Кніга здольных
Святлана Аўдзейчык
Выдавец: Галіяфы
Памер: 352с.
Мінск 2020
Кій тут жа апынуўся ў ягонай руцэ, і Мергіёл з палёгкай уздыхнуў.
— Ну што там у цябе за важная навіна? — дапытліва зірнуў ён на Роя.
— Я ўчора быў у каменяломнях, — выдыхнуў той.
— Ну і што? Там шмат хто быў учора, — паціснуў плячыма дырэктар. — Ці ты хочаш сказаць, што ведаеш нешта пра той няшчасны выпадак?
Рой кіўнуў.
—Я думаю, што ў мяне той самы камень, з-за якога ўсё... і здарылася. Якраз учора я набыў там некалькі камянёў, і адзін такі непрывабны на выгляд...
— Ды ўсе яны — абы-што, — перапыніў яго з набітым ротам Эдзі. — Варта было толькі грошы Map-
наваць на такое глупства, нічога асаблівага, — і Эд адразу ж адправіў у рот хрусткі хвост рыбы.
— Карацей кажучы, выявілася, што гэта не зусім камень, а якул, — нягучна вымавіў Рой.
Рыбін хвост на імгненне замёр у роце Эда, бо ў гэты момант ён паглядзеў на Мергіёла і ўразіўся таму эфекту, які зрабілі на дырэктара Роевы словы.
Рой жа перавёў позірк на Геа. Той таксама здаваўся ўсхваляваным, хоць гэта і здаралася з ім рэдка.
— Яйка якула, — сумняваючыся, ці правільна ён фармулюе, дадаў Рой.
Азірнуўшыся чамусьці на дзверы, Мергіёл зноў вярнуўся да агню.
— Але ты... упэўнены? Гэта значыць, я хацеў спытаць, ці ўпэўнены ты, што твой камень — гэта яйка якула?
Рой разважаў. Падзеі мінулай ночы здаваліся казачнымі і нерэальнымі. Стомленасць і недахоп сну таксама мелі месца. Дарма ён усе гэта задумаў. Калі Эд не здолее трымаць язык за зубамі, то да канца года можна лічыць сябе аб’ектам для насмешак усяе школы.
— Ды не ўпэўнены я ні ў чым, — Рой сумна азірнуўся і сцяўся, чакаючы прыняць на сваю галаву град жартаў, кпінаў і заўваг, але паколькі гэтага не адбылося, ён асмялеў. — Я, шчыра кажучы, нават і не думаў да ўчорашняга дня, што ўсе гэтыя гісторыі пра якулаў можна ўспрымаць сур’ёзна, — прызнаўся Рой. — Вядома, я чуў пра іх, але лічыў, як усе нармальныя людзі, што гэта проста выдумкі, міф, — шукаючы падтрымкі, ён азірнуўся на Эда. — Гэй! Ты ж таксама так думаў?
Эдзі нешта неразборліва мыкнуў у адказ.
— Так-так, вядома, — прысеў Мергіёл. — Вы маеце рацыю. Усе лічаць якулаў амаль што легендай. А ну, распавядзі, як усё было.
— Бацька яго распазнаў — паціснуў плячыма Рой.
—Так проста ўзяў і распазнаў? — недаверліва перапытаў дырэктар.
Ён ведаў што Роеў бацька выдатна разбіраецца ў камянях, але каб вось так, без ценю сумневу заявіць, што знайшлося яйка якула, — гэта здавалася неверагодным.
— He, не проста. Спачатку вырашыў што гэта хлам, але потым прыгледзеўся. Кажа — яйка, і нават жывое ўнутры.
— Я, вядома, прашу прабачэння, што перапыняю, але ці можа хто-небудзь патлумачыць мне, пра што ён гаворыць? — адолеўшы нарэшце сняданак, пацікавіўся Эд.
— Так, сябры мае. Я думаю, вам варта даведацца пра некаторыя рэчы, якія не ўваходзяць у школьную праграму, — задуменна вымавіў Мергіёл. — Ці ёсць у вас такое жаданне?
— He тое каб вельмі, — адкрыта прызнаўся Эд. У думках ён падрыхтаваўся ўжо выслухаць нудную лекцыю, але адразу ж змоўк, злавіўшы выразны пагляд Роя.
— Вось і выдатна, — уладкаваўся ямчэй і паклаў абедзве рукі на свой кій Мергіёл. — Пачнем з таго, што ўсе мы ведаем. Вы памятаеце, як узнік наш Ларбор?
— Ну, гэтага не забудзеш. Першыя два гады мы толькі і рабілі, што вучылі гісторыю, — буркліва
адазваўся Эд. — У той час як серпентайцы ўсё рыхтаваліся зрабіць з нас канфеці пры першай магчымасці.
