Кніга здольных  Святлана Аўдзейчык

Кніга здольных

Святлана Аўдзейчык
Выдавец: Галіяфы
Памер: 352с.
Мінск 2020
80.39 МБ
Эд засоп і, не даўшы яму як след нацешыцца выглядам сваіх паружавелых шчок, адправіў коней у галоп, ад чаго Роя моцна адкінула назад.
ЧОРНАЯ СЛЯЗА
Каля Роевага дома ягоны сябар і не думаў спыняцца. Наадварот, ён сцебануў каня і ўмела накіраваў яго па бакавой вуліцы ў бок дома-гары Аляксандра Ундрыца.
— Чакай, ты куды?! — ашаломлена пацягнуў Рой, калі зразумеў, куды той збіраецца. Ён пацягнуў за рукаў Эда і з цяжкасцю выдраў у яго пугу. Але дарэмна — яны амаль былі на месцы. Эд нацягнуў лейцы. Зблізку дом Ундрыцаў не падаваўся такой ужо непрывабнай грудай камянёў, як здалося Рою на першы погляд.
— Усё добра, заходзім, — відавочна атрымліваючы задавальненне ад сваёй ролі, паведаміў яму Эд. Ён выскачыў на ўсыпаную жвірам сцежку, падышоў да дзвярэй і тройчы энергічна пагрукаў цяжкім металічным колцам. Другой рукой ён чэпка ўхапіў Роя, і якраз своечасова.
— Я туды не пайду, — ірвануў Рой руку, але Эд моцна ўтрымліваў яго.
— Адзін момант. Табе спадабаецца, не сумнявайся, — запэўніў ён сябра і шырока ўсміхнуўся, прадчуваючы цікавае развіццё падзей. Рой, збіты з тропу, адчуваў сябе няёмка.
Пачуліся глухія крокі, і дзверы адкрыў мужчына сталага веку, і, хоць трымаўся ён вельмі паважна, Рой зразумеў, што гэта не гаспадар дома, а нехта з прыслугі. Ён правёў іх па нязвыкла цёмных калідорах у гасцёўню, дзе хлопцаў найперш уразілі раскошнае ўбранне пакоя і велізарны камін, калі яго можна было так назваць. Рой прывык называць камінамі тыя печы, у якіх ззаду была сцяна.
Тут сцяны не было. Агонь гарэў проста на подыуме, аздобленым узорыстай мазаікай, пасярод пакоя, віючыся, як плюшч, вакол высокай кутай стойкі, якая мела адсекі для паленаў. Больш таго, былі яны і на самым версе гэтай канструкцыі, там, дзе мусіла быць столь, якой, аднак, не было ў тым месцы, дзе знікаў агонь. Рой перш за ўсё падумаў, як няпроста падкладаць палены ў гэтае вогнішча. Агледзеўшыся, ён заўважыў доўгія абцугі, якія, відаць, і служылі для гэтай мэты. На пэўнай адлегласці ад агню стаялі фатэлі і канапа з падушкамі, на падлогу былі кінутыя дываны і шкуры, у розных кутках пакоя месціліся вытанчаныя столікі, стол для лапідыс, стол з напоямі і мноства іншых прадметаў раскошы, разгледзець якія ў сяброў як след не атрымалася. 3 фатэля, што стаяў спінкай да дзвярэй, падняўся чалавек.
Рой ад здзіўлення не мог вымавіць ні слова. Гэта быў Геа. У суседнім глыбокім фатэлі, па звычцы ўладкаваўшыся з нагамі, сядзела Вераніка. Яна разглядала гасцей з дрэнна схаванай непрыязнасцю і моўчкі грызла яблык. Побач з ёй стаяў цэлы паднос з садавіной.
Геа зняў сваю тогу пустэльніка і пераапрануўся ў звычайную для ларбарэйцаў вопратку. Вось толькі бачыць яго ў такім абліччы і, тым больш, у доме Ундрыцаў было для сяброў нязвыкла.
Геа моўчкі ўсміхнуўся і, падштурхнуўшы гасцей наперад, пасадзіў іх на канапу.
Рой недаверліва азіраўся, не адважваючыся загаварыць. Яго бянтэжыла прысутнасць Веранікі. Ён мімаходзь паглядзеў у яе бок і адразу адвёў вочы. Эд, наадварот, адчуваў сябе камфортна. He чакаючы запрашэння, ён падышоў да фатэля дзяўчыны, узяў паднос у рукі і, не спяшаючыся, абраў сабе грушу. Ён ужо гатоў быў яе надкусіць, але своечасова заўважыў што іншых груш на падносе не было, а таму вырашыў для прыстойнасці прапанаваць яе Вераніцы.
— Э-э, можа, будзеш?
