Кніга здольных
Святлана Аўдзейчык
Выдавец: Галіяфы
Памер: 352с.
Мінск 2020
— Прыбіраць прыйшоў? — кінуўшы на застылага ў нерашучасці Роя незадаволены позірк, праскрыпеў Людвіг. — Дык больш не трэба! — выдаў ён нейкае падабенства пераможнага смяшка. — Валі, адкуль прыйшоў!
— Пайшлі, бачыш, ён не ў сабе, — пацягнуў Роя за рукаў Астравух. Ён усё яшчэ цяжка дыхаў дагнаўшы Роя ўжо каля самых дзвярэй лібрарыя.
— Пачакай! — Рой адхіліў руку і, падышоўшы да Людвіга, зазірнуў яму ў вочы.
— Ты... ператвараешся? — хутчэй канстатаваў, чым спытаў ён і, абхапіўшы галаву рукамі, прыхінуўся да адной з калон, якая ўтварала алькоў над Спадчынай. Яму хацелася выць ад адчаю, які хваляй накаціў на яго. Людвіг засмяяўся непрыемным рыпучым смехам.
— А-а! — змераў ён Роя хуткім уважлівым позіркам.— Хлопчык хвалюецца за старога Людвіга? Добра. Хоць нехта хвалюецца за мяне.
— Кінь, ты ж ведаеш, як мяне завуць! — не жадаючы бачыць характэрныя прыкметы ператварэння Людвіга, прастагнаў Рой.
Замест гэтага Людвіг паглядзеў на Роя так, што таму здалося, быццам ягоны твар абляпіла павуцінне. Людвіг ператвараўся. Зрэзаны глыбокімі зморшчынамі, хваравітага колеру твар старога цяпер выклікаў агіду, а некалі разумныя і праніклівыя вочы глядзелі дзіка.
Рой, пераадольваючы раптоўна ўзніклую да яго непрыязнасць, падаўся наперад і абхапіў яго за плечы.
— Што ты нарабіў? Што ты мог зрабіць? За што на цябе гэтая напасць? Ты ж...
Людвіг адкінуў ягоныя рукі і з сілай адпіхнуў ад сябе.
— Я нарабіў?
Ягоны смех быў жудасны, Рой зрабіў крок назад.
— Я?! — паўтарыў Людвіг і, сціснуўшы галаву рукамі, завыў, разгойдваючыся з боку ў бок.
У Роя засмягла ў горле. Раптам перастаўшы выць, Людвіг утаропіў у Роя скажоны нянавісцю пагляд і, учапіўшыся ў хлопца, прыцягнуў да сябе. Ягоны твар апынуўся зусім побач.
— Ты! I ты не саромеешся пытацца, што я нарабіў! Людвіг адшпурнуў яго ад сябе і скіраваўся да стала. Рой зрабіў крок назад, спатыкнуўся і ўпаў бы, калі б не пастамент са Спадчынай. Імкнучыся ўтрымацца на нагах, ён абапёрся рукой аб шкляны каўпак над кнігай, але той не быў прымкнуты да пасгамента, а таму ссунуўся, перакуліўся і, упаўшы, раскалоўся на некалькі кавалкаў. Падаючы, каўпак зачапіў вокладку — і кніга разгарнулася. Рой агаломшана глядзеў на яе пару секунд.
— Гэй! Што гэта з табой? — заўважыўшы, што з Роем нешта не так, паклікаў яго Эд. — Ты нібы ўбачыў нешта дзіўнае... Ды куды ты ўтаропіўся? Эй! Ты мяне хоць чуеш?
Рой адмахнуўся ад яго, як ад назойлівай мухі. Ягоная ўвага была цалкам прыкаваная да пажоўклага аркуша паперы з урыўкам тэксту на ветусе. Наступны аркуш быў напісаны ўжо па-ларбарэйску. А між імі сіраціліся куцыя шматкі толькі што выдраных старонак.
Рой пракаўтнуў, у роце перасохла. Ён адвёў вочы і жахнуўся выразу злоснай прагнасці, з якой Людвіг паглынаў ягоны твар.
Эд, які нервова сачыў за абодвума, здрыгануўся ад усмешкі ахоўніка.
— Ну, усё! Зараз сапраўды сыходзім!
Эд рашуча падышоў і, схапіўшы Роя за локаць, паспрабаваў адцягнуць да дзвярэй. Той не зварухнуўся.
— Хлопчык, аказваецца, вельмі разумны?
Эд скіраваў поўны неразумення пагляд на Людвіга, потым на Роя, і так некалькі разоў, пакуль кан-
чаткова не пераканаўся, што яны абодва крануліся розумам.
