Кніга здольных
Святлана Аўдзейчык
Выдавец: Галіяфы
Памер: 352с.
Мінск 2020
— Пустая галава, — канстатаваў Крыварук з фальшывым смуткам у голасе. — Ніякіх думак. На жаль. А наяўнасць іх нам бы не пашкодзіла.
— Гэта, — ён скіраваў вочы на шып, — думка. Увасобленая ў сплаве. Мая думка. Вось у дадзены момант я думаю пра тое, каб праткнуць табе горла. Як мяркуеш, я перадумаю?
— Вельмі... спадзяюся, — прахрыпела Марго.
Крыварук падкінуў шып, падхапіў яго, не гледзячы, пальцамі і паклыпаў уздоўж шэрагу, насвістваючы нейкую мелодыю.
Ён перанёс цяжкую хваробу ў юнацтве. Яна назаўжды наклала адбітак не толькі на знешнасць гэтага чалавека, але і на характар.
Ніхто не ведаў, ці ўмее ён усміхацца, ці адпачывае калі-небудзь і ці здольны ён думаць пра нешта, акрамя вайны, якой ён увесь час палохаў вучняў і да якой рыхтаваў іх, да знямогі ганяючы па спартовай зале і спецыяльных пляцоўках Карнігарда, затрымліваючы пасля заняткаў недалугаў і накладваючы дадатковыя спагнанні на тых, хто тармазіў з рэверсам.
Яго пераканаўчую міміку ўзмацнялі нервовыя цікі паловы твару, якія час ад часу паўтараліся, але асабліва ўражвала ягоная здольнасць рухацца. Ён мог абапірацца на розныя часткі свайго цела, бо скрыўленыя
ў суставах рукі і ногі былі не адзінай ягонай апорай. Трэніроўкамі да знямогі ён так развіў сваё цела, што мог імкліва рухацца, абапіраючыся, скажам, на локаць і калена, або любым іншым, неверагодным на першы погляд, спосабам.
Другая гадзіна заняткаў падыходзіла да канца. Дзіэндары стаміліся да знямогі, пасля працяглага кросу яны валіліся з ног, але не знаёмы са стомай Крыварук працягваў занятак.
— Рашэнне скарыстацца снарадам і той момант, калі ён ужо ляціць у цэль, — яны супадаюць. Імкніцеся да гэтага, — крычаў ён.
Варта сказаць, што крычаў ён часта, гэта была ягоная манера размаўляць.
— I робіце гэта вось так. Паказваю павольна, але вы павінны памножыць гэтую хуткасць на пяць, а лепш на дзесяць.
Ён раскруціў кальцо на пальцы і накіраваў яго ў цэль, пасля чаго рэверсаваў у выглядзе двух сярпоў. Так ён паўтарыў некалькі разоў, выбіраючы розныя мішэні.
— Усім зразумела? — гыркнуў ён і абвёў суровым позіркам прыціхлых вучняў. — Калі я ўбачу ў кагонебудзь вось такі рух, — ён падкінуў серп і наўмысна злавіў яго за востры край, пасля чаго рушыў уздоўж шэрагу, дазволіўшы вучням палюбавацца струменьчыкамі крыві, якія пацяклі па яго жылістай руцэ, — то ўсе адціскаюцца дзесяць хвілін.
— I мы? — спытала, але зараз жа пашкадавала аб гэтым Вераніка. Яна стамілася, была галодная і ледзь стаяла на нагах.
— А вы, Ундрыц, — падышоў ён да яе ўшчыльную, і ягоны твар перакрывіла сутарга, — і ўсе тыя паненкі, якія лічаць, што тут ім вучыцца занадта цяжка, могуць пашукаць сабе іншую школу.
Затрымаўшыся позіркам на яе асобе крыху даўжэй, чым трэба было, Крыварук пракаўтнуў і імкліва «адкаціўся» ад яе. Устаўшы перад класам, ён працягваў:
— Вось патрэбны рух.
Ён зноў рэзка выкінуў наперад сярпы, шпурнуўшы іх ад пляча. Яны працялі трэніровачную панэль.
— I — рэверс! Дык паўторым.
Ён сашчапіў сярпы ў кола і ўзяў указку. У ягоных руках яна выглядала занадта смешна. Вучні занялі месцы насупраць трэніровачных панэляў.
— Пайшлі.
Снарады з музычным свістам уваходзілі ў дошкі.
— Ты, ты і ты, — прайшоўшы ўздоўж шэрагу, Крыварук торкнуў указкай у траіх. — Выйдзіце і пакажыцеся ўсім.
Трое вучняў, сярод якіх апынуліся Крац, Хвост і Марго, выйшлі.