— He, дзякуй, — ветліва адмовілася тая, свідруючы яго позіркам.
— Як хочаш, — абыякава адазваўся Эд і сеў у суседні фатэль. — Добра тут у вас, — вынес ён свой вердыкт, энергічна перамолваючы грушу. Вераніка глядзела на яго, як на муху, што кружылася над абедам.
— Калі Геа нас паклікаў я, трэба прызнацца, яшчэ раздумваў ці варта ісці. Дамок ваш звонку, шчыра кажучы, выглядае не дужа прыветна. А цяпер вось — не шкадую, — зацікаўлена разглядаючы высокую столь, пад скляпеннямі якой знікаў агонь, паведаміў Эд.
Геа ледзь стрымліваў смех.
— Ты нават не ўяўляеш усю глыбіню нашай удзячнасці за ваш візіт, — адарыла яго красамоўным позіркам Вераніка.
— Што, сапраўды? — расплыўся ва ўсмешцы Эд.
— Словамі не перадаць, — запэўніла яго Вераніка.
Наблізіўшыся да агню, яна падклала некалькі паленаў. Рукі яе пры гэтым амаль цалкам схаваліся ў полымі. Яна ўзяла вугольчык і пачала хадзіць з ім па пакоі, запальваючы свечкі.
— Толькі вось горача ў вас. Крыху, — Эд нават расшпіліў высокі каўнер сваёй тунікі, назіраючы за павольнымі рухамі дзяўчыны. — Мяне, дарэчы, Эдыянам клічуць.
— Вераніка.
— А гэта мой сябар — Рой.
Рой не адразу зразумеў, што яму трэба неяк адрэагаваць, а таму кіўнуў, але са спазненнем. Вераніка паспела слізгануць позіркам па ягоным твары і адвярнуцца.
— А ён што, нямы? — пацікавілася яна, запальваючы свечкі на століку побач з Эдам. Ён уважліва сачыў, як яна гэта робіць.
— Э-э, не, не зусім. Ён... Рой, ты доўга збіраешся маўчаць?
— Я чакаю, калі ты, нарэшце, змоўкнеш.
— Вось бачыш, — красамоўна павёў вачыма Эд. — Ён — не нямы. На жаль. I да таго ж, ЗАР.
Дзяўчына са здзіўленнем павярнулася і ўжо даволі зацікаўлена паглядзела на Роя.
— Твае бацькі бездары?
Рой вырашыў, што ў яе пытанні больш здзеку, чым простай цікаўнасці.
— Выходзіць, што так. А што?
— Нічога. Проста запытала.
Рой прыжмурыўся. Яго імкліва пакідаў звычайны спакой, які так раздражняў Эдзі.
Вераніка хмыкнула і дэманстратыўна кінула вугольчык у келіх з віном, які стаяў на сервіравальным століку. Вугольчык нягучна зашыпеў і апусціўся на дно.
Эд вырашыў, што самы час уставіць слоўца-другое.
— Э-э-э... ён жа не зусім... Ведаеш, ЗАРы — яны накшталт нашых.
Вераніка ўжо шкадавала, што падтрымала размову.
— Я выдатна ведаю, хто такія ЗАРы, — стомлена адказала яна. — Ты — таксама ЗАР? — скасавурылася яна на Эдзі.
— Не-е-е... — ганарліва працягнуў ён. — Мая сям’я...
— Практыкуе блізкароднасныя шлюбы, каб цудоўны дар абсалютнага слыху выпадкова не пакінуў род Астравухаў, — адпомсціў яму Рой.
У гэты момант Эд быў гатовы пабіць Роя. Той гэта адчуў, але зрабіў выгляд, што не заўважае пакрыўджанага бурчання сябра і з дзіўна засяроджаным тварам прайшоў углыб пакоя да стала для лапідыс.
— Ён псіх, — прабурчаў Эд, прасачыўшы за Роем позіркам. — Але прызвычаіцца да ягоных выбрыкаў можна. Дарэчы, твой бацька і наш дырэктар ужо на падыходзе. Прасцей кажучы — у вітальні.
Вераніка здзіўлена азірнулася. Геа, ведаючы, што Эд не памыляецца, калі справа тычыцца слыху, падняўся сустракаць гаспадара. Неўзабаве сапраўды пачуліся таропкія крокі ў калідоры і ў гасцёўню ўвайшоў гаспадар дома. Разам з ім — Мергіёл. Абодва выглядалі стомленымі. Аляксандр Ундрыц, у адрозненне ад сваёй дачкі, цёпла павітаўся з гасцямі. Яны абняліся з Геа, як добрыя сябры, і Геа адразу пазнаёміў яго з Эдам.
— А гэта — Рой.
