Код адсутнасці
Асновы беларускай ментальнасці
Валянцін Акудовіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 196с.
Мінск 2007
Купала ствараў допіс пад ідэалагічным прымусам, за што выразна сведчыць зневажальная лексіка. Аднак жа ніхто не замінаў Янку Купалу ў ганьбаванні “нацдэмаўшчыны" зрабіць акцэнт на чым заўгодна іншым, а не на засмечанасці, “самабытнай” архаічнасці ды правінцыяналізме.
На мой погляд, правапісная рэформа 1933 году, за вы няткам палітычна абумоўленых дурноццяў (часткова скасаваных у 1957 годзе з ініцыятывы Якуба Коласа), і нават нягледзячы на закладзеную ў ёй тэндэнцыю да русіфіка цыі, плённа мадэрнізавала беларускую мову, надала ёй дынамізму, так неабходнага ў пару індустрыялізацыі ды урбанізацыі, і годна падрыхтавала яе да “выбуху камунікацыяў”. Зразумела, не абышлося і без не малых стратаў. Асабіста мне найбольш шкада пэўнай метафізічнасці, нейкай цьмянай трансцэндэнтнасці, якія захоўваў у беларускай мове правапіс Тарашкевіча і тым самым абяцаў іх будучае разгортванне ў актуальных рэфлексіях. Але ж галоўная задача літаратурнай мовы — быць прыстасаванай да жыцця, а не да рэфлексавання над жыццём. I такой яна сталася праз рэформу. I ўжо на гэтай мове была створаная вялікая беларуская літаратура... Дарэчы ці не з засмечанасці, “самабытнай" архаічнасці ды правінцыяналізму “тарашкевіцы” паходзіць той, асабіста для мяне вельмі дзіўны факт, што ні ў Заходняй Беларусі за палякамі, ні на пасляваеннай эміграцыі як у літаратуры, так і ў мысленні нічога асабліва вартага, за асобнымі выняткамі, не было здзейснена. I гэта пры тым, што нашыя эмігранты ўжо не мелі над сабой ні рэпрэсіяў, ні цэнзуры і да таго ж многія з іх знаходзіліся ў цэнтрах сусветных эстэтычных ды інтэлектуальных інавацыяў, гэта значыць, наўпрост маглі пераймацца дынамікай мастацкага і мысліўнага рухаў. Аднак нічога падобнага не адбылося — у сваёй абсалютна пераважнай бальшыні тэксты эмігрантаў так і засталіся ў палоне глыбока перыферыйнай беларускай местачковасці, да таго ж заніжанай архаікай адраджэнскай ідэалогіі, як
абавязковага атрыбуту, што літаратурнага, што філасофскага твору.
Ужо ж, напэўна, прычыны ўдзірванелай правінцыйнасці творчага сегменту беларускай эміграцыі палягаюць не толькі ў абсягу праблемы “тарашкевіцы”, але мы гэтую надзвычай цікавую тэму пакінем для адмысловага тэксту, а тут вернемся ў дзевяностыя гады XX стагоддзя, калі на хвалі антыкамунізму паўстала ідэя звароту да рэпрэсаванага бальшавікамі (рэформа 1933 году) правапісу.
Як на тую пару, дык нічога нахабнага ў гэткай прапанове не было, бо то быў час “перабудовы”, калі ўсё зробленае за камуністамі бралася пад радыкальны сумнеў, адмаўлялася і перайначвалася, каб вярнуцца да “сітуацыі каранёў”, яшчэ не скалечаных бальшавіцкай ідэалогіяй. I хаця адэпты “тарашкевіцы” апелявалі да зусім ненадуманых фанетычных стратаў мовы з прычыны скасавання напіснога мяккага знаку паміж зычнымі (і шэрагу іншых стратаў ды скажэнняў), але насамрэч контррэфармацыя ў правапісе спадыспаду рухалася (як у выпадку з Заходняй Беларус сю пад Польшчай ці паваеннай эміграцыяй) палітычным выбарам, гэта значыць — абы не як за бальшавікамі.
Тыпалагічна падобныя моўныя праблемы былі паўсталі і ў шэрагу многіх дзяржаваў, створаных на подзе распушанага СССР, але там яны пазнікалі разам “з пенай на хвалях перабудовы”, а ў Беларусі засталіся. I перараслі з філалагічных у палітычныя.
