• Газеты, часопісы і г.д.
  • Кніга здольных  Святлана Аўдзейчык

    Кніга здольных

    Святлана Аўдзейчык

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 352с.
    Мінск 2020
    80.39 МБ
    Эд паціснуў плячыма і мімаходзь агледзеў камень. Ён быў цёмны, невялікі, кроплепадобнай формы.
    Пры жаданні гэты сціплы, на першы погляд, каменьчык мог лёгка змясціцца ў кулаку.
    — Табе лепш відаць, — прабурчаў ён, не разумеючы, чаму размова раптам адхілілася ў іншае рэчышча. Эд ужо паспеў сёе-тое раскапаць пра якулаў, распытаўшы пра іх сваіх бацькоў і дзядулю, які быў такі стары, што папросту мог заспець часы гэтых цмокаў. Вядома, гэта быў жарт, але некаторыя звесткі Эд усё ж такі атрымаў а таму яму карцела гэтым падзяліцца.
    — Учора, кажаш? — зацікавіўся Аляксандр Ундрыц.
    — Ну так. Мы былі ў рудніках, потым зайшлі ў страўню, — пачаў распавядаць Рой. — Там двое — пронг і серпентаец — гулялі. У іх на дошцы быў сапраўды такі камень. Я ўпэўнены, што такі самы.
    — Яны на яго гулялі? — Ундрыц задаваў пытанні з такім сур’ёзным выглядам, нібы справа тычылася чагосьці вельмі важнага.
    — Так. Гэта ж не абсідыян, я маю рацыю?
    Ундрыц задуменна круціў камень у руцэ і не спяшаўся адказваць.
    — Без сумневу, гэта не абсідыян... Акрамя таго, я думаю, гэта той самы камень, які ты ўчора бачыў, — ён пераглянуўся з астатнімі членамі іх савета. — Гэта міраіт.
    Эд хмыкнуў.
    — 3 усёй павагай да вас, саветнік, гэта — не падобна на міраіт. Міраіт, ён... крыху іншага колеру.
    — Звычайны — так, — спакойна адказаў Ундрыц.
    Эд закаціў вочы.
    — Ну, тады проста-такі цуд, што вам яго прадалі. Прычым у той самы дзень, калі ўвесь міраіт у горадзе сплываў у рукі нашага паважанага Электуса. Думаю, ён з задавальненнем зацікавіўся б вашым каменем, — скептычна заўважыў Эд, — калі гэта міраіт, хай сабе і крыху сапсаваны... — Але ўбачыўшы, як ссунуліся да пераносся бровы абодвух дарадцаў, Эд паспяшаўся рэабілітавацца. — Я хацеў сказаць, што ён крыху... не такі, трошкі цямнейшы за звычайны.
    — Нашмат цямнейшы, ты хацеў сказаць.
    Паўза зацягвалася. Усе напружана пазіралі адзін на аднаго. Ніхто не адважваўся сфармуляваць відавочную для ўсіх думку.
    — Ці не хочаш ты сказаць... — першым парушыў маўчанне Мергіёл, але тут жа схамянуўся ад здагадкі і замоўк.
    Ундрыц кіўнуў у адказ на ягоны запытальны позірк.
    — Менавіта так. Мы зноўку маем справу з Чорным міраітам.
    — Як так — зноў?
    Рой адкрыў быў рот, але Ундрыц спыніў яго жэстам і працягнуў.
    — Я ўчора ўвечары быў у Лісінай нары, — паспешліва пачаў тлумачыць ён. — Я часам туды заходжу, — ён апусціў вочы, перахапіўшы азадачаны позірк Мергіёла. — Рэч у тым, што там бываюць пронгі, якія часта прыносяць камяні. А я, ты ж ведаеш, збіраю камяні чорнага колеру. Гэты ваш Ліс, відавочна, вярнуўся туды зноў пасля таго, як вы яго
    бачылі, і зноў сеў гуляць. Я гэты камень заўважыў адразу. Яго немагчыма было прапусціць. Ягонае з’яўленне заўсёды дзейнічае на мяне як удар грому. Карацей, я яго набыў. Мне яго прадалі без праблем, усе ж ведаюць, што я маю слабасць да камянёў і збіраю калекцыю. Я мушу гэтую думку падтрымліваць, бо мне ж прасцей — менш трэба тлумачыць. Дарэчы, той хлапчук і распавёў мне, што ён выйграў гэты камень незадоўга да майго прыходу.
    Рой збянтэжана пераводзіў позірк з аднаго на другога.
    — Вы хочаце сказаць, што гэта... той самы? — у яго на твары чыталася шчырае здзіўленне. — Той міраіт, які можа апынуцца слязой Дэркуса?
    Ундрыц шматзначна кіўнуў.
    — Вы ўпэўнены?
