• Газеты, часопісы і г.д.
  • Кніга здольных  Святлана Аўдзейчык

    Кніга здольных

    Святлана Аўдзейчык

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 352с.
    Мінск 2020
    80.39 МБ
    Вераніка сцяла губу, пасля чаго ўскінула падбародак, паднялася, склала на грудзях рукі і скіравала позірк у бок дзвярэй.
    — А табе... не пара выпадкова?
    Рой таксама склаў рукі на грудзях.
    — А я не прасіў цябе забаўляць мяне размовамі. Я чакаю дарадцу Ундрыца.
    Цяпер ужо ён апусціўся ў адзін з фатэляў. Сэрца яго пры гэтым так барабаніла, што яму здавалася, зараз пасыпецца тынкоўка, і, намагаючыся заглушыць гэты грукат, ён пачаў выстукваць костачкамі пальцаў па падлакотніках.
    Вераніка хацела паслаць яму ў адказ што-небудзь абразлівае. Пажадана вельмі з’едлівае і ўмерана балючае, але проста не магла прыдумаць нічога прыдатнага. Абурэнне, выкліканае паводзінамі гэтага выскачкі, — ды яшчэ дзе? у яе ўласным доме, — на кароткі час абяззброіла яе. А таму яна проста пагардліва хмыкнула.
    — Зручна ўладкаваўся? — яна панура глядзела на яго зверху ўніз.
    Рой адкінуўся на спінку фатэля.
    — Цалкам. Каву ці гарбату ў гэтым доме не прапануюць?
    Вераніка бліснула вачыма на паднос з сервізам і з высілкам стрымала ў сабе жаданне выліць змесціва імбрыка проста Рою на галаву.
    — Чаму ж? Толькі Карл, як бачыш, сышоў.
    Рой падняўся і сам наліў сабе гарбаты.
    — Ты не ўмееш разліваць гарбату?
    — Ты і сам выдатна справіўся!
    — Зрэшты, табе няма чаго так хвалявацца, я ж не сказаў, што маю на ўвазе цябе. Спадзяюся, у цябе з рэверсам лады. Усе ведаюць, што ты Саламандра, а не якая-небудзь бездарка. Дарэчы, абы-каго старастамі не прызначаюць.
    Вераніка задыхнулася ад абурэння: ды што ён сабе дазваляе!
    — А мяне зусім не цікавіць, каго ты меў на ўвазе.
    — Паўтараю: не цябе. А ўвогуле, калі ёсць праблемы, магу дамовіцца — прыйдзеш і возьмеш некалькі ўрокаў у нашага фанатыка.
    Вераніка ўспыхнула.
    — Ты ж не думаеш, што ў мяне хопіць цярпення і далей выслухоўваць твае абразы?
    — Што ты! Я да абразаў і блізка не падышоў.
    Вераніка набрала паветра.
    — А зрэшты, што з цябе ўзяць? У Аквіле вучацца адны дзікуны, да сённяшняга моманту я не вельмі і верыла. Аказваецца — дарма.
    Рой сербануў гарбаты.
    — I твой бацька таксама там вучыўся, напэўна, ты ведаеш?
    — Можа таму ён мяне і аддаў у Серпенту! Я ведаю, чаму вас там вучаць — паводзіць сябе нахабна, пагардліва і гарлапаніць паўсюль пра сваю выключнасць.
    — Я б сказаў, вельмі падобна да апісання серпентайцаў, — сур’ёзна зазначыў Рой. — А яшчэ, відаць, ты нічога пра нас не ведаеш.
    — I не маю такой патрэбы, калі што. Ніхто з нашых не стане ганарыцца знаёмствам са... сцярвятнікамі.
    Рой збялеў. Ён выдатна ведаў, якімі мянушкамі адорвалі іх серпентайцы.
    — Лягчэй, добра? Вашая Серпента ў параўнанні з Аквілай — проста змрочны, халодны склеп. I гэта я яшчэ шкадаваў твае... э-э-э, патрыятычныя пачуцці. У нас звычайна кажуць — змрочны, халодны гадзючнік. Сама разумееш, хто можа вучыцца ў гадзючніку.
    Вераніка прыжмурылася.
    — Між іншым, змяя — сімвал мудрасці!
    — А яшчэ яна — смяротна ядавіты паўзун з усімі адпаведнымі якасцямі, якімі вы так ганарыцеся і якія так старанна ў сабе выхоўваеце, — ён з грукатам, значна меншым, чым хацеў бы, але цалкам дарэчным, апусціў пусты кубак на стол.
    У гэты момант ён заўважыў на стале яе саламандру. Але больш, чым само колца, яго ўвагу прывабіла інкрустацыя, якая ўпрыгожвала «брушка» саламандры. Ён нават выказаў здагадку, што гэта выраб Данатавай рукі, — бацька Роя рэдка рабіў так званых «цмокаў».
