• Газеты, часопісы і г.д.
  • Кніга здольных  Святлана Аўдзейчык

    Кніга здольных

    Святлана Аўдзейчык

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 352с.
    Мінск 2020
    80.39 МБ
    Пасля вячэры Вераніка папрасіла ў бацькі дазволу паказаць Рою з Эдам бібліятэку, і, атрымаўшы яго, моладзь сышла.
    У бібліятэцы была трэніровачная дошка. Агледзеўшы яе, Эд з гонарам вывудзіў свой шып -— вострую гравіраваную іголку з апярэннем.
    На некалькі хвілін бібліятэка ператварылася ў арэну цырка, дзе Эд, суправаджаючы свой выступ пераканаўчай мімікай, дэманстраваў свае рэверсіўныя навыкі. Эд здаваўся сабе цудоўным.
    Рой з цяжкасцю стрымліваў смех.
    Вераніка злавала.
    — Ён цябе слухаецца... Як ты яго вяртаеш? — спытала яна нядбайна.
    — He ведаю, — выгукнуў Эдзі. — Кліч крыві, напэўна: я туды палову сваёй крыві ўліў — не менш. Ха! — рэзка развярнуўшыся, Эд кінуў шып з-пад пляча.
    — А трэба была ўсяго кропля, — перапыніў яго выхваленне Рой.
    — Чым больш — тым лепш, — пераканана адгукнуўся Эд. — Затое цяпер, бачыш, — у мяне няма праблем з рэверсам.
    Ён з гонарам зноў кінуў і зноў вярнуў шып. Адна са шкляных вітрын кніжнай шафы са звонам пасыпалася на падлогу. Заставалася толькі спадзявацца, што Эд цэліўся менавіта ў гэтае шкло. Рой вырашыў што самы час спыніць сябрука, бо ў бібліятэцы было шмат каштоўных і відавочна далікатных рэчаў, якія маглі трапіць пад ягоную гарачую руку.
    — Пакажы сваю саламандру, — павярнуўся Рой да Веранікі.
    — Ты зноў? — з прыкрасцю адказала яна. — 3 мяне і мінулага разу хапіла.
    — Ну і дарма, — Рой знарок бесклапотна адвярнуўся і стаў разглядаць кнігі на паліцах. — Я проста хацеў паказаць табе адзін правераны спосаб. Усе, у каго адразу не ладзіцца з рэверсам, так зброю падпарадкоўваюць.
    Вераніка, а з ёю і Эд глядзелі на яго з непрытоеным здзіўленнем.
    — I што гэта... за спосаб такі? — пацікавілася Вераніка абыякава.
    — Давай пакажу. Толькі трэба тваё кальцо.
    Вераніка крыху памарудзіла, але зняла пасавую спражку і неахвотна працягнула Рою.
    — He баішся?
    — А трэба?
    — Гэты метад, як бы табе сказаць... Ён не зусім бяспечны, калі што. Але раз ты ўсё роўна пагадзілася...
    Рой рашуча сціснуў яе руку ў прыдалонні.
    — Ты што робіш?
    — Пацярпі.
    Расціснуўшы яе пальцы, ён нанёс ёй хуткі парэз яе ж кальцом і адразу адскочыў у бок. Якраз своечасова.
    Вочы ў Веранікі запалалі ад гневу. Яна сціснула кулак, каб ручаёк крыві не закапаў на падлогу, і ступіла яму насустрач.
    — Ты... Можна было папярэдзіць хаця б?
    — А што ты хацела? Такі метад дазваляе тваёй зброі, так бы мовіць, адчуць у табе гаспадыню. Кліч крыві, ці што.
    — Ты лічыш, я падобная да дурніцы? — голасам, непазнавальным ад раздражнення, спыталася Вераніка.
    Рой скрывіўся.
    — Дзесьці я ўжо гэта чуў, і зусім нядаўна. А ты не губляеш надзеі пачуць ад мяне кампліменты ў свой адрас?
    Вераніка спынілася — іх падзяляў бацькаў пісьмовы стол. Яна прабегла па ім вачыма, рашуча ўзяла ў кожную руку па падсвечніку. На рассыпаных па стале дакументах зацвілі кроплі крыві.
    — Ух ты! — Рой натуральна выявіў жах на твары. — А кальцо чым лавіць будзеш? Папярэджваю: зубамі — небяспечна. Лепш вызвалі хоць бы адну руку.
    — Сам напрасіўся! — Вераніка запусціла ў яго адным падсвечнікам, але ён ухіліўся і спрытна перамясціўся ў іншы канец пакоя.
    — Асцярожна! — крыкнуў Эд.
    Другі падсвечнік паляцеў яму ўслед, але трапіў у вітрыну з дакументамі. Рой няўхвальна паківаў галавой, пераступіў цераз шкляныя аскепкі, пасля чаго, пераваліўшыся праз стол, апынуўся за некалькі крокаў ад Веранікі.
