Код адсутнасці
Асновы беларускай ментальнасці
Валянцін Акудовіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 196с.
Мінск 2007
быту. Здаецца, Аляксандр Лукашэнка адным з першых палітыкаў зразумеў (нутром адчуў?), што як толькі “вецер аціхне”, хваля акуратненька ўкладзецца ў звычаёвую роўнядзь тутэйшасці і ад “нацыянальнай пены” не застанец ца ані знаку. А з гэтага вынікала, што Дзяржава зноў будзе нічым не легітымізаванай, апрача як фармальнай атрыбу тыкай самой дзяржаўнасці... I тады ён пачаў шукаць апі рышча Дзяржаве не ўнутры яе “пустаты”, а вонкі, гандлюючы з Расеяй адзіным, што ў яго было голай атрыбутыкай дзяржаўнасці.
Цікава, што два самыя знаныя беларускія палітыкі 90 х гадоў аднолькава спатыкнуліся на тым самым на паразе ідэі нацыянальнага Адраджэння (і нават аднолькавым чынам!). Уся розніца хіба ў тым, што як толькі дынаміка нацыянальнага руху пайшла на спад, Зянон Пазняк эміграваў за мяжу сам насам, а Аляксандр Лукашэнка паспра баваў зрабіць гэта разам з усёй краінай. Але і ў тым, і ў другім выпадку латэнтнай матывацыяй быў фактар “нацыянальнай пустаты”, якую яны не ведалі, чым яшчэ можна запоўніць, апрача як нацыянальным Адраджэннем.
He станем зноў вяртацца да пытання, чаму так сталася, што ў нас ніхто нават не дапускаў магчымасці хоць якой яшчэ формы нацыянальнага ўладкавання, апрача “моўнаэтнаграфічнай”. (Хаця гэты феномен, бясспрэчна, і пат рабуе асобнага доследу...) Бо далей я маю намер без уся лякіх перадумоваў адразу і катэгарычна заўважыць, што гэтая форма нацыянальнага ўладкавання ў Беларусі ўжо не жыццядайная і, значыць, не прыдатная да фармавання паўнавартаснай Нацыі.
Як засведчыў досвед паразы апошняга Адраджэння, у дыскурсе БССР усе базавыя чыннікі ўласна беларушчыны былі вылегчаныя да той меры, за якой яны страцілі здольнасць самагенерацыі нават у спрыяльных для іх умовах. Гэта значыць, што цяпер канцэптуальна яны могуць існа ваць адно ў сітуацыі штучнай падтрымкі, а самі з сябе -
толькі ў фармаце лакальных падзеяў. Адсюль заканамерна вынікае, што “моўна-этнаграфічны” канцэпт ужо не можа быць пакладзеным у інтэгральную формулу беларускай Нацыі. А калі мы станем далей трымацца ранейшай практыкі і акумуляваць усе свае сілы на перамогу этнаграфізму, дык сваёй упартасцю самі данішчым беларушчыну дарэшты.
Даволі! “Трэба шукаць на іншых шляхох” (Ігнат Абдзіраловіч).
Як ужо казалася, формаў і спосабаў нацыянальнага ўладкавання мноства. I пра гэта напісана мноства артыкулаў і кнігаў (ахвочых да іх і адсылаю). Я ж тут у прыклад згадаю толькі досвед Лацінскай Амерыкі, дзе нацыі (і, адпаведна, дзяржаўныя ўтварэнні) фармаваліся і не на сваёй мове, і не на аўтэхтоннай культуры, і не на “этнаграфічных межах”, а, з нашага гледзішча, увогуле на чорт ведае чым. Імя таму дзіву — “крэольскі нацыяналізм” (Бенедыкт Андэрсан). Гэта значыць, што не карэнныя індзейцы, і нават не мецісы (плён “сяброўства” беласкурых мужчын з цёмнаскурымі гаспадынямі кантыненту), а крэолы, наш чадкі іспанцаў, пазбаўленыя “гістарычнай радзімы”, панастваралі ў Лацінскай Амерыцы розных дзяржаваў (Аргенціна, Бразілія, Калумбія, Мексіка, Перу, Чылі...), якіх сёння ў свеце ведаюць куды лепш за Беларусь.