    — He чапай!
    Позна. Рой узяў колца і паднёс да вачэй.
    — А ну аддай!
    Вераніка зрабіла крок насустрач, але Рой вокамгненна адскочыў і засцерагальна выцягнуў наперад руку.
    — Дык, значыць, гэта — ваш сімвал мудрасці?
    — Гэта саламандра, — скрозь зубы прамовіла Вераніка. — Сімвал майго дару.
    — О, так, — падняў брыво Рой, — я шмат чуў пра твае здольнасці.
    — Шкада, што я нічагусенькі не чула пра твае!
    —Дык што? Ты напраўду яшчэ не асвоіла рэверс? — прапусціўшы яе рэпліку між вушэй, пацікавіўся Рой.
    — Бездарам няма чаго хвалявацца пра гэта, — не на жарт раззлаваўшыся, прамовіла Вераніка. — Аддай зараз жа!
    Замест гэтага Рой ухмыльнуўся і адступіў назад.
    — Скажы «рэверс»!
    Вераніка раздражнялася ўсё болын.
    — Вярні! Мне не да жартаў.
    — Ці не асвоіла?
    — He твая справа!
    Усё гэтак жа ўсміхаючыся, Рой пачаў круціць колца на пальцы.
    — Хутчэй! Я чакаю!
    Яна працягнула руку, але Рой толькі здзіўлена выгнуў бровы і адсіупіў яшчэ на крок назад. Вочы ў Веранікі запалалі. Яна выкінула левую руку, маючы намер схапіць колца, але парэзацца не паспела: Рой перахапіў яе руку ў прыдалонні і моцна сціснуў.
    У гэты час дзверы адчыніліся, і Карл прапусціў у пакой вычварна апранутага рослага хлопца. На ім былі вузкія штаны, запраўленыя ў высокія белыя боты, і кашуля з футравай камізэлькай. Уся вопратка была насычанага аранжавага колеру, толькі капялюш, пальчаткі і боты — белыя.
    Рой не змог утрымацца, каб не хмыкнуць з нагоды такога недарэчнага выгляду госця, але Вераніку адпусціў.
    — Карл! Дзе тата? — не спяшаючыся павітацца з Адамам — а гэта быў Адам Ліс — незадаволена пацікавілася Вераніка.
    — Верагодна, затрымліваецца, — патлумачыў Карл.
    — Як толькі прыйдзе, скажы, што яго чакае той ЗАР з Аквілы, ён ведае, хто гэта.
    Яна бліснула на Роя раззлаванымі вачыма і рушыла насустрач Лісу.
    — Абавязкова, — Карл схаваўся, бясшумна прыкрыўшы за сабой дзверы.
    — Пазнаёмцеся, -— паспрабавала прытрымлівацца цырымоніі Вераніка. — Гэта...
    — He трэба, — спыніў яе Ліс. — Мы знаёмыя, — ён скрывіў грэблівую грымасу. — Што ты тут робіш, Кромень? Нешта ты стаў мне часта трапляцца. Ох, не давядзе гэта да дабра.
    — Ён прыйшоў да бацькі.
    — Вось як? — не зводзячы з Роя пагардлівых вачэй, спытаў Адам. — А што ў яго за справы могуць быць з тваім бацькам?
    — Забыўся даць табе справаздачу, — сашчапіўшы рукі на грудзях, у тон яму адказаў Рой.
    —Я і так здагадваюся. Табе, напэўна, трэба дазвол, каб патрапіць у архіў? Чуў, там захоўваюцца радаводы на ўсе сем’і здольных, хочаш пашукаць свой род перад Інвентумам? Павінен цябе расчараваць. Пра бездараў там нічога няма.
    — Шкада. А я б мог пашукаць там і твой радавод заадно. Дык, кажаш, яго там не будзе?
    Самазадаволеная ўсмешка спаўзла з твару Адама. Ён змераў Роя позіркам з галавы да ног і затрымаўся на колцы, якое той усё яшчэ трымаў у руцэ.
    — Ты, я бачу, змайстраваў рэверсіўны снарад? Цікава. А зрэшты... Марыць не шкодна.
    — Гэта мой, — дэманстратыўна кашлянула Вераніка і распачала новую спробу вярнуць сваю саламандру. — Ён проста ўзяў яго... паглядзець, — зрабіўшы націск на апошнім слове, яна пераканаўча паглядзела на Роя, але той не адрэагаваў.
    — О! Дык ты цікавішся баявым майстэрсгвам здольных, Кромень? — са здзекам у голасе запытаўся Ліс. — Пахвальна. Але лепш аддай яго мне, a то яшчэ парэжашся, клопатаў з табой не абярэшся. Наўрад ці табе даводзілася трымаць у руках нешта вастрэйшае за відэлец.