Клаўс вырашыў, што іх вылучылі, каб паставіць у прыклад, а таму, пераглянуўшыся з Юнай, якая не трапіла ў іх кампанію, пагардліва ўсміхнуўся.
— Запомніце, клас, праз каго вы будзеце адціскацца пасля заняткаў дзесяць хвілін, — сказаў, прабегшы па тварах няшчаснай тройцы, настаўнік.
— На месца!
Крац, ціха вылаяўшыся, вярнуўся ў шэраг.
— Зараз — рэверс. Вы можаце быць узброеныя ўсяго адным шыпом, сярпом ці кальцом, але дзякуючы
таму, што вы валодаеце рэверсам, вы ніколі не застаняцеся бяззбройнымі. Вы заўсёды зможаце вярнуць назад сваю зброю і зноў выкарыстоўваць яе падчас бою. Запомніце, вы — не бездары, вы — здольныя. Мне ўсё роўна, як вы падпарадкуеце сабе сваю зброю, але вы гэта зробіце, бо інакш вы — нікчэмнасць для ўсяе школы. Вы павінны з’яднацца са зброяй у адно цэлае, уявіць, што гэта частка вашага цела, як рука альбо язык, і яна слухаецца вас. Як рука, нага альбо вочы, якія ў вас, Белая, — Юна не паспела ўхіліцца, указка ўціснулася ў ямачку на яе падбароддзі, прымусіўшы павярнуць галаву і сустрэцца вачыма з настаўнікам, — чамусьці заўсёды паглядаюць на гэтага няўдачніка насупраць, — Юна апусціла вочы і густа пачырванела пад хіхіканне ліслівых аднагодкаў. Павук, гуляючы з указкай, рушыў далей. — Вы вымаўляеце «рэверс», і снарад вяртаецца да вас. Вы думаеце «рэверс», і снарад вяртаецца да вас. Вы жадаеце, каб ён апынуўся ў вас, — і ён вяртаецца да вас. Такім чынам, будзем лічыць, што тэорыю вы засвоілі. Рэверсіўная зброя здольнага — гэта частка яго самога. Яго думка. Яго сябар. Яна не хібіць, не знікае, не здраджвае і заўсёды вяртаецца. Зразумела?
— Дзіэн? — мінаючы Краца, ён нацэліўся ўказкай яму ў шыю.
— Рэгенерацыя, — закашляўся той, паспрабаваўшы адвесці ўказку рукой, што, зрэшты, у яго не атрымалася. Крыварук яшчэ мацней уціснуў яе вастрыё ў шыю падлетку.
— Мяне заўсёды цікавілі ўладальнікі такога дзіэна, як у вас, Крац, — быццам не заўважаючы істэ-
рычныя спробы Клаўса ўхіліцца ад указкі, задуменна прамовіў Крыварук. — Калі, скажам, праткнуць табе шыю, — ён ціскануў указкай. — Ці не, — раптам перахапіўшы яе гарызантальна і імгненна апынуўшыся за спінай у Краца, ён шчыльна прыціснуў яе пад падбароддзем у небаракі. — Калі б мне захацелася аддзяліць тваю галаву ад цела, як мяркуеш, рэгенерацыя не падвядзе?
Ягоны позірк, які ў гэты час блукаў па тварах панурых дзіэндараў, нагадваў позірк вар’ята. Так і не дачакаўшыся адказу, ён адштурхнуў ад сябе Краца (той зваліўся на падлогу і пачаў адчайна кашляць) і, нават не паглядзеўшы ў ягоны бок, падсумаваў:
— Падвядзе. Нашыя продкі таксама спадзяваліся, што іх дзіэны дапамогуць ім у барацьбе з захопнікамі, і пралічыліся. Іх нішчылі паасобку, пакуль яны не дадумаліся вынайсці сваё баявое майстэрства. I толькі яно дазволіла ім аднавіць свае правы. Нашая мэта — засвоіць гэтае баявое майстэрства, каб праклятыя бездары ведалі, хто сапраўдныя гаспадары Ларбора! Пачалі! I запомніце. Усе тыя песіуны, якія плануюць парэзаць пальцы, выракаюць сябе і сваіх двух суседзяў злева і справа на дадатковую гадзіну трэніроўкі.
♦ ♦ ♦
Вераніка не памятала, як яна дабралася дадому, як кінула Карлу лейцы, не заўважыла, што нерухома праляжала на ложку амаль гадзіну. Пасавая спражка балюча муляла жывот. Ёй хацелася толькі аднаго — каб заўтра быў выходны. «Яшчэ адзін занятак у гэтага псіха, і я — інвалід», — падумала яна, сцягваючы,
нарэшце, сандалі. Hori і рукі гулі, шыя балела, хацелася есці, але пры думцы, што трэба давесці сябе да ладу і спусціцца ўніз, апетыт знікаў.