Сам жа Рой не бачыў і не чуў таго, што адбывалася ў гасцёўні. У гэты момант ён пільна разглядаў камень, які ляжаў у цэнтральнай лунцы. Нешта было ў ім прыцягальнае, незразумелае і жахлівае адначасова. Рою вельмі хацелася ўзяць яго ў рукі, але ён чамусьці не мог адважыцца, нібы баяўся, што камень можа абпаліць яго. Ён пацёр лоб рукой. Знаёмае адчуванне. I тут яго торкнула. Учора, калі яны назіралі за гульнёй у страўні, было тое самае. Так. Дакладна. Такое адчуванне, што камень прыцягвае яго. Ён прысеў наблізіўшы твар ледзь не да самай дошкі. Рой быў гатовы паклясціся, што ў лунцы ляжаў такі самы асобнік, як у таго хлопца са страўні. Як там яго звалі? Здаецца, Ліс.
Нібы адчуўшы ягоны стан, Ундрыц вызваліў Роя з-пад улады каменя, паклаўшы руку яму на плячо.
— Твой бацька ўжо дома, не хвалюйся, — супакоіў ён хлопца.
Рой кіўнуў, з высілкам адвёў позірк ад каменя і павярнуўся, сустрэўшыся вачамі з Ундрыцам. Той уважліва паглядзеў на Роя.
— Ты ведаеш, што гэта?
Ён у адказ толькі няпэўна паціснуў плячыма.
— He. Але ў мяне такое адчуванне, быццам я ўжо бачыў менавіта гэты камень, учора...
— Пачакай хвілінку, —спыніў яго саветнік.
— Спадзяюся, вам не давялося вельмі сумаваць? — пацікавіўся гаспадар дома, павярнуўшыся да гасцей і спрытна закінуўшы ў рот некалькі вінаградзін.
—He, наадварот, мы тут выдатна бавілі час, — схлусіла Вераніка. — He кожны дзень да нас завітваюць такія госці.
Нібы жадаючы дапячы Роя, яна спыніла на ім позірк, прымусіўшы пачырванець. Больш за ўсё яму хацелася сысці адсюль, але як гэта зрабіць? He пагаварыўшы з Геа? I навошта толькі ён зацягнуў іх сюды? Падобна, яны з гэтым Ундрыцам знаёмыя. Мергіёл — гэта зразумела. Яны абодва — гарадскія дарадцы. Але як да іх спрычыніўся Геа? I куды ён схаваў яйка якула? Гэтыя пытанні мільгалі адно за адным у ягонай галаве. Адказаў на іх не было.
— Вячэру зараз пададуць, а пакуль мы можам спакойна пагутарыць, — прапанаваў Ундрыц. Ён стомлена апусціўся ў фатэль. — Вераніка, дапамажы там з вячэрай.
Дзяўчына шматзначна чмыхнула, але падпарадкавалася і выйшла з пакоя. Ундрыц дачакаўся, пакуль яна схаваецца за дзвярыма, і дапытліва паглядзеў на Роя.
— Рой, я ўсё ведаю, — адразу, без прадмоваў перайшоў ён да тэмы, дзеля якой усе сабраліся.
Хлопец скіраваў трывожны погляд на Геа. Той падышоў да стала і паклаў яйка якула.
— Але чаму вы прынеслі яго... сюды? Па-мойму, лепш бы Геа пакінуў яго ў сябе, — занепакоіўся Рой.
— Рой, ты не ўсё ведаеш, — падняўшы руку, спыніў яго Ундрыц. Пасля ўзяў з дошкі камень і асцярожна паклаў побач.
— Вось як? Затое я ведаю, што чым больш народу пасвечана ў таямніцу, тым цяжэй яе захаваць. Пра што ты думаў, калі прынёс яйка сюды? — з непрыхаванай крыўдай Рой паглядзеў на пустэльніка.
Геа адказаў яму суровым позіркам.
— Супакойся! Май цярпенне выслухаць.
Ён выразна паглядзеў на стол. Але не на яйка якула, а на другі, маленькі, несамавіты каменьчык, які так прывабіў Роя некалькі хвілінаў таму.
— Ты і сам паспеў заўважыць, што ён адметны, я маю рацыю? — спытаў Ундрыц.
— Мне падалося... нават не, я цалкам упэўнены, што бачыў дакладна такі самы, — адмахнуўся Рой. Цікаўнасць да каменя, якая ўзнікла была хвілінай paHeft, прайшла, і цяпер ён пакутліва разважаў, навошта Геа спатрэбілася далучаць да гэтай справы гэтулькі народу.
— Калі? — падаўся яму насустрач Ундрыц.
— Учора, — Рой азірнуўся на Эдзі. — Памятаеш? У таго серпентайца быў такі самы асобнік, калі яны гулялі ў лапідыс?