— Так, хлопчык вельмі, вельмі разумны, — абедзвюма рукамі спрабуючы зрушыць Роя з месца, забалбатаў Эд. — Толькі хлопчык крыху захварэў а таму сыходзіць, — Рой зноў не паварушыўся. — Слухай, заставайся, калі хочаш, а я пайшоў! — пакрыўджаны, што сябар паводзіць сябе як вар’ят і не звяртае на яго аніякай увагі, прабурчэў Эд.
Ён нават павярнуўся да дзвярэй, але раптам спыніўся як слуп. Пяро з непрыемным свістам прамінула яго і з характэрным пстрыкам увайшло ў замочную адтуліну. Пасля неадкладна вярнулася да Людвіга. Ён утаропіў у Роя калючы, чэпкі позірк і, устаўшы, страсянуў галавой, нібы драпежнік, які адчуў здабычу. Непрыемнае пачуццё спёкі, тое, што часта наведвае нас за імгненне да таго, як небяспека становіцца непазбежнай, захліснула Роя.
— Я ведаю, хто ты такі, — падаўшыся яму насустрач і нібы прынюхваючыся — настолькі выразна рухаліся ягоныя ноздры, — прашыпеў Людвіг. Твар у яго зрабіўся зусім непазнавальны. Яго ад прыроды цёмныя вочы цяпер здаваліся проста бяздоннымі.
Перапалоханаму Эду падалося, што яны свецяцца злавесным святлом, і ягоная рука міжвольна лягла на пояс. Людвіг павольна рушыў на Роя, а таго нібы спаралізавала. 3 Астравухам, які і да гэтага адчуваў забабонны страх перад пронгамі, адбывалася тое самае. Ён так і застаўся стаяць на паўдарозе да дзвярэй, назіраючы за тым, што адбываецца, пашыранымі ад жаху
вачыма. Новае аблічча Людвіга, а больш за ўсё ягоны голас, які раптам стаў балюча непрыемным для Эда, не даваў рушыць з месца.
— Чаго ён хоча? — пралапатаў Эд, гледзячы, як Людвіг набліжаецца.
Мармычучы на незразумелай мове пронгаў дзіўныя словы, стары ішоў на іх і выглядаў зусім шалёным.
— Я бачу, ты сёе-тое зразумеў? Малайчына, — раптам ажывіўся Людвіг, зноў перайшоўшы з іехата на ларбарэйскі. — Дзіўна, што табе спатрэбілася гэтулькі часу, каб зразумець. Я заўсёды хаваў свой дзіэн, але прагуляў яго. Мне давялося расказаць, хто я, і ён ператварыў мяне.
— Людвіг, Дэркус...
— Пры чым тут Дэркус! — Людвіг рыпуча засмяяўся. — Твой бацька — наступны. А твая маці...
Рой пахаладзеў.
— Ты ведаеш маю маці?
— Пра што ён кажа? — павярнуўшыся і гледзячы на Роя круглымі ад спалоху і здзіўлення вачыма, спытаў Эд.
— Перастань думаць! — не гледзячы, шапнуў яму Рой.
— Што?!
— I не глядзі яму ў вочы.
— Ты зусім звар’яцеў?
— Ён чытае нашыя думкі. Гэта ягоны дзіэн. Калі ласка, пастарайся не думаць, па меншай меры пра... — дагаварыць ён не паспеў.
У Людвігу змагаліся дзве наіуры: адна з іх выціскала другую. Ён зноў паглядзеў на Роя сваім жудасным позіркам, ад якога пачыналі дрыжэць калені.
Рой адразу ж пастараўся адключыцца ад дакучлівых думак, у якіх прысутнічалі ягоныя бацькі, якул і, як ні дзіўна, Ундрыц, але гэта яму ўдавалася з цяжкасцю, мяркуючы па тым, як ажывіўся Людвіг.
— Дык ён тэлепат? Што ж ты маўчаў? — зашыпеў Эд. — Ён жа цяпер, напэўна, усё ведае — і пра твайго крылатага гадзёнка, і пра Чорную слязу...
— Рот закрый!
— Навошта? Усё адно ўжо позна! — толькі і змог прамармытаць Эдзі, адступаючы да зачыненых дзвярэй. — Чаго ён хоча?
— Ён выразаў са Спадчыны старонкі і цяпер збіраецца знесці іх.
У тую самую секунду выраз дзікай сквапнасці змяніў Людвіга да непазнавальнасці.
— I я гэта зраблю, не сумнявайся, нават калі давядзецца знішчыць адзінага чалавека, здольнага прачытаць іх! Так я адпомшчу яму. I табе! Ты — такі самы, як ён! Вам нічога не дастанецца! Вам не прачытаць сакрэт Сакрума!
Эду было вельмі страшна, але, нягледзячы на гэта, ён спрабаваў захоўваць пачуццё гумару.
— Ты ж не думаеш, што мы можам перашкодзіць яму? Здаецца, ён настроены сур’ёзна. Калі я слушна пачуў, прагучала адкрытая пагроза ў мой адрас. I дзе, хацеў бы я ведаць, спадары вернікі? Калі яны
трэба, іх чамусьці няма, — Эд з адчаем свідраваў вачамі столь.