Тут нехта можа заўважыць, маўляў, ты яшчэ згадай афрыканскія племянныя нацыяналізмы ці ісламскі транснацыяналізм... Насамрэч, “экзатычны” досвед Лацінскай Аме рыкі, нягледзячы на папулярнасць праблематыкі “крэоль ства” ў беларускіх інтэлектуалаў, наўрад ці дапаможа нам у вырашэнні ўласных справаў. Але мне згадка пра “крэольскі феномен” спатрэбілася не дзеля пераймання, а каб праз “экзотыку” больш выразна патлумачыць, што ёсць (і магчымыя) іншыя шляхі ад таго адзінага, які для нас ператварыўся ў “ідэю фікс". I за прыкладамі няма патрэбы далёка хадзіць. Я ўжо не аднойчы згадваў побач з “моўнаэтнаграфічнай” (гэтакзванай нямецкай) мадэллю нацыя-
нальнага ўладкавання — “французскую” (мадэль “грамад зянскай супольнасці”).
На старонні беларускі погляд, у нацыянальным аспекце паміж немцамі і французамі няма аніякай, прынамсі, прынцыповай, розніцы: і там, і там дамінуюць уласная мова, культура, гісторыя, атрыбутыка... Але насамрэч розніца ёсць — і розніца прынцыповая.
“Французская” мадэль найперш трымаецца двух базавых пастулатаў: роўнае для ўсіх чальцоў супольнасці грамадзянства і агульнае для ўсіх права. Усе астатнія чыннікі (этнічнае паходжанне, мова, культурны код, etc.) другога плану, не-дамінантныя. Яны могуць быць, прысутнічаць, а могуць і не вытыркацца. Нязменным і абавязковым застаюцца толькі роўнасць у грамадзянстве і аднолькавае падпарадкаванне ўсіх аднаму і таму ж Закону. Адсюль і не этнічны (расавы), а грамадзянскі (паспаліты) нацыяналізм, які перадусім фармуецца супольнай прыналежнасцю да агульнага цэлага.
Натуральна, і “французская”, і “нямецкая” мадэлі — гэта толькі схемы, якія рэальнае нацыянальнае жыццё ўжо так пазаблытвала, што ў кожным канкрэтным выпадку бывае цяжка разрозніць: дзе тут што? Але ж у нашай сітуацыі якраз пакуль і йдзецца не пра канкрэтыку, а пра асновапалеглую базавую схему, на якой будзе магчыма аформіць нацыю ўжо ў нешта завершанае цэлае.
Дык вось, улічваючы, што беларушчына як такая ў асноўных сваіх атрыбутах (найперш мовы і нацыянальнай культуры) вынішчаная настолькі, што яе паўнавартаснае ўзнаўленне не ўяўляецца (прынамсі, асабіста мне) магчымым, я б хацеў прапанаваць тэарэтыкам нацыянальнага будаўніцтва (і найперш нацыянальна заангажаваным) перанесці сваю ўвагу з “нацыянальна-этнаграфічнай” мадэлі на мадэль “грамадзянскай супольнасці”.
Так, у гэтым выпадку мы здрадзім нашым папярэднікам, але злагодзім беларусаў (і сябе саміх) з той рэаль-
насцю, у якой беларускае грамадства ўжо знаходзіцца цяпер. Парадокс нашай сітуацыі палягае ў тым, што нацыянальнае ўладкаванне Беларусі самахоць (інакш праз прымус гістарычных падзеяў) адбылося па схеме “грамадзянскай супольнасці”. А падваліны яе заклалі... бальшавікі: і тым што згамавалі да звання этнічную складовую беларус кага нацыяналізму, і тым, што аформілі прастору бытавання беларусаў у трывалую і зграбную адміністрацыйную адзінку БССР.
Напярэдадні перабудовы беларусы (у асноўнай сваёй масе), ментальна ўжо амаль не вызнавалі сябе за беларусаў, аднак сваёй радзімай лічылі не Савецкі Саюз, не Расею, а менавіта Беларусь. (Я той, хто жыве ў Беларусі). Гэта значыць, што ў дыскурсе БССР адбылася яшчэ адна істотная метамарфоза: тут беларусы перасталі быць не толькі беларусамі (у “моўна-этнаграфічным” аспекце), але і “тутэйшымі”. I калі пра першае толькі і гаворкі, дык на другое, здаецца, ніхто і ўвогуле не звяртаў увагі. А дарэмна, бо, верагодна, у будучым гэты момант апынецца куды больш істотным за ўсе астатнія.
Пры ўсёй размаітасці нацыяналізмаў, ддя кожнага з іх (бадай, апрача габрэйскага і трансісламскага) на першы план выходзіць праблема “ўласных межаў”. “Тутэйшы” мог лічыць сябе нават беларусам, аднак паколькі “тутэйшасць” не ведае мяжы, дык яна і не ведае нацыянальнасці ў яе ідэнтыфікацыйным значэнні. А вось “тутэйшы”, які гэтую мяжу ведае, перастае ім быць і, значыць, становіцца патэнцыйным нацыяналістам (чаго і каго — гэта ўжо іншая рэч).