    — Нават калі б я хацеў памыліцца, у мяне б гэта не атрымалася, — рэзка адказаў Ундрыц. — Камяні не проста мая слабасць. Бачыць схаваную ў іх гісторыю — мой дар.
    — Вы здольны падпарадкоўваць сабе камень?
    Эд недаверліва свіснуў.
    Ундрыц злосна паглядзеў на яго.
    — Камяні здольныя шмат чаго распавесці. А я той, хто здольны іх пачуць. Але прабач, гару перасоўваць з месца на месца не буду. Нават дзеля таго, каб ты мне паверыў.
    Мергіёл кашлянуў.
    — Мы табе верым, — з маўклівага дазволу гаспадара ён узяў камень у рукі. — Ведаеш, а я менавіта
    так сабе яго і ўяўляў. Цёмны міраіт. Проста і без танных спецэфектаў.
    — А я не! — імгненна адгукнуўся Эд. Ён не збіраўся так хутка здаваць свае пазіцыі. Усведамленне таго, што міфічная Чорная сляза можа выглядаць не як самацвет, які вывяргае сноп іскраў, давалася яму з цяжкасцю.
    — А як? — змераў яго Мергіёл спагадлівым позіркам настаўніка.
    — He ведаю, — насупіўся Астравух. — Але дакладна не як вугельчык! Нават позіркам зачапіцца няма за што.
    Эд павярнуўся да Роя.
    — Рой праўду кажа: гэты каменьчык мы ўчора бачылі ў страўні. Дык вось я што думаю. Калі б гэта была Чорная сляза, які дурань стаў бы на яе гуляць? Нават калі і пронг. Яны тым больш яе са сваіх кіпцюроў не выпусцяць! Акрамя таго, яны ўсе як адзін на службе ў Электуса, а над кожным яшчэ парачка наглядчыкаў. Няўжо вы сур’ёзна думаеце, што хтокольвек з іх знайшоў і проста ўзяў ды прадаў Чорную слязу? — ён з яўным неадабрэннем утаропіўся на Чорны міраіт, адчуваючы сябе падманутым дзіцём, якому падсунулі абманку замест абяцанай цукеркі. — Хай нават і такую... несамавітую на выгляд, — дадаў ён.
    — Ну вядома, яны не дурні. Яны, як і ты, думаюць, што Дэркус на ім аўтограф паставіў, — усміхнуўся Ундрыц. — А гэта не так. Як я ўжо гаварыў напачатку, Чорная сляза ніколі не знікала надоўга. Яна
    ўжо ўсплывала на кароткі час і зноў знікала самым містычным чынам. Нібы правярала, ці надышоў яе час. Я адчуваў яе прысутнасць, калі яна з’яўлялася ў чыіх-небудзь руках. Гэты камень жывы, у яго ёсць свой харакгар. Ён здольны сам абраць сабе гаспадара, і на гэты раз, спадзяюся, Чорны міраіт гэта зрабіў.
    — I ён абраў вас, трэба меркаваць? — спытаў Эдзі.
    — Час пакажа, — паціснуў плячыма Аляксандр, ігнаруючы з’едлівы Эдаў тон.
    — Падобна на тое, што хтосьці сумняваецца ў тваіх правах на яго, — задуменна прамовіў Геа.
    Ундрыц глыбока ўздыхнуў.
    — Сам дзіўлюся, што мне пашчасціла ўмыкнуць камень у Меера з-пад носа. Але ён, пэўна, ужо ведае, дзе камень, і неўзабаве з’явіцца па яго, — ён азірнуўся па баках, быццам разважаючы, наколькі надзейнае ягонае жытло. — Тут ён не рызыкне яго ўзяць, бо яму давядзецца мець справу з усімі намі.
    — Дык, значыць, мы на парозе эпахальнай падзеі? Так? А ў Спадчыне ёсць якія-небудзь інструкцыі, як дзейнічаць у такі час? — захапляючыся сваім досціпам, Эд падміргнуў Рою, але той і брывом не паварухнуў. Ён быў цалкам паглыблены ў свае думкі. — Бо, калі я правільна зразумеў, з’яўленне Чорнага міраіту і яйка якула паказваюць адно...
    — Месцазнаходжанне трэцяга тэрона, — дагаварыў за яго Мергіёл. — Ты маеш рацыю. I цяпер, калі ў дарадцы Ундрыца атрымаецца разгаварыць Чорны міраіт, мы цалкам можам выявіць рэшткі трэцяга пня.
    — Але тады нам трэба ўсім паведаміць... — Эд спатыкнуўся на паўслове.
    — I выклікаць усеагульную істэрыю? Можна. Мяркуючы па апошніх падзеях, яна пачалася ўжо.
