Кніга здольных  Святлана Аўдзейчык

Кніга здольных

Святлана Аўдзейчык
Выдавец: Галіяфы
Памер: 352с.
Мінск 2020
80.39 МБ
— Ты яго ведаеш? — спытаў ён, бесцырымонна торкнуўшы пальцам у майстра.
— Данат — сябра майго бацькі, — адчуваючы няёмкасць за Адамавы паводзіны, сказала Вераніка.
— Ну вядома! — ляпнуў сябе па лбе Ліс. — Як я мог забыць! Аляксандр Ундрыц у нас любіць важдацца з усялякай набрыддзю.
— Змоўкні! — успыхнула Вераніка, але той разышоўся не на жарт.
— Пустэльнікі, бездары, рамеснікі, каго я яшчэ не назваў? — здзекліва запытаўся ён, нібы прыпамінаючы, каго не хапае ў гэтым спісе.
— А! Пронгі! Вядома, пронгі...
— He смей, — ціха, як заўсёды бывала, калі яна ўпадала ў гнеў, папярэдзіла яго Вераніка. — Я табе не дазволю!
— У-цю-цю-цю-цю! — паблажліва, нібы размаўляе з дзіцём, паглядзеў ён на дзяўчыну зверху ўніз. — Я ўжо ўвесь трасуся ад страху.
Твар у Веранікі набыў пагрозлівы выраз.
— I слушна робіш.
Ліс зарагатаў.
— Ты сабралася мяне напалохаць?
Раптам самазадаволеная ўсмешка ў яго на твары змянілася здзіўленнем, трывогай, і вось ужо страх завалодаў ім цалкам. Ліса трэсла. Вераніка, не адрываючыся, глядзела на яго, буйныя кроплі поту выступілі ў Адама на лбе, рыўком ён тузануў каўнер і, хапаючы ротам паветра, прамармытаў:
— Што гэта? Гэта... ты робіш?
Яго зубы міжвольна пачалі ляскатаць. Вераніка зларадна ўсміхнулася.
— Я папярэджвала, што табе гэта можа не спадабацца, — прамовіла яна. — Цяпер у цябе тэмпература дакладна вышэй за сорак, мне працягваць?
— Спыні! — адчуваючы, што, калі гэта не скончыцца, ён страціць прытомнасць, прахрыпеў Ліс.
Вераніка выдыхнула і адпусціла яго.
Адам з шумным уздыхам прыхінуўся да сцяны. Вераніка павярнулася і хутка пайшла прэч.
Пасля таго, як яе маці пакінула сям’ю, ператварыўшыся ў пронга, бацька забараніў ёй з’яўляцца ў каменяломнях, дзе ва ўбогіх халупах жылі ўсякія сумнеўныя асобы, якія імкнуліся разбагацець, працуючы кіркай і рыдлёўкай. Пронгі таксама працавалі тут. Дзе яны жылі, не ведаў ніхто. Зрэшты, і пра тое, як яны жылі. Бездары баяліся і ненавідзелі іх. Дзіэндары шкадавалі іх і імкнуліся апекаваць, даючы сваім былым суродзічам тую адзіную працу, да якой пронгі былі здольныя. Але, так ці інакш, усе ларбарэйцы імкнуліся не заўважаць гэтых шэрых плашчоў кручкаватых пальцаў і не чуць дзіўных гартанных гукаў іехата.
Каменяломні былі падобныя да гіганцкага мурашніка, дзе ў ролі тэрмітаў выступалі пронгі. За гады, на працягу якіх тут знаходзілі заробак сотні людзей, каменяломні ператварыліся ў небяспечнае месца — мноства шахтаў, хісткіх пераходаў і пячор стваралі пагрозу абвалаў. Запасы гэтых нетраў якія ў свой час здаваліся невычэрпнымі, спустошыліся. Міраіт, які апошнія гады знаходзілі толькі тут, стаў рэдкасцю. Яшчэ адна надзея адшукаць рэшткі трэцяга тэрона
не спраўдзілася. Але, нягледзячы на гэта, шахты працягвалі вабіць да сябе старацеляў і пронгаў.
Вераніка рэдка заходзіла нават у бліжэйшыя з каменяломнямі кварталы, але цяпер ёй не было страшна. Знайшоўшы патрэбнае месца — гэта былі сходы, па якіх у каменяломні спускаліся тыя, хто прыходзіў сюды, часцей за ўсё пакупнікі, — яна, не адважваючыся спусціцца, стаяла і глядзела на людзей, якія корпаліся ўнізе. Вераніка заўважыла пронга, што мільгануў, як цень, і знік, слізгануўшы ў шчыліну недалёка ад таго месца, дзе яна стаяла. Некалькі брудных абадранцаў палілі непадалёк, бессаромна разглядаючы яе. Вераніка не чула, пра што яны гаварылі, але мяркуючы па тым, як яны яе разглядалі, зразумела, што гаворка ішла пра яе. Ёй стала ніякавата ад іхніх ухмылак. Да пачуцця сораму за сваю маці, якая магла быць сярод гэтых людзей, дамешвалася лютасць ад нядаўняй сустрэчы з Лісам. Гэта была лютасць бяссілля. Тое самае пачуццё, якое яны з бацькам напоўніцу адчулі тады — шмат гадоў таму, калі маці пакінула іх, адправіўшыся на пошукі Сакрума.