— Ці можна?
Дзверы адчыніліся і прапусцілі Ундрыца-старэйшага.
Вераніка падняла галаву і зноў павалілася на паДушку.
— Усё так дрэнна? — спачувальна ўсміхнуўся бацька.
— Жудасна, — пацвердзіла Вераніка. — Наш настаўнік па баявой — проста звер. Ён — псіхапат. Я нават не ведаю, як яго назваць! Сёння ён сказаў, што я магу пашукаць сабе іншую школу, калі мне, бачыш ты, цяжка! Увесь клас прымусіў адціскацца пасля заняткаў, уяўляеш?
Ундрыц усміхнуўся.
— Ён не мяняецца, як я пагляджу.
— А яшчэ, — пачала выліваць бацьку душу Вераніка, — ён увесь час гаворыць пра вайну так, як быццам яна сёння пачнецца і мы неадкладна паўстанем абараняць Ларбор! Хто на нас нападзе? Вар’яцтва нейкае. Усе, акрамя яго, напэўна, ведаюць, што Ларбор ужо даўно пазбаўлены сувязі з астатнім светам. I ўвогуле, усё дрэнна! — яна ўтачылася тварам у падушку.
Ундрыц прысеў на край ложка.
— Што, рэверс ніяк?
Вераніка кіўнула, не падымаючы галавы.
— Я не ведаю, як гэта зрабіць! Кальцо не слухаецца! I ўсе гэта бачаць! I я да таго ж — стараста! —
яна жаласна шмыгнула носам. — Можа, маю кроў забыліся дадаць у сплаў?
Бацька адразу ж абвергнуў гэтую здагадку, паведаміўшы, што сам сачыў за вырабам яе зброі.
Вераніка села ў ложку, абхапіўшы калені рукамі.
— Я — не здольная. Я нават — не ЗАРа! Я — бяздарная.
— Лухта! He кажы глупства! Тваю маці зброя слухалася выдатна, і ты здолееш яе прыручыць, — сказаў панура бацька і падняўся. Вераніка толькі ўсхліпнула Ў адказ.
— Спускайся вячэраць, — сказаў ён ужо ў дзвярах. — У нас будуць госці.
Дзяўчына стомлена ўзняла галаву.
— Гэтага толькі не хапала. Хто?
— Ты павінна памятаць. Яны ўжо былі ў нас — мае сябры з Аквілы.
— А-а, — расчаравана працягнула яна. — Той бездар, — імкнучыся, каб гэта прагучала як мага больш абыякава, — Рой, ён таксама прыйдзе?
— Ён не бездар, — паправіў яе бацька. — I не так даўно ты спрабавала асабіста мяне ў гэтым пераканаць. Так, яго таксама чакаем, — ён задуменна паглядзеў на дачку і выйшаў.
Вераніка пачала збірацца да вячэры. Неўзабаве яна пачула, як у дзверы пастукалі, і Карл пайшоў адчыняць. Ёй стала цікава, і яна выйшла на лесвіцу, але спускацца не стала. Унізе яна ўбачыла Геа і Мергіёла. Рой з Эдам таксама былі там. Геа быў устрывожаны і распытваў пра нешта Карла. Вераніка незаўважна
спусцілася ўніз. Яе з’яўлення ніхто не прыкмеціў Яна мімаходзь зірнула на Роя, але той, здавалася, быў цалкам паглынуты размовай са старэйшымі. Ёй стала крыўдна, што ён нават не зірнуў у яе бок. Затое ад яе ўвагі не схавалася, што яго правая рука перавязана, прытым не вельмі ўдала, і павязка ўжо даўно мае патрэбу ў замене. Ды і ўвесь выгляд гасцей, і тое, якім устрывожаным пасля некалькіх пытанняў стаў твар яе бацькі, сведчыла аб тым, што адбылося нешта надзвычайнае. Казалі яны нягучна, а таму яна не змагла разабраць усяго. Узяўшы першую кнігу, якая трапіла пад руку, Вераніка забралася ў фатэль і зрабіла выгляд, што захоплена чытаннем. Яна нават паспрабавала разабраць назву. Святла, праўда, было замала. У пакоі, акрамя агню, што палаў на подыуме, іншага асвятлення не было.
Яна напружыла слых.
— Слухай, — слабым голасам казаў Астравух, звяртаючыся, відавочна, да Роя. — Колькі можна прасіць, каб ты так не крычаў, у мяне галава расколваецца! — ён памацаў скронь, дзе пад драпінамі ўспух сіняк, і зморшчыўся.