Гэтак сталася найперш таму, што з “перабудовы” ў айчынную палітыку патрапіла ладная сціжма энергічных філо лагаў, падмацаваная літаратарамі, журналістамі і проста гуманітарыямі, для якіх лінгвістычныя праблемы выявіліся таксама не чужымі. Але ў адрозненне ад іншых краінаў, дзе падобнага кшталту палітыкі хутка выпетрыліся з палітычнага жыцця, у нас яны (верагодна, з прычыны задоўжанай папулярнасці “моўна этнаграфічнай” ідэалагемы) затрымаліся на ладны кавалак часу. Адсюль мовазнаўчыя
праблемы, як натуральна актуальныя для палітыкаў-філолагаў, праз апазіцыйныя СМІ, суполкі і супольнасці перараслі ў палітычныя. I хаця для бальшыні шараговых валанцёраў апазіцыі і з унармаванай беларускай мовай хапала праблемаў, яны мусілі засвойваць “тарашкевіцу”, каб забяспечыць сябе радыкальнай апазіцыйнасцю. Болыл за тое, у пару пад’ёму нацыянал-дэмакратычнага руху, за вабленыя паноўнай модай на адраджэнне чаго заўгодна, да “тарашкевіцы” пачалі хіліцца і шэраг дзяржаўных вы данняў (“Бярозка”, “Мастацтва”, “Культура”...). Здавалася, яшчэ трохі і “тарашкевіца” пераможа “наркамаўку” ды запануе спрэс.
He запанавала — бо была спароджаная не патрэбамі самой мовы, а пэўнай палітычнай сітуацыяй. I як толькі сітуацыя перамянілася, палітыкі-філолагі, сасваімі філалагічнымі праблемамі апынуліся на самым ускрайку грамад скага жыцця. Праўда, нельга сказаць, што там жа апынулася і “тарашкевіца”. За немалы час актуальнага дамінавання апазіцыйнасці, праз яе на беларушчыну навярнулася некалькі генерацыяў маладых людзей, якія ў горадзе іншай роднай мовы, апрача як арганізаванай правапісам Тараш кевіча, ужо не ведалі (найперш — не чулі). Для іх гэткая беларуская мова — адзіна правільная, тым болей, што ідэолагі адраджэння не ленаваліся раз-пораз падкрэсліваць ейную “ісцінную сапраўднасць”, нагадваючы пра рэпрэсаваную сутву “наркамаўкі”, яе зрусіфікаванасць, засаветазаванасць і да т.п.
Мне няцяжка зразумець пазіцыю заангажаваных “тарашкевіцай” філолагаў як філолагаў (і нават часткова пагадзіцца з ёй у дыскурсе ўласна філалогіі), але я не магу зразумець палітыкаў філолагаў, якія надзвычай вострую і сапраўды складаную палітычную праблему беларускай мовы, як вялікага цэлага, раздрабілі, ускладнілі ды заблыталі сваімі філалагічнымі капрызамі і прыхамацямі.
У сітуацыі, калі мовай апанавала амаль безнадзейная
крыза і калі адзіным рацыянальным крокам была апеляцыя да грамадства на той беларускай мове, якую яно хоць трохі ведала з школьных падручнікаў, кнігаў Караткевіча і Быкава, праграмаў радыё і тэлебачання, дадаткова ўскладняць праблему яе канцэптуальнай контррэформай, хоць трохі ўцямнай адно філалагічна адукаванаму чалавеку да гэтага трэба было яшчэ дадумацца.
Мая дачка, вучаніца Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, дзе ад пачатку нелегальна запанавала “тарашкевіца”, летам 2003 году са студэнтамі педуніверсітэту ездзіла ў фальклорную экспедыцыю. А калі вярнулася, дык з сарамлівым посмехам зазначыла:
— Ведаеш, тата, у вёсках нашу беларускую мову ніхто не разумее.
— Натуральна,— буркатнуў я. — Нашыя філолагі сваёй мовай загубілі палітыку, а сваёй палітыкай — мову.
Тэза залішне эмацыйная і таму не надта справядлівая. Сляпое памкненне да прасоўвання “тарашкевіцы” ў “на родныя масы” бясспрэчна пагоршыла і ўскладніла агульную сітуацыю з беларускай мовай, хаця прычына самой сітуацыі, зразумела, паходзіць не з канфлікту “нармаль нага” і “класічнага” правапісаў. Але пра саму гэтую прычыну ўжо даволі казалася вышэй.