    — Трэба ж. Вострае, — дзелавіта дакрануўся ён пазногцем да краю кальца. — Але рабіць няма чаго. Трэба лавіць. Давай жа. Альбо зараз, альбо ніколі. — Скажы «рэверс» — і скончым з гэтым, — запатрабаваў Рой.
    — Глядзі. Я нават спецыяльна падышоў бліжэй, каб табе было лягчэй.
    Вераніка чакала, гледзячы на яго.
    — Калі гэты спосаб не падзейнічае, значыць, прабач, ты — бяздарная, — з уздыхам паведаміў Рой.
    — Дзе тут у вас урна з пяском? На выпадак пажару? — не на жарт устрывожыўшыся, падаў голас Эд. — Здаецца, тут стала надта небяспечна.
    — He турбуйся. Усё будзе добра. Яна не здолее пажар учыніць. Куды ёй, калі нават кальцо не можа рэверсаваць... — усміхнуўся Рой.
    Вераніка марудзіла, бо здацца бяздарнай перад гэтым нахабным выскачкам было б занадта балюча, але лютасць, якая віравала ў ёй, дасягнула мяжы.
    Рой адчуў, што снарад нібы стаў гарачым.
    — Рэверс, —вельмі ціхім асіплым голасам сказала Вераніка, і адразу ўскрыкнула, сама не ведаючы, ці то ад радасці, — кальцо яна трымала ў руцэ, — ці то ад болю. Левая рука таксама паранілася — адразу з трох пальцаў закапала кроў. Кальцо яна злавіла няправільна — парэзалася аб востры край, але злавіла!
    — Трэба ж, — не хаваючы здзіўлення, Эд бязбоязна падышоў бліжэй. — А я ніколі і не чуў пра такі метад.
    — Выдатна! Малайчына, — склаўшы на грудзях рукі, Рой не зводзіў з яе пільнага позірку.
    — У мяне атрымалася? — здзіўлена перапытала Вераніка.
    — He! — перадражніў яе Рой. — Я проста яго падкінуў. Як мячык. А ты падхапіла... Ну, вядома ж, атрымалася! Можаш яшчэ раз паспрабаваць.
    Вераніка расшчапіла кальцо і, па чарзе кінуўшы ў сцяну абодва сярпы, рэверсавала іх назад, потым яшчэ раз.
    Рой з усмешкай назіраў, як дзяўчына з захапленнем знішчае абіўку сцен у бацькавай бібліятэцы.
    — Зараз усё пойдзе хутчэй, пасля першага рэверсу заўсёды так. Тваё кальцо адчула ў табе гаспадыню і зараз будзе вяртацца да цябе. Мы пойдзем, — сказаў ён з неахвотай, але ўсё ж паклікаў рукою Эда. Той якраз спрабаваў знакамі нешта растлумачыць яму за спінай у Веранікі.
    — Добра, — кіўнула яна, таксама павярнуўшыся да Эдзі. Ён умомант перастаў жэстыкуляваць і бесклапотна ўсміхнуўся, склаўшы рукі за спінай.
    — Так, дакладна. Нам пара, — рушыў і ён да выхаду. — Мне, сама меней. А цябе я не прыспешваю. Тым болып гэта... — мінаючы Вераніку, ён шматзначна паказаў вачыма на кроў у яе на пальцах. — Ты ж не пакінеш дзяўчыну ў параненым стане? А я пайду пашукаю настойку, бінт, гіпс, і можа атрымаецца разжыцца на кухні печывам? — Эд яшчэ раз красамоўна падміргнуў Рою. — Трэба ж адсвяткаваць такую падзею?
    Вераніка перахапіла ягоны позірк.
    — Усё нармальна, — усміхнулася яна, — гэта ж дробязі.
    — Ты ўпэўненая, што нічога сур’ёзнага? — спытаў Рой на ўсялякі выпадак, хоць парэзы не выглядалі вельмі ўжо глыбокімі.
    — Так. Абсалютна, — для болыпай пераканаўчасці Вераніка яшчэ раз сціснула і адпусціла пальцы — кроў болып не капала. — У Карла ёсць цудадзейная мазь на такі выпадак.
    — Ну, тады дабранач. Ведаеш, — ужо адчыніўшы дзверы і прапусціўшы наперад Астравуха, дадаў Рой, — гэта, вядома, — ён кіўнуў на яе параненую руку, — балюча. Але калі б я гэтага не ўбачыў, я б думаў, што ў цябе няма ні кроплі крыві.
    — Гэта таму, што я такая бледная? — Вераніка спадылба зірнула на яго.
    — He толькі. Проста калі я ўбачыў, як ты з вугельчыкам у руках свечкі запальваеш і табе пры гэтым нічога не робіцца, я менавіта так і падумаў праўда.
