віселі вязкі зёлак для прыправаў і аранжарэя пад шкляным дахам, якую Лаўр здолеў разбіць на невялікім кавалачку берага, па-за сцяной Аквілы. Але асабліва прыемным момантам быў вынік занятку, калі прадукт творчай фантазіі Лаўра зазнаваў дэгустацыю. Сёння майстар задумаў стварыць нешта з морапрадуктаў. Зусім неверагоднага выгляду марскія пачвары (дзе ён толькі прымудраўся здабываць усё гэта) — вядомыя і не вельмі, узвышаліся грудамі на ягоным стале.
    Лаўр ніколі не пачынаў і не заканчваў занятак па раскладзе. Напачатку кіраўніцтва школы спрабавала заклікаць яго да парадку, але беспаспяхова. Ён ствараў свае кулінарныя шэдэўры ў яму аднаму зразумелым рытме, незалежна ад колькасці вучняў якія прысутнічалі на ўроку. Калі Рой з Эдам увайшлі, занятак быў у разгары. Нешта булькала, штосьці абіралася, нешта крышылася. Лаўр стаяў у цэнтры свайго амфітэатра. Рухаліся ў асноўным ягоныя рукі.