21. ГЕРОІ АДСУТНАСЦІ
За палітычнымі мітынгамі, шэсцямі, палемікамі, рэпрэсіямі міналі гады. Беларуская нацыянальная апазіцыя, адна з буйнейшых у тагачаснай Еўропе, якая цягам амаль дзесяцігоддзя магла сістэмна выводзіць на вуліцы Менска дзесяткі тысяч людзей, пакрысе пачала знясільвацца, марнець, чэзнуць і напрыканцы XX стагоддзя ў шырокім публічным плане згарнулася амаль у нішто. Але ніхто з лідэраў некалі ўплывовай нацыянальнадэмакратычнай апазіцыі так і не схацеў заўважыць ні сваёй паразы, ні таго (куды больш істотнага), што краіна Беларусь ужо спрэс жыве без нас — нацыянальна заангажаваных...
Без нас будуюцца дамы, дарогі і масты, без нас руха юцца машыны, цягнікі і лётаюць самалёты, без нас працуюць фабрыкі, заводы, банкі, амбасады і міністэрствы, без нас садзіцца бульба, дзеюцца навуковыя росшукі і бізнесовыя аперацыі. Без нас спартоўцы ладзяць спаборніцтвы, турфірмы — вандроўкі, а філармоніі — канцэрты. Без нас гуляюць вяселлі, спраўляюць хаўтуры, гадуюць і навучаюць дзяцей. Без нас фармуюць замежную палітыку, ствараюць тэлепраграмы, трымаюць эканоміку і выбіраюць Прэзідэнта...
Краіна Беларусь жыве без нас. I калі б не колькі палітычных перадачаў на дзяржаўным радыё і тэлебачанні, якія не стамляюцца ганіць “нацыяналістаў”, дык сёння ўжо мала хто б ведаў, што ў Беларусі, апрача проста тутэйшых, ёсць яшчэ нейкія сапраўдныя (“шчырыя”, “свядомыя”, “зацятыя” і да т.п.) беларусы, гэта значыць — мы. Тыя некалькі нашых радыёстанцый за межамі краіны і тыя некалькі нашых газетаў і часопісаў унутры яе працуюць на нас і дзеля нас, а не на Беларусь і дзеля Беларусі. Тое самае можна сказаць і пра ўсе нашыя публічныя акцыі, мітынгі, шэсці, пікеты, перформансы, графіці...
Натуральна, нашай віны ў гэтым аніякай. Мы лепей ад пацераў ведаем, хто адасобіў нас ад беларускага наро ду — Крэмль, КДБ, Лукашэнка, але найперш сам нацыянальна несвядомы (спаланізаваны, скаланізаваны, зрусіфікаваны, засаветызаваны, манкуртызаваны, халопскі, быдлянскі, задраны і задрыпаны) беларускі народ.
Зразумела, што з такім народам мы (як толькі “мы” з’явіліся напрыканцы 80-х гадоў) не жадалі мець нічога супольнага. Але паколькі зусім без народу абыходзіцца не выпадала, дык нам нічога іншага не заставалася, апрача як улегчыся ў адраджэнне скампіляванай з размаітых парэшткаў былога вясёлкавай Беларусі, дзе, згодна з нашымі меркаваннямі, мы мелі шанец натрапіць на сапраўдны беларускі народ, якому ў асалоду было б і служыць, і маліцца...
На першы погляд — не ідэя, а цуд, але менавіта з гэтага цуду і распачаўся наш шлях упрочкі ад тутэйшага народу ў ідэальнае нікуды, бо гэтак сфармуляваная ідэя Адраджэння адмовіла рэальнай Беларусі ў хоць якой вартасці. За патрабаваннем вяртання гістарычнай спадчыны, мовы і культурнага досведу мінулага хавалася жорсткая ідэалагічная канструкцыя, у якую не ўпісваліся здабыткі і каштоўнасці тагачаснага беларускага грамадства, бо ўсе ягоныя перамогі, плёны і радасці мелі альбо камуністыч нае, альбо каланіяльнае паходжанне. Згодна з выпрацаванай у падпольных галовах канцэпцыяй, права “чалавекам звацца” мелі адно героі супраціву расейскай каланізацыі і ахвяры камуністычнага тэрору.
Дзіўна, але глыбока рэпрэсіўную сутнасць ідэі Адра джэння не заўважылі ні яе адэпты, ні яе апаненты — уся ўвага канцэнтравалася на той частцы ідэі, дзе вялося аб “люстрацыі” вынікаў расейскай культурнай і палітычнай экспансіі. Але паколькі асноўным аб’ектам расейскай культурнай і палітычнай экспансіі быў “беларускі народ”, дык ён і стаўся першай і галоўнай ахвярай адраджэнскіх рэпрэсіяў, якія, дарэчы, амаль і не кранулі сутвы самога ра-