Кніга здольных  Святлана Аўдзейчык

Кніга здольных

Святлана Аўдзейчык
Выдавец: Галіяфы
Памер: 352с.
Мінск 2020
80.39 МБ
Вераніка спрытна ператварыла пасавую спражку ў серп і правяла пальцам па арнаменце.
— Бачыш гэта?
Аляксандр Ундрыц са здзіўленнем зірнуў на колца.
— Ну... бачу. Я яго сам для цябе замовіў...
— Гэта зразумела, — Вераніка хітра глянула на яго. — А што тут напісана, ведаеш?
— Ты здзекуешся? — паблажліва ўсміхнуўся Ундрыц. — Гэта ветус. Я табе ўжо тлумачыў што замовіў твой снарад паводле малюнка, які адшукаў у Спадчыне. Ён быў у той частцы, што на ветусе, я яго проста скапіяваў і аднёс збройнікам. Я нават не ўпэўнены, што яны здолелі паўтарыць арнамент рыхт у рыхт, занадта ювелірная работа, нават для іх.
— У іх атрымалася, — разглядаючы ў святле свечак зіхоткія завіткі арнаменту, нягучна прамовіла Вераніка.
Бацька паціснуў плячыма.
— Магчыма, я не правяраў. I, дарэчы, чаму яно з табой?
Вераніка паружавела. Яна яшчэ не асвоіла рэверс. Бацька ведаў пра гэта.
— Мне трэба было табе паказаць гэты надпіс. Тэрмінова. А дома цябе заспець можна хіба што ў кампаніі тваіх сяброў з жудасна сакрэтнымі фізіяноміямі. Такое адчуванне, што вы задумваеце змову, раз абстаўляеце ўсё такімі цырымоніямі!
Ундрыц адчуў сябе вінавата. Ён нязграбна прыгарнуў да сябе дачку.
— Ну, прабач. Што я магу сказаць. Складаны час. Шмат працы. Спадзяюся, хутка ўсё зменіцца.
— Можаш не сумнявацца, — буркнула Вераніка. — Усё ўжо змянілася.
— Што ты маеш на ўвазе?
Вераніка перасмыкнула плячыма.
— Як думаеш, ветус рэальна калі-небудзь перакласці?
— Ты і сама ведаеш, што гэта малаверагодна, — уздыхнуў Аляксандр.—Чалавеку, які бачыць надпіс на старажытнай мове ўпершыню, не пад сілу паверыць, што ў гэтых хітраспляценнях ліній хаваецца нейкі тэксг. Ветус занадта складаны, незвычайны, загадкавы. У ім няма звыклай для нас моваўтваральнай сістэмы, а на пісьме ён занатаваны дзіўнымі арнаментамі. Над расшыфроўкай ветуса працавалі выбітныя розумы нашага саслоўя з розных пакаленняў, але ніхто пакуль не здолеў прасунуцца ўперад.
Вераніка адхінулася.
— Дзіўна было б, калі б у іх атрымалася, — зазначыла яна. — Вось ты, напрыклад, маеш нішто сабе розум, але табе не пад сілу, скажам, пераўвасабленне або здольнасць да рэгенерацыі.
— Хвала Дэркусу. I што ты хочаш гэтым сказаць?
— Усё ж і так ясна! Разуменне ветуса — гэта дзіэн, гэтай здольнасцю не трэба авалодваць, яна даецца чалавеку з нараджэння.
— Так-так, вядома, я рады, што ты не прагульвала лекцыі па дзіэназнаўстве, — заківаў бацька. — Адно толькі ты не ўлічыла: дзіэны мы ўспадкоўваем ад нашых бацькоў а тыя, хто гаварылі на ветусе, зніклі шмат стагоддзяў таму. Толькі вось з чаго раптам такая зацікаўленасць? А?
Вераніка разважала. Бацька мае поўнае права не верыць ёй, яна і сама сумнявалася ў тым, што хацела сказаць.
— Гэты твой, нават не ведаю, як яго назваць, знаёмы з Аквілы, адразу зразумеў, што гэта такое. Я пра надпіс, — сказала яна. — Мне здалося, што ён не проста зразумеў, што гэта ветус. Ён прачытаў надпіс.
Бацька, які дагэтуль слухаў яе сур’ёзна, засмяяўся. Усё, як яна і меркавала.
— Гэта немагчыма.
Вераніка ўпарта тупнула.
Ундрыц паспрабаваў супакоіцца.
— Ну, добра-добра. I што ж тут напісана?
Вераніка замкнула колца ў спражку.
— Мы адно племя.
— О! Няўжо? — Аляксандр з высілкам стрымаў чарговы смяшок. — Даволі складаная фраза. I, галоўнае, вельмі дарэчная!