Сітуацыя БССР сістэмна падрыхтавала Беларусь да ўласнай дзяржаўнасці, а тутэйшых беларусаў да нацыяналізму, толькі не этнічнага, а паспалітага тыпу. Вось гэтага і не схацелі (ці не змаглі) угледзець тэарэтыкі і практыкі нацыянальнага будаўніцтва, калі ў 1991 годзе Беларусь атрымала дзяржаўную незалежнасць.
Уласна, кароткая эпоха Адраджэння гэта латэнтны
двубой этнічнага нацыяналізму з паспалітым. Цікава, што першы яшчэ напярэдадні распаду СССР прыдбаў сабе тэа рэтыкаў, ідэолагаў і прыхільнікаў (у мностве), але пазней так і не выявіў адпаведнага патэнцыялу, каб татальна заканстытуяваць сваю візію нацыянальнага ў якасці паноўнай ідэалогіі і практыкі грамадскага жыцця. Адругі цал кам наадварот. Паспаліты нацыяналізм ужо на тую першапачатковую пару меў дастатковы патэнцыял, каб неўзабаве аформіцца ў дамінуючую форму нацыянальнага ўладкавання, аднак тады ніхто не звярнуў нават увагі на ягоныя магчымасці.
Раней я пісаў: “...іншай, апрача як сацыяльнай, беларуская дзяржава быць не можа, бо для абсалютнай бальшыні насельнікаў нашай краіны прыярытэтнымі як былі, так і застануцца не нацыянальна-культурныя ці ідэалагіч ныя, а сацыяльныя каштоўнасці”. Калі ў гэтак радыкальна сфармуляванай выснове ёсць рацыя, дык, напэўна, я маю рацыю і ў тым, што звязваю нацыянальнае будучае Бела русі не з “этнаграфізмам”, а з “грамадзянскай супольнасцю” і, адпаведна, з паспалітым нацыяналізмам. Гэта значыць, што рана ці позна, але нам давядзецца нацыяналізаваць ні што іншае, як нашу сацыяльнасць і, адначасна, самім нацыяналізавацца праз сацыяльнае, якое для бела русаў уяўляецца галоўнай каштоўнасцю.
Дзеля таго, злагоджанага з наяўнай рэальнасцю буду чага, нам перадусім трэба перапыніць нябачную вайнудвух беларускіх нацыяналізмаў “моўна-этнаграфічнага" і “су польна грамадзянскага”. I першым запрасіць міру мусіць этнанацыяналізм: і таму, што ён пераможаны, і таму, што гэта ён распачаў вайну, і таму, што яму давядзецца шукаць у пераможцы літасці і паразумення, каб знайсці сабе месца і застацца ў той канфігурацыі беларускага грамадства, якая пакрысе сфармуецца на кацэпце паспалітага нацыяналізму.
* Мне не аднойчы даводзілася кранаць праблему “беларускай здра ды” як такой. Але тут я хацеў бы дадатна звярнуць увагу на думкі Пятро Васючэнкі. выказаныя ім у эсэ “Беларус вачыма беларуса”: “Уладзімір, князь кіеўскі, здрадзіў бацьку і братоў Рагнеды на сваім крывавым вяселлі. Рагнеда здрадзіла свайго бацьку і братоў тым, што пайшла за іх забойцу. Потым яна і на мужа ўзняла меч. Сын яе, Ізяслаў, таксама замахнуўся мечам на бацьку. Але пасля ён з баць кавых рук прыняў спадчыну — Полацак. Уладзімір безліч разоў здрад жваў Рагнедзе з палюбоўніцамі, якіх у яго было не менш, чымся ў цара Саламона, аж пакуль па хрысціянскім звычаі не павянчаўся з візантыйскай царэўнай, а верную жонку аддаў у манашкі.
Кароль нашае здрады — Ягайла. Ён здрадзіў свайго дзядзьку Кейстута ў бруднай крэўскай справе, а заадно здаў і Беларусь дзеля польскае кароны. Гісторыкі скажуць, што гэтым ён Беларусь адначасова і адратаваў. Падчас Грунвальдскае бойкі невядома хто каго здраджваў — Ягайла Вітаўта або Вітаўт Ягайлу. Польскія храністы цвердзілі, што з беларусамі атрымаўся канфуз, і яны на чале з Вітаў там уцякалі ажно да Вільні.