Яна ўдарыла нагой маленькі каменьчык. Ён пакаціўся і, скачучы па прыступках лесвіцы, гулка зваліўся ўніз.
— Табе не варта практыкаваць гэта на людзях.
Вераніка здрыганулася. Непрыкметна да яе падышоў Рой.
— Я пра тое, што ты зрабіла з Лісам. Ужыванне дзіэна ў сітуацыі недазволу.
— Забылася з табой параіцца, — буркнула Вераніка. — Мой дзіэн — як хачу, так і выкарыстоўваю. А сітуацыя была якраз тая, што трэба.
— Рэйдары б так не падумалі.
— Ты ж не з іх? — Вераніка дапытліва паглядзела на яго. Яна ведала, што рэйдарамі станавіліся тыя бездары, якія не змаглі пацвердзіць свой статус ЗАРаў. Яны больш за іншых ненавідзелі сваіх былых братоў, а таму ішлі на службу, каб мець магчымасць нашкодзіць здольным. Вераніка своечасова стрымалася, каб не нагадаць пра гэта Рою. — Як ты тут апынуўся? Вам што, заняцца няма чым, акрамя як пераследаваць мяне?
— Мы з Данатам — суседзі. Так што не выдумляй сабе, я выпадкова стаў сведкам вашага з Лісам... мілага непаразумення. Табе тут не месца, — нахмурыўся ён.
— А табе? — з выклікам спытала яна. — А, ну так, у цябе тут, напэўна, кампанія.
Рой з прыкрасцю адвярнуўся. Няўжо ім не ўдасца паразмаўляць, не джалячы адно аднаго?
— Я часта сюды прыходжу. Па справах, — сказаў ён, не жадаючы далей распаўсюджвацца пра тое, якія справы могуць быць у яго з прадаўцамі камянёў. — Але ты, зразумела, можаш і надалей цешыць сябе надзеямі, што я высочваў цябе.
Вераніка пачырванела і адразу ж зненавідзела сябе за гэта. Прыкінуцца стрыманай прасцей, калі твае шчокі цябе не выдаюць.
— Ты ў маіх надзеях з’явішся ў самую апошнюю чаргу. Калі яшчэ з’явішся. Ужо можаш мне паверыць.
Рой задаволена кіўнуў, любуючыся яе чырванню.
— Добра. Я табе веру. Ведаеш, давай лепей адыдзем, — паказаў Рой на старацеля, які падымаўся па ледзь прыкметных выступах у пародзе, якія служылі прыступкамі. Ён рашуча адвёў яе ад краю спуску.
Вераніка азірнулася.
— Насамрэч я ўпершыню так блізка падышла да каменяломняў, — сказала яна. — 3 таго часу, як маці пайшла ад нас, бацька забараніў мне нават блізка падыходзіць да іх.
— Твая маці вас... кінула? — асцярожна пацікавіўся Рой.
Вераніка ўскінула галаву, паглядзеўшы на яго поўным адчайнай злосці позіркам.
— He кінула. Яна стала пронгам.
Рой свіснуў.
— Вось як. Прабач. Я ж не ведаў.
— Нічога, — прамармытала Вераніка. — А чаго той хацеў? — кіўнула яна ў бок старацеля.
— Гэты? — Рой павярнуўся. Старацель паспеў ужо ўзлезці наверх і цяпер, бачачы, як яны сыходзяць, пасылаў ім наўздагон адборную лаянку. — Ён падумаў, што ты прыйшла купіць нешта, — паціснуў плячыма Рой. — Ты ж падала ўмоўны знак.
— Я?!
— Ну так. Ведаеш, такія асобы, як ты, з’яўляюцца тут нячаста. Спускаюцца ўніз яшчэ радзей, а лепей
сказаць — ніколі. Звычайна яны кідаюць камень. Усе гэта ведаюць. Да цябе выходзіць хтосьці з гэтых хлопцаў, цікавіцца, што ты шукаеш, і паказвае, што ў іх ёсць, — Рой нахмурыўся і дадаў: —Толькі мая табе парада: у наступны раз, калі пойдзеш... за пакупкамі ў гэты раён, захапі свайго сябрука. Гэта не самае бяспечнае месца для такіх далікатных стварэнняў, як ты.