Вераніцы стала крыўдна, як бывае толькі ў дзяцінстве, калі ты кажаш праўду, а адзіны чалавек, які проста абавязаны табе паверыць, — не верыць.
— Дзіэны не заўсёды ўспадкоўваюць ад бацькоў — распачала яна апошнюю спробу. — У таго ж Роя бацькі — бездары. Напэўна, у ягоным родзе былі адораныя, раз ён ЗАР, і такіх, як ён, — багата. Нават у нас, у Серпенце, ёсць парачка вучняў чые бацькі бездары. Хутчэй за ўсё, у Роя гэты дар. Я пра ветус. I ён яго атрымаў нейкім выпадковым... чынам.
Ундрыц уздыхнуў.
— Выпадковым, кажаш? Вераніка, гэтыя рэчы пакуль не для твайго разумення. Я табе раю больш не забіваць галаву глупствам. Выпадкова ветус не прачытаць нікому. Я перакананы ў гэтым.
Вераніка насупілася і адвярнулася.
— Але калі табе так карціць, я спытаю ў хлапчука наконт ягонай здольнасці, — прамовіў бацька. — Дарэчы, мне прыемна было пачуць, што ты адносіш мяне да выбітных розумаў. Сам не разумею, чым я заслужыў такі гонар.
Вераніка задаволена ўсміхнулася.
— Бо Карл прагаварыўся, — па-змоўніцку паведаміла яна. — Я думала, ты так і не здагадаешся, што мне падарыць на Дзень народзінаў але мы з Карлам рассакрэцілі тваю схованку. Цяпер я канчаткова пераканалася, што Дэркус не пакрыўдзіў цябе розумам.
Ундрыц збянтэжана пачухаў падбароддзе.
— Вось дык навіна. I што мне цяпер загадаеш рабіць? Вераніка паціснула плячыма.
— Лепш хаваць трэба.
У гэты час якраз загучала павольная лірычная мелодыя.
— Дазвольце? — падышоў да Веранікі непазнавальны ў шчыльнай масцы кот. Бацька кіўком галавы адправіў яе танчыць.
Вераніка ўздыхнула, аддала бацьку марозіва і паслухмяна рушыла ў бок пар, якія кружылі па залі.
Ундрыц, усё яшчэ пасмейваючыся сам сабе, прасачыў за ёй, а потым пачаў разглядаць гасцей. Мергіёл у касцюме Мергіёла танчыў са сваёй дачкой.
Сам імяніннік-паляўнічы вытанцоўваў з рослай феяй, якая відавочна была старэйшая за яго.
Зайцамі, якіх гіпнатызавала Міліца, аказаліся Юна і Хвост. Ліс у касцюме Ліса. «Вось дурань», — паду-
маў Ундрыц. Усё не тое, не тое, вампір, поскудзь нейкая... Стоп! Вампір таксама яго заўважыў і разглядаў з усё большай цікаўнасцю.
Ундрыц не спяшаючыся даеў марозіва і рушыў насустрач Электусу.
— Маё шанаванне, ваша светласць, — ацаніўшы касцюм Смерці, першым павітаўся Меер.
— Пакіньце, хай іншыя мяне шануюць, — падхапіў ягоны тон Ундрыц. -— Для вас, несмяротных, гэта не мае сэнсу.
— 3 мяне шапка не зваліцца, — яхідна прамовіў Меер. — Ушануеш ворага — здабудзеш сябра. Чулі?
Ундрыца перасмыкнула. Яны ніколі не былі сябрамі, а пасля вечара ў ягоным доме, куды Меер уварваўся без запрашэння, ні пра якую дружбу і гаворкі быць не магло.
— Я іншае чуў. Павучыцца ў ворага — не грэх, — сказаў ён. — А ў вас ёсць чаму павучыцца, Меер.
—Дзякую. Але не магу зразумець, чым я заслужыў такую высокую ацэнку маіх сціплых здольнасцяў.
Ён адпіў глыток з келіха, які трымаў у руцэ. Выраз прастадушнасці на сваім твары ён паказаў дасканала. Ундрыц дапытліва зірнуў у яго непранікальныя чорныя вочы.
— Вы, Меер, слушна разважылі, прыняўшы ў склад Оптымума пронга, — расстаўляючы паўзы, прамовіў ён. — Ваша папулярнасць, якая была пахіснулася пасля ператрусаў хутка зноў павысіцца за кошт новай катэгорыі нашых грамадзян. Ды яшчэ якіх! Пронгі
бясстрашныя, непатрабавальныя, а калі знайсці, чым іх можна заняволіць, дык яны цалкам падпарадкуюцца вам, ці не так, паважаны Элекіус? А заняволіць іх можна нават абяцаннем. Чымсьці такім, што нібыта дапаможа ім вярнуць ранейшае аблічча.
Меер жаласна падняў бровы і манерна ўздыхнуў, а потым і засмяяўся непрыемным, паблажлівым смехам.