    Рой грэбліва паморшчыўся.
    — Я нават магу табе наглядна прадэманстраваць, як відэльцам можна зашыпаваць. Пры магчымасці.
    — У цябе такой магчымасці не будзе, — ляніва прамовіў Ліс. — Дык усё ж такі ты ЗАР ці ў цябе ёсць дзіэн?
    — Скажу ўзамен на твой, — усміхнуўся Рой.
    Ліс пагардліва скрывіўся.
    — Падазраю, што калі і ёсць, то нічога асаблівага. Нешта накшталт асаблівага слыху, як у твайго вушастага сябрука. Mary нават выказаць здагадку, што гэта будзе і не дзіэн зусім. У такім узросце дзіэны не праяўляюцца. Затое часцяком выяўляюцца бездарысамазванцы, якія ўпарта трэніраваліся ўсе гэтыя гады.
    Рой паціснуў плячыма.
    — Ніколі пра такое не чуў. Дзелішся асабістым досведам?
    Ліс прапусціў між вушэй апошнюю фразу і пераключыўся на Вераніку.
    — Выдатна выглядаеш! Мы будзем самай прыгожай парай на ўсім маскарадзе, вось пабачыш! — паабяцаў ёй Ліс.
    — А можа, лепш гэта? — Вераніка на ўсялякі выпадак паказала свайму кавалеру і гранатавую сукенку.
    Той толькі паморшчыўся.
    — Да майго строю лепш пасуе зялёнае.
    Рой адвярнуўся і пачаў разглядаць кальцо, якое ён усё яшчэ трымаў у руцэ. Гравіроўка, што ўпрыгожвала колца, была аздоблена залатой інкрустацыяй і нагадвала нейкі неверагодны арнамент. Некалькі секунд ён без сэнсу разглядаў яго, пакуль кароткая ўспышка, як маланка, не працяла мозг. Карціна, якая ўзнікла ў памяці, выхапіла момант, калі Рой быў у бібліятэцы і размаўляў з Людвігам. Рой страсянуў галавой, імкнучыся вярнуць успамін, які знік гэтак жа нечакана, як і з’явіўся. Ён зноў засяродзіўся на арнаменце, імкнучыся зразумець, што ў ім такога асаблівага, і чым больш
    ён глядзеў тым мацнейшым было пачуццё страты рэальнасці. Малюнак раптам пачаў напаўняцца глыбінёй у ягоных вачах, запаўняючы сабой усю прастору пакоя, засланяючы прадметы і зацягваючы яго ў нейкі вір. Ён хацеў адвесці позірк, але не змог і раптам адчуў, як ляціць скрозь нетры Карнігарда. Hi злева, ні справа ён не бачыў нічога, акрамя суцэльных перапляценняў трыгасу, якія станавіліся ўсё шчыльней, закручваліся, гучалі шматгалоссем, спляталіся ў вузельчыкі вязі, але не маглі затрымаць ягоны палёт.
    — Рой!!!
    Назад ён вярнуўся нашмат хутчэй, нібы вынырнуў з возера.
    — Мы адно племя, — ашаломлена прамовіў ён аднымі вуснамі, але тут жа схамянуўся, злавіўшы на сабе пільны позірк Веранікі. Аднак было позна.
    — Што ты сказаў? — здзіўлена перапытала яна.
    Рой пастараўся надаць свайму твару ранейшы абыякавы выраз.
    — Нічога.
    — Ты толькі што сказаў, — са здзіўленнем узіраючыся ў ягоны твар, настойвала Вераніка.
    Рой уваткнуў колца ў стол і, кіўнуўшы Вераніцы, накіраваўся да выхаду.
    — Табе здалося.
    Вераніка толькі паціснула плячыма.
    — Пакуль, ЗАР. Я скажу бацьку, што ты яго не дачакаўся.
    Рой спыніўся, павярнуўся і паглядзеў на яе.
    — Ты, здаецца, хацела пачуць маё меркаванне.
    Вераніка глядзела на яго запытальна.
    Рой марудзіў. Яму вельмі хацелася сказаць, што ён думае насамрэч.
    — Выдатна выглядаеш. Асабліва побач з ім, — ён змераў аранжавы касцюм Ліса грэблівым позіркам. — Проста як яечня з цыбуляй.
    Рой не пачуў, што, ацаніўшы камплімент, гукнуў Ліс. Ён завярнуўся і хутка пабег па калідоры.
    ^АСКАРАД
    Нельга сказаць, што Крац быў асабліва папулярны ў школе, але магчымасць пабываць на сапраўдным балі, асабліва калі гэта баль-маскарад, ніхто не хацеў прапускаць. Роўна ў прызначаны час да дома Крацаў пачалі з’язджацца госці.