Вераніка набрала паветра. Першы парыў — падзякаваць Рою за тое, што ён засцярог яе ад непрыемнай сітуацыі, хутка знік, як толькі ён пачаў, як звычайна, дражніць яе.
— Па-першае, я не такая далікатная, як ты думаеш, — каб пацвердзіць свае словы, яна вырвала руку і пайшла побач. — А па-другое — не разумею, пра якога сябрука ты кажаш.
Рой здзіўлена ўскінуў бровы.
— Дзіўна, атрымліваецца, што паўгадзіны таму я бачыў твайго Адама ў кавярні з тваім двайніком.
Вераніка чмыхнула.
— Ніякі ён не мой Адам. Мы проста разам... вучымся.
— Ага. Дакладна. Менавіта таму вы з ім ходзіце ледзь не ў абдымку. Паўсюль... — змрочна дадаў Рой.
Вераніка тупнула нагой.
— Калі хочаш ведаць, я шукала цябе. А з Лісам мы выпадкова сустрэліся ля кавярні.
Рой усміхнуўся.
— Вось так нашмат лепей. Я ведаю. Я сустрэў тваю сяброўку.
— Марго?
Рой паціснуў плячыма.
— Магчыма. Яна не прадставілася. Толькі сказала, што ты тэрмінова мяне шукала. Па важнай справе. Ну дык што там у цябе за важныя навіны?
— Я, мабыць, перадумала ўжо, — злосна адказала Вераніка. Яна злавалася на сябе, на Роя, на Ліса, а больш за ўсё на Марго, якая ўлезла не ў сваю справу.
— Як хочаш, — без асаблівай цікавасці адгукнуўся Рой. — Ведаеш, табе пасуе, калі ты злуешся. У цябе хаця б румянец з’яўляецца. Дарэчы, даўно хацеў спытаць, чаму бацька абраў для цябе Серпенту?
— He твая справа, — Вераніка паскорыла крок.
— Ну, пачакай! — зноў нагнаў яе і паспрабаваў спыніць Рой.
— Адчапіся! — паспрабавала яна вызваліць руку.
— Ну... даруй, добра? Ведаеш, а я, здаецца, зразумеў, чаму твой бацька адправіў цябе ў Серпенту. Твая скура такая светлая, амаль празрыстая. Гэта, верагодна, таму, што ў вашай школе няма вокнаў, як і ў вас дома? Табе... шкодна сонечнае святло? — імкнучыся, каб яго пытанне не прагучала крыўдна, спытаў Рой. Твар дзяўчыны цяпер насамрэч выглядаў бялей, чым звычайна. — А бледнасць табе нават да твару, — усміхнуўшыся, паглядзеў на яе Рой. — Ты нібы парцалянавая лялька, нават... дакрануцца страшна. — Ён працягнуў руку і кончыкамі пальцаў лёгенька правёў па ейнай шчацэ. Вераніка ўздрыгнула і адскочыла.
Ёй выразна прыгадаўся румянец на загарэлых шчоках Яны.
— Ішоў бы ты лепш... да сваёй ружовашчокай прыгажуні!
Лёгкае здзіўленне прабегла па Роевым твары.
— Я ўлічу. А хто гэтая прыгажуня, каб я ведаў, куды ісці?
Вераніка насмешліва скрывілася.
— Твая... сяброўка. Тая, з якой ты быў у кавярні. Рой спачатку хмыкнуў, потым і зусім зарагатаў.
— Ты што? Вырашыла, што яна — мая дзяўчына? Вераніка закаціла вочы і пакруціла галавой.
— Толькі не рабі выгляд, што гэта не так, добра? Ты ж з-за яе ледзь з Лісам не пабіўся.
— Гэта было не з-за яе, — адмахнуўся Рой. — Проста яна так недарэчна сябе паводзіла, што мне захацелася іх хутчэй адтуль вывесці. А ўвогуле, гэта Эд ад яе страціў розум.
Яны якраз выйшлі на больш-менш вольнае месца, абмежаванае з аднаго боку камяністым краем плато, такім гладкім, што ніякая расліннасць не магла за яго зачапіцца, а спераду адкрытым позірку да лініі далягляду. Калі прасачыць вокам па гладкім суседнім схіле, то на вяршыні можна было ўбачыць замак, пабудаваны ў строгім, нават прымітыўным стылі. Усе ведалі, што гэта быў дом Электуса. Другая частка гары ўдавалася ў горад больш спадзістым схілам і ніжэй была маляўніча аздоблена дарогамі, пышнай расліннасцю і рэдкімі хацінамі, якія належалі найбольш адважным ларбарэйцам. У асноўным тут сяліліся паляўнічыя альбо ўтаймавальнікі коней. Пустыня, што сягала ад падножжа гор і далей, была пры-