— Вы так мяне павесялілі, Ундрыц! — тэатральна выціраючы набеглыя ад смеху слёзы, паведаміў ён. — Гэта ж дадумацца! — тут Меер закаціў вочы ўгору. — He, я, бясспрэчна, люблю хатніх жывёл, але не да такой жа ступені! Каб я, Электус, апусціўся да таго, каб вадзіцца з такімі нікчэмнымі істотамі, як пронгі! Ці ў сваім вы розуме? — і ён зноў засмяяўся, ківаючы галавой і паказваючы тым самым, што адмаўляе ўсе абсурдныя здагадкі Ундрыца.
— Рады бачыць вас у такім выдатным настроі. Шкада, што ў нашую апошнюю сустрэчу ў маім доме вам не хапала жыццярадаснасці.
— Ах, вы пра гэта! — махнуў рукой Меер. — Забудзьцеся. Я нават рады, што камень трапіў да вас. Так, так! — кіўнуў ён. — Я выдатна ведаю, што Чорная сляза цяпер у вас — бо сляды абарваліся ў вашым доме. Зрэшты, так пакуль лепш. Толькі чалавек з вашым дарам, Ундрыц, зможа зберагчы Чорную слязу да адпаведнага моманту.
— Адпаведнага моманту? — перапытаў Ундрыц.
— Таго моманту, калі вы самі аддасцё камень мне!
— 3 чаго б мне прыйшла ў галаву такая недарэчная думка? — змяніўшыся ў голасе, прамовіў Аляксандр. Ён не быў гатовы да гэткай шчырай размовы. I тое, што Электус стаў гуляць у адкрытую, напалохала і азадачыла яго. — Камень — не ваш.
— А вы думаеце, што ён ваш? — злавесна прашыпеў Меер. — Рэліквія такога ўзроўню, як Чорная сляза, павінна захоўвацца ў надзейным месцы. I мне, як кіраўніку Оптымума, гэта зразумела. У нашых шэрагах з’явіцца вакантнае месца, як толькі я агучу, што камень утойваўся адным з дарадцаў.
— Вы гатовы паведаміць усім гэтую інфармацыю? — са штучнай абыякавасцю запытаўся Ундрыц. — Я меркаваў, што вашая мэта — займець Чорную слязу і аднаасобна валодаць ёю, а не пакласці яе пад шкляны каўпак у музеі для ўсеагульнага сузірання.
Меер нявесела ўсміхнуўся.
— Можна падумаць, у вас іншая мэта. Кожны, каго ні спытай, марыць стаць гаспадаром Чорнай слязы. Магчыма, яна і ёсць Сакрум. Але Сакрум, як вядома, дастанецца толькі выбранніку Дэркуса.
Ундрыц расслаблена выдыхнуў. Звычайная зайздрасць і карыслівасць кіравалі Меерам. Але цяпер, калі б Чорная сляза патрапіла ў ягоныя рукі, ён проста не даў бы ёй рады. Усведамленне ўласнага бяссілля нервавала яго.
Ундрыц глядзеў на Электуса з непрыхаванай пагардай.
— I вы разумееце, што гэты шчасліўчык — не вы.
Мееру было ўсё цяжэй захоўваць грымасу перавагі на сваім твары.
— Гэтак жа, як і вы разумееце гэта ў вашым выпадку.
Ундрыц абыякава паціснуў плячыма.
—Але ўсведамленне гэтага не прычыняе мне столькі пакуты, як вам. Вы марыце завалодаць Чорным міраітам, але калі я і аддам вам камень зараз — выкарыстаць яго вы не здолееце. Пры ўсіх вашых вартасцях, вы не ведаеце ветуса, як, зрэшты, і ніхто з ларбарэйцаў. А без гэтага вы не здолееце расшыфраваць прадказанне, якое тычыцца Сакрума!
Меер выслухаў яго, сцяўшы зубы.
— А вы небяспечны праціўнік, Ундрыц. Аднак, калі надыдзе мой час, нават вы мне не перашкодзіце...
Ундрыц не даў яму дагаварыць.
— Памыляецеся, Меер. Ваш час мінуў. Ды і ў чым я магу вам перашкодзіць? He варта надаваць Сакруму тыя ролі, якія яму не належаць. Многія лічаць, што Сакрум паўстане перад намі ў выглядзе чароўнай палачкі-ратавалачкі, здольнай выконваць любыя, нават самыя агідныя жаданні свайго ўладара. Няўжо вы, Меер, з ліку гэтых многіх? Дэркус загадзя засцярог нас ад падобнай памылкі, даўшы ўказанне, што Сакрум дастанецца таму, хто зможа правільна ім распарадзіцца. Таму, хто дапаможа нам усім пазбавіцца ад праклёну і зноў вярнуць Дэркуса.