— I, тым не менш, у цябе, здаецца, не самыя высокія пазнанні ў гэтай галіне. А пра адзнакі лепш увогуле не казаць, — нагадаў дырэктар.
— 3 ведамі ў мяне парадак, хіба што з красамоўствам ёсць прабел, але на сутнасць пытання гэта не ўплывае, — пакрыўдзіўся Эд.
— Ну дык нагадай нам, калі ласка, у чым гэтая сутнасць, — папрасіў Мергіёл.
Эд нетаропка выцер рукі першым, што трапілася на вочы. Па чыстай выпадковасці гэта быў шаль Мергіёла. Роя чамусьці не здзівіла, што дырэктар не звярнуў на гэта аніякай увагі — да таго засяроджаным здаваўся ягоны твар.
— А сутнасць у тым, што жылі сабе спакойна людзі ў норах, накшталт гэтай, — Эд выразна абвёў вачыма жыллё Геа. — Але аднойчы з’явіўся ў іх жыцці Дэркус. Выгляд яго быў вельмі значны, хоць мы і не ведаем, які менавіта, але тое, што феерычны, фантастычны...
— Досыць пра выгляд, — лёгенька крануў яго за плячо кіем дырэктар. — Мы ўсе атаясамліваем Дэркуса з птушкай, таму і брама нашай школы мае гэтую эмблему.
— Э-э-э... вядома. Дзякуй, пане дырэктар. Толькі смею нагадаць, — аніколькі не збянтэжыўся ад каментароў Мергіёла Эдзі, — што так думаем толькі мы. Нашы паважаныя э-э-э... калегі з Серпенты зусім памылкова лічаць, быццам бы Дэркус — гэта вялікі
мудры змей, а таму і абралі сабе адпаведную эмблему і назву.
— Мы ўяўляем Дэркуса як увасабленне найлепшых, як нам здаецца, якасцяў а таму ў нас гэта арол — узор велічы, цярпення, высакароднасці і адвагі, — спакойна зазначыў Мергіёл. — У Серпенце маюць права бачыць Дэркуса па-іншаму — у выглядзе, як ты слушна заўважыў мудрага змея. Ніхто не ведае, як выглядае Дэркус, а выяваў яго, на жаль, не захавалася.
— Так. Я гэта і хацеў сказаць, што яны, увогуле, памыляюцца...
— Эдыян! — ужо больш чым строга перапыніў яго дырэктар. — Бліжэй да тэмы.
Эд дэманстратыўна закаціў вочы, але нагадала пра сябе школьная муштра, і ён без запінкі працягнуў распавядаць з таго месца, дзе неспадзявана адхіліўся.
— ...Шчыра кажучы, не ведаю, чым яму дагадзілі нашыя продкі, а можа, проста так — па дабрыні душэўнай, Дэркус узяў іх пад сваю апеку і падарыў ім усім па дзіэне. Усім без выключэння. А за гэта папрасіў усяго толькі берагчы тры маленькія дрэўцы, тры тэроны, якія ён пасадзіў, так бы мовіць, у арэале іх пражывання. Нашыя продкі страшэнна ўзрадаваліся падарункам. Адразу ж выкапалі сабе новыя, выдатныя пячоры, завялі кароў і коз, пасадзілі розныя зярняткі і карэньчыкі і, увогуле, сталі жыць добра. I так у іх усё пайшло на лад, што яны паабяцалі Дэркусу берагчы і песціць тэроны, апошняй слязінкай паліваць і ніводнай галінкі на дровы не браць.
— Пакуль усё слушна, — усміхнуўся дырэктар. — I хоць стыль твайго аповеду вельмі вольны, але даволі забаўны. I што ж было далей?
Эдзі ўхмыльнуўся, падміргнуў Рою і з натхненнем працягваў далей:
— I выраслі дрэвы дужа вялікія, такія, што проста незразумела, як пень аднаго з іх мы да гэтага часу знайсці не можам. У мяне, дарэчы, пане дырэктар, пытанне па тэме, — зноў адхіліўся ад апавядання Эд.
— Ну, калі па тэме, то давай, — добразычліва дазволіў Мергіёл.
— А што, калі вы зменіце мне адзнаку па гісторыі Ларбора ў атэстаце за першы год? Нібыта я пераздаў іспыт?
— Гэтае пытанне не зусім па тэме. Але я гатовы яго абмеркаваць з табой пры іншых абставінах, — паабяцаў дырэктар. — Калі ўбачу, што твае веды па гісторыі Ларбора гэтым высіупам не абмяжоўваюцца.