    — Пачакай, Рой!
    Ён запытальна азірнуўся.
    — Дзякуй.
    — За што?
    Вераніка збянтэжылася.
    — Ну. За гэты... метад...
    — Які такі метад? — знарок здзіўлена перапытаў Рой і прадбачліва ступіў за парог. — Няма ніякага метаду. Я ўсё гэта выдумаў.
    Серп прасвісцеў, але ўторкнуўся ўжо ў зачыненыя дзверы.
    ПЕРАД гульнёй
    Астравух не трапіў у каманду. Ён не прайшоў адбор ні па адным з пунктаў і цяпер з абыякавым выглядам праглынаў пад спачувальным позіркам Роя велізарны кавалак пірага з вяндлінай і памідорамі. Ён знарок абраў «Гняздо» — страўню, якая знаходзілася недалёка ад цэнтральнага ўваходу ў Карнігард. Аквілейцы ўмоўна лічылі гэтае месца «сваім» і збіраліся тут часцей за ўсё. «Гняздо» ўяўляла з сябе неверагодны капрыз ларбарэйскай прыроды. I сцены, і падлога, і дах у ім былі сфармаваныя з каранёў і парасткаў трыгасу, якія з цягам часу скамянелі. Такіх месцаў было шмат у горадзе, і ўсе яны ўтварыліся яшчэ ў той час, калі трыгас бескантрольна распаўзаўся па горадзе. Цяпер намаганнямі садоўнікаў разрастанне Карнігарда было скіравана за межы горада ў бок Краю, а ўнутры Ларбора стрымлівалася сценамі Цэрніума. «Будынкі» з трыгасу паступова набывалі шчыльнасць каменя і служылі ідэальнымі дамамі для тых шчасліўцаў, хто ў іх жыў.
    Месцам для гульні быў абраны Карнігард. Вестка аб трагічных падзеях у лібрарыі ўсё ж разляцелася па горадзе, і цяпер ахоўныя атрады вернікаў патрулявалі паўсюль. Пад асаблівым наглядам апынуліся пронгі, супраць якіх людзі былі настроеныя цяпер болей варожа, чым раней. Але, нягледзячы на такія складаныя абставіны, гульню вырашылі праводзіць, а Інвентум крыху адкласці да больш спрыяльнага часу. Цяпер дэлегаты ад абедзвюх школ, а гэта былі Геа і Крыварук, якраз займаліся вызначэннем межаў тэрыторыі, дзе будуць разгортвацца асноўныя «баявыя» дзеянні.
    — Геа ставіцца да гульні так, як быццам гэта сапраўдны іспыт, — паскардзіўся Эд. — А я ўсяго толькі зваліўся з моста, і тое таму, што страціў раўнавагу — ён кінуў у мяне адразу два, а потым яшчэ два кальца. Запар. Уяўляеш? Яны ляцелі на мяне ў розных плоскасцях. Я не ведаў, куды мне адхіліцца, няёмка крутануўся і зляцеў проста з моста.
    — Але ж ты не павінен быў нікуды адхіляцца, ты павінен быў збіць іх, — усміхнуўся Рой.
    — Як можна збіць усе? Я ж табе кажу, іх было чатыры.
    — Ну збіў бы два, — паціснуў плячыма Рой.
    — Ага, а астатнім трэ было дазволіць утыркнуцца мне ў шыю?!
    — Яны ж былі навучальныя, — нагадаў Рой. — Да таго ж — у цябе была браня, ці не?
    — Была, была, — пацвердзіў Эд. — Толькі гэтая маска і браня нязручныя нейкія — цесныя, цяжкія, і наогул у іх горача.
    Ён аблізаў пальцы.
    — I, ведаеш, мы не так шмат і трэніраваліся збіваць снарады. Так што я табе ніколькі не зайздрошчу. Паўдня бегаць у жалеззі... He. Гэта не для мяне.
    — Відаць, для цябе адпаведнага памеру не знайшлося, — падкалоў яго Рой. — А так яны даволі зручныя.
    Ён расшпіліў туніку і паказаў сябру надзетую на цела найтанчэйшую металічную сетку.
    — Ты навошта яе надзеў? — нахмурыў лоб Эд.
    — Прывыкаю. На другі дзень ужо амаль не адчуваю. Дарэчы, што там чуваць пра Цёмную вежу?
    Эд паціснуў плячыма.
    — Зачынена. Наколькі я ведаю, вартуюць так, што камар носа не падаткне. Сам жа бачыш, Оптымум увесь час праводзіць пасяджэнні, Мергіёла ўжо тры дні ў школе не відаць. Мо і цябе ўжо на пасяджэнні клічуць?
    — Табе ўсё б жартаваць. Ніяк не супакоішся?