    — Вы маеце на ўвазе гэтыя сённяшнія ператрусы, якія праводзіў Электус? — хмурна запытаўся Рой. Ён асцярожна ўзяў камень з рук Мергіёла і зноў трапіў пад ягоную ўладу, не маючы сіл адарваць пагляд.
    Ундрыц кіўнуў.
    — Ён не ўзгадніў гэта з Радай. I, думаю, свае далейшыя дзеянні таксама ні з кім узгадняць не збіраецца. Я ўпэўнены, што ён гатовы аддаць усё, чым валодае, толькі б займець Чорную слязу. А калі спатрэбіцца, то і заб’е дзеля гэтага. I, мяркуючы па ўсім, ужо зрабіў гэта!
    Эд жартаўліва штурхануў Роя ў плячо.
    — Вось бачыш! Табе моцна пашанцавала, раз яму патрэбна не тваё крылатае гадзянё! Але няўжо вы думаеце, што наш Элекіус і сапраўды настолькі крыважэрны, што здольны забіць дзеля вугольчыка, скамянелай жменькі попелу?
    — Вугольчыка? He, вугольчык яму не патрэбен. Яму патрэбная ўлада, якую ён можа праз гэты камень атрымаць. Тая ўлада, тое шанаванне, якія некалі належалі Дэркусу. Ён хоча прыўласціць гэта сабе. I я, прабачце маю шчырасць, думаю, што ён не чакае вяртання Дэркуса, а хоча замяніць яго!
    У пакоі запанавала цішыня. Нават Эд перастаў дурэць і напружана цёр лоб, спрабуючы асэнсаваць пачутае.
    — Дык што ж гэта? Ён, як сабака, ідзе па следзе за каменем, гатовы дзеля яго пусціць у расход кожнага, хто стане на ягоным шляху? Я правільна зразумеў? — жыццярадасна, каб схаваць раптоўныя дрыжыкі, спытаў Эд.
    — Прыкладна так, — няўпэўнена прамовіў Ундрыц. — Але ёсць спадзяванне, што ён гэтага не зробіць, а паспрабуе займець камень на больш ці менш законных умовах.
    — У выніку няшчаснага выпадку з яго цяперашнім уладальнікам, напрыклад, — выказаў меркаванне нястомны Эдзі. — Ці ўсіх, — ён абвёў поглядам прысутных у пакоі, — пасвечаных у таямніцу асоб.
    — He хвалюйся, з цябе ён не пачне, — абнадзеіў яго Рой.
    — Сапраўды! Ён пачне з цябе, — у тон яму адказаў Эд, нават не падазраючы, наколькі ён быў блізкі да праўды. — Тым болей, што ў цябе ёсць чым пажывіцца — гэтае гадзяня, як там яго?
    — Якул, — падказаў у чарговы раз Рой. — Пара б ужо і запомніць.
    — Ён самы. Я дакладна кажу? — скіраваў Эд запытальны позірк на Геа. Той пакруціў галавой.
    — He ведаю. He ўпэўнены, што Меер штось ведае пра якула. Ён палюе толькі на міраіт. Але Меер не горш за нас разумее, што сілай не даб’ешся ўлады над гэтым каменем. Я нездарма сказаў, што Чорная сляза сама абярэ сабе гаспадара. Меер марыць стаць гэтым чалавекам, але аднаго ягонага жадання замала. У Спадчыне сказана, што Сакрум адкрыецца
    толькі таму, хто зможа прыняць яго і толькі тады, калі час будзе спрыяльны. Якул таксама з’явіўся цяпер, і гэта не проста супадзенне. Магчыма, адзін з гэтых прадметаў і ёсць Сакрум, альбо яны — звёны аднаго ланцуга, які прывядзе нас да разгадкі Сакрума — не ведаю, — Ундрыц памаўчаў. — Адно магу сцвярджаць дакладна: тое, што цяпер адбываецца, ужо нельга лічыць выпадковасцю. Магчыма, мы з вамі станем сведкамі вяртання Дэркуса!
    — Ну, хоць адна прыемная навіна! — уздыхнуў з палёгкай Эд. — А калі б гэты змей яшчэ і вылупіўся хутчэй, то было б як мінімум дзве прыемныя навіны — мы паставілі б яго ахоўваць камень, як калісьці ягоныя родзічы ахоўвалі тэрон. Як вам ідэя?
    — Цудоўна, — пахваліў яго Ундрыц. — Але, баюся, з гэтым могуць узнікнуць праблемы. Мы, на жаль, не маем ніякіх ведаў датычна таго, што рабіць з якуламі. Як іх карміць, наколькі хутка яны растуць і ці магчыма іх прыручыць. Мяркуючы па тым, што нам вядома, а веды гэтыя болыіі чым сціплыя, паладзіць з імі будзе няпроста.
    Эд раптам замёр і засцерагальна ўзняў руку, заклікаючы ўсіх да цішыні.