— Так, — пацёр лоб Эд, узгадваючы, дзе ён спыніўся. — Значыць, дрэвы раслі, а разам з імі рос і квітнеў Ларбор — дзяржава, у якой усё было проста выдатна. Усе грамадзяне там былі дзіэндары і дзіэнды. Яны ўмелі шмат чаго, ва ўсім разбіраліся, слухаліся Дэркуса, які, вядома, дрэннага не параіць. А тое, што яны ведалі ў тыя часы, і чаго панабудавалі, і чаго панапісалі, нам ніколі не паўтарыць, таму што раптам з імі здарыўся няшчасны выпадак — яны амаль усе вымерлі.
— Можа, хопіць блазнаваць? — паспрабаваў угаварыць Эда Рой, бачачы, што той панёсся.
— He, чаму ж, працягвай, Астравух, — ласкава прапанаваў Мергіёл, якому такая трактоўка ўсім вядомай легенды прыносіла задавальненне. — Так ужо раптам усе і змерлі?
— He, ну што вы, — красамоўна паглядзеў на сябра Эд. — Некалькі стагоддзяў яны папакутавалі, назіраючы, як у руках няздольных іх каштоўны Ларбор прыходзіць у заняпад. А ўсё таму, што нашыя паважаныя продкі сталі падступнымі здраднікамі.
— Ты... гэта... лягчэй, — Рой пачынаў ужо нервавацца, як бы Мергіёл сапраўды не выправіў Эду адзнаку на болып адпаведную ягонаму паведамленню.
— He ўсе, магчыма, былі такія, спрачацца не буду, але большасць, — падкрэсліў Эдзі, — была менавіта такой, як я сказаў. Дэркус не патрабаваў ад іх шмат чаго — усяго толькі захоўваць тэроны. А ларбарэйцы, як вядома, Дэркуса не паслухаліся, здрадзілі, так і ў наймудрэйшай кнізе Спадчыне гаворыцца, і тэроны не збераглі. А ўсё чаму? Ды таму, што ўсім нам вядомы персанаж, не будзем вымаўляць яго праклятае імя, падказаў, што смала тэрона — выдатная і карысная штука. I ад зубнога болю дапамагчы можа, і ад галаўнога, і на каралі цётачкам спатрэбіцца, і прадаць замежнікам можна, зноў жа — карысць. А пры ўмове, што дрэвы такія велізарныя выраслі, — увогуле нічога благога не здарыцца. I так нашыя слаўныя продкі захапіліся даследаваннем цудоўных уласцівасцяў тэронаў, што не заўважылі, як Дэркус кудысьці знік. Але галава ў іх з гэтай нагоды не балела — бо ім ад галаўнога болю выдатна дапамагала смала
тэронаў... — Эд раптам змоўк і старанна нахмурыў лоб, каб схаваць хваляванне, якое ахапіла яго.
Рой ведаў, што Эд, нягледзячы на сваю паказную легкадумнасць, свята шанаваў усё, што тычылася Дэркуса.
Усё тое, што для многіх было проста казкай, для яго было прадметам пакутлівых перажыванняў і спадзяванняў, і, не жадаючы рабіць свае пачуцці тэмай насмешак, ён хаваў іх пад маскай блазна. Зразумеў гэта і Мергіёл і асцярожна кашлянуў, не ведаючы, як згладзіць напружаную паўзу.
— Малайчына, Эдзі. Ты ўжо прабач, але я таксама хачу паказаць сябе перад дырэктарам, — сам сабе дзівячыся, сказаў Рой і перахапіў аповед. — Далей гісторыя кажа, што Дэркус вярнуўся. У Ларборы ў гэты час ішла вайна. Продаж смалы тэронаў, якую назвалі міраітам, прывёў да таго, што ў Ларбор уварваліся захопнікі, якія пажадалі прыўласціць усё сабе. Нашыя продкі не змаглі абараніцца. Чужынцы практычна знішчылі святыя дрэвы. Але Дэркус пакараў людзей яшчэ мацней. Ён спапяліў рэшткі тэронаў, а першага чалавека, які падняў руку на дрэвы, ператварыў у пронга. Ягоны праклён крануў усіх нас — мы ператвараемся ў пронгаў, калі трацім падоранае нам Дэркусам не па прызначэнні. Нашыя дзіэны — ягоны дарунак. Мы ператвараемся ў пронгаў, калі свае здольнасці выкарыстоўваем не на карысць саслоўя, — сказаў на заканчэнне Рой. Ён развёў рукамі. — I большасць з нас асуджана на такі лёс, таму што не ўсім шанцуе разабрацца часам, што да чаго.