Люк, які аб’ядноўваў лібрарый з самай верхняй патрульнай пляцоўкай, быў расчынены. Вернікі павінны былі пачуць, што тут адбываецца, але чамусьці не з’яўляліся.
Рой паспеў падумаць, што трэба ў любым выпадку выбрацца адсюль жывым і пастарацца выцягнуць гэтага ідыёта-балбатуна, хоць бы для таго, каб добра накруціць яму вушы.
Але адзінае, што ён мог пакуль зрабіць, гэта адступаць да зачыненых дзвярэй, гіпнатычна гледзячы на рукі, якія Людвіг прагна цягнуў да яго. Рой нібыта ўпершыню ўбачыў іх. Неверагодна доўгія пальцы з доўгімі і вострымі кіпцюрамі ўжо выгіналіся ля самай ягонай шыі, як раптам пачуўся віск.
Эдаў шып працяў левую руку Людвіга, той завішчэў, вырваў шып і адкінуў у бок.
— Бяжы! — крыкнуў Эд, першым кінуўся да зачыненых дзвярэй і з усяе сілы пачаў барабаніць у іх.
Рой адпіхнуў Людвіга, які ўпаў, страціўшы раўнавагу ад нечаканага штуршка, і кінуўся да стала, але схапіць скрутак не паспеў. Людвіг шыпам, як цвіком, прыбіў ягоную руку да стала ў нейкім сантыметры ад скрутка, а пасля першым схапіў яго. За тыя некалькі секунд, пакуль Рой, сціснуўшы ад болю зубы, вырываў з рукі шып, Людвіг паспеў дабрацца да сярэдзіны лесвіцы. Рой рынуўся за ім, Эд паразважаў некалькі імгненняў і стаў караскацца следам. Дабраўшыся да падваконня, Людвіг ухмыльнуўся і націснуў
на нейкі рычаг. Рой завыў ад прыкрасці, зразумеўшы ягоны манеўр.
— Трымайся! — паспеў крыкнуць ён Эду. — Ён складвае лесвіцы!
3 характэрным скрыгатам лесвіца, па якой яны ўздымаліся, пачала апускацца. Эду не пашанцавала. He ўтрымаўшыся, ён адляцеў да сцяны і ледзьве не ўпаў але здолеў павіснуць на адной з паліц. Пры гэтым абрынуў на сябе шквал кніг і скруткаў Рой таксама ледзь не сарваўся, пераскокваючы з прыступак, якія сплывалі ад яго, і цяпер павіс, трымаючыся за перакладзіну левай рукой і адчайна спрабуючы знайсці апору для ног. Нарэшце яму ўдалося дацягнуцца да прыступкі.
— Дапамажы! — Эд ужо не мог трываць. — Я зараз звалюся!
Ён адчайна шукаў але так і не здолеў знайсці апору нагам, а падцягнуцца, трымаючыся за слізкую паліцу, было немагчыма. Людвіг таксама марудзіў — яшчэ не дабраўся да расчыненага акна. Рой мог дагнаць яго, але, глянуўшы на Эда і ацаніўшы адлегласць да падлогі, ён кінуўся сябру на дапамогу. Амаль у апошні момант ён здолеў перахапіць ягоную руку, якая слізганула з паліцы, і ўцягнуў сябра на прыступку. Апошняе, што ён убачыў быў скажоны злосцю твар пронга, калі той скочыў у ваду.
РЭВЕРС
— Што гэта?
Павук прайшоўся ўздоўж шэрагу вучняў, трымаючы агрубелымі пальцамі тонкі, як іголка, шып. Ён спыніўся насупраць Хваста. Пад запытальным позіркам Павука той прыкметна нерваваўся, змагаўся з нясцерпным жаданнем знікнуць, зліцца са сцяной.
— Што гэта?
— Шып.
— Дзесяць.
Хвост завыў і апусціўся на падлогу. Занятак толькі пачаўся, а ён ужо адхапіў двойчы па дзесяць. Усяго дваццаць адцісканняў.
Павук перамясціўся да Краца.
— Э-э-э... снарад. Рэверсіўны.
Павук затрымаў позірк на затаўраванай галаве хлопца.
— Ты занадта руплівы хлопчык, Клаўс. Няма чаго вылузвацца са скуры, каб пераканаць мяне ў сваёй непраходнай тупасці. Нават калі твая скура здольная прырасці да цябе зноў.
Павук зрабіў яшчэ крок і націснуў лязом шыпа на горла Марго. Яе лоб пакрыўся буйнымі кроплямі поту. У горле засмягла ад страху. Яна моўчкі глядзела на яго пашыранымі вачыма, не адважваючыся нават паварушыцца.